РУС БЕЛ ENG 中文

Па якіх прыметах можна зразумець, што дзіця стала ахвярай кібербулінгу

14.07.2026

Месенджары Telegram і Viber сталі важнай часткай жыцця не толькі дарослых, але і дзяцей. Будзем шчырымі: для большасці з нас прасцей весці дыялог у пісьмовай форме, чым камунікаваць ужывую. У такіх зносінах ёсць відавочныя недахопы. Чытаючы паведамленні, мы не можам адсачыць інтанацыю, з якой іх пісаў суразмоўнік, а гэта прымушае дадумваць і выклікае рэакцыю ў адказ — яна не заўсёды правільная і пазітыўная.

Найбольш востра на словы рэагуюць падлеткі, што прыво­дзіць да ўзнікнення кібербулінгу. Пра тое, як ім дапамагчы ў гэтай сітуацыі, расказалі нашы эксперты — педагогі-псіхолагі Рэспуб­ліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ Уладзімір Максіменка і Ілляна Мац­віенка.

— Здараюцца сітуацыі, калі падлеткі ў Telegram ствараюць групу для прыніжэння і булінгу равеснікаў. Что прымушае дзяцей ісці на такі крок?

Уладзімір Максіменка:

— Хочацца адзна­чыць той факт, што такі ўчынак — гэта першапачаткова не пра жаданне ака­заць негатыўнае і агрэсіўнае ўдзеянне. Падобныя групы ствараюцца, як правіла, для таго, каб арганізаваць для сябе ўласную прастору, у якой можна “жыць” асобна ад дарослых. Паколькі падлеткі не заўсёды ведаюць пра канструктыўныя спосабы ўзаемадзеяння, іх паводзіны могуць трансфармавацца ў агрэсіўную форму. У такім выпадку гэта атрымлівае больш моцны эмацыянальны водгук. Так ці інакш, але кожны рэагуе на агрэсію і насілле. Стварэнне падобных груп у большасці сваёй трэба ўспрымаць не зусім як спосаб выдзеліцца з натоўпу, але гэта варыянт праяўлення для тых дзяцей, якія не ўмеюць іншымі спосабамі заяўляць пра сябе. Так робяць тыя падлеткі, для якіх неканструктыўныя паводзіны ў прыярытэце.

Падлеткі маюць права мець сваю прастору ў месенджарах. Задача дарослых заключаецца ў тым, каб своечасова расказаць дзецям пра правілы паводзін у адпаведным месцы, растлумачыць, што ніякага булінгу і кібербулінгу ў групах не павінна быць. Таксама трэба расказаць, куды можна звярнуцца, калі ў групе адбываюцца непрыемныя гісторыі, звязаныя з цкаваннем ці прыніжэннем.

Ілляна Мацвіенка:

— Для падлеткаў важна прыняцце іх равеснікаў. Відавочна, што ў гісторыі, якую агучылі, важнае месца зай­мае эфект заражэння і пераймання — адна з рэакцый у падлеткавым узросце. Падлеткі стараюцца падражаць тым, хто для іх аўтарытэтны. Давайце будзем шчырымі: кантэнт з агрэсіўным напаўненнем у інтэрнэце карыстаецца папулярнасцю. Жадаючы набыць прыняцце ад аўдыторыі гледачоў, атрымаць заахвочанне, падтрымку, такія групы таксама мо­гуць стварацца. Дарослым важна зразумець, што ў такой сітуацыі зале­жыць ад іх. Трэба растлумачыць, што агрэсіўныя ролікі — гэта нездаровы прыклад для набыцця папулярнасці. Акрамя гэтага, дарослыя павінны сачыць, якую папулярнасць самі ствараюць вакол падобных паблікаў і груп, каналаў, дзе публікуюцца ролікі і фотаматэрыялы з насіллем, канфліктнымі сітуацыямі, дзе ўсё падмацоўваецца эмацыянальным абмеркаваннем убачанага, паказваць дзецям прыклад і запэўніваць: калі адпавядаць такому ж прыкладу, схемам камунікацыі ў інтэрнэт-прасторы, ты атрымаеш папулярнасць і прыняцце, апынешся сярод тых, хто цябе разумее і мысліць, як ты. Як сказаў мой калега, спачатку гэта можа быць пошукам камунікацыі. Мы ведаем, што нават у рэальным свеце дзеці ці падлеткі могуць аб’ядноўвацца, калі сябруюць супраць кагосьці. З цягам часу такое сяброўства заканчваецца, таму што агрэсія ў рэальным свеце паступова заціхае. У інтэрнэце ўсё наадварот: нянавісць да кагосьці будзе пастаянна падмацоўвацца новымі матэрыяламі, новымі ахвярамі, а значыць, агрэсія будзе пастаянна функцыянаваць. Тым не менш такі метад пазбаўлення ад агрэсіі нават у інтэрнэце не можа лічыцца правільным і адэкватным.

— Актыўны ўдзел у групах можа быць крыкам аб дапамозе: так падлеткі спрабуюць звярнуць на сябе ўвагу дарослых.

Уладзімір Максіменка:

— Калі патрэбы дзіцяці ў чымсь­ці не задаволены, яно спрабуе закрыць іх хаця б праз удзел у групах. Дарослыя павінны адэкватна ўспрымаць наяўнасць такіх груп, аб’ектыўна падыходзіць да таго, што ў іх адбываецца. Нават калі атмасфера там не вельмі дружалюбная, гэта не значыць, што дзеці ствараюць агрэсіўнае асяроддзе і прастору, дзе пачнуць кагосьці буліць.

Дзеянні кібербулінгу адкладва­юць наступствы на таго, хто становіцца ахвярай, і на далейшае развіццё яго асобы. Перажыты кібербулінг — гэта высокі ўзровень пачуцця віны, дэпрэсія, недавер да свету, трывожнасць, нізкая самаацэнка, парушэнне харчовых паводзін, залежнасць, імпульсіўнасць, страта веры ў сябе, пачуццё бяссілля і інш. Спіс наступстваў кібербулінгу можна бясконца доўга прадаўжаць і можна гаварыць у тым ліку пра яго саматычныя праяўленні.

Кібербулінг з’яўляецца негатыўным не толькі для сведак, але і для саміх агрэсараў, а таксама для назіральнікаў. Для саміх агрэсараў усвядомленая траўля — гэта прыкмета прысутнасці псіхалагічных праблем, з якімі неабходна працаваць. Іх ігнараванне і падсілкоўванне падчас здзяйснення рознага роду кібербулінгу толькі пагаршае стан агрэсара. У сітуацыі кібербулінгу чалавек спрабуе задаволіць тыя ці іншыя патрэбы, але робіць гэта не толькі не канструктыўна, а яшчэ і шкодна для са­мога сябе.

Ахвярамі кібербулінгу не заўсёды становяцца тыя, хто чымсьці адрозніваецца ад аднагодкаў. А яго прычыны знаходзяцца не ў агрэсарах ці ахвярах, а ў камунікацыях групы. Таму важна глядзець на іх асаблівасці і патрэбы, разбірацца, чаму так адбываецца. Таксама ў жыцці падлеткаў трэба ўлічваць наяўнасць нейкіх выпадковых падзей, якія могуць справакаваць успышку кібербулінгу. Калі гаварыць пра інтэрнэт-прастору, дзе размаўляем з незнаёмымі людзьмі, то тут таксама ёсць рызыка стаць ахвярай булінгу. У інтэрнэце ўзрастае шанс стаць тым, на каго будуць накіраваны агрэсія, непавага.

На жаль, псіхолагу ў адзіночку справіцца з праблемамі кібербулінгу будзе вельмі цяжка. Таму неабходна расказваць бацькам пра тое, як дзейнічаць у адпаведных сітуацыях. Таксама важна працаваць з бацькамі, чые дзеці могуць быць агрэсарамі, і з тымі дзецьмі і падлеткамі, хто можа быць назіральнікам.

Педагогі таксама не выключэнне. Яны павінны правільна рэагаваць на адпаведныя сітуацыі і ведаць, што і як рабіць. Толькі ў тым выпадку, калі ўвесь калектыў накіруе намаганні на вырашэнне праблемы, можна будзе гаварыць, што ў школе створана бяспечнае асяроддзе.

Для школьных псіхолагаў таксама ёсць парада: калі разумееце, што ў вас не хапае рэсурсаў для вырашэння сітуацый, звязаных з булінгам ці кібербулінгам, засёды можаце патэлефанаваць да нас у Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Мы разам абмяркуем праблему, правядзём супервізію і знойдзем выйсце.

— Ці існуюць ускосныя прыкметы, па якіх бацькі могуць зразумець, што іх дзіця стала ахвярай цкавання ў інтэрнэце? Як гэта праяўляецца?

Ілляна Мацвіенка:

— Калі дзеці ні пра што не рас­казваюць, то, як і ў любых іншых крызісных сітуацыях, можна адзначаць рэзкае змяненне ў іх паво­дзінах. Дзіця ці падлетак можа стаць замк­нутым, нелюдзімым, маўклівым, можа менш расказваць і хваравіта рэагаваць на пытанні, звязаныя з сябрамі, са школай, не хоча абмяркоўваць, што адбываецца ў яго сацыяльных сетках. Павінна насцеражыць і тое, калі дзіця ў сацсетках без усялякай прычыны блакіруе бацькоў, абмяжоўвае доступ да сваёй старонкі. Гэта можа сведчыць пра тое, што там адбываецца нешта такое, што на пэўным этапе варта схаваць ад мамы і таты.

Жаданне адасобіцца — таксама відавочная прыкмета. У моманты, калі становіцца ахвярай кібербулінгу, дзіця эмацыянальна перажывае тое, што з ім адбываецца, або спрабуе самастойна вырашыць пытанне, звязанае з, напрыклад, распаўсюджваннем пра яго нейкай непрыемнай інфармацыі ў сацыяльных сетках. Для таго каб разабрацца з адзначанай праблемай самастойна або з дапамогай сяброў, патрэбен час, таму дзіця будзе спрабаваць рабіць усё ўпотай ад бацькоў.

Здараюцца сітуацыі, калі такія гісторыі заходзяць далёка ў эмацыянальным плане, выклікаюць шэраг пера­жыванняў дзіцяці або падлетка. У выніку гэта адбіваецца на яго фізіялогіі: могуць пачацца праблемы са сном, будуць рэзкія змяненні ў харчовых паводзінах (заяданне стрэсу, адмаўленне ад ежы). Могуць назірацца перапады ў настроі — ад вельмі актыўнага да апатыі. Дзіця можа са спакойнага стану імгненна пера­ходзіць да пераўзбуджанага эмацыянальнага.

— Ці будзе памылкай, калі бацькі пачнуць ўпотай браць тэлефон падлетка і чытаць яго чаты? Чаму нельга так рабіць?

Ілляна Мацвіенка:

— Калі дарослыя будуць так рабіць, яны пакажуць дзіцяці ці падлетку, што ў яго зусім няма асабістых меж. У такім выпадку пра фарміраванне даверу можна забыць. Але можна адзначыць важны аспект: у залежнасці ад узросту дзіцяці або падлетка можна сфарміраваць пэўнае сямейнае правіла выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў, гаджэтаў. Зразумела, чым больш малодшае дзіця, тым больш кантролю з боку бацькоў павінна быць. У гэтым дапамогуць мабільныя дадаткі, якія ўсё адсочваюць. У адносінах да падлеткаў вядучую ро­лю адыгрывае дамоўленасць у форме дыялогу. Важна акрэсліць, якія аспекты жыцця дзіцяці ў сацыяльных сетках кантралюе дарослы. З працэсам сталення падлетка правілы карыстання інтэрнэт-крыніцамі, месенджарамі павінны станавіцца ўсё больш гнуткімі: у падлеткаў у сацыяльных сетках павінна з’яўляцца больш асабістай прасторы і адказнасці.

Бацькі павінны прыняць той факт, што ў інтэрнэце могуць здарацца незразумелыя сітуацыі, і менавіта магчымасць абмяркоўваць іх з падлеткамі стане залогам стварэння даверных узаемаадносін. Гэта зна­чыць, калі дзіця будзе разумець, што бацькі ў курсе таго, што ў сацыяльных сетках могуць парушацца асабіс­тыя межы, існуюць пэўныя рызыкі (узнікнення канфліктаў, булінгу, тролінгу), яно будзе ведаць, што можа ўсё абмеркаваць з дарослым і не баяцца непрадказальнай рэакцыі мамы ці таты на пэўную сітуацыю. Дзіця павінна быць упэўнена, што яго падтрымаюць, падкажуць, што і як правільна зрабіць, і пры гэтым не адбя­руць гаджэт. Калі шчыра, то часта так і адбываецца: дарослыя караюць дзіця, адбіраючы тэлефон. Гэтая прычына таксама прымушае не расказваць аб праблемах бацькам, бо школьнікі не хочуць застацца без тэлефона.

Каб стварыць гарманічныя дзіцяча-бацькоўскія адносіны, дарослыя павінны перастаць абвінавачваць, абясцэньваць дзяцей і падлеткаў у тым, што яны сталі часткай непрыемнай гісторыі ў інтэрнэце, трапілі ў сітуацыю кібербулінгу ці булінгу. Цудоўна, калі бацькі дзеляцца сваім вопытам у праблемных сітуацыях (вопыт можа быць станоўчым і адмоўным). Стаць яшчэ больш блізкімі адно аднаму дапаможа сумесны адпачынак бацькоў і падлеткаў. Праводзячы з дзецьмі час, дарослыя даюць ім зразумець, што мама і тата — гэта важная частка іх жыцця, што дарослыя могуць выступаць той апорай, якая дапаможа і падтрымае, а не зробіць вінаватай.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: