РУС БЕЛ ENG 中文

Чаму школьную тэрыторыю варта ўпрыгожваць міксбордарамі, раскажа Ларыса Герасімчык з Воранаўскага раёна

09.09.2026

 

Сваё захапленне ландшафтным дызайнам настаўніца пачатковых класаў Беняконскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Ларыса Герасімчык параўноўвае з палётам да зорак. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Каб мары здзяйсняліся

Зоркамі яна называе кветкі, а кожную клумбу — галактыкай. Ля ўвахода на тэрыторыю школы настаўніца стварыла Млечны шлях, крыху далей — Андрамеду. Як і ў любога творчага чалавека, у Ларысы Адамаўны сваё бачанне прыгажосці. На яе погляд, вобраз далёкай Андрамеды выдатна перада­юць аранжавыя аксаміткі, а вось аснову клумбы, што сімвалізуе нашу галактыку, склалі бягоніі, прычым не толькі белага, але і чырвонага, ружовага колераў.

— Калі ў летнюю зорную ноч углядацца ў неба хвілін 10, то Млечны шлях здаецца малочна-белым, але дастаткова даўжэй затрымаць свой позірк на бясконцым Сусвеце, як пачнеш заўважаць чырвоныя і ружовыя плямкі. Што гэта? Туманнасці, паўночнае ззянне, а можа, проста аптычны падман? Не ведаю, аднак тое, што гэтыя колеры пе­рыядычна ўпрыгожваюць космас, робяць яго больш таямнічым, магу сказаць дакладна, — паведаміла настаўніца.

Як бы там ні было, кветкавы Млечны шлях атрымаўся арыгінальным, прыцягальным. Клумба стала часткай сёлетняга праекта, прадстаўленага на рэспубліканскі конкурс “Упрыгожым Беларусь кветкамі” ў намінацыі “Дзіцячыя мары”.

— Месца для стварэння кветніка мы з калегамі выбралі на ўзвышшы: тут клумбы добра праглядаюцца як з дарогі, так і з усёй прышкольнай тэрыторыі. Што тычыцца назвы конкурснага праекта, то прыдумалі паэтычную — “Мара”. Калі я была дзіцем, свет вакол мяне здаваўся месцам, дзе ўсё магчыма, дзе самыя запаветныя мары і фантазіі могуць стаць рэальнасцю. Я марыла лётаць, узнімацца ў неба і лунаць над зямлёй, любуючыся краявідамі роднай зямлі, — падзялілася Ларыса Герасімчык.

Кветнік шчыльна прымыкае да кампазіцыі з туй, ядлоўцу і бэзу. Раздзяляльная паласа паміж кустамі і бягоніямі засыпана блакітнымі каменьчыкамі, якія нагадваюць неба. Чырвоны колер кветак сімвалізуе настойлівасць у вучобе, белы — галактыку Млечны Шлях, ружовы —дзіцячыя мары.

Бягоніі ў якасці пасадачнага матэрыялу былі выбраны па трох прычынах. Па-першае, яны маюць аднолькавую вышыню. Па-другое, добра пераносяць спякоту і ўбіраюць віль­гаць. Па-трэцяе, радуюць сваімі яркімі колерамі ўвесь сезон. Нядзіўна, што гэта любімыя кветкі Ларысы Адамаўны. Прыцягваюць увагу не толькі стракатыя “зоркі”, але і плакат.

— Як толькі ўбачыла гэты здымак у інтэрнэце, адразу вырашыла яго раздрука­ваць і размясціць на кветніку. Калі глядзіш на хлопчыка ў акулярах лётчыка, то прыгадваеш сябе, маленькую летуценніцу. Няхай дзіцячыя мары застануцца з намі назаўжды, натхняючы на новыя здзяйсненні і дапамагаючы ў сталым узросце знаходзіць унутранае шчасце і радасць, — адзначыла настаўніца.

З улікам мясцовасці

Удзел у конкурсе “Упрыгожым Беларусь кветкамі” кожны год прыносіць Ларысе Герасімчык прызавыя месцы і дапамагае ўдасканальваць майстэрства ў ландшафтным дызайне. Узбагачаюць вопыт і пастаянныя эксперыменты з раслінамі, а таксама ўдзел у спецыяльных курсах пры Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі.

— Пачалося ўсё больш за 10 гадоў назад, калі дырэктар прапанавала стварыць клумбы на школьнай тэрыторыі. Я тады яшчэ нічога не ведала пра законы ландшафтнага дызайну і зрабіла ўсё на свой густ. Атрымалася нядрэнна. Сяброўка, што займаецца кветкаводствам, пачала падказваць, якія кветкі лепш высаджваць на клумбах, а якія ў гаршках, вучыла правільна выбіраць гатункі для нашай тэрыторыі. Так паступова я набіралася вопыту. З’явіліся і любімыя кветкі. Мне падабаюцца лёгкія, якія гойдаюцца на паветры. Гэта, напрыклад, цыбулепадобныя расліны, кацямятка, петуніі. Што тычыцца колераў, то больш за ўсё люблю адценні фіялетавага і ружовага, — падзялілася Ларыса Адамаўна.

І ўсё ж галоўны крытэрый пры выбары кветак — іх адпаведнасць мясцовасці. Для зон з палівам і на ўзвышшы педагог выбірае аксаміткі, паколькі яны ўстойлівыя да нашага зменлівага надвор’я: клімат на Воранаўшчыне ў апошнія гады ўсё больш становіцца падобным на рэзка кантынентальны.

— Гэты год быў асабліва складаным. Высаджаная расада агератуму хутка загінула з-за моцных вятроў з Балтыкі, давялося часткова дасаджваць аксаміткамі. У наступным годзе будзем вырошчваць расаду ў цяпліцы. Што тычыцца аксамітак, то ім непадуладныя капрызы прыроды. Добра адчуваюць сябе сальвіі. Адзін год займалася астрамі, але ў нас балоцістая зямля, павышанае ўтрыманне сапрапелю, таму гэтыя кветкі не прыжыліся. На месцы сённяшняй школы калісьці было балота. Гэтую асаблівасць мы адлюстравалі ў мінулагоднім праекце “Люблю Беларусь”, дзе ў адной з кампазіцый высадзілі дэкаратыўны чарот. Дарэчы, за гэты праект атрымалі дыплом ІІ ступені на абласным этапе конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, — паведаміла педагог.

Каб зямля захоўвала вільготнасць, Ларыса Адамаўна накрывае яе шышкамі. Збірае іх разам з вучнямі ў сасновым бары на беразе мясцовага возера. Гэтыя дары прыроды выкарыстоўваюцца і ў якасці дэкаратыўнага матэрыялу. У такім выпадку шышкі фарбуюцца ў адпаведнасці з канцэпцыяй клумбы.

Пакуль мы размаўлялі і любаваліся Андрамедай, на аранжавыя аксаміткі адзін за адным прыляталі такія ж аранжавыя матылькі. Настаўніца падзялілася назіраннямі:

— На сваім прысядзібным участку люб­лю высаджваць духмяныя травы і гля­дзець, як на іх садзяцца матылькі. Я заўважыла, што на фіялетавыя кветачкі прылятаюць фіялетавыя матылькі, на жоўтыя — такія ж яркія, як само сонца. Можа, яны так маскіруюцца? У наступным годзе хачу перайсці на шматгадовыя расліны. Гэта ўжо будзе новы этап у маім хобі.

Яркае спалучэнне

На працягу 10 гадоў Ларыса Адамаўна працавала над англійс­кім, французскім, японскім, рускім садам. Апошнім часам свае творчыя дызайнерскія парывы накіроўвае на стварэнне міксбордараў.

У гэтым тыпе клумбаў ёй падабаецца не толькі магчымасць спалучаць розныя віды раслін і кустоў, дзякуючы чаму можна рэа­лізоўваць самыя смелыя ідэі і задумы, але і форма кампазіцый. Міксбордары не маюць строгіх геаметрычных рамак і выглядаюць як натуральны прыродны аазіс, які элегантна выгінаецца ўздоўж сцяжынак і агароджы. Некалькі клумбаў на тэрыторыі Беняконскай сярэдняй школы сваёй формай нагадваюць сэрца або кроплі, некаторыя падобны на марскія хвалі.

— Галоўная асаблівасць міксбордара — мнагаяруснасць, расліны высаджваюцца прыступкамі, — патлумачыла настаўніца. — Кветкі падбіраюцца так, каб цвіценне было пастаянным. Адны завялі — распусціліся другія. Лініі гра­ніц міксбордараў заўсёды плаўныя. Наш кветнік “Мара” з’яўляецца тыповым міксбордарам. На заднім плане высаджаны самыя высокія яго элементы — туі, паміж імі куст бэзу. На сярэднім узроўні знаходзіцца ядловец казацкі. А самы ніжні ярус запоўнілі бягоніі.

Паколькі ў раслін міксбордара розная даўжыня карэння, для такога тыпу клумбаў, па словах Ла­рысы Адамаўны, лепш за ўсё арганізаваць кропельную сістэму паліву, тады вільгаць будзе паступаць раўнамерна. Праполваць міксбордары складана, таму зямлю лепш за ўсё засыпаць карой або шышкамі. Ствараць міксбордар можна ў розных стылях. Для англійскага падыходзяць дэкаратыўныя травы. Стыль кантры выдатна дапоўняць кусцікі суніц, пятрушкі. У міксбордары французскага сты­лю выкарыстоўваюцца дэкаратыўныя збожжавыя і нават хвойныя расліны. Ёсць яшчэ міжземнаморскі стыль з засухаўстойлівымі і духмянымі раслінамі.

— Міксбордары — гэта своеасаблівы канструктар, дэталі якога можна збіраць у залежнасці ад характару мясцовасці, ідэй ландшафтнага дызайнера. На тэрыторыі нашай школы доўгія сцяжынкі, абапал якіх добра ствараць мікс­бордары, таму я і засяродзілася на іх. Таксама тут можна разбіць партэрны сад. Шкада толькі, што калісьці ўздоўж сцежак былі паса­джаны туі, якія ў канцэпцыю такога саду не ўпісваюцца. Наогул, туя — складанае ў ландшафтным дызайне дрэва. Яно не дае ценю, не ўкрывае сваім шатром іншыя расліны. З ім цяжка працаваць. Яшчэ ў маіх планах разбіць японскі сад. Ужо прыгледзела куточак недалёка ад школьнага будынка, дзе расце вярба. У гэтым годзе паспяхова распрацавалі анлайн-праект дамскага саду, за што на вобласці мы атрымалі дыплом ІІІ ступені. Думаю, і з японскім у нас усё атрымаецца, — падзялілася Ларыса Адамаўна.

Тым, хто плануе заняцца ландшафтным дызайнам, педагог рэкамендуе спачатку ўважліва вывучыць асаблівасці клумбаў, садоў рознага тыпу і выбраць патрэбны ў залежнасці ад ландшафтных адметнасцей тэрыторыі, на якой яны будуць разбівацца. Тады ўсе элементы саду будуць гарманічна дапаўняць мясцовасць.

— Стварэнне ландшафтных кампазіцый нагадвае мне не толькі палёт да зорак, але і маляванне фарбамі. У гэтым выпадку холст — гэта зямля, а фарбы — кветкі. Ландшафтны дызайн выдатна падыдзе тым, хто любіць маляваць і захапляецца кветкаводствам. Наогул, кожны, у каго ёсць адчуванне густу, можа паспяхова ўпрыгожваць родную зямлю кветкамі, — адзначыла напрыканцы размовы Ларыса Герасімчык.

Источник: https://grodnoplustv.by

поделиться в: