Сіла каманды: цікавы праект настаўніцы пачатковых класаў з Бераставіцкага раёна аб’яднаў школьнікаў і ратавальнікаў
27.10.2026У невялікай Старадварэцкай базавай школе Бераставіцкага раёна няпроста сабраць футбольную каманду, бо вучняў няшмат. Але тут рэгулярна гуляюць у футбол дзякуючы настаўніцы пачатковых класаў Аксане Дзямідзік. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У пятніцу ўвечары…

Яна працуе з малодшымі школьнікамі, выкладае беларускую мову і літаратуру ў старшых класах і выхоўвае траіх сыноў. А яшчэ разам з мужам-ратавальнікам ператварыла сямейныя вечары з мячом у жывы праект, які аб’яднаў дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і пажарных.
Дзевяць гадоў назад, калі Аксана Аляксандраўна прыйшла ў Старадварэцкую школу, яна адразу адчула: невялікая сельская ўстанова адукацыі — асобны свет. Тут няма ні секцый, ні гурткоў з трэнерамі, ні звыклай гарадской інфраструктуры для вольнага часу.
— У мяне як у класнага кіраўніка і мамы трох вельмі актыўных хлопчыкаў узнікла ідэя: а што, калі праводзіць… футбольныя вечары? — узгадвае педагог пачатак гісторыі, якая пазней вырасла ў праект.
Раз у месяц у школу прыязджала ўся сям’я — Аксана Аляксандраўна, яе муж і трое сыноў. Яны запрашалі вучняў і разам гулялі ў футбол. Футбольныя вечары сталі добрай традыцыяй. Але дзеці раслі — і свае, і школьныя.

Новы этап пачаўся, калі педагог стала ўдзельніцай сёмага набору праграмы “Настаўнік для Беларусі”:
— Калі каманда праграмы і праектныя менеджары падкрэслілі, што важна ўвасобіць у жыццё праект для сваёй школы, я адразу зразумела: у мяне ўжо ёсць ідэя. Нічога выдумляць не трэба, але звыклы фармат варта абнавіць.
Разам з мужам, які, дарэчы, таксама мае педагагічную адукацыю, вырашылі аб’яднаць дзве сферы — адукацыю і службу ратавання. Так нарадзіўся праект “Экстрым без надзвычайных сітуацый”.
Сутнасць — у назве: дзяцей чакаюць выпрабаванні і азарт, яны вучацца пераадольваць сябе, але ўсё гэта адбываецца без рэальнай небяспекі, — расказвае Аксана Дзямідзік.
Насілкі, пажарныя рукавы і пазлы

Праект стаў часткай школьнага календара: штомесяц вучні сустракаюцца з ратавальнікамі, каб паўдзельнічаць у актыўнасцях. Галоўнае — выйсці з прывычных школьных класаў і правесці сустрэчу з максімальнай карысцю для фізічнага здароўя.
Для дзяцей ужо звыклая справа — пераадольваць паласу перашкод на школьным стадыёне, размотваць пажарны рукаў і пераносіць на насілках умоўнага пацярпеўшага. Не менш важныя і шчырыя размовы з дарослымі, якія, ратуючы жыццё, без ваганняў ідуць у ваду і агонь, прабіраюцца праз задымленыя памяшканні.
— Мой муж Аляксей, начальнік пажарнай часці, узяў на сябе арганізацыю ўсіх выпрабаванняў і падыходзіць да справы з педагагічнай дбайнасцю: доўга ўсё прадумвае, выбудоўвае логіку і сочыць, каб кожны этап меў сэнс і дапамагаў дзецям набываць навыкі, патрэбныя ў жыцці, — адзначае Аксана Аляксандраўна.
Выхаваўчая каштоўнасць сустрэч яшчэ і ў тым, што ўдзельнікаў — настаўнікаў, вучняў і бацькоў — аб’ядноўваюць у выпадковыя пары. Наўмысна не “мама са сваім дзіцем”. Так вучань “пракачвае” камунікатыўныя навыкі, бо яму трэба ўмець дамовіцца з тым, каго ён не выбіраў, зразумець яго магчымасці, знайсці агульнае рашэнне.

— Толькі ў снежную зіму мы крыху мянялі фармат, — узгадвае Аксана Дзямідзік. — Сустрэчу тады правялі ў школьным класе. Каманды на хуткасць складалі тэматычныя пазлы, а пад кіраўніцтвам начальніка пажарнай часці вучыліся знаходзіць выйсце з сітуацый, якія могуць узнікнуць у штодзённым жыцці.
Калі галоўнае — дзіця
Зразумела, у праект актыўна ўключыліся настаўнікі школы, і тут выявіўся цікавы эфект.
— Калі педагог-прадметнік апранае спартыўную форму і разам з дзіцем становіцца часткай каманды — гэта ўжо само па сабе незвычайна. У такі момант дзіця галоўнае, бо вучні больш спрытныя, рашучыя, энергічныя. Гэта зусім іншы фармат адносін. Мы збліжаемся, а педагогі бачаць дзяцей з іншага боку, — тлумачыць ініцыятар праекта.
Асобная выхаваўчая лінія акрэслілася падчас сустрэч з ратавальнікамі.
— Для пачатку я запрасіла іх пагуляць з дзецьмі ў футбол. І ведаеце, што мяне ўразіла? Тое, як яны ставяцца адно да аднаго. Начальнік аддзела Аляксандр Сяргеевіч Шляхотка прыехаў сам, гуляў нараўне з вучнямі і сваімі калегамі. Ён дэманстраваў прыклад таго, як лідар паводзіць сябе ў сваім калектыве. Для школьнікаў гэта таксама важны ўрок — мадэль пабудовы ўзаемадзеяння, — расказвае Аксана Аляксандраўна і з усмешкай дадае: — Для нашай сям’і эфектыўнасць праекта відавочная яшчэ з адной прычыны. Старэйшы сын — той, што вырас на футбольных вечарах, — у гэтым годзе паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны Рэспублікі Беларусь. Мы жартуем, што праект выгадаваў “сына палка” — будучага ратавальніка.
Дзяўчаты з Баранавіч

Зусім нядаўна праект атрымаў новае гучанне. Сёлета на адну з сустрэч прыехалі 5 вучаніц з Баранавіч. Іх класны кіраўнік Вольга Сокал сачыла за праектам і вырашыла паўдзельнічаць у ім са сваімі вучаніцамі.
Гасцей і гаспадароў перамяшалі ў выпадковыя каманды. На знаёмства далі 15 мінут, а потым — выпрабаванні. Арганізатар упэўнена, што такі фармат карысны як трэнінг гнуткіх навыкаў — камунікацыі, адаптыўнасці, адказнасці і ўмення давяраць. Бо жыццё часцей за ўсё ставіць менавіта такія ўмовы: мала інфармацыі і часу, а рабіць трэба разам.
Важна і тое, што ўсе мерапрыемствы праекта праходзяць у пятніцу ўвечары.
— Вельмі спадзяюся, што мерапрыемствы праекта стануць для нашых вучняў удалай мадэллю таго, як можна правесці час з блізкімі. Вялікую ўдзячнасць хочацца выказаць сем’ям, якія заўсёды побач, — сям’і Шымавалос, Міхалевіч, Чаргейка, Пятровых, — гаворыць Аксана Дзямідзік. — Наступны крок — перадаць ініцыятыву. Хачу прапанаваць вучням, якія назіралі, як працуе праект, самім прыдумаць і правесці сустрэчу для малодшых навучэнцаў.
Вяртаючыся да праекта “Экстрым без надзвычайных сітуацый”, адзначым і тое, што ў мінулым навучальным годзе ён увайшоў у тройку лепшых сярод праектаў праграмы “Настаўнік для Беларусі” і атрымаў фінансавую падтрымку.
Зрэшты, педагог ужо набрала першы клас. Атрымліваецца, у гісторыі, якая некалі пачалася з сямейнага футбольнага вечара, цяпер дакладна ёсць каму перадаць мяч.
Педагагічныя знаходкі Аксаны Аляксандраўны жывуць не толькі ў межах праекта — яны працуюць і на прадметных уроках. Адна з іх — метафарычныя карты, што сталі сучасным прыёмам развіцця маўлення.
— Гэтыя карткі на маім уроку працуюць як мост паміж абстрактнымі літаратурнымі вобразамі і асабістым вопытам дзіцяці. Адна і тая ж выява можа выклікаць розныя асацыяцыі, што робіць абмеркаванне жывым і асабіста значным. На этапе актуалізацыі тэмы ўрока карткі дапамагаюць выйсці на праблемнае пытанне, калі аналізуем твор — выбраць вобраз, які нагадвае героя, а на рэфлексіі — выказаць свае пачуцці ад прачытанага, — дзеліцца педагог.
Замест таго каб задаць пытанне вучню, настаўніца нярэдка прапануе яму выцягнуць пытанне з мяшочка — такі прыём павышае цікавасць і матывацыю на наступны раз падрыхтавацца якасней. Прыём “Чароўны мяшочак”, канечне, не новы і вядомы многім педагогам, а на занятках нашай суразмоўніцы ён штораз даказвае сваю эфектыўнасць.
Аксана Аляксандраўна знайшла падыход і да бацькоўскіх сходаў. Яшчэ ў першыя гады работы класным кіраўніком яна запрасіла на такую сустрэчу вучняў. Цяпер, пачынаючы з 3 класа, бацькі і дзеці збіраюцца разам.
Сустрэчы звычайна праходзяць па простым, але эфектыўным сцэнарыі. Кожны ўдзельнік атрымлівае картку з пытаннем на агульную тэму, пасля чаго бацькі, дзеці і настаўніца па чарзе выказваюць сваё меркаванне. Размова ідзе пра надзённае: як паставіцца да таго, што выпускнік выбера навучальную ўстанову насуперак чаканням бацькоў? Як рэагаваць, калі дзіця занадта шмат часу праводзіць у тэлефоне або паводзіць сябе груба?
Гатовых адказаў тут няма. Удзельнікі вучацца слухаць адно аднаго, разумець розныя погляды. Так звыклыя супярэчнасці паміж бацькамі і дзецьмі набываюць іншы характар.
Источник: https://nastgaz.by
