РУС БЕЛ ENG 中文

Воранаўшчыну нездарма называюць зямлёй белых ландышаў, краем легенд і паданняў

07.09.2026

 

Беняконі, Больцінікі, Гайцюнішкі, Вайшні, Ёткішкі… Воранаўскі раён адметны не толькі тапанімікай. Завітаем у Канвелішкі і паслухаем аповед настаўнікаў пра асаблівасці помнікаў архітэктуры і фальклорнай спадчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Паданне як песня

Нават не дасведчаны ў мовазнаўстве чалавек здагадаецца, што пералічаныя назвы балцкага паходжання. І гэта нядзіўна. На Воранаўшчыне цесна перапляліся моўныя і культурныя традыцыі розных народаў. Спалучэнне гэтых традыцый, памножанае на працавітасць, кемлівасць, добразычлівасць жыхароў, пакінула нам багатую матэрыяльную і духоўную спадчыну, якая актыўна вывучаецца ва ўстановах адукацыі.

У адной толькі Канвелішскай сярэдняй школе створаны дзясяткі даследчых работ, якія кожны год займаюць прызавыя месцы на мерапрыемствах раённага, абласнога ўзроўняў. Напрыклад, сёлета вучаніца Валерыя Хахлова атрымала дыплом І ступені на абласным краязнаўчым конкурсе “Купалаўская вышыня” за даследаванне мясцовых паданняў, якое яна правяла разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Надзеяй Іванаўнай Адамчык.

— На працягу 13 гадоў супрацоўнічаем з філалагічным факультэтам ГрДУ імя Янкі Купалы. Рэгулярна на летніх канікулах у нас працуе школа юнага фалькларыста пад кіраўніцтвам дацэнта кандыдата філалагічных навук Руслана Канстанцінавіча Казлоўскага. Разам з вучнямі і студэнтамі праводзім фальклорныя экспедыцыі. Не толькі вывучаем малую радзіму, але і прапагандуем яе гісторыю, матэрыяльную і духоўную спадчыну, — падзялілася дырэктар школы Наталля Віктараўна Якжык.

Па яе словах, адметнасць краю — канфесійны склад насельніцтва, якое ў пераважнай большасці каталіцкае. Гэта адбілася як на архітэктурнай спадчыне, так і на вуснай народнай творчасці.

Драўляны храм у Канвелішках. 1925 год

— У нас практычна не захавалася песеннага, абрадавага фальклору, затое якая коль­касць легенд і паданняў! — адзначыла дырэктар і прапанавала мне адчуць сябе фалькларыстам: дастаць дыктафон, наліць кубачак чаю і ўважліва слухаць, запісваць мясцовыя гісторыі.

У якасці апавядальніка выступіла сама Наталля Віктараўна, што, дарэчы, атрымалася ў яе цудоўна. Ветлівая ўсмешка, спакойная інтанацыя голасу — можна было гадзінамі слу­хаць аповеды пра Русалчын мост або Міклашоў крыж. Проза з яе вуснаў лілася як песня — меладычна, чароўна:

— Недалёка ад Канвелішак ёсць так званы Міклашоў крыж. Кожны год каля яго здараюцца няшчасныя выпадкі. Старажылы гаво­раць, што калісьці там пракладвалі брукаваную дарогу побач з домам Мар’яна Міклаша. Была восень, і рабочыя захварэлі. Каб набрацца сіл, яны папрасілі ў Мар’яна мёду, бо ён трымаў на сваім падворку шмат вуллёў. Селянін пагадзіўся, але запатрабаваў вялікія грошы, якіх у рабочых не было. Засмучаныя, яны вырашылі адпомсціць сквапнаму чалавеку, перапрацавалі план і паведамілі гаспадару, што з-за асаблівасцей грунту дарога павінна прайсці праз яго сядзібу. Дом і хлявы знеслі, дрэвы выкарчавалі, а сам Міклаш стаў жабраком. У адчаі ён пракляў гэтае месца.

Цікавая легенда і пра каменны Русалчын мост, перакінуты праз мясцовую рачулку. Кажуць, калісьці хлопец падмануў дзяўчыну, кінуў яе цяжарнай, а сам ажаніўся з іншай. Дзяўчына з гора ператварылася ў русалку і цяпер помсціць мужчынам за няўдалае каханне, асабліва тым, якія ў сямейных адносінах былі нягоднікамі. Старажылы і цяпер добра пом­няць хлопца, які біў сваю маці. Дык русалка яго зацягнула ў ваду, і ён патануў, а там глыбіня крыху вышэйшая за калена.

Культурны код

Занатаваныя легенды і паданні былі сістэматызаваны і аформлены ў праект “Культурны код: духоўная спадчына Канвелішскага краю”. Яго ўдзельнікі не проста запісалі старыя гісторыі, але і ажыўляюць іх падчас фальклорных свят.

— Нас цікавіць усё: загадкавыя легенды пра міфічных жыхароў лесу, смешныя або страшныя аповеды пра мінулае, дзіўныя наз­вы вёсак, рэк і ўрочышчаў. Мы ўпэўнены, што праводзім важную работу для ўсіх землякоў, таму дзелімся сваімі адкрыццямі: ла­дзім экскурсіі, квесты, здымаем відэаролікі, — заўважыла Надзея Іванаўна Адамчык.

Каштоўнасць твораў вуснай народнай творчасці не толькі ў іх захапляльным змесце, а ў першую чаргу ў выхаваўчым характары. Ніколі не падымай руку на бацькоў, не падманвай каханага, не будзь сквапным — такім жыццёвым ісцінам і вучаць легенды, паданні.

Па-асабліваму гэтыя павучальныя гісторыі гучаць з вуснаў Рамуальда Уладзіслававіча Беня. Ветэран педагагічнай працы многія гады займаецца даследаваннем роднага краю, сабраў багаты матэрыял. Адносна паходжання назвы Канвелішак краязнавец прытрымліваецца думкі, што яна ўтварылася ад слоў “калва”, што ў літоўскай мове азначае “ўзгорак”, і “калве” (“кузня”) — кузня на ўзгорку.

— Яго версія гістарычна апраўдана, аднак мне больш падабаецца іншая. “Канвалія” — гэта з лацінскай мовы “ландышы”, якія вясной у вялікай колькасці распускаюцца ў нашых лясах. Былы старшыня сельсавета Віктар Іванавіч Слёзка расказаў вучням займальныя гісторыі пра гэтыя прыгожыя расліны: і пра хворую дзяўчыну, якую вылечыў перацвілы ландыш, і пра качэўнікаў, што засталіся тут дзякуючы гэтым кветачкам, — паведаміла дырэктар.

Настаўніца пачатковых класаў Ірэна Мухляда ў гісторыка-краязнаўчым музеі

“Канвалія” — так называецца і школьны гісторыка-краязнаўчы музей, створаны 30 гадоў назад Рамуальдам Уладзіслававічам. А яшчэ незвычайнае слова стала назвай фальклорна-краязнаўчага лагера, пра які ўжо згадвала Наталля Віктараўна.

— Падчас экспедыцый не толькі запісваюцца творы вуснай народнай творчасці, але і збіраюцца старыя прадметы побыту, адзення, фотаздымкі. Яны сістэматызуюцца і папаўняюць экспазіцыю. Цікава назіраць за мясцовымі жыхарамі, якія прыходзяць у музей і на старых фатаграфіях пазнаюць сваіх бацькоў або дзядуляў, бабуль. У некаторых на вачах нават з’яўляюцца слёзы. Значыць, карысную справу мы робім, — зазначыла дырэктар.

Каб з матэрыялам фальклорных экспедыцый знаёмілася як мага большая колькасць людзей, рэгулярна выпускаецца школьная газета “Канвалія”. Таксама створаны тапанімічны слоўнік Канвелішскага сельсавета, распрацаваны экскурсійны маршрут “Сцяжынкамі малой радзімы”.

Праз прызму стагоддзяў

Наша краязнаўчая сустрэча праходзіла не толькі ў сценах Канвелішскай сярэдняй школы. Дырэктар прапанавала здзейсніць аўтобусную экскурсію ў суседнія Гайцюнішкі. Абяцала, што будзе цікава, і слова стрымала.

Тут знаходзіцца ўнікальны дом-крэпасць XVII стагоддзя. Гэта адзіны падобны помнік на тэрыторыі Беларусі, які захаваўся практычна ў першапачатковым выглядзе. Выдатны стан абумоўлены ў многім тым, што ў ім размяшчаецца адміністрацыйны корпус Рэспуб­ліканскай псіхіятрычнай бальніцы. Рэгулярна праводзіцца рамонт фасада, дзякуючы чаму будынак заўсёды выглядае прыгожа.

— Дом-крэпасць у Гайцюнішках быў пабудаваны для ўласнага пражывання галандскім архітэктарам Пятром Нонхартам у 1612 або 1613 годзе на балоцістых глебах у выглядзе непатапляльнага ка­рабля. Сапраўды, за чатыры стагоддзі будынак ні разу не быў разбураны, вытрымаў нават шведскую аблогу падчас Паўночнай вайны. Паглядзіце, якія масіўныя сцены, іх таўшчыня 1,5 метра. Дом нагадвае мініяцюрны замак з чатырма круглымі вежамі па кутах.

Будынак акружалі роў з вадой і вал, побач была сістэма штучных сажалак. Іх выкапалі не толькі для прыгажосці, а ў першую чаргу для абароны, каб у выпадку аблогі зрабіць для ворага немагчымым падвоз да крэпасці гармат. Для аўтаномнага водазабеспячэння ў склепе зрабілі калодзеж, — расказала Наталля Віктараўна, калі мы прагульваліся каля будынка.

Хоць помнік архітэктуры знахо­дзіцца на закрытай тэрыторыі, тра­піць на экскурсію рэальна. Для гэтага трэба загадзя патэлефанаваць адміністрацыі бальніцы. Сюды рэгулярна прыязджаюць школьныя групы, а экскурсію для дзяцей і настаўнікаў нярэдка праводзіць галоўны ўрач. Мінулае дома-крэпасці ў яго аповедзе цесна пераплятаецца з гісторыяй установы аховы здароўя.

І куды ж без містычных легенд. Па словах дырэктара школы, лёс дома-крэпасці незайздросны. Акрамя сям’і Пятра Нонхарта, тут ніхто не жыў. Лічылася, што палац пракляты. Гавораць, пратэстант Нонхарт забіў каталіцкага святара, каб яго прыгонныя падпарадкаваліся той веры, якую ён лічыў адзінай правільнай. І пракляцце легла на род архітэктара: у яго сям’і не нарадзіўся прадаўжальнік роду, хаця Пётр меў чатырох жонак, але ўсе яны трагічна гінулі на дзявятым месяцы цяжарнасці, калі насілі пад сэрцам хлопчыка. Адзіная дачка Сюзанна пасля замужжа не стала жыць у бацькоўскім доме. Палац купілі Путкамеры з Больцінік, але выкарыстоўвалі яго ў якасці паляўнічага доміка. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў палацы на працягу 10 гадоў размяшчалася школа механізатараў, а з 1956 года і да гэтага дня — Рэспубліканская псіхіятрычная бальніца.

— Гавораць, што па доме лунае прывід Блакітнай жанчыны — суцяшае хворых, аглядае свае былыя ўладанні. Гэта быццам бы душа першай жонкі Нонхарта Марыі, якая памерла, пакінуўшы маленькую двухгадовую дачушку. Дзяўчынка плакала, сумавала без мамы, і душа жанчыны не вытрымала, стала наведваць сваё дзіця, — паведаміла Наталля Віктараўна.

І дом-крэпасць у Гайцюнішках, і руіны былой кірхі непадалёк, і драўляны касцёл у Канвелішках уваходзяць у маршрут выхаднога дня “З Канвелішак у Свілы: праз прызму стагоддзяў”. Тут легенды настолькі цесна перапляліся з гісторыяй, што нават даследчыкі мінулага гэтых мясцін дакладна не скажуць, дзе праўда, а дзе вымысел. Але тое і добра. Няхай Воранаўшчына і далей застаецца таямнічай, турыстычна прыцягальнай.

Сцяжынкамі паэта

Адам Міцкевіч і Беларусь — гэта не толькі Навагрудчына з яго знакамітым возерам Свіцязь. Рамантычныя старонкі жыцця нашага славутага земляка звязаны з Воранаўшчынай.

Недалёка ад аграгарадка Беняконі ёсць Больцінікі. На іх ускрайку стаіць прыгожы двухпавярховы палац, узведзены ў 1895 годзе ў стылі англійскай неаготыкі Ваўжынцам Путкамерам, унукам Марыяны Эвы Верашчакі, той самай Марылі, якая была першым каханнем і музай Адама Міцкевіча.

Пра гэтае напоўненае шматлікімі легендамі, моцнае, але няспраўджанае пачуццё сёння нагадвае валун ва ўрочышчы Гаік, каля якога сустракаліся Адам і Марыля. Пра сувязь паэта з гэтымі мясцінамі, іх гістарычныя, прыродныя асаблівасці расказвае і маштабны праект “Сцежкамі Адама Міцкевіча”, у якім удзельнічалі ўсе педагогі Беняконскай сярэдняй школы.

— Праект рэалізоўваўся па пяці напрамках: інтэлектуальным (стварэнне школьнага клуба “Што? Дзе? Калі?”), духоўна-маральным (правядзенне літаратурных вечарын, удзел сумесна з супрацоўнікамі Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку ў стварэнні дакументальнага фільма “Страчаны рай Адама Міцкевіча”, выпуск літаратурнай газеты “Пілігрым”), даследчым (вывучэнне відавога багацця раслін у парку каля палаца Путкамераў), па рабоце школьнага музея, краязнаўчым. Афіцыйна праект завяршыўся ў мінулым годзе, але работа па захаванні памяці пра старонкі жыцця Адама Міцкевіча ў Больцініках і папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу малой радзімы працягваецца, — паведаміла дырэктар школы Людміла Станіславаўна Сіліцкая.

Лагічным працягам праекта стала стварэнне школьнага рэсурснага цэнтра па фарміраванні маральных і грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы сродкамі краязнаўства.

— У кожнага з нас ёсць родная сцяжына, якая вядзе да дома, школьнага парога, у знаёмыя з дзяцінства палі і лясы. З гэтай сцяжыны пачынаецца любоў да Радзімы. І менавіта гэты шлях мы, педагогі, разам з вучнямі праходзім у нашым рэсурсным цэнтры. Першая сцяжына, па якой ідзём, гістарычная. Каб паказаць, наколькі наш край багаты, адметны, распрацавалі інтэрактыўную карту. На ёй пазначаны асноўныя гістарычныя і геаграфічныя аб’екты. Карта дапамагае праводзіць экскурсіі і заняткі з вучнямі, падарожнічаць, параўноўваць па­дзеі мінулага і сучаснасці, даведвацца, чым славіцца кожны пункт на карце, — далучыўся да размовы кіраўнік рэсурснага цэнтра Артур Рышардавіч Дамшэвіч.

З інтэрактыўнай картай звязана і гульня “Гадзіннік гістарычнай памяці”. На цыферблаце — 12 аб’ектаў, па адным на кожную гадзіну. У спецыяльным дадатку сабрана інфармацыя пра гэтыя аб’екты і карткі з нумарамі ад 1 да 12. Наведвальнік музея выцягвае картку, пераводзіць стрэлкі гадзінніка на адпаведны нумар і адкрывае ў кнізе патрэбны артыкул. Так гісторыя становіцца інтэрактыўнай, захапляльнай.

Па словах кіраўніка школьнага літаратурна-гістарычнага музея Таццяны Станіславаўны Юзвік, эфектыўным фарматам дзейнасці рэсурснага цэнтра з’яўляецца музей у чамадане. З найбольш арыгінальнымі экспанатамі настаўнікі Беняконскай сярэдняй школы выяз­джаюць у іншыя ўстановы адукацыі, раённую бібліятэку, дзе ла­дзяць выставы, праводзяць экскурсіі. Крочаць педагогі са школьнікамі і па сцяжыне навуковай (удзельніча­юць у “Воранаўскіх чытаннях”), гульнявой (праводзяць пазаўрочны час за настольнай краязнаўчай гульнёй і віктарынай), журналісцкай (працягваюць ствараць газету “Пілігрым”). Любяць яны прагульвацца і па сцяжыне літаратурнай — ад школы да таго самага месца, дзе сустракаліся Адам і Марыля. Па гэтай сцяжыне прайшліся і мы з Таццянай Станіславаўнай. Канцавы пункт нашага краязнаўчага маршруту — камень Міцкевіча, каля якога паэт чытаў сваёй каханай творы інтымнай лірыкі.

— Гэты валун яшчэ называ­юць каменем кахання і надзеі. Што цікава, Адам і Марыля нарадзіліся ў адзін дзень, 24 снежня, з розніцай усяго ў адзін год. Упершыню яны сустрэліся ў 1818 годзе ў Туганавічах, у маёнтку сям’і Верашчакаў на Навагрудчыне. Тады Адам быў студэнтам Віленскага ўніверсітэта і пры­ехаў на канікулы. Як прыгадвалі яго сябры, Марыля не здалася ім прыгожай, была невысокага росту, мела не вельмі правільныя рысы твару. Але хіба для паэта гэта галоўнае? Ён захапляўся ўнутранай прыгажосцю дзяўчыны, яе выхаванасцю, начытанасцю, веданнем некалькіх моў, майстэрствам ігры на фартэпіяна, цудоўным голасам, уменнем паводзіць сябе з іншымі людзьмі.  Сустракаліся Адам і Марыля ў Туганавічах і ўлетку 1819, 1820 гадоў, — расказвала па дарозе Таццяна Юзвік.

У хуткім часе Міцкевіч даведаўся, што Марыля выйшла замуж за Ваўжынца Путкамера, з якім была заручана. Маладыя пераехалі ў маёнтак Больцінікі. Тут і адбыліся апошнія сустрэчы паэта з каханай. Асабліва памятнай для абодвух была вясна 1822 года, калі Міцкевіч па запрашэнні Путкамераў гасцяваў у іх два тыдні.

У Адама з гэтай сям’ёй склаліся сяброўскія адносіны. Ён нават падарыў свой першы зборнік мужу Марылі. А граф спакойна гля­дзеў на заляцанні паэта-рамантыка да сваёй жонкі, бо добра разумеў сентыментальныя дзівацтвы Марылі і не надаваў ім асаблівай увагі. Ён ведаў, што Марыля добра выхавана, каб зрабіць што-не­будзь непрыстойнае. Марыля перажыла свайго мужа, была добрай, чуллівай жанчынай. Гаварылі, што яна заўсёды заступалася за дзяўчат, якіх хацелі не па іх волі выдаць замуж.

Касцёл у Беняконях. 1906 год

Вялікую справу па даследаванні жыццёвага і творчага шляху Адама Міцкевіча і Марылі Путкамер зрабіў паэт, перакладчык, ураджэнец Воранаўшчыны Міхал Феліксавіч Валасевіч. У Беняконскай сярэдняй школе з ім часта праводзіліся сустрэчы, паэтычныя вечарыны. Настаўнікі і вучні заўсёды з нецярпеннем чакалі края­знаўца, бо ведалі, што ён абавязкова захапляльна раскажа пра каханне Адама да Марылі. Напрыклад, Міхал Феліксавіч у Туганавічах ад лесніка запісаў цікавае паданне пра бярозу, якую для сваёй каханай паса­дзіў паэт. Калі графіня памерла, гэтую бярозу знішчыла маланка, але вакол вырасла шмат маладых дрэўцаў. Сёння Міхалу Валасевічу прысвечаны асобны раздзел экспазіцыі.

Пахавалі Марылю Путкамер зімой 1863 года. Правесці яе ў апошні зямны шлях прыйшло шмат людзей. А вясной, калі сышоў снег, хтосьці заўважыў над магілай невялікае воблачка, якое павольна паднялося на неба. Гаварылі, што гэта душа Марылі паляцела да свайго каханага.

— Звярніце ўвагу на крыж, высечаны на камені, — сказала Таццяна Станіславаўна, калі мы падышлі да апошняга пункта нашага маршруту. — Па адной з версій, гэта зрабіў Міцкевіч, чакаючы каханую. Ёсць меркаванне, што крыж выбіла сама Марыля ў памяць пра адносіны з Адамам. У нас ёсць такое павер’е: той, хто ўпершыню прыходзіць да гэтага каменя, павінен загадаць патаемнае жаданне, і яно абавязкова збудзецца.

Я таксама загадаў жаданне: вярнуцца ў гэтыя мясціны і яшчэ раз прайсціся сцежкамі Адама і Марылі. Спадзяюся, яно здзейсніцца.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: