РУС БЕЛ ENG 中文

У школах Гродна адкрыліся беларускамоўныя першыя класы

02.09.2026

 

СШ 34 -1.jpg

У Гродне адкрыты беларускамоўныя класы. І ваша дзіця яшчэ можа паступіць у першы клас. Расказваем, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак сядуць за парты, якія ўмовы створаны для навучання на роднай мове і што трэба, каб дзіця трапіла ў такі клас.
 

У новым навучальным годзе сярэдняя школа №34 горада Гродна зноў, як і летась, адкрывае беларускамоўны клас для першакласнікаў.

Варта адзначыць, што падобныя класы перыядычна адчыняюцца ў абласным цэнтры. Арыентуюцца ў першую чаргу на жаданне законных прадстаўнікоў навучэнцаў. Як гаворыцца, было б жаданне, а адміністрацыя ўстаноў адукацыі заўсёды гатова ісці насустрач бацькам. Нават пры малой колькасці вучняў ствараюцца ўсе ўмовы для паўнацэннага навучальнага працэсу.

Напрыклад, сёлета ў клас з беларускай мовай навучання сярэдняй школы №34 на дадзены момант залічаны пяць чалавек. Для іх навучанне ад "А" да "Я" будзе арганізавана на роднай мове.

Як распавёў дырэктар установы адукацыі Віталь Парманчук, падобная практыка для школы не новая – у 2025/2026 навучальным годзе тут ужо выпусцілі беларускамоўны клас 9-класнікаў, у якім займаліся восем чалавек. Вопыт паказвае, што ўсе базавыя прадметы, асабліва ў пачатковай школе, выкладаюцца строга на беларускай мове.

Пытанняў забеспячэння спецыяльнай літаратурай ва ўстанове адукацыі няма – навучэнцы цалкам забяспечаны вучэбнымі дапаможнікамі.

Адзначым, што для некаторых дысцыплін, такіх як фізічная культура, школьнікаў аб'ядноўваюць з аднагодкамі з паралельных класаў. Робіцца гэта ў інтарэсах дзяцей, бо для правядзення займальных спартыўных заняткаў неабходна вялікая група.

Каб дапамагчы законным прадстаўнікам будучых першакласнікаў прыняць рашэнне, навучанне на якой з дзяржаўных моў выбраць для свайго дзіцяці, у школе правялі маштабную работу. Новаўвядзеннем гэтага года стала запрашэнне на бацькоўскі сход маці, чыё дзіця ўжо паспяхова вучыцца на беларускай мове. Яна падзялілася асабістым пазітыўным вопытам і расказала пра важнасць стварэння правільнага моўнага асяроддзя.

Аднак ключавым фактарам поспеху выступае наяўнасць кваліфікаваных кадраў. Як растлумачыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Карпук, у сярэдняй школе №34 сфарміраваны моцны педагагічны калектыў.

– У нас ёсць спецыялісты, якія здольныя цалкам весці ўсе прадметы на беларускай мове, – распавяла Таццяна Карпук. – Бацькі ахвотна аддаюць першакласнікаў менавіта да тых настаўнікаў, якія паспяхова навучаюць дзяцей на роднай мове ўжо больш за дзесяць гадоў.

Сёлета, напрыклад, з першым класам будзе працаваць вопытная педагог Алена Віктараўна Серак. Яна праводзіць яркія і пазнавальныя пазакласныя мерапрыемствы, звязаныя з беларускімі традыцыямі.

Падобны досвед адкрыцця класаў з беларускай мовай навучання актыўна падтрымліваецца на гарадскім узроўні. Начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Людміла Ніцкая паведаміла, што аналагічны беларускамоўны клас у новым навучальным годзе набіраўся таксама ў сярэдняй школе №32 імя Т.Р. Ларыёнавай, дзе за парты сядуць 11 вучняў.
 
Источник: https://grodnonews.by
поделиться в: