РУС БЕЛ ENG 中文

Карані татарскія — душа беларуская: настаўніца Іўеўскай школы Разалія Сафаровіч прывівае вучням любоў да беларускай мовы

07.09.2026

 

“Больш за 600 гадоў мы, татары, жывём на Іўеўскай зямлі, старанна зберагаем свае традыцыі і веру. А размаўляем па-­руску і па­-беларуску, і Радзіма наша таксама тут”, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Разалія Сафаровіч карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

Разалія Сулейманаўна працуе ў Іўеўскай сярэдняй школе ўжо 32 гады, у ёй жа і вучылася. Скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, вярнулася ў родную школу настаўніцай.

— Мы, беларускія татары, жывём дружнай суполкай, адной вялікай сям’ёй, цвёрда трымаемся сваіх традыцый, — расказвае Ра­залія Сафаровіч. — Таму і не рассеяліся за гэтыя стагоддзі па ўсёй зямлі. Мой муж таксама татарын, у нас двое дзетак. Адзначаем усе татарскія святы, стараемся перадаць культуру продкаў дзецям. Дарэчы, у Іўеўскай школе сёння амаль кожны восьмы вучань мае татарскія карані, ёсць татары і сярод настаўнікаў. Але мы частка і беларускага народа, таму добра размаўляем на беларускай мове і любім яе.

Мой родны брат Адам Радзецкі — імам мусульманскай абшчыны Іўя. Ён, як і я, выкладае беларускую мову і літаратуру ў нашай школе — ужо 26 гадоў!

Як настаўніца хачу пера­даць вучням сваю любоў да чыстай, мілагучнай беларускай мовы, якой захапілася яшчэ ў дзяцінстве. Любіла творы Янкі Купалы, Максіма Танка, чытанне займала вялікую частку майго жыцця… Добра было б, каб і сёння дзеці мелі такую ж прагу да чытання, як мы некалі. Стараюся максімальна прыву­чыць дзяцей да кнігі, абу­дзіць у іх дапытлівасць, прыцягнуць да самастойнай працы з літаратурай, прывабіць загадкамі роднай мовы. Спадзяюся, у мяне гэта атрымліваецца.

Роднай беларуская мова стала для татар яшчэ ў XIV стагоддзі, як толькі яны з’явіліся на нашай зямлі. Жылі татары суполкамі, адна з якіх і заснавалася ў Іўі. Займаліся рамёствамі, неслі вайсковую службу і вельмі дружна суіснавалі з нашымі продкамі. Сёння ў Іўі каля 600 чалавек татарскай нацыянальнасці (горад нават называюць татарскай сталіцай Беларусі), і гэта іх самае вялікае пасля Мінска згуртаванне. Сяліліся яны ў так званай татарскай слаба­дзе, якая размяшчалася на сённяшніх вуліцах Савецкай і Леніна. Зараз татары ўжо абасоблена не селяцца, ды і па-татарску не размаўляюць, але добра захавалі свае традыцыі, а самыя моцныя з іх — рэлігійныя. Амаль усе татары Іўя мусульмане, цэнтрам іх духоўнага і культурнага жыцця з’яўляецца Іўеўская мячэць, якая была пабудавана 150 гадоў назад і не закрывалася нават у савецкія часы.

У Іўі татарская і беларуская культуры асіміляваліся — у мясцовым музеі ёсць унікальны даматканы ручнік, вышыты беларускімі кветкамі, а побач — цытаты з Карана. Добрасуседства культур і рэлігій увасаб­ляе і мемарыял, які стаіць на Камсамольскай плошчы горада — “У гонар дружбы і адзінства канфесій Іўеўшчыны”. Ён прысвечаны чатыром канфесіям і ўяўляе сабой манумент з чатырох высокіх стэл, кожная з якіх звернута дакладна ў бок храма сваёй канфесіі.

У Іўеўскім музеі нацыянальных культур захаваліся рукапісныя кітабы — унікальная з’ява, якая радніць беларускую і арабскую пісьменнасць. Гэта рэлігійныя кнігі беларускіх татар, напісаныя па-старабеларуску, але з выкарыстаннем арабскага алфавіта.

Прыцягвае і моўны феномен: татары на Беларусі, хаця паступова і перайшлі на мясцовую гаворку, але захавалі арабскую графіку.

Адначасова з беларускай іўеўскія школьнікі, якія маюць татарскае паходжанне, вывучаюць і арабскую мову.

— Для гэтага пры нашай татарскай суполцы існуе спецыяльная школа па вывучэнні арабскай мовы — яе падчас летніх канікул могуць наведваць як дзеці, так і дарослыя, — адзначае Разалія Сулейманаўна. — Вывучаем арабскую, бо на ёй скла­дзена большасць нашых рэлігійных тэкстаў і, вядома, сам Каран.

Вось такія мультылінгвістычныя школьнікі жывуць сёння ў Іўі. Пры гэтым беларускую мову вучні Разаліі Сулейманаўны спасцігаюць на вельмі высокім узроўні. У мінулым годзе дзесяцікласніца Паліна Манулік заняла 1-е месца на абласной алімпіядзе. Дарэчы, за больш чым 30 гадоў настаўніцтва Разалія Сафаровіч падрыхтавала нямала пераможцаў алімпіяд.

— Шмат увагі ўдзяляю самастойнай рабоце вучняў — загадзя даю заданні да кожнай тэмы — па мове ці літаратуры: ­падрыхтаваць паведамленне, пашукаць у розных крыніцах нейкія цікавыя звесткі, правесці міні-даследаванне, — дзеліцца настаўніца. — Штогод у нашым класе праводзім тэматычныя заняткі “Жыве ў вяках беларускае слова”, “А як будзе па-беларуску?”, арганізуем выставы, прысвечаныя творцам беларускай літаратуры. Хацелася б, каб беларуская мова зай­мала больш месца ў сэрцах нашых дзяцей, каб больш выпускнікоў выбіралі беларускую мову на цэнтралізаваным экзамене… Мы такія ж беларусы, як і татары, і ўсёй душой хварэем за родную зямлю.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: