РУС БЕЛ ENG 中文

Далучаемся да нацыянальнай культуры і народных традыцый праз экспазіцыю “Беларуская хатка”

18.02.2021

 

Як даступна пазнаёміць маленькіх выхаванцаў з  гісторыяй роднага краю, далучыць да вытокаў нацыянальнай культуры і народных традыцый?

З гэтай мэтай у ДУА “Яслі-сад г.п.Мір” створаны міні-музей - экспазіцыя “Беларуская хатка”, у якім сабраны сапраўдныя прадметы народнага побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Міні-музей стварае унікальны фармат для асваення дзецьмі багацця нацыянальных культурных традыцый, ўкладу жыцця народа, духоўных каштоўнасцяў. Ён аб'ядноўвае адукацыйны працэс з рэальным жыццём, адкрываючы доступ для непасрэдных назіранняў, знаёмства з прадметамі і з'явамі.

У сапраўдных музеях чапаць нічога нельга, а ў нашым міні-музеі не толькі можна, але і трэба. Можна самастойна мяняць, перастаўляць экспанаты, браць іх у рукі і разглядаць. Дзецям вельмі падабаецца сустракацца з гаспадарамі хаткі – дзядуляй Ясем і бабай Янінай. Маленькім гасцям у хатцы  дазваляецца памераць лапці, боцікі-снягоўцы, «узбіць» масла ў маслабойцы, пакруціць калаўрот, паставіць чыгунок у печ сапраўдным гаршчэшнікам, пакалыхаць дзіцятка ў калысцы,  разгледзець зблізу вышытыя ручнікі, тканыя дыванкі, пагуляць з саламянымі, глінянымі, драўлянымі цацкамі… Тады яны адчуваюць сябе далучанымі да працэсу і пачынаюць цікавіцца гісторыяй з’яўлення экспаната, лягчэй засвойваюць матэрыял.

Пры арганізацыі заняткаў у міні-музеі выкарыстоўваюцца розныя мастацкія сродкі. Загадкі, прыказкі, прымаўкі пра экспанаты музея дапамагаюць данесці да дзяцей матэрыял больш даступна і цікава.

 Наведвальнікамі хаты з’яўляюцца не толькі выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту, але і дзеці малодшых груп, для якіх экскурсіі праводзяць не толькі выхавацелі, а і дашкольнікі старшай беларускамоўнай групы інтэграванага навучання і выхавання.

Так, у рамках тэматычнага тыдня беларускай мовы  выхаванцы старшай беларускамоўнай групы разам з выхавацелем дашкольнай адукацыі Пятровіч М.Е. і музычным кіраўніком А.І.Богуш падрыхтавалі для малятаў пазнавальна-забаўляльную праграму “Кола часу”.  Дзеці пазнаёмілі сваіх малодшых сяброў з папярэднікамі сучаснай тэхнікі і іх дзеяннем: прадэманстравалі, як раней гладзілі бялізну прасам на вуглях ці з дапамогай качалкі і валіка, як білі масла, як гатавалі ежу у печы, як асвятлялі хату без электрычнасці. Пагулялі з малятамі ў народныя гульні “Вожык і мышы”, “Грушка”, павесялілі песняй “Саўка ды Грышка ладзілі дуду”.

А асабліва прыемным сюрпрызам для дзяцей быў пачастунак з печы – сапраўны духмяны пірог, які Гаспадынька дастала на сапраўднай лапаце для хлеба!

Наступным мерапрыемствам, на якое запрасілі гаспадары сваіх маленькіх гасцей, будзе фальклорнае свята “Масляніца”. Маляты ўжо з нецярпенням чакаюць новых цікавых сустрэч у “Беларускай хатцы”.

Святлана Петрыман,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Яслі-сад г.п.Мір”,

Карэліцкага р-на, Гродзенскай вобл.

Фотогалерея:

поделиться в: