Калі гісторыя выходзіць за межы кабінета. Вольга Магільніцкая распрацавала турыстычныя праекты, прысвечаныя малой радзіме
15.09.2026Для Вольгі Магільніцкай з Лідскага раёна гісторыя — гэта не проста даты, імёны і падзеі з падручніка. Гэта чалавечыя лёсы, памяць сям’і, сцежкі малой радзімы і пытанні, на якія кожнае пакаленне шукае ўласныя адказы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У педагогіку яна прыйшла адразу пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы. З таго часу ніколі не ўяўляла сябе ў іншай сферы:
— Мой выбар шмат у чым вызначылі людзі, якіх сустрэла ў школьныя гады. У сярэдняй школе № 14 Ліды прыкладам прафесіяналізму для мяне стала першая настаўніца Альбіна Васільеўна Шут і класны кіраўнік Ірына Аляксандраўна Худзякова. Цікавасць да гісторыі падтрымлівала і родная цётка Яўгенія Іосіфаўна Макуцэвіч, якая працавала ў Іўеўскай школе. Я заўсёды адчувала ў яе расказах пра ўрокі і дзяцей, любоў да прафесіі. Напэўна, тады і зразумела, што настаўніцтва — гэта не проста работа.
Жартуе, што свае першыя ўрокі праводзіла для лялек. Потым у ролі вучняў аказаліся малодшы брат і яго сябры. А сапраўдныя хваляванні пачаліся падчас педагагічнай практыкі ў адной з гродзенскіх школ.
— Калі 20 дзяцей упершыню глядзелі на мяне з чаканнем, зразумела: не маю права быць нецікавай, маркотнай, панурай. На гэтых прынцыпах будую свае ўрокі і цяпер, — адзначае Вольга Магільніцкая.
Першы прафесійны вопыт яна атрымлівала ў лідскай сярэдняй школе № 9 імя А.У.Нічыпорчыка. Працавала з вучнямі з 5 па 11 клас.
Не запомніць, а зразумець
Вольга Магільніцкая пераканана, што роля настаўніка сёння змянілася. Ён ужо не адзіная крыніца інфармацыі, а чалавек, які дапамагае разабрацца ў ёй, адрозніць дакладнае ад недакладнага, паставіць правільнае пытанне і зрабіць выснову.
— Сёння важна не столькі перадаць вучням гатовыя веды, колькі навучыць іх карыстацца інфармацыяй і думаць самастойна, — лічыць Вольга Іосіфаўна.
Каб гісторыя стала для дзяцей жывой, педагог прапануе ім неардынарныя заданні. Вучні могуць запісаць інтэрв’ю з гістарычнай асобай, стварыць старонку вядомага дзеяча ў сацыяльнай сетцы або распрацаваць афішу знакавай падзеі. Так яны лепш засвойваюць матэрыял і вучацца ствараць уласны гістарычны аповед.
Для развіцця чытацкай адукаванасці і крытычнага мыслення Вольга Іосіфаўна выкарыстоўвае цэлы арсенал прыёмаў: “Кластар”, “Тонкія і тоўстыя пытанні”, “Лаві памылку”, “Карта з памылкай”, “Незакончаныя сказы”, “Пазнай мяне”, “Факт ці меркаванне?”, “Гістарычны падкаст” і інш.
Асабліва любяць яе вучні прыём “Лаві памылку”. Настаўніца наўмысна ўключае ў тэкст гістарычныя недакладнасці, а школьнікі павінны іх знайсці і выправіць. Напрыклад, падчас вывучэння тэмы “Адукацыя і навука ў 1860-х гадах — пачатку ХХ стагоддзя” васьмікласнікі аналізуюць сцвярджэнні пра земскія школы ў Беларусі, магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі і слоўнік беларускай мовы, складзены Яўхімам Карскім.
— Галоўнае ў такім заданні — не проста назваць памылку, а абгрунтаваць правільны адказ. Менавіта ў гэты момант вучань пераходзіць ад механічнага запамінання да асэнсавання, — удакладняе педагог.
Навучыць дзіця арыентавацца ў інфармацыі часта дапамагае эфектыўны прыём “Што? Дзе? Калі?”, які ператварае звычайны ўрок у невялікае інтэлектуальнае падарожжа. Галоўным героем тут становіцца не настаўнік каля дошкі, а сам школьнік, які шукае адказы на тры важныя пытанні:
— Падчас вывучэння многіх тэм у 7—9 класах прапаную працаваць адразу з некалькімі крыніцамі. Адказы яны звычайна знаходзяць у тэксце падручніка, на гістарычнай карце, у ілюстрацыях, дыяграмах і відэаматэрыялах. Вучні вучацца здабываць патрэбную інфармацыю і вызначаць, ці ёсць у крыніцы канкрэтныя факты. Прычым калі ў 7—8 класах асноўнымі застаюцца пытанні “Што? Дзе? Калі?”, то ў 9 класе да іх дадаецца галоўнае пытанне — “Чаму?”. Яно дапамагае не толькі запомніць падзею, але і зразумець яе прычыны.
Музей, дзе размаўляюць экспанаты
Зацікавіць сваім прадметам Вользе Магільніцкай дапамагае школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Час. Падзеі. Людзі”, які яна ўзначальвае. Ва ўспрыманні педагога гэта актыўная прастора выхаваўчай і даследчай работы:
— Краязнаўчыя праекты дапамагаюць папаўняць музей новымі экспанатамі, праводзіць інтэрактыўныя мерапрыемствы і выходзіць за межы школы. А галоўнае — даюць вучням магчымасць дакрануцца да мінулага і адчуць сваю прыналежнасць да гісторыі краіны.
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў музейны савет пад яе кіраўніцтвам рэалізаваў праект “Памяць пакаленняў”. Вучні і педагогі прыносілі фотаздымкі і асабістыя рэчы сваякоў-ветэранаў. На іх аснове стварылі выставы і расказалі пра сямейныя гісторыі ў медыяпрасторы — у акаўнце музея ў Instagram.
— Да Года беларускай жанчыны прымеркавалі праект “Радзіма пачынаецца з жанчыны”. Ён стаў данінай павагі зямлячкам, якія праславілі малую радзіму, — дадае педагог.
Разам з вучнямі Вольга Іосіфаўна наведвае знакавыя мясціны Беларусі. Добрай традыцыяй яе настаўніцкай практыкі сталі летнія турыстычныя паходы і велападарожжы па наваколлі. На іх аснове з’явіліся і турыстычная праекты “Сцежкамі малой радзімы”, “Па дарозе з аблокамі” і “Маўклівыя сведкі мінулых падзей”.
— Так гісторыя выходзіць за межы кабінета. Яна становіцца маршрутам, сустрэчай, успамінам, — гаворыць Вольга Магільніцкая.
…У рабоце з дзецьмі настаўніца імкнецца спалучаць давер і патрабавальнасць. Лічыць, што сучасны педагог не павінен ператварацца ні ў ТікТок-настаўніка, які эпатуе дзеля ўвагі, ні ў “іншага равесніка” вучняў:
— Дзецям патрэбны арыенцір. Настаўнік павінен паказваць, як можна і як нельга гаварыць і рабіць. Іншымі словамі, быць прыкладам. Зразумела, у педагога абавязкова павінны гарэць вочы. Толькі тады вучні адчуюць, што гісторыя — гэта не набор дат, а жывы свет людзей, выбараў і наступстваў.
Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Першамайскай сярэдняй школы Вольга Магільніцкая прадставіць Гродзеншчыну ў фінале рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.
Праз удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства яна сёння дэманструе вучням яшчэ і тое, што рух наперад нават у справе, якой аддаеш сябе цалкам, — няспынны:
— Для мяне галоўная каштоўнасць конкурсу “Настаўнік года” — магчымасць вучыцца ў іншых. Мы дзелімся сваім вопытам і збіраем “фішкі” калег: як паставіць мэты, як правесці рэфлексію, як размеркаваць ролі ў групах, каб рацыянальна выкарыстоўваць час урока. А яшчэ конкурс дае магчымасць паглядзець на сябе чужымі вачыма. Бывае, цяжка. Але менавіта гэта запускае ўнутраную рэфлексію — і ты пачынаеш бачыць тое, што раней не заўважаў.
З верай у поспех
На курсах у Акадэміі адукацыі ў чэрвені яна пачула словы Мікалая Іванавіча Запрудскага, якія вельмі адгукнуліся: “Адзін з найвялікшых падарункаў, якім можна падзяліцца з бліжнім, — гэта вера ў яго поспех”. Суразмоўніца пераканана, што гэтым прынцыпам павінен кіравацца кожны настаўнік у сваёй справе. Сугучныя па сваім сэнсе гэтыя словы і з педагагічным крэда Вольгі Іосіфаўны, якое яна фармулюе проста: “Дарыць святло, запальваючы сэрцы”.
— Я хачу, каб мае вучні не толькі шмат ведалі, але і не гублялі цікавасці да мінулага, асабліва да гісторыі сваёй краіны. Чым больш святла аддаеш, тым ярчэй яно адлюстроўваецца ў вачах дзяцей. А потым вяртаецца да цябе энергіяй творчасці і жаданнем удасканальвацца, — рэзюмуе дыялог настаўніца гісторыі.
Даведацца больш аб рэалізаваных педагогам сумесна з навучэнцамі праектах можна, скарыстаўшыся спасылкай.
Источник: https://nastgaz.by
