РУС БЕЛ ENG 中文

Дырэктар гімназіі № 1 Дзятлава — пра адметнасці сёлетняга выпуску і таленавітую каманду педагогаў

21.07.2026

Мінулы навучальны год для гімназіі № 1 Дзятлава завяршыўся пад знакам лідарства: установа занесена на раённую Дошку гонару. Дырэктар Вераніка Фабішэўская расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, што менавіта камандная работа дапамагла дасягнуць высокага выніку.

— Вераніка Пятроўна, не толькі гімназія, але і вы асабіста занесены на раённую Дошку гонару. Якімі былі першыя эмоцыі?

— Тое, што калектыў зойме сваё пачэс­нае месца на Дошцы гонару, не стала для мяне нечаканасцю. Па выніках 2025 года сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі мы былі першымі ў раёне. А вось калі даведалася, што і для майго партрэта тут адведзена месца, было адначасова радасна, хвалююча і крыху няёмка. Вядома, гэта адказна. І прыемна, калі працу заўважа­юць. Напэўна, кожны чалавек у душы гэтага чакае.

— На якіх прынцыпах бу­дуеце работу з калектывам?

— На даверы да кожнага работніка, узаемадзеянні і супрацоўніцтве. Мне здаецца, толькі так можна дасягнуць выніку. Сапраўдная каманда будуецца перш за ўсё на чалавечых адносінах, на ўменні чуць адно аднаго. Без гэтага ў школе немагчыма.

— Калектыў гімназіі невялікі: 25 педагогаў, 4 з іх — нас­таўнікі-метадысты, 68% маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. З такімі прафесіяналамі лёгка працаваць?

— З высокакваліфікаванымі спецыя­лістамі працаваць лёгка і цікава. Наш калектыў пастаянна дзеліцца вопытам.

У нас штогод праходзіць панарама адкрытых урокаў. Настаўнікі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і настаўнікі-метадыс­ты запрашаюць калег на свае заняткі. Вельмі важна, каб гэтыя ўрокі наведвалі маладыя педагогі.

Пасля панарамы звычайна праводзім метадычны фестываль, дзе кожны дзеліцца сваімі напрацоўкамі. І трэба адзначыць, часам у маладых педагогаў столькі цікавых прапаноў, што і вопытным калегам ёсць чаму павучыцца.

— Педагогі гімназіі прадстаўляюць свой вопыт і за межамі ўстановы.

— Нашых настаўнікаў-метадыстаў часта запрашаюць на курсы павышэння кваліфікацыі, майстар-класы, метадычныя мера­прыемствы. Яны выступаюць і ў раёне, і ў вобласці, і ў Мінску. Для нас гэта важна: калі педагог развіваецца сам, то захапляе сваім прадметам і дзяцей.

Нядаўна настаўніца фізікі Людміла Канавалік стала пераможцай конкурсу метадычных распрацовак з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, які право­дзіла Акадэмія адукацыі. Педагогі гімназіі заўсёды адкрытыя для новага вопыту, яны не стаяць на месцы.

— Сёлета выпускнікі гімназіі атрымалі 4 стабальныя вынікі на ЦЭ і ЦТ. Наколькі чаканымі яны былі?

— Хачу звярнуць увагу, што наша гімназія — гэта невялікая гарадская ўстанова. Увесь выпуск — усяго 24 чалавекі. Таму для нас такія вынікі асабліва значныя. Тры 100-бальныя сертыфікаты дзеці атрымалі па рускай мове, іх падрыхтавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Леанідаўна Ясюлевіч. Яшчэ адзін 100-бальны вынік — па матэматыцы, педагог — Святлана Іосіфаўна Кетка.

Ёсць і 95—99 балаў па грамадазнаўстве, фізіцы, матэматыцы, беларус­кай мове. У цэлым сярэдні бал здачы ЦЭ — 77,9, самы высокі ў раёне. У класе 5 медалістаў. І ўсё гэта — вялікая праца дзяцей, педагогаў і бацькоў.

— Якія яшчэ дасягненні гімназістаў для вас важныя?

— Сёлета ў нас добрыя вынікі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Ягор Барук атрымаў дыплом II ступені па інфарматыцы, яго рыхтавала Святлана Іосіфаўна Кетка. Гардзей Самахвал стаў уладальнікам дыплома III ступені па хіміі, яго нас­таўнік — Мікалай Валянцінавіч Губко. Дар’я Бурдун адзначана граматай па рускай мове і рус­кай літаратуры, педагог — Таццяна Леанідаўна Ясюлевіч. Ганна Радомская атрымала грамату па фізічнай культуры і здароўі, педагог — Аляксандр Аляксанд­равіч Белавус.

Ёсць поспехі і ў даследчай дзейнасці. Нашы навучэнцы атрымалі дыпломы абласнога конкурсу “Хрустальная Альфа”, канферэнцыі “Навука перама­гаць”, абласнога этапу праекта “100 ідэй для Беларусі”. У межах дзейнасці Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі ў 2025 годзе гімназія заваявала 4 дыпломы, у тым ліку 2 — І ступені.

— Дзеці ў гімназіі матываваныя?

— Вельмі, і гэта натхняе. Памятаю, дзесяцікласнік пасля алімпіяды па інфарматыцы падышоў, абняў мяне і сказаў: “Бу­дзе рэспубліка!” Я яму адказала: “Ну, вядома, будзе! Мы ў цябе верым”. Пасля гэтых слоў юнак быў рашуча настроены на перамогу. Такія моманты вельмі дарагія і свед­чаць пра стаўленне вучняў да поспеху ў алімпіядным руху.

— Што для вас з’яўляецца знакам якасці ў рабоце ўстановы адукацыі?

— Знак якасці — гэта калі кожны ў калектыве разумее сваю адказнасць і выконвае работу сумленна. Калі настаўнік не проста праводзіць урок, а вядзе вучняў да выніку. Калі дзеці хочуць спрабаваць свае сілы і перамагаць у спаборніцтвах. І калі ў калектыве ёсць давер: без яго нічога значнага не атрымаецца.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: