Як зрабіць школу невялікага населенага пункта канкурэнтаздольнай, ведае дырэктар Яўген Пац
09.10.2026З 2019 года сярэдняя школа № 2 Бярозаўкі сёмы раз запар уваходзіць у тройку наймацнейшых школ Лідскага раёна па выніках штогадовага раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі (сярод школ з колькасцю навучэнцаў ад 300 да 750). Як дасягнуць поспеху, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар Яўген Пац.

— Яўген Часлававіч, вы ўзначальваеце агульнаадукацыйную ўстанову ў малым горадзе. Існуе меркаванне, што школамі з невялікім кантынгентам навучэнцаў кіраваць проста. Пагодзіцеся?
— Збольшага. У нас у гэтым навучальным годзе 241 вучань. У невялікай школе кожнае дзіця і настаўнік — як на далоні, тут немагчыма згубіцца. Гэта, вядома, спрашчае арганізацыю індывідуальнага падыходу і дае магчымасць падтрымліваць сямейную атмасферу. Але і ўскладае на кіраўніка персаналізаваную адказнасць.
Калі ў вялікай школе задачы можна дэлегаваць па вертыкалі, то ў невялікай дырэктар унікае практычна ва ўсе працэсы асабіста — ад глабальных мэт і задач да гаспадарчых дробязей, якія патрабуюць неадкладнага рашэння.
Да таго ж, незалежна ад колькасці навучэнцаў, школа павінна дэманстраваць высокія вынікі дзейнасці. Для гэтага трэба наладзіць работу так, каб быць канкурэнтнымі ва ўсіх напрамках: алімпіядным руху, даследчай дзейнасці, удзеле ў творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, конкурсах прафесійнага майстэрства і многім іншым.
Я вельмі ўдзячны педагагічнаму калектыву за зладжаную работу. Педагогі школы — працаздольныя, ініцыятыўныя і творчыя людзі са здаровымі амбіцыямі. Дзеля дасягнення максімальнага выніку цесна супрацоўнічаем з бацькамі вучняў. Ідзём поруч у трыядзе “педагог — вучань — бацькі”. Варта адзначыць, што мікрараён школы ўключае амаль увесь прыватны сектар Бярозаўкі — нашы навучэнцы ў большасці пражываюць у прыватных дамах, што, вядома ж, уплывае на фарміраванне іх асобасных якасцей. Яны больш самастойныя і сацыялізаваныя, уцягнутыя ў гаспадарчае жыццё сям’і і разумеюць каштоўнасць працы.
— Калі прыйшлі на пасаду, якія пытанні давялося вырашаць у першую чаргу і чаму вучыцца?
— Кіраўніком я стаў у сваім жа калектыве: тут я працаваў настаўнікам гісторыі, геаграфіі і грамадазнаўства. Калі ў 2018 годзе Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай, будучы на той момант начальнікам упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама, прапанаваў узначаліць установу адукацыі, я вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай ролі і прыняў прапанову. Паколькі вопыту адміністрацыйнай работы ў мяне практычна не было, то прыйшлося тэрмінова сябе перафармаціраваць — вучыцца ўсяму і адразу, а значыць, асвоіць цэлы шэраг функцый кіраўніка, якія дазваляюць прымаць узважаныя комплексныя рашэнні, але з дакладнымі прыярытэтамі. Улічваючы тое, што ў школе была выбудавана сістэма кіравання, якую на працягу 30 гадоў фарміраваў папярэдні кіраўнік Валерый Валянцінавіч Куршук, важна было захаваць традыцыі і каманду работнікаў. Таму першымі ў спісе стаялі кадры і стварэнне адпаведнага мікраклімату, бо без моцнай і матываванай каманды любыя змяненні бессэнсоўныя. Педагогі атрымалі свабоду для творчасці, зыходзячы з наяўных рэсурсаў былі створаны ўмовы для рэалізацыі іх творчых задум, што з часам прынесла плён. Паралельна вырашаліся арганізацыйныя і гаспадарчыя пытанні.
— Наколькі змянілася школа за час вашага кіраўніцтва?
— У першыя гады больш прыкметнымі былі змяненні ўнутры калектыву: настаўнікі сталі спрабаваць сябе ў розных напрамках педагагічнай дзейнасці, эксперыментаваць і, напэўна, усведамляць, што канкурэнтная барацьба сярод устаноў адукацыі нават у маштабах нашага горада расце і ўзмацняецца з кожным годам, таму трэба паскарацца, а камусьці — у корані мяняць падыходы да работы. У выніку нашы дзеці сталі паспяховымі ў алімпіядным руху, інтэлектуальных і творчых конкурсах, даследчай, праектнай дзейнасці.
Мы вельмі ганарымся нашым выпускніком Андрэем Несцерам, які пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Вольгі Уладзіміраўны Петрыман два гады запар станавіўся пераможцам (атрымліваў дыпломы І ступені) заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, а затым яшчэ атрымаў спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь за глыбокія веды гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснага дзяржаўнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. За свае дасягненні Андрэй двойчы быў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Яшчэ адзін вучань нашай школы Мікалай Кавалеўскі пад кіраўніцтвам каманды настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Ігара Анатольевіча Ядлоўскага, Антона Іосіфавіча Купрашэвіча, Вольгі Пятроўны Ужэгавай і трэнера-выкладчыка Генадзя Валянцінавіча Аўдзеенкі таксама быў у ліку пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі (заваяваў дыплом ІІ ступені). А навучэнец Магрубат Ібрагімаў праявіў сябе з іншага боку — дзякуючы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Але Міхайлаўне Раманоўскай адзначаны дыпломам І ступені на абласным этапе і дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” у намінацыі “Чытальнік”.

Увогуле, у скарбонцы дасягненняў навучэнцаў і педагогаў нашай школы сотні, а можа, ужо і тысячы дыпломаў і грамат. Вядома, варта адзначыць у гэтым працэсе ролю асобных педагогаў школы, якія працуюць з навучэнцамі на сістэмнай аснове на працягу многіх гадоў: А.М.Рунец, С.В.Несцер, В.У.Петрыман, Н.У.Ядлоўская, І.Ю.Дубінчык, А.М.Раманоўская, Л.І.Генец, Т.У.Яхімовіч, В.В.Жаўнерка, Т.Я.Несцер, Р.А.Шанько, А.А.Піроцкая, В.П.Ужэгава, І.А.Ядлоўскі, Ю.Д.Пляскач, Т.В.Піваварчык, І.Г.Корбан, М.М.Барадзін, Н.В.Авакімян, А.В.Ігнатчык.
Невялікая школа можа быць сучаснай і канкурыраваць з вялікімі ў маштабах раёна, а ў некаторых напрамках — у маштабах вобласці і нават краіны.
У гэтым годзе ў нас адбыліся глабальныя знешнія змяненні — былі праведзены маштабныя работы па бягучым рамонце спартыўнай залы і аб’екта харчавання ўстановы цалкам за кошт бюджэтных сродкаў. Рамонт сталовай праведзены ў сціслыя тэрміны — з чэрвеня па жнівень, ён уключаў поўную замену тэхналагічнага абсталявання харчаблока на новае, якое адпавядае ўсім патрабаванням, а абедзенная зала абнавілася да непазнавальнасці — стала сучаснай, прыгожай і ўтульнай. Спартыўная зала, рамонт якой быў пачаты яшчэ ў сярэдзіне папярэдняга навучальнага года, атрымалася прасторнай і прыгожай. Мы з маім намеснікам дырэктара па гаспадарчай рабоце Антонам Баляслававічам Сушчэўскім у гэтым адначасова складаным і цікавым працэсе бралі ўдзел ад пачатку і да канца, таму вельмі ганарымся такім пераўтварэннем школы.
Безумоўна, усе гэтыя змяненні былі б немагчымы, калі б не дапамога і падтрымка мясцовай улады — старшыні Лідскага райвыканкама Аляксандра Людвігавіча Вярсоцкага, яго намесніка Ігара Аляксеевіча Кашкевіча, начальніка ўпраўлення адукацыі Вольгі Зігмунтаўны Тарасюк і кіраўніка Лідскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Анатоля Мар’янавіча Коўзы. Менавіта дзякуючы ім і спецыялістам арганізацыі-падрадчыка ААТ “Будвектар” мы атрымалі такі шыкоўны падарунак.

— Цяпер у вас сучасная школа, дзе можна рэалізоўваць смелыя амбіцыі.
— Калі падсумаваць усё зробленае, то можна сказаць, што мы зрушылі фокус у бок сучаснага, адкрытага і тэхналагічнага асяроддзя: актыўна ўкараняем лічбавыя інструменты ў навучанне, развіваем медыянапрамкі, візуальную культуру, інавацыйную і праектную дзейнасць. Але галоўнае — у настаўнікаў і вучняў з’явілася ўпэўненасць у тым, што невялікая школа можа быць сучаснай і канкурыраваць з вялікімі ў маштабах раёна, а ў некаторых напрамках — у маштабах вобласці і нават краіны.
— Ці выкарыстоўваеце ў адміністрацыйнай дзейнасці штучны інтэлект? І як, на ваш погляд, можна спалучыць традыцыйны вучэбны працэс з ШІ без шкоды для вучняў і педагогаў?
— Вядома, мы звяртаемся да магчымасцей штучнага інтэлекту. Аднак у гэтым працэсе важна знайсці тую самую залатую сярэдзіну, каб выкарыстоўваць магчымасці гэтага інструменту разумна і без шкоды для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Аднак апошняе слова застаецца за чалавекам: нейрасеткі дапамагаюць нам хутка і якасна ствараць наглядныя матэрыялы, графіку для школьных сацсетак, афармляць інтэр’ер і інфармацыйныя стэнды, а таксама рыхтаваць шаблоны дакументаў, аднак у кіраўніцкай і педагагічнай дзейнасці на першым месцы застаецца прамы кантакт чалавека з чалавекам — жывыя зносіны патрэбны як пры падрыхтоўцы пэўнага праекта загада па ўстанове, так і ў працэсе каменціравання адзнак навучэнцаў пры выстаўленні іх у дзённік і журнал. Лічу, што спалучыць ШІ з вучобай можна толькі праз правільную інтэграцыю: штучны інтэлект не замяняе настаўніка, а выступае ў ролі асістэнта — дапамагае візуалізаваць складаныя тэмы, генерыруе ідэі для праектаў і эканоміць час настаўніка для жывых зносін з дзецьмі.
Дарэчы, сёлета актыўна будзем укараняць электронны дакументаабарот. Наша школа ўвайшла ў лік 300 школ краіны, у якіх з 1 верасня праходзіць тэставая апрабацыя комплекснай аўтаматызаванай сістэмы “Электронная школа”.

— Што ў вас у прыярытэце — арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу або вырашэнне матэрыяльна-тэхнічных пытанняў? І што для вас больш важна —кіраваць працэсамі ці натхняць людзей?
— Матэрыяльна-тэхнічная база — падмурак, а адукацыйны працэс — дом. Без нармальнага падмурка вучоба не будзе камфортнай, але сам па сабе ўтульны клас без педагога не дасць ведаў. Таму важна прытрымлівацца балансу. Што да кіравання, то працэсы задаюць структуру і парадак, але без натхнення людзей школа ператвараецца ў сухую канцылярыю. Кіраўнік павінен сумяшчаць ролю сістэмнага менеджара, лідара, таго, хто запальвае каманду і верыць у яе патэнцыял.
Не магу не адзначыць вядучую ролю маёй каманды намеснікаў, якія з’яўляюцца лакаматывам у развіцці ўстановы адукацыі, задаюць тон усяму педагагічнаму калектыву. Вольга Уладзіміраўна Петрыман, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, выкладае гісторыю і грамадазнаўства і на працягу многіх гадоў актыўна працуе з высокаматываванымі навучэнцамі. У гэтым годзе Вольга Уладзіміраўна была ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За асабісты ўклад у развіццё адоранай моладзі”.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Вячаславаўна Несцер курыруе вялікі блок метадычнай работы ў школе, пры гэтым сама актыўна развіваецца як настаўнік беларускай мовы і літаратуры, укараняючы новыя формы і метады работы ў выкладанні. Сумесна з настаўніцай інфарматыкі Людмілай Іванаўнай Генец яна распрацавала шэраг электронных адукацыйных рэсурсаў у дапамогу навучэнцам выпускных класаў для падрыхтоўкі і здачы ЦТ і ЦЭ: “Арфаграфічны трэнажор”, “Сінтаксічны трэнажор”, “Марфалагічныя нормы”. Высокае майстэрства і эфектыўнасць яе працы пацвярджаюць і стабальныя вынікі выпускнікоў на ЦТ і ЦЭ. Акрамя гэтага, Святлана Вячаславаўна вынікова займаецца даследчай і краязнаўчай дзейнасцю, з’яўляецца членам журы на трэцім (абласным) этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”.
