Традыцыі Дуксаў: уся сям’я звязана са школай, што носіць імя блізкага чалавека
27.10.2026Сольская сярэдняя школа першай у Смаргонскім раёне атрымала імя выдатнага земляка — паэта і педагога Мар’яна Дуксы. Сёння ва ўстанове працуюць яго сын Аляксандр і нявестка Вольга. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Для іх школа — не толькі месца працы, але і частка сямейнай гісторыі, якая абавязвае асабліва беражліва і адказна ставіцца да сваёй справы.
…З першых хвілін у невялікім сельскім калектыве адчуваецца адметная атмасфера — цёплая, амаль сямейная. Яна складваецца і ва ўзаемаадносінах педагогаў, і ў зносінах настаўнікаў з вучнямі. Магчыма, таму, што тут нямала прыкладаў, калі любоў да прафесіі перадаецца ў спадчыну. Нашы героі якраз такога кшталту.
Калі ўся сям’я звязана са школай, што носіць імя блізкага чалавека, фармальны падыход немагчымы. Стаўленне да дзяцей грунтуецца на лепшых сямейных традыцыях, павазе і глыбокай асабістай адказнасці.
Пра гэта вельмі проста і пераканаўча гаворыць Леакадзія Міхайлаўна, жонка Мар’яна Мікалаевіча Дуксы і маці Аляксандра. У школе яна працавала 39 гадоў — “з капейкамі”, як сама жартуе, — і дагэтуль са шчырай цеплынёй успамінае той час:
— Мне здаецца, я нарадзілася настаўніцай. Памятаю, яшчэ зусім дзяўчынкай уладкавала на верандзе бацькоўскага дома імправізаваны клас: у двары стаяла парта, а ў нашай суседкі, настаўніцы беларускай мовы, я ўвесь час пазычала старыя, ужо непатрэбныя канспекты. Акуратна перапісвала тэмы, мэты ўрокаў і рассаджвала за партай сваіх равеснікаў.
Пасля вучобы ў БДУ Леакадзія Міхайлаўна вярнулася ў родную школу настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У той час Мар’ян Мікалаевіч выкладаў тут беларускую мову і літаратуру. Так два філолагі звязалі ў Солах не толькі прафесійныя лёсы, але і стварылі сям’ю.
Па словах суразмоўніцы, Мар’ян Дукса быў чалавекам незвычайнай мудрасці і душэўнага такту. Пэўны час ён працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і нават выконваў абавязкі кіраўніка школы. Калегі не могуць прыгадаць выпадку, калі б ён не змог згладзіць нейкія супярэчнасці. Прычым нават у няпростых сітуацыях захоўваў спакой, умеў дамаўляцца і ніколі не павышаў голасу.
Вершы Мар’ян Мікалаевіч пісаў пастаянна — пра школу, дзяцей, родную зямлю, пра людзей і веру. Яго творы ўвайшлі ў 17 зборнікаў, якія сёння прадстаўлены ў школьным музеі.
Чатыры з іх, дарэчы, прысвечаны дзецям.
— Дзеці вельмі любілі вершы свайго настаўніка, вучылі іх на памяць для конкурсаў. А выдавецтвы і сёння дасылаюць дамовы: два-тры вершы Мар’яна Мікалаевіча штогод уключаюцца ў падручнікі для пачаткоўцаў, — працягвае Леакадзія Міхайлаўна.
Пра творчае жыццё паэта ў школе наглядна расказвае школьны музей. З вялікай дакладнасцю адноўлена тут нават яго рабочае месца: від на касцёл з акна, друкарская машынка на стале, побач — надрукаваныя чарнавікі з аўтарскімі пазнакамі.

— Пад шклом стэндаў беражліва захоўваюцца і запісныя кніжкі, якія Мар’ян Мікалаевіч часта браў з сабой у лес. Ён быў заўзятым аматарам ціхага палявання: ішоў па грыбы і ягады — і па вершы таксама. Накіды рабіў сярод сосен і маляўнічых краявідаў, а дома, позна ўначы, калі сыны ўжо спалі, садзіўся за стол. Тады пачыналася амаль музычная справа: замест нот гучаў меладычны постук друкарскай машынкі, — успамінае Леакадзія Міхайлаўна.
Любоў да роднай зямлі, яе прыгажосці, працы і людзей Мар’ян Мікалаевіч перадаў сынам. Старэйшы, Аляксандр, свядома выбраў педагогіку, але пайшоў сваім шляхам: з дзяцінства захапляўся матэматыкай.
— Пакуль іншыя хлопцы ганялі мяч, я спачатку на гадзіну-другую садзіўся рашаць задачы, а потым ужо
выходзіў гуляць у футбол, — з усмешкай згадвае Аляксандр Мар’янавіч. — Часам нават карыстаўся тым, што бацькі працавалі ў школе: прасіў прынесці дадому зборнікі “Рашы сам”, якія тады былі вялікай рэдкасцю. Задачы рашаў нават употай ад бацькоў — пасля адбою, з ліхтарыкам пад коўдрай. Калі расказваю пра гэта сённяшнім вучням, яны смяюцца і не заўсёды вераць.
Педагагічную дзейнасць пачынаў у сярэдняй школе № 6 Смаргоні. Затым былі 7 гадоў афіцэрскай службы ў арміі і вяртанне ў родныя Солы:
— Ад бацькі я шмат што пераняў у стаўленні да жыцця і людзей. З цеплынёй успамінаю нашы вячэрнія прагулкі: 5 кіламетраў у любое надвор’е, і ні дождж, ні снег нас не спынялі. Цяпер гэта наша з Вольгай традыцыя.
Сольская школа стала пунктам адліку і для яго ўласнай сям’і. Вольга прыехала сюды маладым спецыялістам:
— Добра памятаю першы адкрыты ўрок, які наведала ў школе. Яго праводзіла Леакадзія Міхайлаўна. Тады падумала: перада мной сапраўдны майстар. І сёння часам звяртаюся да яе па прафесійную параду.
Працаваць поплеч з мужам, прызнаецца Вольга, лёгка: ёсць надзейны тыл, разуменне і бясспрэчная павага да працы адно аднаго. Калі камусьці неабходна затрымацца на рабоце, другі бярэ на сябе хатнія клопаты.
— Памятаю, як некалі бацька прымацаваў кручок на дзвярах у пакой, каб мама спакойна магла правяраць сшыткі, не адрываючыся ад гэтага з-за нашых з братам просьб і пытанняў. Паважаць працу адно аднаго і разам рыхтавацца да важных падзей — яшчэ адна традыцыя нашай сям’і, — адзначае Аляксандр Мар’янавіч.
Дарэчы, сумесная праца дапамагае і ў прафесійных конкурсах. Нядаўна прадстаўнікі педагагічнага дуэта ездзілі ў Гродна, дзе Аляксандр прадстаўляў Смаргонскі раён на абласным этапе конкурсу кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Тэкст выступлення і самапрэзентацыю рыхтавалі разам.
— Наша прозвішча ў школе гучыць часта — найперш дзякуючы Мар’яну Мікалаевічу, ганароваму грамадзяніну Смаргоні, аўтару гімна райцэнтра, лаўрэату Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Аркадзя Куляшова, праца якога да таго ж адзначана медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За ўклад у літаратуру Беларусі”. Але сёння ў школу спяшаемся не толькі мы з мужам. Яшчэ і трое зусім юных Дуксаў — наша дачка і двое сыноў, — гаворыць Вольга.
У старэйшых дзяцей бацькі не першы год вядуць заняткі, і гэта толькі павышае іх настаўніцкую патрабавальнасць. Так выхоўвала сыноў і Леакадзія Міхайлаўна.
— Памятаю, як Аляксандр забыўся вывучыць урывак з “Сялянскіх дзяцей” Мікалая Някрасава. Зразумела я гэта за снеданнем, у той дзень, калі трэба было адказваць: сын ажно ў твары змяніўся, калі я згадала пра заданне. Падумала тады: ну ўсё, будзе двойка. Вырашыла правучыць яго за няпамятлівасць і выклікала першым. А ён адказаў на выдатна — вывучыў урывак па дарозе ў школу, — усміхаецца Леакадзія Міхайлаўна.

З гордасцю яна гаворыць і пра поспехі ўнукаў. Васьмікласніца Каця з 4 класа нязменна ўваходзіць у тройку наймацнейшых юных матэматыкаў раёна. Неаднаразова паспяхова праяўляў сябе ў дакладных навуках і шасцікласнік Міша.
Для сваіх дзяцей і вучняў Дуксы імкнуцца быць прыкладам у жаданні спасцігаць новае. Ужо каля 7 гадоў разам яны ўдзельнічаюць у раённых інтэлектуальных гульнях: кожныя два тыдні, па пятніцах, шукаюць адказы на самыя нечаканыя пытанні і актыўна далучаюць да гэтага школьнікаў.
— У школе я вяду гурток “Эрудыт”, і з вучнямі мы не раз прымалі ўдзел у раённых інтэлектуальных гульнях. Вядома, мы з мужам не прапускаем выпускі “Што? Дзе? Калі?” і раім дзецям таксама далучацца да гэтай справы. Ёсць у дадзеным кірунку ў нас і асаблівая падстава для гордасці: некалькі гадоў назад вазіла сваю вучаніцу ў Мінск на тэлешоу “Я ведаю!”. Яна трапіла ў тройку лепшых і была вельмі блізкая да фіналу, — расказвае Вольга.
Увогуле, школа для гэтай сям’і — гэта працяг сямейнай традыцыі, другі дом, дзе вучні становяцца амаль роднымі.
Источник: https://nastgaz.by
