Як зацікавіць падлеткаў сустрэчамі з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, ведаюць у гімназіі № 1 Ашмян
29.10.2026У чым карысць шчырага дыялогу падлеткаў з прадстаўнікамі старэйшага пакалення? Аб гэтым добра ведаюць у гімназіі № 1 Ашмян, дзе пяты год рэалізоўваецца праект “Бабулі і ўнукі”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Google-пошук”? “Тлумачальны слоўнік”!
Пачалося ўсё з простага жадання настаўніцы хіміі гімназіі Вольгі Вінцкоўскай і работнікаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна пасупрацоўнічаць з карысцю і для дзяцей, і для людзей старэйшага ўзросту. Прычым у незвычайных і цікавых фарматах. Менавіта так усё і атрымалася.

— Калі пачыналі праект “Бабулі і ўнукі”, нават і не ўяўлялі, што ў нас з’явіцца столькі ідэй і што энтузіязму хопіць так надоўга, — адзначае Вольга Мікалаеўна. — У свой час да гэтай ініцыятывы далучыліся дзеці з двух класаў: 8-га і 6-га. Старэйшыя вучні ўдзельнічалі ў ёй да выпуску з гімназіі. Малодшыя, якія зараз ужо дзесяцікласнікі, таксама зацікаўлены працягваць валанцёрскую актыўнасць. Мне як іх класнаму кіраўніку прыемна гэта ўсведамляць. Значыць, увагу дзяцей удалося не толькі зачапіць, але і ўтрымаць.
Аддзяленне падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання ашмянскага ТЦСАН — гэта месца, дзе людзі старэйшага пакалення праводзяць час актыўна і цікава. Яны наведваюць тут гурткі па інтарэсах, паляпшаюць навыкі карыстання камп’ютарам і гаджэтамі, займаюцца аздараўленчай фізкультурай. За гады супрацоўніцтва з гімназіяй сфарміравалася кола прадстаўнікоў сярэбранага ўзросту, якім хочацца больш даведацца аб інтарэсах сучаснай моладзі і дапамагчы ёй зразумець іх пакаленне. Усе ўдзельніцы — жанчыны, што і прадвызначыла назву праекта “Бабулі і ўнукі”. Тэмы і фармат сустрэч плануюцца загадзя, праводзяцца яны заўсёды пасля ўрокаў, каб не парушаць вучэбны працэс.

Адзін з фарматаў сумеснага адпачынку, які асабліва падабаецца падлеткам, — інтэлектуальныя гульні. Так, на квізе “Што? Навошта? Чаму?” удзельнікі падзяліліся на каманду моладзі “Google-пошук” і каманду дарослых узросту 60+ “Тлумачальны слоўнік”. Яны правяралі сябе на кемлівасць і пачуццё гумару, будавалі масты са слоў, расшыфроўвалі мудрасць розных народаў. З поспехам прайшоў і кінатурнір па савецкіх мультфільмах, які быў пабудаваны не як сухая віктарына, а як захапляльнае анімацыйнае падарожжа. А матываваць дзяцей да вучобы ў пачатку верасня дапамагла інтэлектуальная гульня, падчас якой удзельнікі адказвалі на пытанні з розных галін ведаў.
— У некаторых гульнях каманды фарміруюцца па прынцыпе “маладосць супраць вопыту”, але часцей робім іх змешанымі: так больш цікава, — расказвае Вольга Вінцкоўская. — На завяршэнне мерапрыемстваў традыцыйна п’ём чай з прысмакамі, абмяркоўваем гульню, размаўляем. Заўважыла, што, калі мы ў сацыяльным цэнтры, не прыходзіцца прасіць дзяцей адлажыць тэлефоны — яны самі вырашаюць імі не карыстацца. І гэта добры паказчык таго, што ім сапраўды цікава.
Урок гісторыі ля кастра

Некалькі разоў у год ладзяцца сумесныя турніры па шашках. Гімназістам няпроста перамагчы гульцоў старэйшага пакалення, але гэты вопыт дапамагае ім палепшыць сваё майстэрства і адчуць азарт. А яшчэ праводзяцца спартландыі з вясёлымі эстафетамі, падчас якіх сціраюцца ўсе ўзроставыя межы.
Яркай старонкай супрацоўніцтва стаў турыстычны злёт, які старэйшыя таварышы правялі для сучасных падлеткаў у традыцыях савецкіх часоў. Арганізавалі яго ва ўрочышчы непадалёк горада. Удзельнікі разам пераадольвалі паласу перашкод, малявалі плакаты, слухалі песні мінулых гадоў, варылі на кастры кашу. На злёце прадстаўніцы старэйшага пакалення ахвотна дзяліліся ўспамінамі аб сваім піянерскім дзяцінстве, вялікай краіне, у якой яны выраслі. Дзякуючы такім жывым аповедам моладзь даведалася шмат новага аб гэтай старонцы нашай гісторыі.
Прадстаўнікі двух пакаленняў абмяркоўваюць на дыялогавых пляцоўках актуальныя тэмы сучаснасці, а часам нават разам вучацца, напрыклад, засвойваюць правілы бяспечных паводзін як у рэальным жыцці, так і ў віртуальнай прасторы. Ужо сталі традыцыйнымі інфармацыйныя сустрэчы, якія праводзяць супрацоўнікі міліцыі, МНС, іншых службаў. Каб карысная інфармацыя лепш замацоўвалася ў памяці, пасля лекцыі ўдзельнікі разам яе абмяркоўваюць, людзі старэйшага ўзросту прыгадваюць надзвычайныя выпадкі са свайго жыцця. А яшчэ ўсе разам гуляюць на спецыяльнай вялізнай дошцы ў “Бяспечныя шашкі”, дзе ў якасці шашак выкарыстоўваюцца пажарныя апавяшчальнікі.
Навучэнцы ладзяць для людзей сярэбранага ўзросту святы, на якіх танцуюць, спяваюць, чытаюць вершы, у тым ліку ўласнага сачынення. Дзеці імкнуцца парадаваць бабуль падарункамі, зробленымі сваімі рукамі.

— З цікавасцю ўдзельнічаю ў мерапрыемствах праекта “Бабулі і ўнукі”. Прыемна бачыць людзей, якія на пенсіі жывуць актыўна і яскрава. Карысна паслухаць іх аповеды пра тое, якім наш горад быў раней, што тут адбывалася. Падчас інтэлектуальных гульняў слухаем разважанні адно аднаго па розных пытаннях: гэта цікава і заахвочвае ведаць больш, — дзеліцца дзесяцікласніца Дар’яна Сялюк.
Фотаздымкі з усіх мерапрыемстваў праекта Вольга Мікалаеўна выкладвае ў чаце класа ў адной з сацыяльных сетак. Так што, калі хтосьці з вучняў не ўдзельнічаў у сустрэчы, ён можа пабачыць самыя цікавыя яе моманты і атрымаць станоўчыя выхаваўчыя пасылы. З задавальненнем далучаюцца да прагляду і бацькі навучэнцаў.
Крокі насустрач
Адносіны са старэйшым пакаленнем не абмяжоўваюцца толькі супрацоўніцтвам з актыўнымі пенсіянерамі, якія наведваюць ТЦСАН у Ашмянах. Завітваюць вучні і ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна. Яно прызначана для адзінокіх людзей, якія з-за стану здароўя не могуць пражываць самастойна і абслугоўваць сябе. Візіты гімназістаў узнімаюць ім настрой, самі ж падлеткі атрымліваюць важныя жыццёвыя ўрокі.
Выхаванцы Вольгі Вінцкоўскай не раз дапамагалі ў бытавых пытаннях двум мясцовым жыхарам, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі вязнямі фашысцкіх канцлагераў. Яны жывуць у прыватным сектары, таму клопатаў па гаспадарцы заўсёды хапае. Падлеткі дапамагаюць ім управіцца на агародзе, пабяліць дрэвы, скласці дровы і г.д.
Асобнае месца ў рабоце займае ўзаемадзеянне з дзядулямі і бабулямі саміх навучэнцаў. На першы вераснёвы ўрок, які традыцыйна праходзіць у адкрытым фармаце, Вольга Мікалаеўна запрашае і іх, а не толькі бацькоў дзяцей. І старэйшае пакаленне адгукаецца, прыходзіць. Рады ім і на бацькоўскіх сходах, і на школьных святах. Педагог упэўнена, што патэнцыял бабуль і дзядуляў вучняў нельга недаацэньваць. Для класнага кіраўніка знайсці агульную мову з імі — гэта вялікі плюс.
А яшчэ настаўніца заахвочвае вучняў да вывучэння гісторыі сваіх сем’яў. Так, Міраслаў Шаткевіч разам з маці склаў радавое дрэва, якое пачынаецца з XIX стагоддзя. Ён ганарыцца, што два яго прадзеды былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, выходзіць з іх партрэтамі на святочныя шэсці 9 Мая.
— Вельмі важна зберагаць пераемнасць пакаленняў, будаваць масты ўзаемаразумення, павагі адно да аднаго, — упэўнена Вольга Вінцкоўская. — Магчыма, для кагосьці з вучняў наш сацыяльны праект будзе мець прафарыентацыйны эфект, камусьці дапаможа палепшыць адносіны ў сям’і. І, упэўнена, усіх без выключэння ён навучыць быць больш добрымі, чалавечнымі і спагадлівымі.
Источник: https://nastgaz.by



