Ілья Южык — пра перавагі сельскай школы і сваю кіраўніцкую формулу
16.09.2026Кожны з 60 вучняў Сінькоўскай сярэдняй школы Смаргонскага раёна мае магчымасць праявіць сябе. Тут немагчыма застацца незаўважаным: дырэктар Ілья Южык лічыць гэта галоўнай перавагай сельскай школы.

Справа сямейная
Тры гады назад Ілья Ігаравіч узначаліў установу адукацыі і стаў самым маладым кіраўніком сярод дырэктараў школ раёна. Сёння яго імя гучыць у кантэксце рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. А выбар педагагічнага шляху ў свой час для яго прадвызначыла менавіта сям’я:
— Бабуля Ніна Мацвееўна Даніленка выкладала рускую мову і літаратуру ў Залескай школе, і я з дзяцінства назіраў за яе працай, з цікавасцю гартаў вучнёўскія сшыткі і натхняўся вершамі, якія пісала галоўная настаўніца ў маім жыцці. Атрымліваецца, што педагогіка ніколі не была для мяне прафесіяй з даведніка, яна была часткай штодзённага жыцця.
Ужо ў 1 класе ён ведаў, кім стане. Не “магчыма” і не “калі-небудзь” — проста ведаў. Пра свой выбар хлопчык нават горда заявіў на першых занятках, пра што сёння ў сям’і ўспамінаюць з усмешкай.
Прадметны ж напрамак падказала само жыццё. Блізкасць да дома сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага з яе цішынёй і ўтульнасцю дарыла прыемнае адчуванне, што гісторыя тут літаральна ў паветры.
— Яшчэ адным вызначальным момантам стала знаёмства ў 5 класе з настаўнікам гісторыі Залескай сярэдняй школы Аляксандрам Аляксеевічам Міхалкоўскім. Ён умеў ператварыць пералік дат у жывую спрэчку. Пасля яго ўрокаў хацелася не завучваць матэрыял, а разабрацца ў ім. Алімпіяды, пошук інфармацыі ў архівах і паступленне на гістарычны факультэт БДПУ сталі працягам гэтай шчырай цікавасці, — будуе ў храналагічным парадку паслядоўнасць падзей сваёй асабістай гісторыі Ілья Ігаравіч.
Ва ўніверсітэце, дарэчы, ён не абмяжоўваўся акадэмічнымі заняткамі. Амаль адразу стаў членам студэнцкага валанцёрскага атрада і наведваў установы для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Летам удзельнічаў у праекце “Дзеці сталіцы” — дапамагаў арганізоўваць карысны адпачынак для школьнікаў, якія праводзілі канікулы дома.
Пасля заканчэння ўніверсітэта і службы ў арміі Ілья Ігаравіч вярнуўся ў родны раён, прафесійны шлях пачаў ў сярэдняй школе № 3 Смаргоні:
— На працягу трох гадоў імкнуўся даць вучням не толькі трывалыя веды па гісторыі, але і жаданне ведаць больш, чым прапануе школьная праграма. Каб сапраўды зацікавіць прадметам, распрацоўваў настольныя гульні для замацавання матэрыялу, далучаў дзяцей да алімпіяднага руху. А галоўнае — я пераканаўся, што выбраў сваю справу.
Весці за сабой
У 27 гадоў ён узначаліў Сінькоўскую сярэднюю школу. У дэталях памятае свой першы працоўны дзень у новым статусе і тое, што калектыў прыняў новага дырэктара добразычліва.
— У невялікай сельскай школе ўсе ведаюць адно аднаго. Тут сістэма трымаецца не толькі на загадах і дакументах. Магчыма, нават у большай ступені менавіта на асабістых адносінах. З першых дзён я імкнуўся паказаць калегам, што адкрыты для дыялогу і гатовы дзяліцца ідэямі. Мая кіраўніцкая формула простая: захоўваць баланс паміж кантролем і дыялогам, строгасцю і ўменнем чуць. Тады калектыў будзе паважаць кіраўніка. Дырэктар павінен весці за сабой, — лічыць Ілья Ігаравіч.
Адной з першых задач стала дакладнае планаванне часу.
— Для кіраўніка любога ўзроўню гэта аснова асноў. На майстар-класе ў фінале рэспубліканскага конкурсу я планую падзяліцца сваімі падыходамі ў гэтым пытанні, — не раскрывае адразу ўсе карты малады кіраўнік.
Яшчэ адной важнай задачай стала стварэнне пазнавальнага вобраза Сінькоўскай школы. Асаблівую ўвагу калектыў вырашыў удзяліць школьнаму музею.
— Мы хацелі ператварыць статычную экспазіцыю ў дынамічную адукацыйную прастору, якая была б запатрабаванай не толькі падчас урокаў гісторыі і літаратуры. Сёння ў нашым музеі праходзяць сустрэчы ў рамках праекта “ШАГ” і пазакласныя мерапрыемствы. Новыя экспанаты становяцца зыходным пунктам для даследчых праектаў, — адзначае кіраўнік.
Школьны музей адзінства нацыянальнасцей паказвае, наколькі шматслойнай была гісторыя краю. Педагогі і вучні правялі вялікую краязнаўчую работу: сустракаліся з пажылымі жыхарамі аграгарадка і вывучалі архіўныя дакументы.
Як вынік, асобныя музейныя прасторы расказваюць пра мірнае суседства розных культур, а таксама пра тое, як гэты лад жыцця парушылі падзеі Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Экспазіцыя “Мір сёння” прысвечана фестывалям, рэгіянальным брэндам і сучаснаму разуменню адзінства.
— У цэнтры гэтага экспазіцыйнага блока знаходзіцца “Дрэва жыцця” з партрэтамі людзей, якія праславілі край. Наш музей — гэта не проста вітрына. Гэта пляцоўка, дзе дзіця можа зразумець і адчуць: яго карані — не адна нітка, а некалькі, і ўсе яны пераплецены, — гаворыць Ілья Южык.
Конкурс і новыя магчымасці
Усе конкурсныя выпрабаванні дырэктар успрымае як чарговы крок у прафесійным развіцці:
— Для мяне гэта час новых магчымасцей. На змястоўных сустрэчах і семінарах у Гродне і Мінску я пазнаёміўся з цікавымі методыкамі, падыходамі, высновамі. Атрыманым вопытам штораз дзяліўся з калегамі, і ўжо разам мы стараліся адаптаваць тую ці іншую “цікавасць” на сваёй адукацыйнай прасторы.
Няспынна імкнучыся да асабістага прафесійнага развіцця, Ілья Ігаравіч упэўнена задае такі вектар руху і ўстанове, шчыра ганарыцца сваёй школай, а на бацькоўскіх сходах заўсёды акцэнтуе ўвагу мам і татаў на тым, што невялікая сельская школа сёння — значная перавага для іх дзяцей:
— Складана ўявіць у гарадской школе клас, дзе вучыцца 6 чалавек. Для нашай школы гэта звыклая рэчаіснасць і адначасова здабытак. Дзякуючы гэтаму сярод вучняў не існуе канкурэнцыі за ўвагу настаўніка, кожнае дзіця можа раскрыць свае здольнасці на 200%. Толькі за мінулы год нашы навучэнцы заваявалі 13 дыпломаў і ўзнагарод на конкурсах і мерапрыемствах абласнога ўзроўню рознай накіраванасці. Гэта прыкладна кожны пяты вучань школы. Дадам таксама, што ў невялікім класным калектыве дзеці прывыкаюць адказна ставіцца да вучобы ўжо толькі таму, што на ўроку настаўнік можа звярнуцца да кожнага. У выніку выпускнік сельскай школы атрымлівае не толькі добрыя веды, але і вопыт удзелу ў творчай, інтэлектуальнай і спартыўнай дзейнасці.
Сінькоўская школа — пляцоўка для развіцця як вучняў, так і маладых педагогаў. Разам з кіраўніком установы ў конкурсе прафесійнага майстэрства ўдзельнічала настаўніца біялогіі і хіміі Анастасія Ярмак, яна стала пераможцай раённага этапу ў намінацыі “Малады настаўнік”.
— Сёлета наш педагагічны калектыў папоўніў малады настаўнік гісторыі Іван Ціхановіч, а ў пераліку маіх штодзённых задач з’явіўся яшчэ адзін важны пункт. Маладому спецыялісту асабліва патрэбна падтрымка і магчымасць убачыць, як працуе калега-прадметнік. Таму настаўніцтва я ўспрымаю як натуральны працяг сваёй работы, — падагульняе дырэктар, для якога штодзённы рух наперад праяўляецца ў новых праектах, музейных ініцыятывах і ўвазе да кожнага члена школьнай каманды.
Источник: https://nastgaz.by
