Ёлачныя цацкі вядомага парфумера, экспазіцыя пра Уладзіміра Высоцкага. Чым здзіўляюць музеі спецшколы Навагрудка?
12.10.2026«Памяць сэрца», «Традыцыі чаявання» і «Цудоўны Новы год і гісторыя ёлачнай цацкі» — музеі, якія дзейнічаюць у спецыяльнай школе-інтэрнаце Навагрудка імя Л. Ф. Пашынскага. Кожны год тут з’яўляюцца новыя экспазіцыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— За 82 гады наша ўстанова адукацыі дала пуцёўку ў жыццё больш чым дзвюм тысячам маладых людзей, — гаворыць дырэктар Алег Анікевіч. — Сёння ў нас вучыцца 150 дзяцей з 16 раёнаў Беларусі. Усе яны маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця: цяжкія парушэнні маўлення, цяжкасці ў навучанні, РАС. Кожны год па выніках заключэння абласной псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі 7—10 чалавек выходзяць на праграму агульнай сярэдняй адукацыі, пераходзяць у звычайныя школы.
Наш калектыў хвалюе, з якім багажом маладыя людзі пакідаюць школу, наколькі яны сацыялізаваныя, ці аказалі мы належны ўплыў на фарміраванне іх светапогляду як патрыётаў краіны. У гэтым дапамагае музейная педагогіка. Музеі сталі месцам прыцягнення для супрацоўнікаў, вучняў і жыхароў Навагрудка, якія прыносяць сюды ў дар экспанаты.
Гістарычны музей «Памяць сэрца» працуе больш за 20 гадоў. За гэты час яго фонд вырас да больш чым дзвюх тысяч прадметаў.

— Тут захоўваецца акардэон 1938 г. выпуску, які прынёс з вайны дзядуля нашай настаўніцы Алены Тарас, пасведчанне асобы (аўсвайс) часоў вайны і Георгіеўскі крыж, які таксама перадала Алена Вайцехаўна з татавай калекцыі, — расказвае кіраўнік музея Ірына Хуан, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. — Ёсць лісты родным з фронту Мікалая Сінькевіча 1944—1945 гг., якія належалі сваякам былой нашай супрацоўніцы. Адзін з прадметаў — доўбня, якая выкарыстоўвалася для трамбавання зямлі, камянёў пры брукаванні дарог. Прыладай карысталіся вязні Вераб’евіцкага гета. Яна трапіла сюды з музея Вераб’евіцкай школы пасля яе закрыцця.
У музеі прапануюцца экскурсіі «Таямніцы беларускага ручніка», «Жыццё і творчасць Якуба Коласа ў музейных прадметах», «Франтавыя прафесіі» з тэатралізацыяй, квесты «Таямнічы куфэрак», «Франтавы ліст», «Хто яна — адважная партызанка?» пра зямлячку, камсамолку, падпольшчыцу, партызанку Людмілу Сечка, майстар-клас для вучняў «Слуцкі пояс у тэхніцы аплікацыя». Настаўнікі мастацтва распрацавалі дыдактычныя заданні для работы з прадметамі экспазіцыі ў 6—10-х класах.
Адна з экспазіцый прысвечана заслужанаму настаўніку БССР Леаніду Фёдаравічу Пашынскаму, імя якога носіць школа. Адлюстраваны яго баявы шлях, шматгадовая праца настаўнікам, інспектарам і кіраўніком аддзела адукацыі. Дакументы і фотаздымкі, якія належалі Л. Ф. Пашынскаму, перадала ў музей яго дачка Таццяна Сініца, былы педагог гэтай школы.

Экспазіцыя «Мне ёсць што спець» дэманструе фота і кнігі аб жыцці і творчасці Уладзіміра Высоцкага на Навагрудчыне. Асаблівая ўвага — перыяду, калі паэт знаходзіўся ў гэтых мясцінах падчас здымак Віктарам Туравым фільма «Сыны ідуць у бой». Вясной 2026 г. даследчык Сяргей Акуліч з Мінска перадаў музею сістэматызаваныя па гадах звесткі пра жыццё і творчасць знакамітага барда.
Экспазіцыя «Гісторыя календара» знаёміць з асаблівасцямі злічэння часу на тэрыторыі нашай краіны і за яе межамі, змяшчае калекцыю адрыўных і кішэнных календароў савецкага перыяду.

Акрамя таго, у музеі ёсць матэрыялы па гісторыі спецшколы-інтэрната, аб развіцці гістарычных аб’ектаў і архітэктурных помнікаў Навагрудка, захоўваюцца карціны беларускага мастака Уладзіміра Хадаровіча, фатаграфіі першай паловы ХХ стагоддзя, арыгінал газеты «Известия» № 88 ад 13 красавіка 1961 года з паведамленнем пра палёт Юрыя Гагарына ў космас (перадалі бацькі вучня школы). Таксама прадстаўлены ўзоры керамікі, беларускага народнага ткацтва, прылады для апрацоўкі льну, батлейка, вырабленая рукамі педагогаў і вучняў, лялькі-мотанкі.

У чэрвені ў музеі адкрылася інтэрактыўная выстава «Ткацтва на Навагрудчыне: ад вытокаў да дасканаласці» па ініцыятыве педагога дадатковай адукацыі Алы Бузук, якая пачала перадаваць сакрэты майстэрства вучням у гуртку па ткацтве. Аснову экспазіцыі складаюць прылады — церніца, трапло, часалка, прасніца, верацяно, калаўротак, сукала. А галоўны экспанат — аўтэнтычны ткацкі станок поўнай камплектацыі. Яго перадала сям’я з вёскі Лоўчыцы Навагрудскага раёна — Уладзімір Дзям’янавіч і Антаніна Пятроўна Шкнай (яе маці ў 1939 г. атрымала станок у якасці падарунка на вяселле). Першапачаткова да сям’і звярнулася выхавальніца школы Жанна Калядзюк. Амаль паўгода спатрэбілася для прывядзення станка ў рабочы стан: перачытана шмат спецыяльнай літаратуры, вывучана методыка складання ўзору, падабраны ніткі.
— Дзеці з вялікай цікавасцю прыступілі да працэсу ткацтва. Пачыналі з палавікоў, якія рабілі з палос тканіны, — тлумачыць Ала Аляксандраўна. — Першая дарожка была даўжынёй пяць метраў. Зараз ідзе работа над вырабам пакрывала з ніцей. Жадаючых займацца хоць адбаўляй! Большасць ткачоў — хлопчыкі ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. Спасцігаючы сакрэты ткацкай справы, дзеці адпрацоўваюць навыкі пошукавай дзейнасці і папаўняюць слоўнікавы запас.

Музей «Цудоўны Новы год і гісторыя ёлачнай цацкі» стаў візітнай карткай Навагрудскага раёна, налічвае 5,6 тыс. прадметаў асноўнага фонду.

— Тут захоўваецца ўнікальная калекцыя ёлачных аздабленняў розных эпох, — адзначае кіраўнік музея Мая Жыдко, настаўніца рускай мовы і літаратуры. — Напрыклад, ватныя цацкі 1950—1960-х гг., кардонныя ўпрыгажэнні 60-х, шкляныя вырабы на тэму авіяцыі і космасу (дырыжаблі), а таксама калекцыі «Агародніна», «Казачныя персанажы», «Цацкі-малюткі», «Гадзіннікі», цацкі на прышчэпках, мантажныя цацкі, пацеркі, савецкія навагоднія паштоўкі. Ёсць вырабы, якія зроблены супрацоўнікамі ўстановы.

Гісторыя ёлачных упрыгажэнняў адлюстроўвае важныя этапы жыцця краіны. Цацкі-дырыжаблі з’явіліся ў 1930-я гг. у гонар рэкорду савецкай авіяцыі. У 1940-я пачалі выпускаць карданажныя фігуркі. У 1950—1960-я, у час адраджэння сельскай гаспадаркі, папулярнымі сталі шкляныя агародніна і садавіна, а таксама персанажы казак.
З пачаткам касмічнай эры прыйшлі ракеты, спадарожнікі і касманаўты. У 1956 г., пасля выхаду фільма «Карнавальная ноч», з’явіліся цацкі-гадзіннікі са стрэлкамі, устаноўленымі за пяць хвілін да поўначы. У 1970—1980-я гг. найбольш папулярнымі былі шышкі, званочкі і пернікавыя домікі. Музей захоўвае мініяцюрныя цацкі для маленькіх ёлак, якія ставіліся ў невялікіх савецкіх кватэрах. Першыя такія наборы былі выпушчаны ў 1949 г.

У 2025 г. была адкрыта экспазіцыя ёлачных цацак «Калекцыя з імем…», што належалі сям’і сусветна вядомага амерыканскага парфумера беларускага паходжання Софіі Гройсман (Ходаш) — яна нарадзілася ў 1945 г. у Любчы Навагрудскага раёна. Цацкі былі знойдзены на гарышчы ў доме № 9 па вуліцы Катоўскага, дзе пражывае Данута Багірава, якая перадала іх у музей. З Софіяй Гройсман яна апошні раз сустракалася ў Навагрудку ў 2006 г. Сапраўднасць і прыналежнасць цацак пацверджаны лістом, атрыманым ад Софіі, ён таксама размешчаны ў экспазіцыі.

Калекцыя музея «Традыцыі чаявання» налічвае 420 прадметаў асноўнага фонду і 43 — дапаможнага.
— Наведвальнікі могуць даведацца пра гісторыю ўзнікнення чаю і цікавыя чайныя цырымоніі ў Кітаі, Японіі, Індыі, Англіі, Расіі, Беларусі, убачыць самавары розных форм («шклянка», «кілішак», «шар», «ваза»), чайны посуд (арыгінальныя падшклянкі, запарныя чайнікі, цукарніцы, малочнікі, унікальныя чайныя пары, сервізы), — паведамляе Таццяна Мурзіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры і гісторыі. — Сярод экспанатаў падшклянак «Масква. Астанкінская вежа» вытворчасці СССР другой паловы ХХ стагоддзя, перададзены работнікам чыгункі, металічныя шчыпцы для расколвання цукру 1960 г., армуд — від нацыянальных шклянак, з якіх у Азербайджане і Іране традыцыйна п’юць чорную гарбату. Для калекцыі набыты запарны чайнік у выглядзе дракона, з Грузіі прывезена чайная пара «Стары Тбілісі» — на сподку і кубачку адлюстраваны храм Мецехі.
Каля стылістычнай фотазоны «Чайны шлях» гасцям дазваляецца прымераць элементы нацыянальных касцюмаў і зрабіць фота з прадметамі. Падчас аўдыягульні «Чароўны гук» госці з заплюшчанымі вачыма на слых адгадваюць, які працэс адбываецца: звон лыжачкі аб гранёную шклянку, хруст пры расколванні цукру шчыпцамі, глухі стук накрыўкі ісінскага чайніка. У тактыльным квесце «Адгадай усляпую» трэба навобмацак пазнаць прадмет, дастаць яго з мяшэчка і расказаць, да якой краіны ці традыцыі ён мае дачыненне.

Арганізуецца рытуал з кітайскім чайнікам «Павага да майстра»: гасцям расказваецца пра традыцыю націскання на «водны замок», калі пальцам затыкаюць дзірку на накрыўцы і вада з носіка не ліецца, што сведчыць аб якасці чайніка. Усе жадаючыя могуць праверыць гэты фізічны закон.

Праводзіцца эксперымент «Таямніца армуда»: трэба наліць гарачую ваду ў звычайны кубак і ў армуд, а праз тры мінуты дакрануцца да верхняй і ніжняй частак армуда, каб зразумець, у чым фокус грушападобнай формы шклянкі.

Раздзел «Чайная кераміка Беларусі» з калекцыямі посуду заняў цэлы пакой. Тут знаходзяцца чайныя пары, заварачныя чайнікі, збаны і цукарніцы, створаныя вядучымі майстрамі і заводамі краіны. Падчас экскурсіі можна пакаштаваць розныя сарты чаю, даведацца пра народныя рэцэпты, правераныя часам. Можна прыняць удзел у майстар-класах па ўзнаўленні традыцый чайных цырымоній народаў свету, стварэнні аўтарскіх збораў з лекавых раслін.
Источник: https://nastgaz.by









