Павел Ушкевіч: конкурс «Настаўнік года» дапамог адчуць сябе часткай вялікай настаўніцкай супольнасці
09.09.2026Павел Ушкевіч з сярэдняй школы № 42 Гродна ведае, як падабраць ключ да кожнага вучня і ператварыць праектную дзейнасць у канструктар індывідуальных траекторый на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Павел Міхайлавіч, мужчына-філолаг у школе — гэта заўсёды крыху ўнікальная з’ява. Хто ці што ў свой час натхніла вас выбраць менавіта гэты шлях?
— Вялікую цікавасць да літаратуры і гісторыі абудзіла класны кіраўнік і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Карповіч. Я вучыўся ў сярэдняй школе № 9 (сёння гімназія) і заўсёды вельмі чакаў яе ўрокаў. Наталля Міхайлаўна выкарыстоўвала незвычайныя формы работы, дзялілася цікавымі фактамі, стварала асаблівую атмасферу. А я, напэўна, здзіўляў яе паспешлівасцю — школьную праграму часта асвойваў наперад і з задавальненнем чытаў творы, якія настаўніца толькі збіралася прапанаваць класу.
Асаблівае месца ў маім чытацкім жыцці заўсёды займала творчасць Уладзіміра Караткевіча. Ва ўніверсітэце пісаў курсавую і дыпломную работы па яго творах, падчас магістратуры дасканала вывучаў біяграфію пісьменніка. Менавіта праз яго творы, вобразы і стаўленне да Радзімы адчуваю пэўную ўнутраную блізкасць.
— Беларуская мова і літаратура — прадметы, якія патрабуюць асаблівай эмацыянальнай аддачы. Як вы знаходзіце ключы да сэрцаў сучасных падлеткаў, каб яны не проста завучылі правілы, а палюбілі роднае слова?
— Дзяцей немагчыма прымусіць нешта любіць. Можна толькі шчырым прыкладам паказаць сваю любоў да мовы і літаратуры. Дарэчы, каб зацікавіць вучня любой справай, трэба паказаць, што яна мае дачыненне да яго жыцця. Я імкнуся данесці, што беларуская мова — гэта не набор правіл і выключэнняў, а магчымасць разумець людзей, культуру і саміх сябе.
На ўроку важна не толькі перадаць веды, але і стварыць атмасферу, у якой хочацца працаваць, выказвацца, спрабаваць. Для мяне вельмі важна даць кожнаму вучню адчуць: “Ты можаш”.
— У эпоху кліпавага мыслення, TikTok і кароткіх відэа як зацікавіць школьнікаў класічнай літаратурай? Якія сучасныя тэхналогіі ці нестандартныя прыёмы выкарыстоўваеце на ўроках?
— Кажуць, што ў TikTok завалодаць увагай гледача можна толькі ў першыя секунды. Трэба трымацца гэтага правіла і на ўроку: важную інфармацыю падаваць адразу, каб яна зачапіла вучняў.
Апошнім часам шмат працую з метадам праектнай дзейнасці і лічу яго ўніверсальным. Праект можна рэалізаваць на працягу аднаго ўрока: дзялю клас на групы па 3—4 чалавекі. Адна група працуе з біяграфіяй пісьменніка, другая — з вобразам героя, трэцяя малюе сюжэт твора або асобны эпізод і каменціруе яго, больш моцная вызначае тэму, ідэю, стварае сінквейн.
Я ў гэты момант выступаю не столькі як настаўнік, колькі як мадэратар і каардынатар. Асноўная праца належыць вучням, і кожны знаходзіць сваю ролю: спікер, хронаметрыст, генератар ідэй, афарміцель. Нават слабейшы вучань можа прачытаць кароткую інфармацыю пра героя — і гэта ўжо яго вынік. Так развіваецца камунікатыўная кампетэнцыя і чытацкая адукаванасць, уменне працаваць у камандзе.
Вядома, традыцыйны ўрок таксама мае месца, але і ён павінен быць нестандартным, пакідаць след. Калі вучні пасля ўрока памятаюць, як працавалі па ролях, малявалі, шукалі нешта ў тэксце, — мэта заняткаў дасягнута.
Да цікавых прыёмаў звяртаюся і як класны кіраўнік. У шосты школьны дзень не раз запрашаў клас ствараць невялікія відэаролікі. Да Дня маці мы ўпрыгожвалі дошку малюнкамі пяцікласнікаў і з удзелам кожнага вучня здымалі арыгінальнае віншаванне. Напярэдадні Новага года хадзілі па школе, здымалі ролік на фоне святочнага ўпрыгажэння. А ў канцы года кожны вучань на камеру ў двух-трох словах расказаў, чаго дасягнуў і што яшчэ трэба зрабіць.
Плануем звязаць такі фармат работы з літаратурай: ствараць тызеры да твораў, якія вывучаем, або інтэрв’ю з “аўтарам” — адзін вучань будзе пісьменнікам, другі — журналістам. Пытанні будуць грунтавацца на прачытаным: чаму герой зрабіў менавіта так, што аўтар хацеў сказаць, як маглі б развівацца падзеі ў творы.
— А што наконт галоўных задач кожнага ўрока?
— Мая галоўная задача — не зрабіць з кожнага вучня выдатніка. Важна даць кампетэнцыі, якія спатрэбяцца ў жыцці: інфармацыйную, камунікатыўную, сацыякультурную адукаванасць. І менавіта літаратура — тая крыніца, якая дапамагае развіваць усё гэта. Яна дае адказы на ўсе жыццёвыя і філасофскія пытанні, з’яўляецца падмуркам для цікавых разважанняў.
Напрыклад, калі праходзім “На ростанях” Якуба Коласа, звяртаю асаблівую ўвагу на асобу настаўніка Андрэя Лабановіча і прапаную параўнаць сістэму адукацыі 100 гадоў назад з сучаснай. Гэта заўсёды выклікае жывую цікавасць да твора нават у тых, хто спачатку не спяшаўся чытаць больш, чым ёсць у падручніку. Падчас такіх размоў-разважанняў стараюся не навязваць сваіх думак дарослага. Важна, каб да ўласных вывадаў і адкрыццяў вучні ішлі самі. Мабыць, дзякуючы маім падказкам, але самастойна.
— Настаўнік павінен пастаянна аддаваць энергію. Адкуль вы чэрпаеце сілы? Што вас натхняе па-за межамі школы?
— Для мяне гэта падарожжы. Мы з сям’ёй аб’ехалі ўсю Беларусь. І часта нават не планавалі паездкі загадзя: увечары пятніцы вырашылі, а раніцай у суботу адправіліся ў дарогу. Пабывалі, здаецца, у кожным “літаратурным” кутку Сінявокай — месцах, звязаных з жыццём ці творчасцю нашых класікаў. Напрыклад, са сцежкамі Палесся знаёміліся на працягу васьмі дзён.
Такія вандроўкі даюць новыя ўражанні і дапамагаюць перазагрузіцца. Калі наведваеш мясціны, пра якія чытаў у літаратуры, яны пачынаюць успрымацца інакш. Гэтым захапленнем актыўна дзялюся з вучнямі на сваіх старонках у сацыяльных сетках, далучаю і ўласных дзяцей. Калі падчас урока вучань можа сказаць: “Я там быў, я гэта бачыў”, — літаратура для яго становіцца больш жывой і асабістай.
— Калі апісаць ваша педагагічнае крэда адным сказам ці цытатай з твораў беларускіх аўтараў, як бы яно гучала?
— Гэта цытата Уладзіміра Караткевіча: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш”. Гэтыя словы ўжо шмат гадоў суправаджаюць мяне ў працы, а падчас конкурсу набылі яшчэ большае значэнне. Яны стымулююць развівацца, шукаць нестандартныя і цікавыя формы найперш дзеля вучняў.

— Выхад у фінал рэспубліканскага конкурсу — гэта вынік вялікай працы. Хто стаў для вас галоўным матыватарам сказаць сабе: “Я іду на конкурс”? Як выглядаў гэты шлях?
— Прапанову намесніка дырэктара ўспрыняў як магчымасць паставіць перад сабой новую планку. Параіўся з жонкай — таксама настаўніцай — і пагадзіўся ледзь не ў той жа дзень.
Напэўна, момантам асаблівага хвалявання стаў урок у незнаёмым класе. У мінулым навучальным годзе ў Гродне я працаваў толькі з пяцікласнікамі (адна паралель у нашай школе — гэта дванаццаць класаў!). У межах конкурсу трэба было ў вельмі сціслыя тэрміны распрацаваць і правесці ўрок для адзінаццацікласнікаў па даволі аб’ёмнай тэме — “Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак”. Месцам правядзення ўрока тады стала адна са школ Навагрудка.
Аднак хваляванні зніклі, калі пасля знаёмства з класным кіраўніком зразумеў, што апынуся менавіта перад аўдыторыяй аматараў роднай мовы: каля 90% вучняў збіраліся здаваць ЦЭ па беларускай мове. Выпускнікі актыўна ўключыліся ў работу, атмасфера была добразычлівай настолькі, што на наступны дзень настаўніца перадала прывітанне ад вучняў.
Увогуле, конкурс даў шмат. Гэта не толькі практычныя напрацоўкі, якія ў будучыні дапамогуць наблізіцца да мэты — атрымаць кваліфікацыю настаўніка-метадыста. Конкурс стаў магчымасцю адчуць неверагодную падтрымку. Падчас падрыхтоўкі з адміністрацыяй і калегамі 42-й школы мы неаднойчы працавалі да позняга вечара, стваралі творчыя групы. А калі на абласным фінале выйшаў на сцэну і ўбачыў у зале прадстаўнікоў 6-й школы (дзе я працаваў раней) з банерам з маім фотаздымкам — гэта ўзрушыла не менш, чым выхад у фінал. Тэлефанавалі нават калегі з 12-й школы, дзе працаваў пасля аспірантуры Гродзенскага ўніверсітэта. Здаецца, конкурс дапамог адчуць сябе часткай не проста калектыву пэўнай установы, а менавіта вялікай настаўніцкай супольнасці.
Источник: https://nastgaz.by
