РУС БЕЛ ENG 中文

З ювелірнай дакладнасцю: экспазіцыя «Святыні зямлі беларускай» у Жыровіцкай школе знаёміць з праваслаўнымі храмамі

16.10.2026

У Жыровіцкай сярэдняй школе Слонімскага раёна ёсць месца, дзе падчас перапынку звыклыя беганіна і гоман саступаюць месца размеранаму кроку і ціхай размове. У фае другога паверха выстаўлены макеты храмаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яшчэ зусім маладая экспазіцыя “Святыні зямлі беларускай” — гэта 9 копій цэркваў і сабораў, якія выкананы амаль з ювелірнай дакладнасцю. Маршрут невялікага падарожжа ад аднаго храма да іншага ахоплівае Брэст, Гродна, Мінск, Полацк, Віцебск, Магілёў, Гомель, Слуцк і, вядома, самі Жыровічы.

А завяршаецца ён каля інтэрактыўнай карты, дзе ў кожнай вобласці пазначаны найбольш значныя святыні, а іх фотаздымкі прыведзены побач.

Для школы ў Жыровічах такая выстава стала заканамерным працягам шматгадовай працы. Больш за 10 гадоў установа з’яўляецца абласным цэнтрам эфектыўных педагагічных практык па духоўна-маральным выхаванні. Педагогі школы ахвотна дзеляцца напрацоўкамі з калегамі з усёй краіны. Дастаткова сказаць, што за гэтыя гады калектыў рэалізаваў 7 праектаў — 6 інавацыйных і 1 эксперыментальны — менавіта ў рэчышчы духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў.

— Цікавую экспазіцыю мы адкрылі напрыканцы мінулага навучальнага года, — адзна­чае дырэктар школы Таццяна Юхнік. — Але падрыхтоўка заняла нямала часу. Праект свайго роду мабільнага музея “Святыні зямлі беларускай” — сумеснай ініцыятывы Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўніка нашага цэнтра эфектыўных педпрактык Вольгі Куліны і БРСМ — перамог у рэспубліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў і атрымаў сур’ёзную фінансавую падтрымку Міністэрства адукацыі.

Шлях ад ідэі да яе ўвасаблення пачаўся з пошуку майстроў і доўжыўся 9 месяцаў — тэрмін, сімвалічны ўжо сам па сабе. Каб стварыць адзін макет, патрэбен быў прыкладна месяц. Пры гэтым асобны экспанат тэматычнай выставы — не проста паменшаная копія дзеючага храма. Кожны макет размешчаны на спецыяльнай тумбе, якая адначасова слу­жыць пастаментам і інфармацыйным стэндам. На бакавых гранях яе — фота­здымкі інтэр’ераў храмаў, абразоў і фрэсак. Побач — ­QR-код, скарыстаўшыся якім можна перайсці на афіцыйную старонку храма і даведацца пра яго гісторыю, расклад набажэнстваў і навіны прыходу.

— У час, калі інфармацыйны паток амаль бясконцы, а свет мяняецца з хуткасцю, за якой не заўсёды проста паспець, перад школай стаіць няпростая задача — дапамагчы падлетку ак­рэсліць і выбудаваць маральныя арыенціры, адчуць сувязь са сваёй зямлёй, — падкрэслівае важнасць праекта Таццяна Юхнік. — Толькі падручніка тут недастаткова. Патрэбны жывыя, актуальныя і наглядныя фарматы. Наша экспазіцыя, якую ў калектыве таксама завём мабільным музеем, якраз адпавядае гэтаму запыту.

Першую экскурсію — для ўдзельнікаў абласнога семінара па духоўна-маральным выхаванні — у маі мінулага года тут правялі настаўніца гісторыі Ала Саланкова з дзевяцікласніцамі Марынай Саланковай і Таццянай Серафімчык. У школе дагэтуль з цеплынёй згадваюць, як падчас той прэм’ернай прэзентацыі выставы ў зале стаяла такая цішыня, што, па словах відавочцаў, “было чуваць, як лётае муха”.

Усё дзякуючы таму, што фармат экскурсіі прадуманы да дробязей. Замест сухога маналогу — жывая размова: пытанні да аўдыторыі, абмеркаванне архітэктурных дэталей, відэа на мультымедыйнай панэлі.

— Пачыналі мы работу са стварэння макета Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора ў Брэсцкай крэпасці, — заўважае Ала Анатольеўна. — Адным з самых моцных момантаў стаў відэафрагмент звароту настаяцеля храма протаіерэя Віталія Ханаўца, запісаны спецыяльна для нашых гасцей. Увогуле, наша экскурсія — гэта не проста лекцыя. У яе ўплецены інтэрактыўныя заданні, дзякуючы якім слухач становіцца суразмоўнікам.

Сёння распрацаваная ў школе экскурсія разлічана пераважна на вучняў сярэдняга і старшага звяна. У планах — адаптаваць яе і для малодшых школьнікаў, уключыць наведванне экспазіцыі ў праграмы раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў. Школа ў Жыровічах гатова прымаць групы з іншых устаноў раёна.

— Пабываць у нас будзе цікава і тым, хто прыязджае ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр — галоўную святыню Слонімшчыны, — дадае Таццяна Юхнік.

Падарожжа ад макета да макета абяцае нямала адкрыццяў. Напрыклад, можна даведацца, што падчас Першай сусветнай вайны імператар Мікалай II не раз бываў на набажэнствах у магілёўскім храме ў гонар Мікалая Цудатворца, а знакаміты Жыровіцкі абраз — найменшы сярод шанаваных у свеце абразоў Багародзіцы. Наведвальнікам выставы будзе цікава пачуць, што гарнізонны храм у Брэсцкай крэпасці распісвалі вучні Верашчагіна і Васняцова, што Свята-Духаў кафедральны сабор у Мінску ў гады Вялікай Айчыннай вайны не закрылі дзякуючы менавіта Серафіму Жыровіцкаму, або тое, што храм Архангела Міхаіла ў Бярозе з’яўляецца адзіным на пост­савецкай прасторы, пабудаваным у гонар воінаў-афганцаў.

— Як выбіралі храмы? — нібы папярэджваючы маё пытанне, працягвае размову Ала Саланкова. — Як гісторык прапаноўвала засяродзіць увагу на старажытных цэрквах, у архітэктуры якіх прасочваюцца рысы беларускай школы дойлідства і якія звязаны з важнымі падзеямі нашай гісторыі. Але мы не абмінулі ўвагай і храмы, пабудаваныя ўжо ў незалежнай Беларусі, — яе равеснікі. Зразумела, сваё месца ў экспазіцыі занялі храмы, так ці інакш звязаныя з нашай школай. Напрыклад, адна з такіх сцяжынак сёння вядзе да храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы пры жаночым манастыры ў Гродне. Ігумення Гаўрыіла ў свой час скончыла менавіта Жыровіцкую сярэднюю школу.

У школе аграгарадка Жыровічы Ала Анатольеўна не толькі выкладае гісторыю, але і вядзе факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Экспазіцыя, размешчаная акурат насупраць кабінета гісторыі, для яе — яшчэ адзін спосаб зацікавіць вучняў глыбокімі духоўнымі тэмамі і весці размову аб іх у займальнай форме.

— Наш унікальны музей заўсёды адкрыты для вучняў, і гэта асабліва важна. Ён ператварае вывучэнне гісторыі і архітэктуры ў захапляльны, эмацыянальна насычаны працэс, які абавязкова мае працяг, — пераканана
яна.

Пасля знаёмства з паменшанымі копіямі храмаў у вучняў заканамерна ўзнікае жаданне ўбачыць іх на свае вочы — так нараджаецца цікавасць да рэлігійнага турызму. Да таго ж у будучыні плануецца сабраць матэрыялы пра жыціі святых, дзейнасць якіх была звязана з храмамі, макеты якіх прадстаўлены ў экспазіцыі.

Дырэктар школы ў сваю чаргу дадае:

— Дакладныя копіі праваслаўных храмаў — гэта не проста архітэктурныя мініяцюры. Кожны фасад быццам захоўвае старонкі гісторыі, сведчыць пра подзвігі міласэрнасці ў гады выпрабаванняў і ўвасабляе традыцыі прыходскай асветы і дабрачыннасці. Наша экспазіцыя робіць гэтую памяць нагляднай і, што асабліва важна, мабільнай.

Мабільнасць тут — не фігура маўлення. Экспазіцыя ўжо двойчы “падарожнічала”: яе прадстаўлялі на тэматычных абласных мерапрыемствах. Дарэчы, падчас аднаго з такіх у ліку першых гледачоў выставы быў
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён прымаў удзел ва ўрачыстасці з нагоды падпісання праграмы супрацоўніцтва паміж галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскай, Лідскай і Навагрудскай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2026—2030 гады. Частка макетаў упершыню прадстаўлена менавіта падчас гэтага мерапрыемства ў Гродне.

Ва ўстанове сёння думаюць пра тое, як вырабіць спецыяльныя ахоўныя скрыні для крохкіх макетаў, каб іх можна было бяспечна перавозіць. А выстава тым часам жыве сваім штодзённым жыццём. На перапынках дзеці падыходзяць да макетаў і зноў разглядаюць дэталі, якія, магчыма, не заўважылі напярэдадні. Увогуле, экспазіцыя стала гарманічнай часткай школы, а да таго ж яшчэ і цэнтрам прыцягнення для вучняў.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: