Адзінства трох
03.02.2021
Што галоўнае для творчага чалавека? Безумоўна, рэалізаваць свой патэнцыял. Але зрабіць гэта магчыма ў пэўных умовах, маючы падтрымку і надзейную апору. Менавіта гэтыя складнікі і ўплываюць на развіццё таленту Ангеліны Таўканіцы.
Ангеліна Таўканіца з настаўніцай Інэсай Яўгеньеўнай і мамай Аленай Уладзіміраўнай
Дзевяцікласніца гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы адораная і таленавітая дзяўчынка. Яе незвычайнасць заключаецца ў тым, што яна можа праявіць сябе ў любой галіне. Ангеліна – пераможца самых розных творчых конкурсаў, навуковых канферэнцый, даследчых прац, алімпіяд. Сакрэт яе поспеху не толькі ў пастаяннай і напружанай працы, але і ў спрыяльным блізкім асяроддзі, якое ўтварае трыадзінства: школы, вучня і бацькоў.
– Ангеліна – незвычайная вучаніца, таленавітая, крэатыўная, творчая, непадобная да іншых, – расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Інэса Семяняка. – Працаваць з ёю вельмі лёгка. За які б конкурс яна ні ўзялася, ён будзе ацэнены на вышэйшы бал. Дзяўчынка вельмі сур’ёзна падыходзіць да кожнай справы. І не толькі яна адна, але і ўся яе сям’я. Бацькі Ангеліны – мае калегі, настаўнікі, якія заўсёды разумеюць, як важна падтрымаць дзіця, працягнуць руку дапамогі. Лічу, што наогул усім вучням трэба ўдзельнічаць у розных конкурсах, асабліва ў тых, якія датычацца тэмы Радзімы. Сёння маленькім грамадзянам вельмі цяжка зразумець, што такое Бацькаўшчына, Айчына, малая радзіма. Яны чуюць, ведаюць гэтыя словы, але душою ці сэрцам дайсці ім вельмі цяжка да гэтых паняццяў. Калі мы, дарослыя, будзем пастаянна гаварыць ім аб тым, што Радзіма – гэта месца, дзе ты нарадзіўся, дзе зрабіў першыя крокі, месца, дзе жывуць родныя, блізкія, сябры, суседзі, настаўнікі, жыхары нашага прыгожага гарадка Свіслачы, напэўна, нешта застанецца ў дзіцячых сэрцах. Бо ўсё пачынаецца з маленькага і вырастае ў вялікае пачуццё патрыятызму, гонару, годнасці, незалежнасці.
Творчыя работы Ангеліны адрозніваюцца асабістым унутраным светам, глыбінёй раскрыцця думкі, спасціжэннем таго, што неабходна данесці: любоў да малой радзімы, да Бацькаўшчыны, да родных людзей, да прыроды, гонар за нашу гісторыю, культуру, літаратуру, багаты духоўны свет, дабрыню сэрца і душы – усё гэта знаходзіць свой адбітак у творчасці маладой паэткі.
Вершы Ангеліна піша з пятага класа. У вольны час любіць пісаць вершаваныя радкі пра філасофію жыцця, пра каханне, прыроду. Нядаўна яе верш «Край бялюткіх буслоў»прызналі лепшым у сваёй узроставай групе ў рэспубліканскім конкурсе пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю», аб’яўленым нацыянальным цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які прымеркавалі да завяршэння трэцяга Года малой радзімы. Хочацца адзначыць, што верш вельмі актуальны ў сённяшні складаны час. У ім знайшлі месца і гісторыя, і прырода, і духоўнасць, і радавод, і любоў да Бацькаўшчыны розных пакаленняў. Так можа напісаць чалавек, які сапраўды ганарыцца, любіць сваю Радзіму і які разумее значэнне слоў – род, родныя, радавод, Бацькаўшчына, бацькі.
Ангеліна паспявае сумяшчаць і вучобу на «выдатна», і ўдзел у шматлікіх творчых конкурсах, навукова-даследчых працах, алімпіядах па вучэбных прадметах, асновах праваслаўнай культуры, канферэнцыях краязнаўчага характару. Толькі за мінулы год дзяўчына атрымала не адзін дзясятак узнагарод.
Дыпломамі розных ступеняў яна заахвочана ў XII абласным конкурсе (канферэнцыi) даследчых работ навучэнцаў «Хрустальная Альфа-2020» (секцыя «Англійская мова»), VІІ абласной адкрытай навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі вучняў «Край Гарадзенскі», VIII Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытаннях, рэспубліканскім інтэрнэт-форуме «Праваслаўная моладзь за ўстойлівае развіццё», дзе яна з’яўлялася капітанам каманды гімназістаў «Зубраняты», раённай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры і шмат іншых.
Акрамя вучобы ў гімназіі Ангеліна працягвае займацца ў хоббі-класе ў Свіслацкай дзіцячай школе мастацтваў. Дарэчы, узорны ансамбль народных інструментаў «Калинка», у састаў якога яна ўваходзіць, нядаўна атрымаў заахвочванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У ансамблі яна іграе на цымбалах. Таксама дзяўчына любіць вабіць час з маленькай гавайскай гітарай – укулеле.
Ангеліна заўсёды стараецца пашыраць свой кругагляд. Таму нават летам з задавальненнем адпачывае ў розных спецыялізаваных аздараўленчых лагерах («Зубраня», «Містэр Інгліш»), удзельнічае ў экалагічных злётах праваслаўнай моладзі.
Гімназістка-выдатніца лічыць, што толькі з падтрымкай школы і сям’і можна дасягнуць сапраўднага поспеху. І калі б не бацькі, якія заўсёды яе ўпэўніваюць, надаюць моц, падбадзёрваюць, напэўна, не змагла б дабівацца такіх бліскучых вынікаў. Менавіта ў бацьках яна бачыць яскравы прыклад таго, на каго хоча быць падобнай. Дзяўчынка прытрымліваецца прынцыпу свайго таты Уладзіміра Іванавіча: галоўнае ў жыцці – не падняцца вышэй за іншых, а падняцца вышэй за сябе. Ангеліне хочацца, каб моладзь шанавала і любіла сваю родную мову, размаўляла на ёй. Бо трэба заўсёды памятаць, хто мы і адкуль.
– Выхоўваючы дачку, для мяне было важна пратаптаць сцежку, па якой да дзіцячага сэрца будуць ісці ўсе астатнія настаўнікі, бо я, мама, – першы настаўнік. Лічу, што гэта мне ўдалося. На працягу ўсяго шляху навучання нам сустракаліся цудоўныя і таленавітыя педагогі: і ў дзіцячым садку, і ў гімназіі, і ў музычнай школе. Хачу выказаць ім словы падзякі за каласальную працу, укладзеную ў дасягненні Ангеліны, – падзялілася сакрэтам сямейнага выхавання Алена Таўканіца.
источник: редакция газеты "Свіслацкая газета"