Як знайсці сабе апору. У гімназіі Смаргоні падлеткі вучацца перажываць крызісныя станы і асвойваюць тэхнікі самадапамогі
24.07.2026Аб прафілактыцы крызісных станаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае педагог-псіхолаг гімназіі Смаргоні Наталля Молчан.
Амерыканскія горкі
З Наталляй Аляксееўнай мы сустракаемся ў прасторным і светлым кабінеце педагога-псіхолага смаргонскай гімназіі. Кабінет незвычайны: цэнтральнай выявай, якая адразу прыцягвае погляд наведвальніка, з’яўляецца інсталяцыя этапаў праходжання крызісу. Праз усю сцяну — малюнак чыгуначнага палатна, якое, быццам наша непрадказальнае жыццё, то ўзнімаецца ўгору, то падае ўніз. Сапраўдныя амерыканскія горкі. Адразу зразумела, што працаваць з крызіснымі сітуацыямі тут умеюць.

— Гэтая інсталяцыя ўяўляе сабой этапы праходжання крызісу, ці этапы пражывання эмоцый: шок — адмаўленне — злосць — торг — апатыя — прыняцце — намер, — пачынае Наталля Молчан. — Каля кожнай са стадый размешчаны QR-код, дзе можна прачытаць пра гэтыя стадыі праходжання крызісу падрабязней. Акрамя таго, прапісаны асноўныя эмоцыі, якія дазваляюць зразумець, на якім этапе знаходзіцца чалавек. Тут жа пытанні для рэфлексіі — падказкі, што рабіць у пэўнай сітуацыі, куды рухацца. Мне вельмі падабаюцца смешныя чалавечкі — хлопчык і дзяўчынка, якія рухаюцца ў вазку па чыгуначным палатне. Яны набіраюць разгон, гэта сведчыць пра тое, што, як бы балюча і цяжка ні было, усё — часова. І заўсёды знаходзяцца сілы, каб праехаць усе стадыі. Самая цяжкая са стадый — апатыя, дзе ёсць магчымасць завязнуць, калі не набраць добры разгон ці няма сіл падняцца ўгору.
Трэба разумець, што ўсё — часова: дзень змяняе ноч, дрэннае надвор’е становіцца добрым. Так і цяжкасці праходзяць.
Галоўнае, што я тлумачу дзецям, — бачыць станоўчае нават у негатыве. Стараюся вучыць гімназістаў тэхнікам зняцця напружання і расслаблення, пазітыўнаму погляду на жыццё і пазітыўнаму мысленню.
Выстаяць на хвалях
Наталля Молчан у сваёй рабоце актыўна выкарыстоўвае метафарычныя асацыятыўныя карты, псіхалагічныя гульні. Цікавая фішка, якой карыстаецца педагог-псіхолаг, — псіхалагічны дворык “Моцны духам”, які складаецца з трох майстэрань: “Дапамажы сабе сам” (размова пра эмоцыі і ўменне іх усведамляць, пераадольваць), “Стань лепшай версіяй сябе” (работа з асобаснымі асаблівасцямі дзяцей — самаацэнкай, упэўненасцю ў сабе, уменнем выбудоўваць асабістыя межы), “Разблакіруй свой рэсурс” (пошук унутраных і знешніх рэсурсаў).
— Мы нават не задумваемся часам, што з’яўляецца для нас рэсурсам. А гэта, напрыклад, папіць цёплай гарбаты, выспацца, патанцаваць, пагуляць з сябрамі, пакатацца на веласіпедзе. Варта пастаянна напамінаць пра гэта дзецям, як і пра тое, што галоўны рэсурс — людзі: бацькі, настаўнікі, — дадае Наталля Аляксееўна.
Чалавек здольны перажываць вялікую колькасць эмоцый. Дапамагчы дзецям распазнаць эмоцыю змогуць героі мультфільма “Галаваломка”. Гэтыя персанажы часта прысутнічаюць на занятках педагога-псіхолага з першакласнікамі, бо яны адпавядаюць узроставым асаблівасцям вучняў.

Наталля Молчан расказвае, што ў гімназіі Смаргоні шмат гавораць з навучэнцамі падлеткавага ўзросту пра жыццеўстойлівасць. Для падтрымкі гімназістаў праводзяцца трэнінгі, напрыклад, “Выстаяць на хвалях, ці Як знайсці сабе апору”. На іх падлеткі знаёмяцца з крызіснымі станамі і вучацца іх перажываць, а таксама асвойваюць тэхнікі і прыёмы самадапамогі — дыхальныя практыкаванні і г.д. Дзеці вучацца спраўляцца з негатыўнымі эмоцыямі, калі атрымалі адзнаку, ніжэйшую чым чакалі. Вынікам рэалізацыі праекта “Моцны духам” была распрацоўка аўтарскіх буклетаў для навучэнцаў “Пяць спосабаў справіцца з негатыўнымі станамі” і для бацькоў “Дыялог з падлеткам”. Падлеткі вучацца разумець, што важнымі з’яўляюцца ўсе эмоцыі: калі нам сумна, то трэба пасумаваць, а калі весела, то парадавацца.
Не забываюцца ва ўстанове адукацыі і пра педагогаў, для іх праводзяцца трэнінгі “Утаймаванне буры, ці Як кіраваць стрэсам і эмоцыямі”, “Самарэгуляцыя эмацыянальнага стану як умова паспяховасці педагагічнага ўзаемадзеяння” і інш.
Проста жыць
У гімназіі месячнік па прафілактыцы крызісных станаў “Проста жыць” праходзіць двойчы на год. Ён накіраваны на ўмацаванне псіхічнага здароўя, прафілактыку крызісных станаў, фарміраванне навыкаў кіравання стрэсам і канструктыўнага вырашэння праблем. Сярод задач — развіццё эмацыянальнага інтэлекту, камунікатыўных навыкаў, пазітыўнага стаўлення да жыцця, умення вырашаць складаныя жыццёвыя сітуацыі, азнаямленне з тэхнікамі зняцця напружання.
Кожны тыдзень месячніка тэматычны. Першы тыдзень — творчы, які арганізоўвалі сумесна з класнымі кіраўнікамі. Прайшоў конкурс малюнкаў для навучэнцаў “Проста жыць”. Другі тыдзень — спартыўны. Былі праведзены конкурс флэшмобаў, спартыўныя перапынкі. Трэці тыдзень месячніка супаў з канікуламі, таму яго правялі ў фармаце кінатыдня — паказалі дзецям мультфільм “Душа” і кінафільм “Таварыства мёртвых паэтаў”, якія потым, зразумела, абмеркавалі. Дарэчы, кінапрагляды ў гімназіі арганізуюцца дзякуючы шыкоўнай актавай зале з вялізным экранам, дзе ёсць магчымасць камфортна паглядзець кіно. Месячнік завяршаецца тыднем кампліментаў і “Псіхалагічным дворыкам”. Тут нават падрыхтавалі спецыяльны куфэрак кампліментаў, дзе будуць захоўвацца крэатыўныя аўтарскія кампліменты навучэнцам і настаўнікам.
Шчырая размова
З якімі крызіснымі станамі сутыкаюцца сучасныя дзеці? Па словах педагога-псіхолага Наталлі Молчан, крызісам можна назваць сітуацыю, калі чалавек сутыкаецца з праблемай, якую не можа вырашыць у кароткі перыяд. Узнікае крызісная сітуацыя. Калі чалавек не можа яе вырашыць, у яго з’яўляюцца страх, крыўда, няўпэўненасць, адчай, боль. І калі гэтыя эмоцыі доўга не пакідаюць, то наступаюць крызісныя перажыванні, якія мабілізуюць усе абарончыя механізмы чалавека.

— Не магу сказаць, што нашы дзеці звяртаюцца да мяне з крызіснай сітуацыяй цяжкай страты, гаворка больш ідзе пра ўзроставыя крызісы, — гаворыць Наталля Аляксееўна. — Дзяцей трывожаць канфліктныя сітуацыі, булінг у класе, здача экзаменаў і напісанне кантрольных работ, калі падлетак так моцна перажывае, што не можа засяродзіцца і ўспомніць вывучаны матэрыял. Настаўнікі часам звяртаюцца з просьбай пагутарыць з пэўным вучнем, у якога праблемы ў сям’і: добра вучыўся, а зараз засынае на ўроку, знізілася паспяховасць, дзіця перастала сачыць за сваім знешнім выглядам, стала прапускаць урокі і падманваць настаўніка. Мне гэта адразу гаворыць пра крызіс у сям’і дзіцяці: развод бацькоў, канфлікт з блізкім чалавекам ці страта роднага, хвароба члена сям’і. А яшчэ я часта сутыкаюся ў пачатковай школе з дзіўнай сітуацыяй. Бацькі пачаткоўцаў з-за сваёй занятасці не ўдзяляюць дастаткова ўвагі выхаванню дысцыпліны і адказнасці ў дзяцей. У сям’і парушана іерархія, дзіця кіруе бацькамі, у сям’і адсутнічаюць асабістыя межы, дзіця не разумее, што можна рабіць на ўроку, а што катэгарычна нельга. У такой сям’і дзіця любімчык, якому ўсё дазваляецца. Такія бацькі абсалютна бездапаможныя ў плане выхавання, яны не вучаць дзіця правілам знаходжання ў калектыве. І атрымліваецца, што настаўнік пачынае весці ўрок, а дзіця заяўляе, што не хоча сядзець на занятках, можа ўстаць з-за парты і займацца сваёй справай. Такім чынам, вучэбныя паводзіны поўнасцю адсутнічаюць.
Зараз шмат матэрыялаў для бацькоў у інтэрнэце, але некаторыя таты і мамы нават калі чытаюць інфармацыю пра выхаванне дзяцей, то не прымяняюць яе на практыцы. Ведаць — не значыць умець і рабіць. Наталля Молчан прызнаецца, што дае бацькам самыя простыя парады: “Уважліва слухайце сваё дзіця”. Але далёка не заўсёды бацькі сапраўды ўдзяляюць час, каб якасна выслухаць сваё дзіця, пасядзець з ім, пацікавіцца, што яго трывожыць і што радуе, якія падзеі адбыліся ў яго жыцці. Бацькі часцей за ўсё абмяжоўваюцца двума пытаннямі да дзіцяці: якую адзнаку сёння атрымала і што ела ў сталовай на абед?
— Раю бацькам якасна праводзіць час з дзецьмі. Аднак калі пасля пытаюся ў навучэнца, як праходзяць яго выхадныя, то назіраю сапраўдны ступар: “Ніяк. “Утыкаю” ў тэлефон”. Мала хто з дзяцей расказвае, што ў іх сям’і арганізаваны сумесны з бацькамі адпачынак, прагулкі ў парку. Я цяпер нават не пытаюся пра далёкія паездкі, пасля таго як аднойчы вучань мне сказаў: “Вы нават не ўяўляеце, якое ў нас цяжкае фінансавае становішча — тры крэдыты”. Любому дзіцяці неабходны словы падтрымкі, нават проста за старанне. А ў нас прывыклі хваліць толькі за вынік. Дзіця неабходна хваліць за тое, што яно выканала работу, нават калі не атрымала за гэта высокую адзнаку, — падагульняе Наталля Аляксееўна.
Даць жыццё самому сабе
Другі год Наталля Молчан вядзе ў гімназіі аб’яднанне па інтарэсах “Аэробіка з элементамі чырлідынгу”. Выкананне высокіх падтрымак — не кожны настаўнік на гэта пагодзіцца. А Наталля Аляксееўна па жыцці любіць спорт, яна чалавек вельмі актыўны, сама ўдзельнічае ў раённых спаборніцтвах па настольным тэнісе, які асвоіла за кампанію з сынам. Той яшчэ адрэналін! Ды і з дзяцінства, са школы яна займалася спортам, удзельнічала ў спаборніцтвах і нават хацела звязаць са спортам прафесійнае жыццё. Не атрымалася. Аднак спорт “дагнаў” яе ў дарослым жыцці.
— Лічу спорт неабходным для выхавання ў сабе жыццеўстойлівасці — сілы волі, дысцыпліны, адказнасці, мэтанакіраванасці, — працягвае педагог-псіхолаг. — Калі разважаць пра тое, наколькі важныя заняткі фізічнай культурай і спортам для высокаматываваных навучэнцаў гімназіі, скажу наступнае: навучанне і заняткі фізкультурай павінны ісці паралельна. Спорт — гэта тое, што дае фундамент, на якім выбудоўваецца імкненне перамагаць. Прычым гэта не абавязкова спорт высокіх дасягненняў, а хутчэй велапрагулкі, пешыя прагулкі, гімнастыка, скейтбордынг, ролікі, тэніс. Узровень самаацэнкі надзвычай залежыць ад заняткаў спортам. Таму што самае галоўнае прызначэнне чалавека — даць жыццё самому сабе.
Источник: https://nastgaz.by
