РУС БЕЛ ENG 中文

Наталля Мулярчык: калі ў пачатковай школе навучым выказвацца і структураваць думкі, дадзім ключ ад усіх дзвярэй у будучыні

31.07.2026

Пачаць урок з раскрытага чамадана ці чорнай скрыні, а матэматыку ператварыць у запаўненне дзённіка кветкавода — Наталля Мулярчык з сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска ведае, як захапіць сучасных дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Граніт навукі і мара

Размову пра тое, чаму сярод усіх прафесій яна выбрала менавіта педагогіку, пераможца ў сваёй намінацыі абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года” Наталля Мулярчык пачынае з успаміну дзяцінства:

— У пачатковай школе наш клас налічваў 42 вучні! Але мая першая настаўніца Тамара Георгіеўна Хутко ўмела быць маяком для кожнага. У 3 класе мы вывучалі карысныя выкапні, у тым ліку граніт. Памятаю, як пасля ўрокаў з сяброўкай пайшлі да чыгункі і набралі поўныя кішэні гранітных камянёў. Менавіта тады я ўпершыню прызналася і ёй, і самой сабе: вельмі хачу, як і наша настаўніца, вось так стаяць перад класам, раздаваць дзецям гэтыя камяні і з захапленнем расказваць пра іх. А на наступны дзень мы прынеслі ўсе сабраныя “скарбы” ў школу, каб Тамары Георгіеўне дакладна хапіла такіх каменьчыкаў для кожнага вучня. (Усміхаецца.)

Дзіцячая мара аказалася вельмі ўпартай, а шлях у прафесію быў прамым і ўсвядомленым: Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, затым Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Першыя працоўныя крокі Наталля Васільеўна рабіла ў пачатковай школе гарадскога пасёлка Краснасельскі, а апошнія 19 гадоў яе жыцця непарыўна звязаны з ваўкавыскай школай № 7. Дарэчы, самай вялікай школай раёна, дзе вучыцца амаль паўтары тысячы дзяцей.

— Люблю школу перш за ўсё за калектыў, — прызнаецца Наталля Мулярчык. — У пачатковых класах у нас працуюць у асноўным вопытныя педагогі. Ёсць у каго вучыцца, з кім абмеркаваць праблемы і ідэі. Калі бачым, што нейкі прыём эфектыўны, хутка пераймаем яго адно ў аднаго.

Асабліва гэтая падтрымка была неабходнай падчас удзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства. Без каманды, упэўнена педагог, прайсці такую складаную дыстанцыю было б немагчыма. Побач з ёй заўсёды былі калегі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Фёдарава, метадысты і тыя, хто некалі сам прайшоў праз падобныя выпрабаванні.

— Канкурсанту вельмі патрэбны трывалы тыл, — тлумачыць Наталля Васільеўна. — Калі можна папра­сіць калег: “Перачытайце, паглядзіце, можа, неяк інакш сфармуляваць?” Добра, калі побач шчырыя людзі, якія з табой на адной хвалі, гатовыя дапамагчы.

На абласным этапе конкурсны ўрок у незнаёмым класе яна давала ў Слоніме. 4 клас, матэматыка, члены журы за спінай і дзеці, якія бачаць педагога ўпершыню… Наталлю Мулярчык гэта не збянтэжыла. Тэму заняткаў яна звязала з практыкай: дзеці запаўнялі дзённік кветкавода, рашалі задачы, а ў фінале атрымалі насенне аксамітак і паабяцалі вясной стварыць сваю клумбу на прышкольным участку.

— Урок у незнаёмым класе — сур’ёзнае выпрабаванне. Мне было важна спачатку проста пагаварыць з вучнямі, зняць напружанне. Калі кантакт наладжаны, сціраецца мяжа: свой ты настаўнік ці чужы. Дзеці пачынаюць слухаць не таму, што так трэба, а таму, што паміж вамі ўжо ёсць давер, — падкрэслівае Наталля Мулярчык. 

Сакрэты формулы

Яе педагагічнае крэда ўкладваецца ў простую формулу: “Настаўнік — гэта чалавек, які робіць складаныя рэчы лёгкімі”. А каб складанае сапраўды стала зразумелым, Наталля Васільеўна звяртаецца да прыёмаў візуалізацыі. Схемы, апорныя сігналы, інтэрактыўныя кластары — усё гэта дапамагае пачаткоўцам структураваць інфармацыю.

На ўроках Наталлі Васільеўны заўсёды шмат дзеяння. На прадмеце “Чалавек і свет” яе вучні, напрыклад, не проста даведваюцца пра ўласцівасці глебы — яны самі праводзяць міні-эксперыменты: кідаюць камячок зямлі ў ваду, назіраючы за пузыркамі паветра, наліваюць ваду ў шкляначкі з грунтам і робяць высновы пра асадак. Па аналогіі паветра яны вывучаюць з дапамогай паветраных шарыкаў і пруткіх мячоў, а тры станы вады — разглядаючы кубікі лёду і згадваючы пару над хатнім прасам.

— Пасля гэтага заносім агульныя высновы ў дзённік назіральніка. Тады ў вучня застаецца не толькі ўражанне, але і зафіксаваны вынік, да якога можна вярнуцца падчас дамашняй пад­рыхтоўкі, — працягвае Наталля Мулярчык.

Адзін з любімых прыёмаў настаўніцы ў пачатку ўрока — “Чорная скрыня” (ці проста прадмет, які адразу выклікае пытанне). На адным з урокаў, прысвечаных тэме памяці і Вялікай Айчыннай вайны, такой скрыняй стаў стары чамадан са школьнага музея. У ім — каска, гільза, рэчы ваен­нага часу і нават газета ад 10 мая 1945 года.

— Гэта адразу задае патрэбны тон. Дзеці разумеюць: рэчы з’явіліся не проста так. Але важна, каб эфект здзіў­лення працаваў далей, быў лагічна звязаны з тэмай і да яго можна было вярнуцца ў канцы ўрока, — дадае педагог.

Здзівіць прадметам для яе — толькі першы крок. Трэба, каб дзіця змагло сваё адкрыццё (новыя веды) прагаварыць і даказаць. Таму развіццё маўлення Наталля Васільеўна лічыць задачай не толькі ўрокаў мовы:

— Сёння дзеці жывуць у свеце хутказменлівых візуальных вобразаў і кароткіх паведамленняў. Мы часта назіраем парадокс: дзіця разумее сут­насць задачы, але не можа выка­заць думкі словамі, “спатыкаецца” пры спробе разгорнута адказаць. Калі ў пачатковай школе мы навучым дзіця не баяцца выказвацца і структура­ваць думкі, мы дадзім яму ключ ад усіх ­дзвярэй у будучыні.

На ўроках матэматыкі яна вучыць сваіх маленькіх чамучак разва­жаць з апорай на алгарытмы, выконваючы вылічэнні ці рашаючы задачы. На ўроках літаратурнага чытання выка­рыстоўвае прыёмы “Суд над героем”, “Кніжны крытык”, “Герой у гасцях”, “Журналіст”. Дзякуючы ім дзеці вучацца выказваць аргументы за і супраць учынкаў персанажа, браць у яго інтэрв’ю, складаць водгук на твор. На ўроках па прадмеце “Чалавек і свет” педагог нярэдка прапануе навучэнцам расказаць матэрыял ад асобы нежывога прадмета — напрыклад, ад імя кропелькі апісаць кругаварот вады ў прыродзе або пабыць “сезоннымі рэпарцёрамі”, расказваючы пра надвор’е і прыродныя з’явы. Часта на этапе актуалізацыі ведаў выкарыстоўвае прыёмы “Веру — не веру” і “Наўмысная памылка”, якія дазваляюць вучням аргументаваць выбар адказу.

Адчуць сябе на вышыні

У класе Наталлі Васільеўны камфортна ўсім — і тым, каму вучоба даецца з цяжкасцю, і тым, хто бяжыць наперадзе праграмы. Для апошніх на дошцы заўсёды распісаны план-максімум. Справіўся раней за ўсіх? Можаш падысці да “чароўнага куфэрка” на стале настаўніка і выцягнуць картку з заданнем павышанай складанасці. Гэта стварае ў класе атмасферу здаровага азарту.

Педагог і сама ніколі не баялася задач з зорачкай. Узгадвае надзвычай каштоўны вопыт работы ў інтэграваным класе. У тандэме з настаўнікам-дэфектолагам Ганнай Сакалоўскай яна распрацоўвала ўнікальныя бінарныя ўрокі. У адным кабінеце на такіх занятках адразу з двума педагогамі адна­часова займаліся дзеці па трох розных праграмах — базавай, спецыяльнай і для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. І кожнае дзіця адчувала сябе паспяховым і ўключаным у агульны працэс.

Увогуле, слова поспех для Наталлі Мулярчык — яшчэ адзін важны якар у педагогіцы. Для кожнага вучня яна імкнецца стварыць сітуацыю, у якой ён зможа адчуць сябе на вышыні. А для яе асабіста вельмі каштоўна тое, што поспех у конкурсе “Настаўнік года” яе трэцякласнікі раздзялілі са сваім педагогам. У бацькоўскім чаце перад кожным выступленнем з’яўляліся цёплыя пажаданні, а пасля перамог — эмацыя­нальныя віншаванні. Калі Наталля Васільеўна вярнулася з Гродна пасля падвядзення вынікаў абласнога этапу, у кабінеце яе чакаў сюрпрыз: прыгожы букет і цёплыя словы ад вучняў і іх бацькоў.

— Конкурс шмат даў не толькі мне, але і ўсяму класу, — гаворыць педагог. — Трое вучняў падтрымлівалі мяне падчас самапрэзентацыі на сцэне. Памятаю, Саша вельмі шчыра па­дзяліўся: “Я за вас 50 разоў памаліўся, усё атрымаецца”. Хіба такое забу­дзеш?

Для Наталлі Мулярчык прызнанне вучня — не проста яшчэ адзін з вынікаў конкурснай дыстанцыі, а чарговае пацвярджэнне галоўнага: сапраўдная педагогіка — гэта калі ты і твае вучні да мэты ідзяце разам.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: