РУС БЕЛ ENG 中文

Педагог Дзіяна Андрэева з мастоўскай школы № 2 выкарыстоўвае ў дызайне адзення прынты з беларускімі сімваламі

01.10.2026

 

Раніцай настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза В.П.Жукава Мастоў Дзіяна Андрэева тлумачыць правілы граматыкі, а ўвечары стварае аўтарскія прынты на вопратцы, у якіх ажывае беларуская культура. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзіяна Сяргееўна заўсёды знаходзіла аддушыну ў творчасці. Займаючыся маляваннем у мастацкай школе, шчодра дарыла яркія фарбы не толькі карцінам на палатне, але і адзенню:

— Гэта цікава — даваць адзенню другое жыццё. Плямы і кляксы ператварала ва ўзоры, якія абыгрывала дадатковымі лініямі і рыскамі. Так атрымаліся першыя стылізаваныя майкі. Зараз малюю дызайн на звычайным лісце і перакладаю яго на тканіну з дапамогай капіравальнай паперы. Бо на майцы скарыстацца ласцікам не атрымаецца, ёсць толькі адзін шанс стварыць правільную кампазіцыю. Абапіраючыся на асобныя лініі, дапаўняю іх і ўва­сабляю задуму ў жыццё. Тканіна не дае права на памылку. Лішнюю кроплю фарбы даводзіцца ператвараць у новы элемент. Так у адной з маіх маек атрымаўся каўнер, упрыгожаны сонейкамі.

У дызайне і на занятках Дзіяна Андрэева прытрымліваецца агульных прынцыпаў: зразумелая структура, адзін галоўны акцэнт, баланс, паслядоўнасць і крыху прасторы для ўспрымання. Пры гэтым важна пакінуць месца для творчасці і нечаканага элемента.

Сёлета педагог прыняла ўдзел у традыцыйным конкурсе творчых работ “Сімвалы маёй краіны” ад рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Дызайн ацаніла кіраўніцтва школы, а дырэктар Аляксандр Рыгоравіч Старавойтаў папрасіў зрабіць некалькі маек для школы. Цяпер педкалектыў і навучэнцы выкарыстоўваюць іх на мерапрыемствах, прадстаўляючы ўстанову адукацыі.

— Той конкурсны прынт да гэтага часу з’яўляецца маёй асаблівай гордасцю. Магчыма, з-за складанасці рэалізацыі. Беларуская тэматыка мне блізкая сваёй шчырасцю, прыгажосцю і асаблівай сувяззю з прыродай. Хацелася паказаць беларускія сімвалы не ў звыклым выглядзе, а крыху ў новай інтэрпрэтацыі. Таму старалася аб’яднаць дзяржаўныя сімвалы з выявамі прыроды і штодзённага жыцця. Мяне натх­няе магчымасць паказаць, што сімвалы нашай краіны могуць быць у тым ліку і часткай сучаснага мастацтва, — расказвае суразмоўніца.

Так, у работах настаўніцы чырвона-зялёныя колеры сцяга і контуры граніцы Беларусі плаўна спалучаюцца з выразнымі вобразамі бязмежных палёў, залацістых каласоў, квітнеючых васількоў, белакрылага бусла і элементамі традыцыйнага арнаменту.

— Свае дызайны не перагружаю вялікай колькасцю сімвалаў. Лепш вы­браць адну галоўную выяву і дапоўніць яе дзвюма-трыма пазнавальнымі дэталямі, выкананымі ў лёгкай графічнай манеры. А яркія колеры Дзяржаўнага сцяга выдатна становяцца акцэнтнымі, — дзеліцца педагог.

Дзіяна Сяргееўна ўпэўнена, што творчасць спрыяе настаўніку — дазваляе інакш зірнуць на звыклыя рэчы і знайсці новыя спосабы зацікавіць навучэнцаў:

— Сёлета стаўшы класным кіраўніком, зрабіла дызайн графіка дзяжурстваў, некаторых іншых дапаможных матэрыялаў. Карыснымі навыкі малявання і дызайну становяцца пры падрыхтоўцы да ўрокаў.

Субяседніца пераканана, што творчасць выдатна дапаўняе педагогіку:

— У добрага ўрока і дызайну ёсць шмат агульнага. Для правя­дзення пісьмовых заняткаў таксама неабходна скласці своеасаб­лівую кампазіцыю: сфармуля­ваць галоўны акцэнт, пабудаваць логіку пераходаў, вызначыць дэталі, якія дапамогуць раскрыць асноў­ную ідэю. Можна параўнаць дызайн і з заданнем для вучняў. Калі яно сфармулявана расплывіста або супярэчліва, складаецца з вялікага аб’ёму ўступных даных, то дзіця страчвае ўвагу. Гэтак жа, як і ў перагружаным дызайне. Але самае галоўнае падабенства — і ўрок, і дызайн дапамагаюць адказаць на адно пытанне: “Што чалавек павінен адчуць, зразумець ці запом­ніць пасля таго, як з гэтым сутыкнуўся?”

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: