РУС БЕЛ ENG 中文

Як даведацца, ці ўжывае дзіця псіхатропныя рэчывы, і на што трэба перш за ўсё звярнуць увагу бацькам

12.10.2026

Наркотыкі і іх незаконны абарот па-ранейшаму з’яўляюцца адным з найбольш распаўсюджаных злачынстваў у маладзёжным асяроддзі. Як супрацьстаяць гэтаму злу, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў намеснік начальніка аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўнік міліцыі Васіль Дземідовіч.

Выключна карыслівыя інтарэсы

— Васіль Мікалаевіч, якая сітуацыя складваецца сёння з незаконным абаротам наркотыкаў?

— На жаль, негатыўная сітуацыя ў гэтай сферы не мяняецца і па-ранейшаму застаецца напружанай. На змену спайсу прыйшлі так званыя “солі”. Гэта псіхатропныя рэчывы мефедрон, альфа-PVP і 4-СМС, якія найбольш распаўсю­джаны сярод маладых людзей. “Солі” ўяўляюць сабой крышталі, падобныя на марскую соль або парашок шэрага ці мутна-белага колеру, які мае рэзкі хімічны пах. Іх спажыванне можа прывесці да смерці нават з першага разу. У мінулым годзе ў рэанімацыйнае аддзяленне адной з бальніц Мінска шпіталізавалі 12 непаўналетніх ад перадазіровак гэтымі наркотыкамі. У бягучым годзе пакуль такія факты не рэгістраваліся.

— Што з’яўляецца асноўным рэсурсам для распаўсюджвання наркотыкаў?

— Перш за ўсё гэта інтэрнэт, дзе адбываецца ўцягванне дзяцей у незаконны абарот наркотыкаў. Менавіта ў інтэрнэце вярбуюць асноўны персанал для работы кур’ерамі ці так званымі закладчыкамі. Як пра­віла, рассылка паведамленняў аб працаўладкаванні ідзе праз сацыяльныя сеткі альбо шляхам прапаноў у месенджарах. Далейшыя зносіны перахо­дзяць у Telegram, дзе абмяркоўваецца заработная плата, праводзіцца інструктаж аб выкананні мер канспірацыі. Прымаемага на работу закладчыка пераконваюць, што пры выкананні ўсіх мер бяспекі рызыка быць затрыманым практычна адсутнічае. Але гэта не так. У сярэднім працоўны стаж закладчыка да моманту прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці складае ад 1—2 дзён да некалькіх тыдняў. Некаторых затрымліваюць пры першай спробе зарабіць.

— Уступаючы на гэтую небяспечную сцежку, ніхто не задумваецца ні пра наступствы для сябе і сваёй сям’і, ні пра тое, хто будзе спажываць наркотык, каму ён нясе смяротную шкоду.

— Так, усе тыя, хто выбраў гэты шлях, кіруюцца выключна карыслівымі інтарэсамі. Такая катэгорыя моладзі хутка трапляецца ў сеткі наркадылераў, вядзецца на хітрыкі арганізатараў інтэрнэт-магазінаў па продажы наркотыкаў і становіцца для іх чарговым расходным матэрыялам. Відавочна, што затрыманыя маладыя лю­дзі абсалютна выразна ўяўляюць, чым ім трэба займацца, усведамляюць усе рызыкі такіх дзеянняў. Але іх самаўпэўненасць, прага лёгкіх і хуткіх грошай дазваляюць наіўна меркаваць, што яны пазбегнуць адказнасці.

Увага на месенджары

— Якія прыметы ў паво­дзінах дзіцяці сведчаць пра яго супрацьпраўныя дзеянні?