Па ініцыятыве намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Анжалікі Міхайлаўны Рунец у школе рэалізаваны шэраг інавацыйных праектаў, а цяпер рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект па духоўна-маральным выхаванні, быў створаны раённы рэсурсны цэнтр па полікультурным выхаванні навучэнцаў, а наш раённы цэнтр эфектыўных педагагічных практык па духоўна-маральным выхаванні пераўтвораны ў абласны.
Трэба сказаць і пра майго с сацыяльнага партнёра — старшыню пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі школы Рыту Андрэеўну Шанько. У вырашэнні спрэчных кадравых ці іншых пытанняў яна заўсёды ўдзельнічае асабіста, глыбока ўнікаючы ў кожную сітуацыю. Акрамя таго, з’яўляецца аўтарам шэрага валанцёрскіх праектаў, а таксама праектаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў.
— Для школы вельмі важна наладзіць сацыяльныя сувязі. З кім вы ўзаемадзейнічаеце? Як гэта ўплывае на развіццё ўстановы?
— Наша школа — адзін з сацыякультурных аб’ектаў мікрараёна, разам з праваслаўным і каталіцкім храмамі яна з’яўляецца цэнтрам прыцягнення. Напэўна, таму не толькі бацькі, бабулі, дзядулі нашых навучэнцаў, але і мясцовыя жыхары перажываюць за школу і заўсёды хочуць быць у курсе падзей.
Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з гарадской уладай. Члены нашага калектыву з’яўляюцца ініцыятарамі карысных грамадскіх спраў, якія рэалізуюцца сумесна з Бярозаўскім гарадскім Саветам дэпутатаў. Нарыклад, у 2024 годзе Генадзь Валянцінавіч Аўдзеенка, алімпійскі чэмпіён па скачках у вышыню 1988 года, які на той момант пражываў у нашым горадзе і працаваў у нас кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні, стаў аўтарам грамадскай ініцыятывы “На шляху да алімпійскага золата. Спорт, даступны ўсім!”, вынікам якой была ўстаноўка ў горадзе дзвюх спартыўных пляцовак з трэнажорным абсталяваннем і спартыўнага комплексу для заняткаў варкаўтам. Цяпер педагог Рыта Шанько развівае ініцыятыву па стварэнні спецыялізаваных пляцовак на прыдамавых тэрыторыях.
Супрацоўнічаем і з горадаўтваральным прадпрыемствам — адкрытым акцыянерным таварыствам “Шклозавод “Нёман”. Намеснік дырэктара Анжаліка Рунец з калегамі з дзвюх іншых школ горада і кіраўніцтвам прадпрыемства распрацавалі праект “Туфлік для Золушкі, або Дынастыі шкловыдзімальнікаў”, мэта якога — папулярызацыя прафесій шкляной вытворчасці.
У нас даўно склаліся добрыя партнёрскія адносіны з каталіцкім і праваслаўным храмамі. У прыватнасці, сумесна з настаяцелем праваслаўнага храма Жыровіцкай іконы Божай Маці протаіерэем Уладзімірам Урбановічам і пры падтрымцы епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя ў нашай установе быў паспяхова рэалізаваны рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння дзейнасці рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Назапашаны вопыт дазволіў адкрыць у школе раённы цэнтр эфектыўных педагагічных практык па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. З верасня 2026 года цэнтр уключаны ў пералік абласных цэнтраў эфектыўных педагагічных практык, а мы ўсёй школай — у рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні”.
— Дзякуй за цікавую размову і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.
Источник: https://nastgaz.by
