РУС БЕЛ ENG 中文

«Новую спартыўную пляцоўку задзейнічаем на поўную магутнасць!» — шчучынская школа № 2 атрымала каштоўны падарунак

28.09.2026

Пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба навучэнцы шчучынскай школы № 2 імя В.Я.Пярвушына атрымалі каштоўны падарунак, які адкрывае новыя магчымасці для спартыўных вынікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На стадыёне абсталявана новая спартыўная пляцоўка, якая ўражвае сваёй функцыя­нальнасцю. Непадалёк — добраўпарадкаванае міні-футбольнае поле. Цяпер школьнікі могуць не толькі зай­мацца стрытболам і ўмацоўваць здароўе на вулічных трэнажорах, але і гуляць у міні-футбол.

Сучасны спартыўны комплекс пад адкрытым небам узведзены пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, Беларускай федэрацыі футбола і Шчучынскага райвыканкама ў рамках рэспубліканскага сацыяльнага праекта “Спорт для ўсіх”. Як расказаў начальнік аддзела адукацыі Павел Тарчынскі, раённая ўлада заўсёды ідзе насустрач такім праектам. Фінансаванне падрыхтоўкі і давядзенне тэрыторыі да ладу ўзяў на сябе райвыканкам. Сімвалічна, што на гэтыя мэты пайшлі сродкі, заробленыя талакой на раённым суботніку. Гэта яшчэ раз даказвае: ствараць сучасную спартыўную прастору для дзяцей — агульная справа. Новы спартыўны комплекс сумяшчае ў сабе функцыянальнасць, трываласць і, галоўнае, даступнасць для кожнага, уключаючы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

— Гэта цудоўны падарунак не толькі для нашых вучняў, але і для ўсіх, хто жыве побач, — адзначыў Павел Віктаравіч. — Мяне зусім не здзіўляе, што новая стадыённая прастора хутка стала адным з любімых месцаў у горадзе. Сюды прыходзяць цэлымі сем’ямі. Тут моладзь збіраецца на трэніроўкі, камунікуе і бавіць час з карысцю для здароўя.

Было цікава назіраць, як на адной пляцоўцы побач трэніруюцца дзеці і дарослыя. Спартсмены-аматары прызнаюцца: менавіта з такіх сяброўскіх сустрэч і зараджаецца цяга да спорту і здаровага ладу жыцця.

— Развіццё дзіцячага спорту — адзін з прыярытэтаў раёна. Сёння забяспечанасць школ спартыўным інвентаром і абсталяваннем дасягнула 100%, што дазваляе праводзіць заняткі на якасным узроўні, — падкрэсліў кіраўнік раённай сістэмы адукацыі.

У мінулым годзе Шчучынскі раён стаў пераможцам у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай, спартыўна-масавай работы сярод раёнаў 2-й групы.

Вынікам увагі і клопату становяцца высокія дасягненні: навучэнцы штогод папаўняюць скарбонку ўзнагарод, зай­маючы прызавыя месцы на спаборніцтвах па футболе “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, спаборніцтвах па стральбе і лыжных гонках “Снежны снайпер”, спартакіядзе па зімовым мнагаборстве комплексу “Здароўе”, спартакіядзе па мнагаборстве.

Выдатным стымулам для новых рэкордаў стане і новая спартыўная пляцоўка. У гэтым сэнсе выбар на ка­рысць школы № 2 цалкам лагічны. Школа імя В.Я.Пярвушына славіцца моцнымі спартыўнымі традыцыямі, а яе вучні звычайна займаюць прызавыя месцы ў валейболе і іншых камандных відах спорту. Не так даўно школа ўвайшла ў тройку лепшых устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці сярод удзельнікаў праекта “Мой школьны футбольны клуб”.

Пра далейшыя планы па выкарыс­танні новага спартыўнага аб’екта расказала намеснік дырэктара школы Анастасія Маркевіч:

— Новую пляцоўку задзейнічаем на поўную магутнасць! Тут плануем праводзіць не толькі ўрокі фізкультуры і здароўя, але і маштабныя спартакіяды, футбольныя сустрэчы, заняткі спартыўных секцый. Мы вельмі ўдзячны за такую падтрымку.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Сяргей Роўбуць упэўнены, што новы аб’ект адкрывае вялікія перспектывы:

— Выдатна, што ў нашым горадзе з’яўляюцца такія сучасныя пляцоўкі. Гэта велізарная падмога для школы. На дзяржаўным узроўні сёння робіцца ўсё, каб хлопчыкі і дзяўчынкі раслі здаровымі, актыўна праяўлялі сябе і ўзыходзілі на самыя высокія прыступкі спартыўных п’едэсталаў.

Радасць школьнага калектыву цалкам падзяляюць і мясцовыя жыхары.

— Мы вельмі чакалі адкрыцця гэтай пляцоўкі, — падзялілася ўражаннямі настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Аксана Булах. — Цяпер у нашых дзяцей ёсць выдатнае бяспечнае месца для гульняў і спорту непасрэдна каля дома. Гэта добрая нагода для юнакоў і дзяўчат — узяць мяч, сабраць каманду і прыйсці на школьны стадыён. Сэрца радуецца, калі бачыш, што мо­ладзь бавіць час на свежым паветры, а не ў гаджэтах.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: