Бяспечныя канікулы: школьнікам прапануюць азнаёміцца з работай ратавальнікаў і атрымаць карысны практычны вопыт
20.10.2026Дзе школьнікі могуць не толькі паўтарыць правілы бяспечных паводзін, але і навучыцца дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях?

Ведаць правілы і ўмець прымяняць іх на практыцы — розныя рэчы. Дзіця можа без памылак адказваць на пытанні па “Асновах бяспекі жыццядзейнасці”, але разгубіцца ў крытычнай сітуацыі. Таму важна вучыць школьнікаў своечасова распазнаваць пагрозу, прымаць правільныя рашэнні і дзейнічаць без панікі. Восеньскія канікулы — добрая нагода замацаваць атрыманыя веды. Мы падрыхтавалі падборку месцаў, у якіх дзеці могуць азнаёміцца з работай ратавальнікаў і атрымаць карысны практычны вопыт.
Цэнтр бяспекі МНС Рэспублікі Беларусь у Мінску — сучасная інтэрактыўная пляцоўка, дзе наведвальнікі трапляюць у змадэляваныя экстрэмальныя сітуацыі і вучацца правільна рэагаваць на іх. Тут можна адпрацаваць навыкі ратавання ва ўмовах пажараў, землетрасенняў, дарожна-транспартных здарэнняў, навучыцца паведамляць дыспетчару неабходную інфармацыю па выкліку экстранных службаў. Падчас заняткаў дзеці самастойна выконваюць прапанаваныя заданні, што дапамагае лепш засвоіць алгарытмы дзеянняў і ўпэўнена прымяняць іх пры неабходнасці. Заняткі праводзяцца для арганізаваных груп па папярэднім запісе.
Падобныя цэнтры дзейнічаюць і ў іншых гарадах Беларусі: Барані, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Камянцы, Лідзе, Магілёве, Наваполацку і Століне.
Музей агню ў Мінску знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй пажарнай службы і сучаснымі сродкамі папярэджання пажараў. Экскурсіі арганізоўваюцца для выхаванцаў старшых груп дзіцячых садоў, школьнікаў, навучэнцаў каледжаў, студэнтаў і дарослых. У гістарычнай зале прадстаўлена дыярама, прысвечаная вялікаму пажару ў Мінску 21 чэрвеня 1881 года, макеты пажарнай каланчы і коннага абозу з бочкамі, а таксама старадаўняя ручная помпа, якую наведвальнікі могуць прывесці ў дзеянне. Асаблівую ўвагу прыцягваюць экспанаты сучаснай залы. Тут прадстаўлены бытавыя электрапрыборы, няправільнае выкарыстанне якіх прывяло да пажараў. На рэальных прыкладах дзеці могуць убачыць, якімі сур’ёзнымі наступствамі часам заканчваецца звычайная неасцярожнасць. У музеі таксама ўсталяваны трэнажор для адпрацоўкі выкліку службы ратавання па нумарах 101 і 112. Школьнікі вучацца паведамляць дыспетчару адрас, характар здарэння і іншыя неабходныя звесткі.
Наведванне музея арганізоўваецца па папярэднім запісе.
Пажарныя аварыйна-выратавальныя часці таксама можна наведаць у рамках экскурсіі. Школьнікі ўбачаць спецыяльную тэхніку і абсталяванне, даведаюцца, як арганізавана работа дзяжурнай змены, змогуць задаць пытанні супрацоўнікам МНС. Непасрэдныя зносіны з ратавальнікамі дапамагаюць дзецям лепш зразумець асаблівасці гэтай прафесіі і ўсвядоміць, наколькі важна выконваць правілы ў штодзённым жыцці. Каб арганізаваць экскурсію, неабходна загадзя звярнуцца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і ўзгадніць дату наведвання.
Карысныя матэрыялы для заняткаў з дзецьмі размешчаны і на афіцыйным сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У раздзеле, прысвечаным асновам бяспекі жыццядзейнасці, сабраны вучэбныя відэафільмы, аўдыяролікі, наглядныя матэрыялы, гульні і тэсты. Іх можна выкарыстоўваць дома, у школьных лагерах і пры правядзенні тэматычных мерапрыемстваў.
Старшы інспектар Цэнтра культурна-выхаваўчай работы мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Таццяна Русаловіч звяртае ўвагу на адказнасць бацькоў за арганізацыю дзіцячага адпачынку:
— Школьнік павінен ведаць алгарытм выкліку экстранных службаў, алгарытм дзеянняў пры пажары. Кожнаму даросламу неабходна навесці парадак у сваёй кватэры з пункту гледжання бяспекі. Гэта і доступ да вокнаў, і правілы карыстання электрапрыборамі. Бацькам рэкамендуем устанавіць у кватэрах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і сачыць за іх спраўнасцю. Правілам бяспекі трэба вучыць на ўласным прыкладзе, праз тлумачэнні, а не забароны.
Пасля экскурсіі варта абмеркаваць з дзецьмі ўбачанае і прапанаваць некалькі жыццёвых сітуацый. Што рабіць, калі ў кватэры пачаўся пажар? Куды звяртацца па дапамогу? Якую інфармацыю неабходна паведаміць ратавальнікам? Ці ведае дзіця свой дамашні адрас?
Такая размова дапаможа высветліць, што школьнікі запомнілі, а якія дзеянні яшчэ патрабуюць адпрацоўкі. Галоўнае, каб атрыманыя веды не засталіся толькі ўражаннямі ад цікавай экскурсіі, а спатрэбіліся дзецям у штодзённым жыцці.
Источник: https://nastgaz.by
