Вольга Антропава — як ператварыць вывучэнне новай тэмы па матэматыцы ў маленькае навуковае адкрыццё
07.09.2026Сямейныя педагагічныя традыцыі, пазнавальная цікавасць і смеласць дапамаглі настаўніцы матэматыкі Вользе Антропавай з гімназіі № 2 імя А.В.Гарбатава Ваўкавыска стаць фіналісткай конкурсу “Настаўнік года”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выбрана пакаленнямі
Сёлета названую навучальную ўстанову ў фінале конкурсу педагагічнага майстэрства будуць славіць два педагогі. Раней мы пісалі пра настаўніцу іспанскай мовы Вольгу Шпак. Абедзве Вольгі вучыліся ў 2-й гімназіі, а таму пасталелі і адбыліся як педагогі ў адметнай гімназічнай атмасферы ўзаемапавагі, няспыннага развіцця і руху наперад. Гэта якраз той выпадак, калі сінергія зладжанага педагагічнага калектыву дае прастору для асобаснага і прафесійнага росту. А калі ўласны вопыт мацуецца сямейнымі педагагічнымі каштоўнасцямі, то дасягненне поспеху становіцца не самамэтай, а заканамернасцю. Прыклад Вольгі Антропавай у гэтым плане паказальны.
— Асабістага выбару ў маёй прафесійнай гісторыі фактычна не было: ён быў зроблены за мяне папярэднімі пакаленнямі. Дзядуля працаваў настаўнікам матэматыкі, і я вельмі гэтым ганарылася. Заўсёды захаплялася, уяўляючы яго работу ў пасляваенныя гады. Гэта цяпер настаўнік лічыцца звычайным чалавекам, а вось атрымаць педагагічную адукацыю і вучыць дзяцей у 50-я гады мінулага стагоддзя было варта павагі. Мама, настаўніца пачатковых класаў, таксама ўнесла ўклад у мой прафесійны выбар. Я ведала ўсіх яе вучняў, прыязджала да яе на работу, даследавала кабінеты і метадычныя матэрыялы, дапамагала рыхтавацца да адкрытых урокаў. Часта сядзела побач з чырвонай ручкай у руцэ. Думаю, мама давярала мне праверку сшыткаў, каб я адчувала сваё дачыненне да прафесіі. Сёння разумею, што калі яна пераправярала маю працу, то рабіла гэта з любоўю і верай у маю будучыню. Таму пытанне паступлення на педагагічную спецыяльнасць перада мной не стаяла. Сам сусвет сказаў: “Гэта тваё месца”, — расказала Вольга Міхайлаўна.
Разам з тым на дзяўчыну ў свой час паўплывалі і педагогі — на той момант сярэдняй школы № 6 Ваўкавыска (цяпер гэта гімназія № 2).
— Я была вучаніцай з рознабаковымі інтарэсамі: паспяхова ўдзельнічала ў канферэнцыях па гісторыі, у алімпіядах па беларускай мове, з лёгкасцю размаўляла па-іспанску, але асабліва любіла матэматыку і вельмі паважала сваю настаўніцу Ірыну Казіміраўну Сіроціну. Яна штодня разбурала стэрэатып аб тым, што матэматыка — гэта сумна. На яе ўроках мы не баяліся памыляцца. Яна ўмела ператвараць складаныя задачы ў займальныя квесты і дала мне не проста веды, а ўпэўненасць, што я змагу тлумачыць матэрыял гэтак жа зразумела, прыгожа і захоплена. Менавіта Ірына Казіміраўна паказала мне ідэальны вобраз таго настаўніка, якім я захацела стаць. І цяпер, калі разгортваю падручнік па алгебры або геаметрыі, заўсёды ўяўляю, як бы на маім месцы тлумачыла матэрыял яна. Увогуле, многія метады і прыёмы сваіх настаўнікаў я ўзяла ў педагагічную дзейнасць і жыццё, — працягнула Вольга Антропава.
Якасць — не за знешнім парадкам

Сёння ў арсенале Вольгі Міхайлаўны — актуальныя прыёмы і метады навучання, адметныя формы работы. За гады працы яна прыйшла да разумення, што эфектыўны ўрок — гэта не пасіўнае ўспрыманне інфармацыі, а актыўная разумовая і практычная дзейнасць навучэнцаў. Сваю прафесійную пазіцыю будуе на перакананні: якасць урока вызначаецца не знешнім парадкам, а ступенню ўцягнутасці дзяцей у вучэбны працэс. Таму ключавым этапам заняткаў лічыць эмацыянальна-змястоўны ўваход у тэму, які дазваляе зняць псіхалагічныя бар’еры і настроіць клас на прадукцыйную працу. Замест фармальнага агучвання тэмы педагог прапануе праблемнае пытанне або нестандартную асацыяцыю, што спрыяе ўзнікненню пазнавальнай цікавасці з першых хвілін урока.
— За гады працы ў школе я прыйшла да цвёрдага пераканання: матэматыка — гэта не набор формул і алгарытмаў, а жывы інструмент мыслення. Таму ў аснове маёй педагагічнай дзейнасці ляжыць не трансляцыя гатовых ведаў, а арганізацыя мысленчай дзейнасці вучня. Я выкарыстоўваю праблемна-пошукавы метад, пачынаючы свой ўрок не з тлумачэння тэмы, а са стварэння сітуацыі нявызначаннасці — задачы, якую вядомымі спосабамі вырашыць немагчыма. Гэта абуджае цікаўнасць і ператварае вывучэнне новай тэмы ў маленькае навуковае адкрыццё. Важным элементам майго ўрока з’яўляецца фарматыўнае ацэньванне. Я ўспрымаю яго не як інструмент кантролю, а як спосаб дыялогу з вучнем. Выкарыстоўваю прыёмы “Святлафор”, “Сігнал рукой” (імгненная зваротная сувязь па ўзроўні разумення), “Адна хвіліна эсэ” (рэфлексія ў канцы этапу) і ўзаемаацэньванне па дакладных крытэрыях. Я не стаўлю “мінус” за няправільны альбо недакладны адказ — замест гэтага мы разам разбіраем “кропку росту”. Для мяне важна не злавіць вучня на няведанні, а ўбачыць яго прагрэс: куды ён рухаецца, што ў яго атрымліваецца лепш, а дзе неабходная мая падтрымка. Выкарыстоўваю лісты самаацэнкі, дзе дзіця фіксуе свае цяжкасці, і на аснове гэтых даных карэкцірую ход урока прама падчас заняткаў, а не толькі ў канцы чвэрці, — адзначыла настаўніца.
У сваёй практыцы яна актыўна выкарыстоўвае штучны інтэлект як інструмент аптымізацыі педагагічнай дзейнасці.
— Нейрасеткі дазваляюць аператыўна генерыраваць шматузроўневыя заданні з улікам індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў, што істотна эканоміць час на падрыхтоўку і дае магчымасць сканцэнтравацца на непасрэдным узаемадзеянні з кожным вучнем. Акрамя таго, інструменты ШІ прымяняю для візуалізацыі
абстрактных матэматычных аб’ектаў (складаных графікаў, геаметрычных цел, сячэнняў), што значна пашырае нагляднасць і даступнасць тлумачэння. Разглядаю штучны інтэлект выключна як дапаможны сродак, які не падмяняе, а дапаўняе жывыя зносіны настаўніка і навучэнца, — заўважыла Вольга Міхайлаўна.
Адным з сістэмаўтваральных элементаў яе педагагічнай дзейнасці з’яўляецца развіццё эмацыянальнага інтэлекту навучэнцаў:
— Кожнае дзіця павінна мець магчымасць раскрыць свой патэнцыял. Пераадоленне страху перад матэматыкай, зняцце трывожнасці, звязанай з магчымай памылкай, — гэтыя задачы вырашаю праз прыёмы актыўнага слухання, публічнае прызнанне нават невялікіх поспехаў і акцэнт не на выніку, а на працэсе пошуку рашэння. Бо ў атмасферы даверу і прыняцця інтэлектуальны патэнцыял раскрываецца нават у тых дзяцей, якія першапачаткова пазіцыянавалі сябе няздольнымі да матэматыкі.
Прынцыпова важным кампанентам сваёй метадычнай сістэмы педагог лічыць фарміраванне ў школьнікаў рэфлексіўнага мыслення, таму зыходзіць з таго, што памылка ў вучэбным працэсе — не недахоп, а рэсурс для развіцця. Усведамленне гэтага факта становіцца зыходным пунктам падчас фарміравання ў вучняў унутранай патрэбы аналізаваць уласныя дзеянні і іх вынікі.
Штодзённая патрэба
Прафесійнае развіццё для Вольгі Антропавай — штодзённая патрэба. У цэнтры яе ўвагі — эргапедагогіка і нейрапедагогіка, вывучэнне кагнітыўных механізмаў, якія ляжаць у аснове матэматычнага мыслення. Гэта дазваляе дыферэнцыраваць вучэбны матэрыял з улікам індывідуальных тэмпаў і спосабаў апрацоўкі інфармацыі кожным вучнем. Паралельна Вольга Міхайлаўна асвойвае сучасныя лічбавыя платформы для стварэння інтэрактыўных вучэбных матэрыялаў. Разам з тым яна пераканана, што тэхналагічныя інавацыі з’яўляюцца толькі інструментам, а не самамэтай. Базавай каштоўнасцю для настаўніцы застаюцца жывыя педагагічныя зносіны і глыбіннае разуменне прадмета.
— Місія настаўніка — не трансляцыя інфармацыі, а выхаванне асобы, здольнай думаць самастойна, крытычна і творча. Менавіта гэта, на мой погляд, складае галоўную каштоўнасць і сэнс нашай прафесіі, — лічыць Вольга Міхайлаўна.
І, зразумела, атрымлівае задавальненне, калі бачыць, як яе вучні растуць, пераадольваюць сябе і атрымліваюць вынікі, якія яшчэ ўчора здаваліся недасягальнымі. Яе вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і неаднаразовымі прызёрамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, Гродзенскага абласнога турніру юных матэматыкаў. Безумоўна, настаўніца ганарыцца тым, што яны не баяцца выклікаў і гатовы спаборнічаць з наймацнейшымі.
— Хачу асабліва адзначыць удзел маіх выхаванцаў у міжнародным праекце “Сіла розуму” Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўнікальная пляцоўка, якая аб’ядноўвае таленавітую моладзь з розных краін і дае магчымасць праявіць сябе, рашаючы прыкладныя задачы, якія патрабуюць нестандартнага мыслення і глыбокіх ведаў. Мае вучні годна прадставілі свой горад і краіну ў гэтым праекце, стаўшы прызёрамі міжнароднага турніру і ўдзельнікамі міжнародных інжынерных спаборніцтваў. Яшчэ адным значным напрамкам работы з’яўляецца супрацоўніцтва з ліцэем № 329 Санкт-Пецярбурга. Неаднаразова мае навучэнцы станавіліся прызёрамі канферэнцыі навукова-даследчых праектаў школьнікаў з міжнародным удзелам “Будучыня — гэта мы!”. Выніковы ўдзел у такіх праектах — гэта не толькі прызнанне на міжнародным узроўні, але і магчымасць пагрузіцца ў атмасферу сур’ёзнай навуковай дыскусіі і пераняць вопыт аднагодкаў з іншых краін.
Аднак, пералічваючы дыпломы і званні, я заўсёды вяртаюся да таго, што лічу найважнейшым. Галоўнае для мяне — штодзённая, карпатлівая праца, якая застаецца за межамі афіцыйных пратаколаў. Гэта той момант, калі вучань, які ўчора баяўся падысці да складанай задачы, сёння рашае яе з упэўненасцю ў вачах. Гэта радасць, калі школьнік гаворыць: “Я зразумеў!” Гэта задавальненне, калі вучань прыходзіць і дзякуе не за адзнаку, а за тое, што я дапамагла яму паверыць у свае сілы, — падзялілася настаўніца.
— Для мяне конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — гэта тры вымярэнні аднаго вопыту: складанасць, пазнавальнасць і цікавасць, якія спляліся ў адзінае цэлае.
Складанасць праяўляецца на кожным этапе. Конкурсныя заданні патрабуюць не проста дэманстрацыі напрацаваных навыкаў, а здольнасці імгненна перастройвацца, знаходзіць нестандартныя рашэнні ва ўмовах часавага рэгламенту і публічнасці. Кожны выхад да аўдыторыі — дадатковая адказнасць, бо тваю працу ацэньваюць не навучэнцы і калегі, а аўтарытэтнае журы. Такая канцэнтрацыя прафесійных і асобасных рэсурсаў з’яўляецца сур’ёзным выпрабаваннем, але менавіта гэта дазваляе ўбачыць свае сапраўдныя межы і магчымасці.
Пазнавальны аспект конкурсу з’яўляецца для мяне, можа, нават важнейшым, чым спаборніцкі. Знаходзячыся ў конкурснай прасторы, я атрымліваю доступ да ўнікальнай метадычнай палітры: ад класічных прыёмаў да смелых педагагічных эксперыментаў. Конкурсныя ўрокі і майстар-класы, метадычныя семінары і заняткі з’яўляюцца крыніцай новых ідэй, свежых падыходаў і падставай для глыбокай прафесійнай рэфлексіі.
І нарэшце, цікавасць. Гэта тое пачуццё, якое суправаджае мяне на працягу ўсяго конкурсу, нягледзячы на стомленасць і хваляванне. Цікавасць да калег і да таго, як па-рознаму можна любіць і выкладаць свой прадмет. Цікавасць да зваротнай сувязі ад экспертаў, якія адначасова патрабавальныя і добразычлівыя. Цікавасць да дзяцей, з якімі давялося працаваць на конкурсных уроках, бо іх жывая рэакцыя, шчырыя пытанні і непадробленая цікаўнасць служаць галоўным паказчыкам эфектыўнасці педагагічнага ўзаемадзеяння, — адзначыла Вольга Міхайлаўна.
Источник: https://nastgaz.by
