РУС БЕЛ ENG 中文

Пратаколы педсаветаў 50-х гадоў і не толькі. Знаёмімся з рарытэтамі асветы Ашмяншчыны

28.09.2026

Што абмяркоўвалі на педсаветах у 50-я гады мінулага стагоддзя і якімі былі першыя пасляваенныя падручнікі па алгебры. Пра гэта і многае іншае расказваюць экспанаты гістарычнага (этнаграфічнага) музея “Спадчына” Барунскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

“Будзеш мець хлеб…”

Барунская школа — адна з найстарэйшых у краіне, ёй больш за 400 гадоў. Адлік гісторыі ўстанова адукацыі вядзе з 1617 года, калі ў вёсцы Баруны была адкрыта пачатковая школа для манахаў і святароў. Потым яна неаднаразова мяняла статус. У прыватнасці, на рубяжы XVIII—XIX стагоддзяў тут працавала базыльянская свецкая школа-шасцігодка, потым размяшчаліся прыходскае і народнае вучылішчы, з 1919 года — беларуская настаўніцкая семінарыя. У 1930-я гады сюды зноў вярнуліся школьнікі.

За амаль 26 гадоў існавання школьнага музея ўстановы адукацыі ў ім сабрана шмат інфармацыі пра розныя этапы яе жыцця. Расказваючы пра базыльянскую школу, кіраў­нік музея настаўніца працоўнага навучання Марыя Барысевіч апісвае распарадак дня, які пачынаўся ў 6.30 раніцы з наведвання імшы, называе вучэбныя прадметы, імёны найбольш вядомых выпускнікоў. Знаходзіцца і нагода для ўсмешкі. Вядома, што на адным з бакоў харугвы школы быў змешчаны сноп збожжа, які сімвалізаваў плён навукі, але тагачасныя вучні тлумачылі яго па-свойму: “Вучыся, асёл, добра — будзеш мець хлеб”.

— Цагляны двухпавярховы корпус (мы называем яго кляштар), у якім займаліся навучэнцы з XVIII стагоддзя, наша школа выка­рыстоўвала да 1980 года. Потым мы пераеха­лі ў новы, узведзены для яе будынак. Цяпер у экспазіцыі захоўваецца ключ старога ўзору, якім, як сцвярджаюць некаторыя барунчане, зачынялі адны з дзвярэй нашага кляштара, — расказвае Марыя Іванаўна.

Пра той час, калі Заходняя Беларусь знахо­дзілася ў складзе Польшчы, самі за сябе гавораць пасведчанні аб паспяховасці вучняў Барунскай школы, датаваныя 1937/1938 і 1938/1939 навучальнымі гадамі. Іх захоўваюць у архіве музея. Дакументы напісаны па-польску, у ліку прадметаў, якія вывучаліся, сярод моў толькі польская, іншых няма. І гэта пацвярджае той факт, што да 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося беларускамоўных школ.

“Страляў з рагаткі, кідаў партфель…”

Большасць рарытэтаў музея адносіцца да савецкага часу. Гэта і старая школьная дошка, і парта 1960-х гадоў, якую былы дырэктар школы заснавальнік музея “Спадчына” Франц Вац­лававіч Станулевіч знайшоў на гарышчы кляштарнага корпуса. Прадстаўлены атрыбуты з жыцця савецкай піянерыі. Асаблівую цікавасць выклікаюць падручнікі, па якіх вучыліся дзеці ў першыя пасляваенныя гады. У іх ліку — падручнік 1949 года і зборнік задач па алгебры 1957-га за 6 і 7 класы. Абодва на беларускай мове, што таксама паказальна.

— Хоць кнігі ў простых вокладках, чорна-белыя, але яны грунтоўныя, тэмы ў падручніках разбіраюцца падрабязна, з вялікай колькасцю прыкладаў. Шмат практыка-арыентаваных задач, а не проста сухая матэматыка. Важна, што мы захавалі гэтыя падыходы да сённяшняга часу. Адрозненне ў тым, што заданні ў тых выданнях не маюць узроўняў складанасці, як у сучасным падручніку. Большасць з іх можна аднесці да першага і другога ўзроўняў, хоць ёсць і больш складаныя. А яшчэ мы зрабілі крок наперад, пачаўшы прапаноў­ваць дзецям раздзелы “Выніковая самаацэнка”, “Захапляльная матэматыка”, прыклады алімпіядных заданняў, — дзеліцца назіраннямі настаўніца матэматыкі Тэрэса Розель. — Дарэчы, на адваротным баку вокладкі падручніка можна ўбачыць формулы, напісаныя чарнільнай ручкай. І гэта таксама частка гісторыі…

Беражліва захоўваюцца ў музеі журналы з загадамі і пратаколамі педсаветаў Барунскай школы з 1949 года. Дырэктар школы Ірына Якубель прызнаецца, што, чытаючы іх, зрабіла для сябе не адну закладку.

— Здавалася б, наша краіна яшчэ падымалася з руін вайны, аднак адукацыйны працэс быў на сур’ёзным узроўні. Аспекты вучэбнага і выхаваўчага працэсаў аналізаваліся на педсаветах вельмі глыбока, — дзеліцца Ірына Іванаўна. — Запісы ў журналах сведчаць пра тое, што патрабаванне з настаўнікаў было жорсткім, прынцыповым, усё гаварылася ім напрамую. Сёння мы больш акуратныя ў фармулёўках.

Нярэдка можна пачуць, што раней працаваць было лягчэй, таму што настаўнікаў больш паважалі. У цэлым гэта так, але старыя журналы нагадваюць і аб выключэннях. Напрык­лад, на адным з педсаветаў Барунскай школы 1958 года разбіралі паводзіны вучня з ліку выхаванцаў дзіцячага дома, які патрапаў сваім педагогам нямала нерваў. На ўроках ён страляў з рагаткі, пускаў па класе папяровыя самалёты, змотваў і размотваў ніткі, грубіяніў і нават кідаў у настаўніцу партфель. Вердыкт педсавета: выключыць вучня са школы на адзін ты­дзень, а калі ў далейшым зноў будуць парушэнні — развітацца з ім канчаткова.

Многія пытанні, якія турбавалі настаўнікаў у 1950-я гады, застаюцца актуальнымі і сёння, адзначае дырэктар школы. У іх ліку — паспяховасць, пропускі ўрокаў, узаемадзеянне з бацькамі, санітарныя патрабаванні. Яна прызнаецца, што з цікавасцю чытала пратакол педсавета, дзе разглядаліся пытанні працоўнага выхавання на базе прышкольнага ўчастка, і некаторыя моманты ўзяла на заметку. Наша мінулае варта не толькі таго, каб яго паважаць, але і таго, каб часам у яго павучыцца…

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: