І хлеб таксама ў печы пяклі?
24.02.2021
Спасцігаць спадчыну беларускага народа вучаць малышоў у яслях-садзе №5 Астраўца – тут створана музейная экспазіцыя «Беларуская хатка».
З моманту адкрыцця ўстановы прыярытэтным накірункам работы стала далучэнне дашкольнікаў да беларускай культуры мовы, быта і гісторыі.
– Ідэя нарадзілася ў загадчыка нашага садка Анастасіі Кулеш, – расказвае педагог-псіхолаг Вераніка Пятровіч, якая праводзіць для дашкалят экскурсіі па музейнай экспазіцыі. – Гэту задумку падхапілі ўсе выхавальнікі – і мы ўзяліся за працу.
Супрацоўнікі сталі прыносіць збанкі, старыя чугунныя прасы, газавыя лямпы.
– Экспанаты мы пачалі збіраць сваімі сіламі, – расказвае Анастасія Кулеш. – Спачатку іх было толькі 5, потым стала 10 – і атрымаўся невялікі этнаграфічны куток. Убачыўшы наша захапленне, да справы сталі далучацца бацькі выхаванцаў. Прадметаў быта станавілася больш – і мы зразумелі, што трэба рабіць музейны пакой.
Для яго выдзелілі асобнае памяшканне, распрацавалі праект – хацелася, каб пакой адпавядаў сапраўднай беларускай хатцы. У выніку адну сцяну пабялілі, астатнія размалявалі пад дрэва.
Справа заставалася за яго напаўненнем. Але і тут праблем не ўзнікла. Жалезны ложак загадчык садка прывезла ад сваёй бабулі. На вокнах з’явіліся вышываныя фіранкі, на стале – саматканы абрус, а на сцяне – льняныя ручнікі.
– І абавязкова печ, якая заўсёды была гаспадыняй у вясковай хаце. Па фотаздымках з падручнага матэрыялу яе зрабіў наш работнік Васіль Максімаў, – расказвае Анастасія Кулеш. – Трэба бачыць эмоцыі дзяцей, калі яны трапляюць сюды! Ім хочацца ўсё пакратаць, прысесці на ложак і лавачку. А колькі пытанняў яны задаюць нашаму экскурсаводу!
Знаёмства з музейным пакоем пачынаецца ад печы – дзецям расказваюць пра яе прызначэнне і прапануюць пачаставацца свежым духмяным хлебам. І тут пачынаецца: «А ў нас дома хлеб не такі! І пахне ён зусім не так! І ляжыць ён у поліэтыленавым пакеце!»
Вераніка Станіславаўна расказвае выхаванцам пра тое, як замешвалі цеста, паказвае сіта для прасейвання мукі – і па позірках малышоў бачна: ім тут і сапраўды цікава.
– Я родам з Астраўца, а вось мае бабулі і прабабулі жылі ў вёсцы – усё дзяцінства праводзіла ў іх, – расказвае педагог-псіхолаг. – Помню рускую печку, на якой можна было і спаць, і ежу гатаваць. Помню, як бабуля пякла хлеб і булкі на дубовых і кляновых лістах. Дарэчы, жыта і пшаніцу бабуля вырошчвала на сваім участку, сама жала, рабіла муку… Які ж духмяны, пульхны і смачны быў гэты хлеб! Зусім не такі, які прадаваўся ў магазіне. А колькі эмоцый у мяне было, калі бабуля біла масла ў драўлянай маслабойцы. Мяне да гэтай працы не дапускалі – 5-цігадовай дзяўчынцы яна была не па сілах. А вось «паляпаць» пустой маслабойкай я любіла.
Гэтак жа робяць і малышы – наведвальнікі музейнай экспазіцыі, калі педагог знаёміць іх са старым прадметам, які нячаста ўжо ўбачыш нават у вясковых дамах.
– Мы павінны быць патрыётамі роднай краіны, ведаць яе гісторыю і народныя традыцыі, – упэўнена Вераніка Станіславаўна. – Магчыма, таму, што я на свае вочы бачыла вясковае жыццё, быт людзей старэйшага пакалення, і зацікавілася беларускай культурай і спадчынай – і хачу гэта данесці да нашых малышоў.
Намаганнямі калектыву садка і бацькоў выхаванцаў удалося сабраць 72 экспанаты – усе яны занесены ў каталог. І фонды музейнай экспазіцыі пастаянна папаўняюцца.
– Яшчэ мы збіраем творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія былі не рэдкасцю ў вясковай хаце, – гаворыць загадчык установы. – Дарэчы, экспанаты з музейнага пакою на сваіх занятках выкарыстоўваюць і выхавальнікі – кожны можа ўзяць патрэбную рэч, але пасля абавязкова вярнуць у пакой.
Індывідуальны падыход выкарыстоўвае педагог-псіхолаг і пры правядзенні экскурсій. Калі для старэйшых дашкольнікаў праводзіцца паўнавартасная экскурсія, то самыя маленькія выхаванцы знаёмяцца з асобным прадметам. Як правіла, у канцы музейнай сустрэчы малышоў чакае забаўляльна-развіваючая праграма: яны гуляюць у народныя гульні, адгадваюць загадкі.
– Пакуль музейны пакой выкарыстоўваем для сваіх патрэб. Але ж некалі эпідэмія каронавіруса скончыцца, і тады плануем запрашаць на экскурсіі выхаванцаў іншых садкоў горада, вучняў пачатковых класаў – упэўнена, ім будзе цікава, – гаворыць загадчык садка Анастасія Кулеш.
У планах таксама правядзенне экскурсій дзецьмі – некаторыя з іх ужо рыхтуюцца да гэтага. Прычым праводзіць іх будуць на беларускай мове.
З першых вуснаў
Вераніка Пятровіч, экскурсавод:
– Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы вярнулася на радзіму. Другі год працую ў садку. Калі прапанавалі арганізаваць музейную экспазіцыю, я адразу адгукнулася. Першым чынам паехала да бабулі, адшукала ў яе старыя рэчы, якія маглі нам спатрэбіцца. Я патрыёт сваёй краіны: тут жыву – і гэта мая радзіма. І для мяне важна захаваць нашу спадчыну і пазнаёміць з ёю дзяцей.
Анастасія Кулеш, загадчык ясляў-сада №5:
– Каб адчуць сябе беларусамі, трэба ведаць, як жылі нашы бабулі, дзядулі, чым яны карысталіся ў паўсядзённым жыцці. Маючы памяшканне, мы папрасілі мастачку аформіць яго пад вясковую хатку. Кожны супрацоўнік садка стараўся прынесці нейкую рэч і расказаць яе гісторыю. Цікавыя расповеды слухалі ўсе дарослыя – цяпер гэтыя гісторыі мы расказваем сваім выхаванцам. Пакой заўсёды адчынены – кожны можа зайсці сюды і прыдачыніцца да нашай гісторыі.
Даша Богдан, выхаванка:
– Мне вельмі тут спадабалася. У нас дома таксама ёсць прас – толькі ён зусім не такі. І малако мы наліваем не ў збанок, яно стаіць у халадзільніку ў пушцы альбо ў пакеціку. І хлеб мне таксама вельмі спадабаўся! Ён смачна пахне!
источник: редакция газеты «Астравецкая праўда»