— Увага бацькоў перш за ўсё павінна быць звернута на ўсталя­ваныя ў тэлефоне дзіцяці месенджары, з дапамогай якіх можна купіць наркотыкі ў інтэрнэце, — VIPole, WickrMe, WeChat, Signal і ананімны браўзер (ТOR), а таксама наяўнасць дадаткаў, якія дазваляюць вызначаць GPS-каардынаты і накладваць іх на фатаграфіі (напрыклад, NoteCam або яго аналагі GPS Map Camera, SurveyCam — GPS і іншыя). Гэтыя праграмы на 90% выкарыстоўваюцца выключна збытчыкамі наркотыкаў. Таксама ў тэлефоне дзіцяці можна ўбачыць фатаграфіі з участкамі мясцовасці, а сярод яго рэчаў — электронныя вагі, скотч, зіп-пакеты.

Як правіла, у збытчыкаў наркотыкаў з’яўляюцца істотныя грашовыя сродкі, банкаўскія карты, новыя рэчы, сябры старэйшага ўзросту. Падлетак замыкае на ключ пакой або скрыні стала, становіцца насцярожаным, баючыся праследавання. З боку бацькоў неабходна прымаць меры па адсочванні актыўнасці сваіх дзяцей у інтэрнэце, ведаць, з кім яны перапісваюцца, што шукаюць з дапамогай пошукавых сістэм. Для гэтага існуюць розныя праграмы бацькоўскага кантролю, якія бясплатна можна ўстанавіць на мабільны тэлефон, ноўтбук або камп’ютар дзіцяці.

— Як даведацца, што дзіця ўжывае псіхатропныя рэчывы?

— Знешні выгляд і паводзіны непаўналетняга пад уздзеяннем наркотыка нагадваюць стан алкагольнага ап’янення, але пры гэтым адсутнічае пах алкаголю. Мяняецца рухальная актыўнасць, павышаецца жэстыкуляцыя, з’яўляецца няўседлівасць, ён пастаянна перабірае ў руках розныя прадметы, спецыфічна рухае сківіцамі, скрыжэча зубамі. У дзіцяці парушаецца сон, рэзка мяняецца настрой, хада становіцца няўстойлівая, калыханне тулава адбываецца нават у сядзячым стане. З’яўляецца бледнасць скуры, звужаныя або моцна пашыраныя зрэнкі, павышанае слінавыдзяленне або сухасць у роце і вуснаў.

Важна ведаць, што асоба, якая добраахвотна здала наркотыкі і актыўна спрыяла выяўленню або спыненню злачынстваў, звязаных з іх незаконным абаротам, а таксама выяўленню маёмасці, здабытай злачынным шляхам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за такое злачынства.

Як дзеці атручваюць свой арганізм

— Падлеткам уласціва быць у трэндзе навамодных плыняў. Адным з аксесуараў, які, на думку маладога пакалення, павінен быць у кожнага, з’яўляюцца электронныя сістэмы курэння.

— Так, электронныя цыгарэты часта ўспрымаюцца як бяспечная альтэрнатыва традыцыйным. Дзякуючы іх даступнасці і наяўнасці араматычных дабавак, яны сталі вельмі моднымі і папулярнымі сярод непаўналетніх. Галоўная небяспека спажывання электронных сістэм курэння хаваецца ў складзе вадкасці для іх запраўкі, дзе змяшчаюцца канцэрагены (нітразамін, ды­этыленгліколь, фармальдэгід, ацэтальдэгід), якія аказваюць негатыўны ўплыў на развіццё дзіцячага арганізма. Таму выкарыстанне вэйпаў сярод дзяцей з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, якая патрабуе ўвагі з боку грамадства, устаноў адукацыі і, безумоўна, бацькоў. Мала таго, што дзеці атручваюць свой арганізм, ужываючы вэйпы, яны яшчэ здзяйсняюць супрацьпраўныя дзеянні, каб іх займець, бо не кожны мае сродкі іх ку­піць. Непаўналетнія нярэдка ўчыняюць крадзяжы і махлярствы пры куплянні электроннага парагенератара, могуць украсці яго ў прадаўца альбо адабраць у аднагодка. У бягучым годзе ў адносінах да дзяцей за такія дзеянні ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, па якіх прадугледжана пакаранне да 8 гадоў пазбаўлення волі.

— Ці прадугледжана адказнасць за курэнне вэйпаў у грамадскіх месцах?

— За ўжыванне вэйпаў у забароненых для гэтага месцах прадугледжана адміністратыўная адказнасць нароўні з курэннем звычайных цыгарэт (артыкул 19.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях) у выглядзе штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь.

У адпаведнасці з патрабаваннямі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь № 28 “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажыванні тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў”, курыць вэйпы забаронена ў навучальных установах, на тэрыторыях спартыўна-аздараўленчых і іншых лагераў, у падземных пераходах, на станцыях метрапалітэна, на прыпынках транспарту, ва ўсіх відах транспарту агульнага карыстання, у асабістых аўтамабілях, калі ў іх прысутніча­юць дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Таксама забараняецца курэнне ў гандлёвых аб’ектах, аб’ектах грамадскага харчавання, на пляжах; на тэрыторыях фізкультурна-спартыўных збудаванняў; на чыгуначных станцыях і інш. Для курэння прадугледжаны спецыяльныя месцы.

— А статыстыка па ўжыванні вэйпаў вядзецца?

— У бягучым годзе за ўжыванне вэйпаў у забароненых месцах абвінавачана больш за 350 падлеткаў. У асноўным яны выкарыстоўвалі электронны парагенератар на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, інтэрнатаў.

Мінімальны ўзрост дзіцяці, якога мы выяўлялі за спажыванне вэйпа, гэта 10-гадовы вучань сталічнай гімназіі. Калі дзіця не дасягнула 16 гадоў, то адказнасць за яго правапарушэнні нясуць бацькі.

Менавіта інспекцыі па справах непаўналетніх разглядаюць пытанне аб прыцягненні бацькоў да адміністратыўнай адказнасці за неналежнае выхаванне дзяцей. Акрамя таго, калі дзіця будзе затрымана за ўжыванне вэйпа ў неўстаноўленым месцы, гэта з’яўляецца падставай для правядзення з ім прафілактычнай работы з боку ўстаноў адукацыі і аховы здароўя. Таксама за продаж непаўналетнім вэйпаў праду­гледжана адміністратыўная адказнасць да 20 базавых велічынь. У мінулым годзе намі выяўлена больш за 120 нядобрасумленных прадаўцоў. Сумесна з прадстаўнікамі інспекцый па падатках і зборах выяўлены 52 гандлёвыя аб’екты, якія рэалізуюць вадкасці для вэйпаў без маркіроўкі акцызнымі маркамі. Канфіскавана больш за 147 тысяч вэйпаў, вадкасцей для іх і нікаціназмяшчальнай прадукцыі на агульную суму больш за 223 тысячы рублёў.

Вэйпы — гэта абсалютнае зло. Як сведчыць Сусветная арганізацыя аховы здароўя, поўную забарону на рэалізацыю электронных сістэм курэння ажыццявілі больш чым 30 краін, уключаючы Рэспубліку Казахстан, Кыргызстан, Туркменістан. Прафілактыка курэння вэйпаў — гэта комплексная задача, якая патрабуе сумесных намаганняў прадстаўнікоў розных дзяржаўных органаў, сістэмы адукацыі і бацькоў пад­леткаў.

На сённяшні дзень у месцах пазбаўлення волі адбываюць пакаранне 277 асоб, якія да зняволення з’яўляліся школьнікамі, навучэнцамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтамі УВА. Частка з іх асуджана на тэрмін да 5 гадоў, іншыя — ад 5 да 10 і ад 10 да 15 гадоў. Пры затрыманні падлеткі тлумачылі, што ведалі аб крымінальнай адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў і нават прысутнічалі на прафілактычных мерапрыемствах, якія праводзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, аднак думалі, што гэта іх не закране.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: