Шчырыя і цеплыя словы ўдзячнасці настаўнікам выказалі кіраўнікі рэгіянальных сістэм адукацыі
02.10.2026Дзень настаўніка — асаблівае свята. Яно адгукаецца цеплынёй у сэрцы кожнага чалавека, бо за любым нашым поспехам, значным адкрыццём ці дасягненнем стаіць асоба педагога.
У пастаянным дыялогу
Руслан АБРАМЧЫК, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:
— Сістэма адукацыі Гродзеншчыны — гэта прафесіяналы, якія сваімі поспехамі ўносяць дастойны ўклад ва ўмацаванне лідарскіх пазіцый нашага рэгіёна: у алімпіядным руху, цэнтралізаваным тэсціраванні, прафесійных і творчых конкурсах. Нездарма ў 2025 годзе галоўнае ўпраўленне адукацыі нашай вобласці прызнана лепшым у краіне.

Тым не менш важна бачыць не толькі поспехі, але і зоны развіцця. У гэтым навучальным годзе засяродзім увагу на павышэнні якасці ўрокаў, школьнага кіравання, унутраных сістэм самакантролю, выхаваўчай работы і прафілактыкі крызісных станаў сярод дзяцей.
Наша праца — гэта шлях, дзе немагчыма паставіць кропку. Заўсёды ёсць што ўдасканаліць.
У адрозненне ад прафесій накшталт “чалавек — сістэма” ці “чалавек — лічбы”, настаўніцтва — гэта бесперапынны працэс узаемадзеяння людзей. І менавіта ў гэтым пастаянным дыялогу на ўзроўні “чалавек — чалавек” я жадаю калегам Прынёмання атрымліваць ад сваёй працы сапраўднае задавальненне.
Як гэта робяць лепшыя прадстаўнікі прафесіі. Прыкладам для многіх сёння служаць актыўнасць і мэтанакіраванасць заслужанага настаўніка Беларусі Таццяны Глыздовай, народнага настаўніка Беларусі Альфрэда Ладыкі, якія штодзённа дораць радасць калегам, вучням і самім сабе, адкрываючы шлях да новых перамог і ведаў.
Штодзённая адданасць сваёй справе не застаецца незаўважанай. Так, напярэдадні Дня настаўніка педагагічная каманда Гродзенскага краю папоўнілася новымі выдатнікамі адукацыі. Гэтае ганаровае званне атрымалі настаўнік музыкі Жодзішкаўскай сярэдняй школы Смаргонскага раёна Кацярына Дудзінская, кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада аграгарадка Абухава Гродзенскага раёна Алена Геда, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна Генрых Рушніцкі, загадчыца дзіцячага сада № 34 Ліды Крысціна Кузьміч, дырэктар сярэдняй школы № 15 Ліды Таццяна Кучура, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 4 Навагрудка імя П.А.Мазуры Жанна Клімко, загадчыца спецыяльнага дзіцячага сада № 81 Гродна Жанна Балбатун.
Радуе, што ў прафесію ўпэўнена ўваходзіць і моладзь. Сёлета да нас прыбылі больш за 750 маладых спецыялістаў. У супрацоўніцтве з кіраўніцтвам школ і гімназій, а таксама з вопытнымі калегамі мы імкнёмся вызначыць шлях паспяховай рэалізацыі для кожнага маладога педагога. А напярэдадні Дня настаўніка традыцыйна ўручаем 29 маладым педагогам вобласці сертыфікаты аб занясенні іх імён у віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў. Гэтая кніга па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення адукацыі вобласці вядзецца шмат гадоў і абнаўляецца напярэдадні прафесійнага свята. Для тых, хто трапляе ў яе, гэта і нагода для гордасці, і чарговае пацвярджэнне таго, што яны на правільным шляху.
Каб гэты шлях быў упэўненым, важна, каб вопытныя калегі станавіліся для маладых спецыялістаў надзейнай апорай. Добрай традыцыяй на Гродзеншчыне стала ўручэнне рэгіянальных узнагарод, заснаваных абласнымі арганізацыямі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і РГА “Белая Русь”. Гэта, напрыклад, прэмія “Лідар настаўніцтва” — педагогам, якія бяруць пад сваё крыло пачынаючых настаўнікаў і садзейнічаюць іх прафесійнаму росту. І, вядома, прэмія “Паспяховы старт” — маладым калегам, якія за непрацяглы перыяд работы ва ўстановах адукацыі паказалі дастойныя вынікі ў рэалізацыі адукацыйных праграм і выхаванні вучняў, падрыхтавалі школьнікаў да паспяховага выступлення на конкурсах рознага ўзроўню. Сярод узнагароджаных у гэтым годзе — пачынаючыя педагогі са Слонімскага і Лідскага раёнаў, Ваўкавыска, Шчучына і Мастоў.
Прыходзячы ў калектыў, маладыя спецыялісты пэўны час прыглядаюцца і выбіраюць вектар, дзе змогуць дасягнуць поспеху. Рана ці позна кожны становіцца прафесіяналам на той ніве, якая бліжэй за ўсё яго ўнутранаму свету.
Беларускія навукоўцы распрацавалі канцэпцыю, якая вызначае траекторыі самарэалізацыі настаўніка. Яна ўключае больш за дзесяць напрамкаў. Педагог — гэта не толькі настаўнік-прадметнік, які фарміруе сістэму ведаў, бліскуча рыхтуе вучняў да выніковай атэстацыі і дапамагае ім вызначыцца з прафесіяй. І не толькі педагог-выхавальнік, які фарміруе ў дзяцей патрыятызм, цэласнае светаўспрыманне і дапамагае знайсці сваё месца ў грамадстве. Рэалізаваць сябе можна і як настаўнік, які перадае вопыт калегам і раскрывае сакрэты майстэрства, і як кіраўнік, і як грамадскі дзеяч, і нават як навуковец-даследчык, які абараняе дысертацыі і ўносіць уклад у педагагічную навуку — адну з фундаментальных асноў нашай прафесіі.
Сёння ў Гродзенскай вобласці працуюць больш за 9,5 тысячы настаўнікаў і звыш 20 тысяч педагагічных работнікаў. Кожнаму з іх напярэдадні прафесійнага свята жадаю знайсці сябе і своечасова атрымаць заслужаную ацэнку сваёй працы. Пры гэтым падкрэслю: пошук свайго шляху не павінен спыняцца.
Школа ў сэрцы назаўжды
Марына Ільіна, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
— Дзень настаўніка — свята, якое вяртае ў дзяцінства, юнацтва і ў тыя часы, калі ты ўпершыню пераступіў парог класа ў якасці педагога. Мне давялося і самой весці ўрокі, і працаваць намеснікам дырэктара, а пасля — кіраваць сталічнымі школамі і гімназіямі. На кожнай пасадзе — свае цяжкасці, якія немагчыма параўнаць паміж сабой.
Адказваць за канкрэтны клас — гэта аперацыйная задача. Ты працуеш з дзецьмі і бацькамі, іх эмоцыямі тут і цяпер, нясеш адказнасць за жыццё, здароўе і паспяховасць кожнага дзіцяці. Кіраваць установай — ужо сістэмны ўзровень. Сюды дабаўляецца адказнасць за калектыў дарослых, бюджэт, адпаведнасць стандартам і стратэгію развіцця. Кіраўнік павінен сумяшчаць у сабе мноства роляў. Для мяне кіраваць установай складаней. Аднак яшчэ цяжэй, калі ты адначасова кіраўнік і педагог, бо гэта патрабуе пастаяннага пераключэння паміж двума абсалютна рознымі рэжымамі працы.

Прызнаюся: у складаных жыццёвых і прафесійных сітуацыях мне вельмі дапамагае творчасць. Люблю ствараць нешта сваімі рукамі: працаваць з глінай, маляваць. У гэтым працэсе я нібы скідваю з сябе ўвесь негатыў, абдумваючы кожны рух. Тады ўсё становіцца на свае месцы — адбываецца поўная перазагрузка.
Бывае, лаўлю сябе на думцы, што вельмі сумую па непаўторнай атмасферы школьных калідораў. Па той энергіі, калі выходзіш з кабінета, а вакол гудзіць сапраўдны вулей: жарты, смех, тупат, урыўкі фраз… Сумую па дапытлівых дзіцячых вачах, іх нечаканых пытаннях.
Два гады ўзначальваю камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама — тэрмін немалы. Рытм жыцця цалкам змяніўся, аднак даўнія школьныя звычкі — заўважаць дробязі і шчыра радавацца чужым поспехам — засталіся. Атмасфера школьнага жыцця не забываецца ніколі.
Кіраўнікі горада — старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран і намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі — маюць педагагічную адукацыю і выдатна разумеюць спецыфіку нашай сферы. Гэта агульная сістэма каардынат: мы аднолькава ацэньваем важнасць навучання і выхавання. Таму дыялог заўсёды атрымліваецца максімальна прадметным і выніковым.
Агульнасць поглядаў дазваляе нам мэтанакіравана і паслядоўна развіваць ключавыя кірункі. Найперш гэта тычыцца фінансавання: за пяць гадоў выдаткі на галіну выраслі ўдвая і летась склалі амаль 20% гарадскога бюджэту. Мы будуем новыя школы і дзіцячыя сады, адкрываем групы для малышоў, абнаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў, у тым ліку школьныя майстэрні, ствараем цэнтры кампетэнцый у каледжах. Акрамя таго, падтрымліваем педагогаў грантамі і прэміямі, а будучых настаўнікаў пачынаем рыхтаваць ужо са старшых класаў.
Вельмі ўдзячна за працу ўсім мінскім педагогам, люблю і шаную кожнага з іх. Настаўнікаў з вялікай літары ў сталіцы шмат.
Сярод тых, хто аддаў большую частку свайго жыцця школе і вучням і выхаваў не адно пакаленне сапраўдных грамадзян роднай краіны, — народны настаўнік Беларусі выкладчык матэматыкі сярэдняй школы імя Янкі Купалы № 19 Аляксандр Маркавіч Фельдман.
Нагадаю, што з 2025 года дзейнічае Дошка гонару камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама “Лідары адукацыі”. Сярод устаноў і арганізацый, якія найлепшым чынам праявілі сябе ў навуковай і выхаваўчай дзейнасці, — гімназія № 7 імя В.І.Лівенцава, дзіцячы сад № 239, сярэдняя школа № 30, Мінскі гарадскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Таксама ў гэтым спісе ёсць Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну імя М.А.Кедышкі, фізкультурна-спартыўны цэнтр Першамайскага раёна, сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Фрунзенскага раёна, Маскоўская раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, упраўленне па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна.
Гэты спіс будзе абнаўляцца штогод. Па выніках бягучага года на Дошку гонару трапяць іншыя калектывы. Пераканана, што гэта выдатны стымул для развіцця.
Паважаныя педагогі, няхай дапытлівыя дзіцячыя вочы натхняюць на поспехі, а кожны ваш вучань з гонарам нясе званне грамадзяніна роднай Беларусі!
Не проста работа
Руслан СМІРНОЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама:
— Дзень настаўніка — адно з тых свят, калі асабліва хочацца сказаць простае і вельмі важнае слова “дзякуй”. Дзякуй тым, хто кожную раніцу прыходзіць у школу, каледж, гімназію, садзіцца за стол насупраць дзяцей і зноў і зноў адкрывае ім дарогу да ведаў. Тым, хто вучыць не толькі чытаць, лічыць, даследаваць, але і думаць, прымаць рашэнні, адказваць за ўласныя ўчынкі і верыць у сябе.
Сёння ў сістэмы адукацыі Гомельскай вобласці ёсць вынікі, якімі мы па праве можам ганарыцца. Трэці год запар наша вобласць займае 1-е месца ў краіне па выніках рэспубліканскай алімпіяды. У мінулым навучальным годзе нашы школьнікі заваявалі 121 дыплом на яе заключным этапе. 296 выпускнікоў атрымалі стабальныя сертыфікаты па выніках цэнтралізаванага экзамену — на 61 больш, чым годам раней. Яшчэ 12 узнагарод нашы дзеці прывезлі з міжнародных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый.

Усё гэта не проста статыстыка. За кожнай лічбай стаіць дзіця, яго здольнасці, характар і вялікая работа. І абавязкова — настаўнік, які некалі ўбачыў у сваім вучню талент і дапамог яму раскрыцца. Так, за стабальнымі вынікамі стаіць праца настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 — Святланы Іванаўны Судковай, Лізаветы Паўлаўны Мельнікавай, настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, матэматыкі Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя — Вольгі Пятроўны Насонавай, Наталлі Віктараўны Цімашэнка. Пераможцаў алімпіяд на Гомельшчыне рыхтуюць Міхаіл Сямёнавіч Далінскі, настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 27 Гомеля, Аляксей Валянцінавіч Баруноў, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра юных пажарных Мазыра, Аляксандр Віктаравіч Зелянеўскі, настаўнік матэматыкі гімназіі № 10 Гомеля.
Але сапраўдную каштоўнасць настаўніцкай працы немагчыма вымераць толькі дыпломамі, граматамі і высокімі баламі вучняў. Таму што галоўны вынік работы педагога праяўляецца значна пазней — у лёсах яго выпускнікоў. Важна, якім чалавекам дзіця выходзіць са школы, ці навучылася самастойна прымаць рашэнні, несці адказнасць за свае словы і ўчынкі, за сям’ю і родную краіну. І тут ролю настаўніка немагчыма пераацаніць.
Сучасная школа мяняецца. У адукацыйнае асяроддзе прыходзяць новыя тэхналогіі, метады і фарматы навучання. У Гомельскай вобласці 110 устаноў адукацыі ўдзельнічаюць у інавацыйных праектах.
Неад’емнай часткай змяненняў у сістэме адукацыі стала лічбавізацыя. Але ніякія тэхналогіі не здольны замяніць жывую чалавечую спагаду. Толькі настаўнік можа заўважыць, што дзіця прыйшло на ўрок не такое, як звычайна. Толькі настаўнік можа зразумець, калі за знешняй абыякавасцю вучня хаваецца няўпэўненасць, а за памылкай — жаданне паспрабаваць яшчэ раз. Словы падтрымкі, сказаныя дзіцяці ў цяжкі момант, дапамагаюць яму не збочыць са шляху, натхняюць на перамогі і садзейнічаюць прыняццю важных рашэнняў. І гэта немагчыма ні алічбаваць, ні аўтаматызаваць.
Дарагія настаўнікі, дзякуй вам за вашы веды і цярпенне. За патрабавальнасць, якая дапамагае дзецям станавіцца мацнейшымі. За падтрымку, якая часам аказваецца важнейшай за самыя правільныя словы. За мудрасць, прафесіяналізм і здольнасць убачыць у кожным дзіцяці асобу. І няхай аднойчы вашы выпускнікі стануць урачамі, аграрыямі, інжынерамі, вучонымі, будаўнікамі, але, кім бы яны ні сталі, няхай у іх памяці застанецца чалавек, які некалі паверыў у іх.
Установы адукацыі Гомельскай вобласці забяспечаны педагагічнымі кадрамі практычна на 100%. Сёлета ў сістэму прыйшлі каля 900 маладых спецыялістаў. Вялікае значэнне мае тое, як яны правядуць свае першыя гады ў прафесіі, бо менавіта зараз фарміруецца іх стаўленне да школы, дзяцей, работы. І вялізную ролю тут адыгрываюць настаўнікі. Вопытны настаўнік перадае маладому калегу значна больш, чым проста методыку правядзення ўрока. Таму асобныя словы ўдзячнасці — ветэранам педагагічнай працы. Тым, хто прысвяціў школе дзесяцігоддзі, хто выхаваў не адно пакаленне вучняў і працягвае заставацца часткай вялікай педагагічнай сям’і.
Менавіта на такіх людзях трымаюцца традыцыі школы. Дзякуючы ім малады педагог разумее, што настаўніцтва — гэта не проста работа, а служэнне дзецям, адказнасць за іх будучыню і магчымасць кожны дзень мяняць нечае жыццё да лепшага.
Любім, цэнім, ганарымся
Наталля КАЛІНОЎСКАЯ, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама:
— У сістэме адукацыі Брэстчыны працуе амаль 58 тысяч чалавек, у тым ліку 33 тысячы педагогаў. 89% з іх — гэта жанчыны, звыш 650 — мнагадзетныя мамы, якія паспяхова сумяшчаюць шчаслівае мацярынства з прафесійнай дзейнасцю.
У школах вобласці шчыруе больш за 15,7 тысячы настаўнікаў. Іх сярэдні ўзрост — 48 гадоў. Кваліфікацыйны ўзровень педагогаў даволі высокі: каля 83,5% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 70 чалавек — катэгорыю настаўніка-метадыста.
Іх праца па выніках мінулага навучальнага года ацэнена на ўзроўні вобласці і краіны. Так, чалавекам года Брэстчыны ў сферы адукацыі прызнана настаўніца геаграфіі Юлія Багдасарава з гімназіі № 2 Брэста, шэсць педагогаў адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, 21 — нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
Асаблівая гордасць — педагогі, якія эфектыўна працуюць з высокаматываванымі вучнямі. Так, настаўнік інфарматыкі Іван Трэгубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца на працягу 15 гадоў рыхтуе пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Выхаванка настаўніка фізікі і астраноміі Уладзіміра Зылевіча з Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Аляксандра Юрчанка ў 2024 годзе заваявала залаты медаль на III Адкрытай міжнароднай астранамічнай алімпіядзе.
Настаўніца хіміі Алена Хвядчэня з бярозаўскай сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко падрыхтавала пераможцу міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды Марыю Жук. Вучаніца настаўніцы матэматыкі Ірыны Коцінай з брэсцкай гімназіі № 1 імя абаронцаў Брэсцкай крэпасці Аляксандра Сахарчук заваявала бронзавы медаль на сёлетняй XV Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат.
Вынікова працуюць у алімпіядным руху настаўніца геаграфіі Інеса Маліч з пінскай гімназіі № 3 імя В.З.Каржа, настаўніца працоўнага навучання Аксана Патоцкая з сярэдняй школы № 3 Баранавіч, настаўніца матэматыкі Святлана Навуменкава з гімназіі № 4 Баранавіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Ілья Пархуціч з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і інш.
Няхай жа настаўнікам, выхавальнікам і кіраўнікам нязменна спадарожнічаюць поспех, упэўненасць у сабе, удзячнасць вучняў і бацькоў, а таксама простае чалавечае шчасце!
Педагогі вобласці выступаюць суаўтарамі вучэбных дапаможнікаў і метадычнай літаратуры, што з’яўляецца красамоўным паказчыкам іх высокага прафесійнага майстэрства. На слыху імёны настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Галіны Свентухоўскай з сярэдняй школы № 16 Брэста імя Героя Савецкага Саюза А.М.Карасёва, настаўніцы біялогіі Таццяны Пархамчук з пінскай гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана і настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мікалая Навумчыка з Маларыцкай раённай гімназіі.
Паспяхова рыхтуюць вучняў да цэнтралізаваных экзаменаў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ганна Ганчарык з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна (пяць стабальнікаў), Надзея Засім з брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава (восем стабальнікаў), Ала Долмат з ліцэя № 1 Баранавіч (пяць стабальнікаў) і Людміла Каляда з сярэдняй школы № 2 Рэчыцы Столінскага раёна (чатыры стабальнікі).
У фінале рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2026” гонар Брэстчыны дастойна абаранялі настаўнік фізікі і астраноміі Мікалай Некрашэвіч з сярэдняй школы № 18 Пінска, настаўніца англійскай мовы Наталля Палівода з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава, настаўніца пачатковых класаў Святлана Бандарук і настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Шумак з пінскай гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана, настаўніца мастацтва Надзея Падмостка з брэсцкай гімназіі № 3 імя В.М.Верамяюк, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Віталь Толкач з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч, настаўніца хіміі Алена Жук з пінскай гімназіі № 3 імя В.З.Каржа, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Андрасюк з гімназіі № 5 Брэста і дырэктар Батчынскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна Сяргей Грыгарук.
Сістэма адукацыі Брэстчыны ганарыцца сваімі педагогамі і цэніць іх за высокі прафесіяналізм, адказныя адносіны да любімай справы і вернасць выбранаму шляху.
Вернасць педагагічнаму прызванню
Людміла ЗДОРЫКАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:
— Дзень настаўніка — асаблівае свята. Яно адгукаецца цеплынёй у сэрцы кожнага чалавека, бо за любым нашым поспехам, значным адкрыццём ці дасягненнем стаіць асоба педагога.
Для мяне настаўніцкая праца — сямейная гісторыя. Разуменне важнасці гэтай прафесіі зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, калі я гуляла ў школу, натхнёная прыкладам бабулі Еўдакіі Фёдараўны Плотнікавай. У цяжкі пасляваенны час яна была настаўніцай нямецкай мовы і шмат гадоў працавала ў сельскай школе Быхаўскага раёна. Штодня — і ў летнюю спякоту, і зімовай сцюжай — хадзіла пешшу праз лес восем кіламетраў у іншую вёску, каб праводзіць урокі. Бабуліна ціхае служэнне адукацыі назаўжды вызначыла ў маім светапоглядзе бязмежную павагу да настаўніцкай справы.
Я ўсур’ёз задумалася аб тым, каб пайсці ў педагогіку, дзякуючы прыкладу маёй школьнай настаўніцы Веры Іванаўны Інышавай. Яна прыйшла да нас у 5 класе маладым педагогам і адразу змагла знайсці агульную мову і выбудаваць даверлівыя адносіны з вучнямі. Вера Іванаўна была неверагодна крэатыўнай настаўніцай. Яна праводзіла ўрокі матэматыкі так захапляльна, што цікава было нават тым, хто лічыў сябе гуманітарыем. А якім яна была класным кіраўніком! Наша камунікацыя ніколі не заканчвалася са школьным званком: мы збіраліся класам у яе дома, хадзілі ў паходы і бясконца размаўлялі пра жыццёвыя каштоўнасці. Яна была для нас як другая мама: знаходзіла патрэбныя словы ў хвіліны сумненняў, дзяліла з намі радасці і трывогі, акружала клопатам і падтрымкай. Менавіта Вера Іванаўна адыграла вырашальную ролю ў маім прафесійным выбары.

Фота БелТА
Стаўшы настаўніцай, першыя крокі ў прафесіі я рабіла ў сярэдняй школе № 27 Магілёва і была трывала звязана з гэтай установай адукацыі на працягу 25 гадоў. Там прайшла шлях ад студэнткі-практыканткі да дырэктара. Там адбылася і як педагог, і як кіраўнік. Паспрыялі гэтаму калегі, якія дапамагалі ў маім станаўленні, матывавалі на прафесійны рост. Маладым спецыялістам мне пашчасціла трапіць пад крыло тагачаснага дырэктара школы Надзеі Мікалаеўны Пішчаленка. Яна навучыла спалучаць у сабе строгасць, чуласць і прафесіяналізм, дала шмат слушных парад наконт методыкі выкладання. Наступны дырэктар 27-й школы — Ірына Леанідаўна Рыбакова — разгледзела ўва мне рысы будучага лідара, даверыла пасаду завуча, дапамагала развівацца ў гэтым напрамку. Калі ўжо я ўзначальвала школу, безумоўным арыенцірам для мяне стала Галіна Аляксееўна Віктарава, якая доўгі час кіравала сярэдняй школай № 21 горада. Яна была для мяне старэйшым сябрам і мудрым дарадцам, яе стыль узаемаадносін з калектывам, навучэнцамі і бацькамі стаў для мяне ўзорам для пераймання.
На цяперашняй пасадзе знаходжу натхненне ў неабыякавых, творчых педагогах Прыдняпроўскага краю. На Магілёўшчыне працуюць высокакваліфікаваныя прафесіяналы, якія не проста перадаюць веды, а выхоўваюць дзяцей грамадзянамі і патрыётамі.
Сапраўднай гордасцю адукацыйнай галіны рэгіёна з’яўляецца першы народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкоў, які амаль паўстагоддзя з нязгасным энтузіязмам раскрывае таямніцы фізікі вучням Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. За апошнія гады мы дасягнулі знакавых поспехаў у алімпіядным руху. Сёлета нашы навучэнцы заваявалі 11 пераможных медалёў на міжнародных алімпіядах і 93 дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Сярод тых, хто раскрывае вучнёўскія таленты, — настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэй Бязлепкін, настаўніца біялогіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Юлія Шайтанава, настаўнік фізікі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча Аляксандр Сугакевіч, а таксама настаўнік геаграфіі Дзмітрый Паджыгераў і настаўнік фізікі Уладзімір Грабцэвіч з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1.
Мэтанакіраванасць, энтузіязм і майстэрства педагогаў дазваляюць забяспечваць належную якасць навучання. Вобласць упэўнена замацавалася на перадавых пазіцыях Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі ў трох ключавых кампетэнцыях. Па выніках цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання выпускнікі атрымалі 268 стабальных сертыфікатаў. Абсалютны рэкорд па краіне — у настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ліцэя БРУ Святланы Лаўшэнка: максімальныя 100 балаў на ЦЭ атрымаў адразу 21 яе вучань.
Дасягненняў шмат, і ўсе яны не выпадковасць, а працяг добрых традыцый, якія дзесяцігоддзямі стваралі ветэраны педагагічнай працы. Хочацца выказаць ім словы падзякі за трывалы падмурак і выдатную спадчыну, якую атрымалі маладыя педагогі. Дарэчы, нядаўна педагагічную супольнасць рэгіёна папоўнілі сотні амбіцыйных і энергічных маладых спецыялістаў. Сустракаючыся з імі, нязменна кажу: “Памятайце, што кожны майстар калісьці з няўпэўненасцю стаяў ля дошкі і хваляваўся перад сваім першым урокам. У педагогіцы няма і не можа быць гатовых шаблонаў ці завучаных схем, але ёсць неабсяжная прастора для творчасці і адкрыццяў. Варта толькі смела ісці наперад!”
Інтэлектуальны патэнцыял
Мікалай БАШКО, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама:
— Работа педагога ўнікальная, бо спалучае талент і адукаванасць, душэўнасць і эрудзіраванасць, выхаванасць і гнуткасць. Усё гэта робіць прафесію настаўніка сапраўды творчай. Напярэдадні нашага прафесійнага свята хачу звярнуцца на старонках “Настаўніцкай газеты” да мэтанакіраваных, творчых, ініцыятыўных кіраўнікоў і педагогаў нашай краіны.
Можна без перабольшання сказаць, што ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці сканцэнтраваны велізарны інтэлектуальны патэнцыял. Тут працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, сярод якіх нямала ўладальнікаў урадавых узнагарод, ганаровых званняў, высокіх кваліфікацыйных катэгорый. З гордасцю назаву толькі некаторых паважаных калег.
Ала Уладзіміраўна Калошыч — настаўніца фізікі Бараўлянскай гімназіі Мінскага раёна. Яе вучань адзінаццацікласнік Аляксей Дзегцяроў стаў уладальнікам бронзавага медаля на IV Міжнароднай навуковай фізічнай алімпіядзе. У гэтым бясспрэчная заслуга таленавітага педагога.

Па выніках цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання сёлета адразу два педагогі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя — настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Мікалаеўна Баравая і настаўніца матэматыкі Аксана Уладзіміраўна Прохарава — падрыхтавалі па шэсць навучэнцаў, якія атрымалі 100 балаў на ЦЭ і ЦТ. Пагадзіцеся, такі вынік заслугоўвае пахвалы.
Дырэктар Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, таленавіты педагог і арганізатар, выдатнік адукацыі Юлія Уладзіміраўна Саматыга была ўдастоена медаля “За працоўныя заслугі”. Прайшоўшы шлях ад настаўніка-філолага да дырэктара, Юлія Уладзіміраўна ўзначаліла Лошніцкую гімназію Барысаўскага раёна і ператварыла яе ў жывы адукацыйны цэнтр, у якім не толькі вучаць, але і рыхтуюць кадры для ўсяго рэгіёна.
Перакананы, што гэта далёка не апошнія ўзнагароды нашых выдатных педагогаў.
Мы з вамі выбралі прафесію, якая патрабуе ад кожнага максімальнай самааддачы, неверагоднага цярпення і самаахвярнай любові да дзяцей. Шчыра жадаю ўсім — і дасведчаным прафесіяналам, і нашым маладым калегам — моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, творчай энергіі, аптымізму і мудрасці!
У Год беларускай жанчыны мы ініцыіравалі і арганізавалі шэраг маштабных праектаў, у якіх усхваляем жанчыну-працаўніцу, жанчыну-маці, жанчыну-патрыётку. Сярод іх — абласны патрыятычны праект “Код прыгажосці: жанчыны Міншчыны”, абласны творча-даследчы праект “Беларуская жанчына: постаць і асоба ў гісторыі рэгіёна”, творчы праект “Фларыстычная паштоўка “Беларуская жанчына: пастаць і асоба”, якія атрымалі шырокі рэзананс сярод навучэнцаў, педагогаў і бацькоў.
Зусім нядаўна Міншчына з размахам сустрэла абласныя “Дажынкі”. Варта адзначыць, што ў бітве за ўраджай удзельнічалі і нашы педагогі. Так, у Нясвіжскім раёне на зернескладах працавалі адразу сем чалавек. Настаўніца матэматыкі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 Слуцка Марына Пенязь на перыяд жніва стала камбайнерам. На пытанне, як удаецца сумяшчаць педагагічную дзейнасць і работу механізатарам, Марына Фёдараўна адказала проста: адпачынак яна вырашыла праводзіць з карысцю.
Настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 1 Валожына Сяргей Міхайлавіч Шаўлюк сёлета адзначыў у полі незвычайны юбілей: роўна 40 гадоў ён шчыруе на ўборцы ўраджаю. Працаваць на зямлі педагог пачаў яшчэ ў дзяцінстве разам з бацькам, і з таго часу жніво стала для яго штогадовай летняй традыцыяй.
Героем жніва гэтага года стаў і Павел Аўхімовіч, майстар вытворчага навучання Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, які прадставіць вобласць на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства.
Мы шчыра ганарымся нашымі педагогамі, дзякуем ім за вернасць прафесіі, асабістую адказнасць перад краінай і актыўную жыццёвую пазіцыю.
Глыбока перакананы, што поспехі сістэмы адукацыі Мінскай вобласці шмат у чым вызначылі нашы паважаныя ветэраны педагагічнай працы. Яны сапраўдны прыклад для пераймання, узор вернасці свайму прызванню і прафесіі.
Камандны вынік
Дзмітрый ХОМА, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама:
— Найвялікшай каштоўнасцю Віцебшчыны з’яўляюцца педагогі — таленавітыя прафесіяналы, патрыёты з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, руплівыя працаўнікі. Дзень за днём яны ўваходзяць у класы і вучэбныя аўдыторыі, каб перадаваць маладому пакаленню свае веды і жыццёвы вопыт. Гэтыя людзі — апора нашай дзяржаўнасці, творцы будучыні роднай краіны. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскім педагагічным савеце нагадаў аб старажытнай мудрасці: пасля хлеба самае важнае для народа — школа. Гэта вельмі сугучна з патрабаваннямі часу. Адукацыя аказвае велізарны ўплыў на ўсе сферы жыцця грамадства. Насамрэч, усё пачынаецца з настаўніка!
Сістэма адукацыі Віцебшчыны — гэта больш за 166 тысяч навучэнцаў і 21 тысяча педагагічных работнікаў. Акрамя таго, тысячы людзей, па родзе сваёй дзейнасці далёкіх ад педагогікі, працуюць у бацькоўскіх камітэтах і апякунскіх саветах, зацікаўлена ўдзельнічаюць у навучанні і выхаванні дзяцей. Мы займаем лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы па кваліфікацыйным і прафесійным узроўні нашых педагогаў, сістэмнай рабоце з адоранымі і таленавітымі дзецьмі, здароўе- і энергазберажэнні, мэтавай падрыхтоўцы і ўзаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

У вобласці традыцыйна падтрымліваецца высокі ўзровень фінансавання нашай галіны, прыярытэтная ўвага ўдзяляецца пытанням забеспячэння якасці адукацыі і стымулявання педагогаў.
Многае зроблена для таго, каб настаўнікам было больш камфортна працаваць, а дзецям — вучыцца. Напярэдадні 1 верасня мы адкрылі новы дзіцячы сад у Лепелі. У Дзень ведаў пасля маштабных рамонтна-будаўнічых работ у цалкам абноўленыя родныя сцены вярнуліся калектывы гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, Фарынаўскай сярэдняй школы Полацкага раёна і міёрскай сярэдняй школы № 2 імя М.Р.Ізварына. Са знакавай падзеі навучальны год стартаваў у Віцебску: уведзены ў эксплуатацыю інтэрнат ВАІРА.
На працягу ўсяго жыцця шаную і люблю сваіх настаўнікаў, удзячны калегам, поплеч з якімі працаваў, ганаруся тым, што свае першыя прафесійныя крокі зрабіў у сістэме адукацыі.
Паўночны рэгіён славіцца сваімі педагогамі, 17 з якіх удастоены звання “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”, двое — звання “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Мы ганарымся нашымі калегамі — пераможцамі і лаўрэатамі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” Святланай Румянцавай, Алай Мільман, Галінай Сухавай, Дзмітрыем Мацкевічам, Святланай Емяльянавай-Раманоўскай, Аленай Прымшыц, Андрэем Івановым, Марынай Юр’евай, а таксама нашай камандай, якая зараз выступае ў фінале конкурсу. Удзячны нашым настаўнікам за адказна праведзеную сумесную работу, што пераканаўча пацвердзілі вынікі цэнтралізаванага экзамену. Мы ганарымся педагогамі, вучні якіх заваявалі для Беларусі 16 медалёў міжнародных алімпіяд і 108 дыпломаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама 24 медалі VI Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus.
Калектывы ўстаноў дашкольнай адукацыі эфектыўна рэалізоўваюць рэспубліканскія эксперыментальныя і інавацыйныя праекты, сумесныя праекты з Паркам высокіх тэхналогій, Беларускай федэрацыяй футбола, удзельнічаюць у праектах “Зялёныя школы” і “Школы міру”.
З году ў год растуць прэстыж і якасць падрыхтоўкі ў каледжах, узровень выступленняў на ўсіх этапах конкурсу “Майстар года”.
Дасягненні па любым з напрамкаў — гэта камандны вынік. Таму хочацца выказаць падзяку ўсім нашым настаўнікам-прадметнікам і класным кіраўнікам, выхавальнікам дашкольных устаноў, кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні, педагогам дадатковай і спецыяльнай адукацыі, а таксама метадыстам, спецыялістам аховы дзяцінства і, безумоўна, кіраўнікам, якія выбудоўваюць стратэгію і тактыку, матывуюць свае калектывы да развіцця.
Лепшы педагагічны вопыт шырока распаўсюджваецца, што для работнікаў галіны становіцца арыенцірам і дадатковым стымулам для прафесійнага росту. Вынікі працы не застаюцца незаўважанымі.
Толькі за мінулы навучальны год і бягучы перыяд гэтага сем педагогаў атрымалі ўзнагароды “За ўклад у падрыхтоўку здольнай моладзі” спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 33 — узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Мы клапоцімся пра будучыню, таму ў вобласці з 2015 года дзейнічаюць профільныя класы і групы педагагічнай накіраванасці. У бягучым годзе асновы настаўніцкай прафесіі ў іх асвойваюць 890 навучэнцаў. Работа па падрыхтоўцы будучых кадраў ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з ВДУ імя П.М.Машэрава і ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай. З 1 верасня на Віцебшчыне больш за 530 маладых спецыялістаў пачалі цікавы і складаны шлях у галіне адукацыі, робім усё неабходнае для іх паспяховай адаптацыі і замацавання. У адукацыі пераемнасць — жывая, невымерна важная велічыня. Калі выпускнікі пасля заканчэння ўніверсітэта або каледжа вяртаюцца працаваць у родную школу — гэта адзін з самых значных паказчыкаў работы педагагічнага калектыву.
Источник: https://nastgaz.by
