РУС БЕЛ ENG 中文

Калі ў класе працуюць усе: Алена Татарыновіч з Бераставіцкага раёна — пра сінгапурскую методыку на ўроку біялогіі

15.07.2026

Настаўніца біялогіі Алена Татарыновіч з сярэдняй школы аг.Пагранічны Бераставіцкага раёна падчас летніх канікул сумуе па школе, таму шукае ідэі для будучых урокаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Фактычна ўсё жыццё Алены Віктараўны звязана з сярэдняй школай аграгарадка Пагранічны. Тут яна калісьці вучылася і ўжо 24 гады працуе настаў­ніцай. Успамінае, што вельмі хацела стаць урачом, але ўсё змяніў выпадак. У 10 класе завуч прапанавала старшакласніцы паспрабаваць правесці ўрок у пачатковай школе.

— Пасля некалькіх такіх сустрэч з пачаткоўцамі зразумела, што настаўніцай хачу быць больш, чым урачом, — адзначае Алена Татарыновіч. — З прадметным напрамкам вызначылася адразу. Я спрабавала сябе і ў фізіцы, і ў хіміі, удзельнічала ў алімпіядах, але менавіта біялогія была мне бліжэй за ўсё.

Асаблівую ролю ў маім выбары адыграў настаўнік біялогіі Іван Міхайлавіч Шынкевіч.

— У яго былі вельмі цікавыя ўрокі. Ён умеў так данесці матэрыял, што мы слухалі з захапленнем. Біялогія здавалася не складанай навукай, а нечым блізкім і зразумелым, — успамінае суразмоўніца.

Па сінгапурскай методыцы

Тры гады назад на курсах павышэння кваліфікацыі ў Гродне Алена Татарыновіч пазнаёмілася з сінгапурскай методыкай навучання. Гэта быў якраз той выпадак, пра які кажуць: убачыла — і зага­рэлася.

— Сінгапурская методыка прадугледжвае перш за ўсё камандную работу, — знаёміць з яе сутнасцю педагог. — Я на такім уроку выступаю як цьютар: накіроўваю, задаю тэмп, дапамагаю, але значную частку матэрыялу дзеці засвойваюць і прагаворваюць самі.

Вучні садзяцца па 4 чалавекі, і гэта не проста рассадка, а пэўная сістэма ўзаемадзеяння. Калі пры звычайнай групавой рабоце заданне нярэдка “цягнуць” на сябе самыя актыўныя і адказныя школьнікі, то тут у кожнага ёсць свая роля і зона адказнасці.

— Адсядзецца не атрымаецца, — усміхаецца Алена Татарыновіч. — Кожны вучань групы задзейнічаны: ён або чытае і знаходзіць патрэбную інфармацыю, або тлумачыць яе, або дапаўняе адказ.

Алена Віктараўна прыво­дзіць прыклад рэалізацыі методыкі на ўроку па тэме “Разнастайнасць паўзуноў”. Клас з 16 вучняў яна дзе­ліць на чатыры каманды, і ў кожнага дзіцяці свой нумар — першы, другі, трэці, чацвёрты. Усім удзельнікам педагог прапаноўвае аднолькавы фрагмент тэксту па тэме: першыя нумары кожнай групы вывучаюць месца пражывання, другія — асаблівасці будовы, трэція — размнажэнне, чацвёртыя — прадстаўнікоў атрада.

— Абавязкова ёсць таймінг, — падкрэслівае настаўніца. — Дзеці ведаюць, колькі часу ў іх на чытанне, колькі — на абмеркаванне. Кожны вучань адказвае за свой участак работы, а ў выніку каманда збірае цэласную карціну.

Па словах педагога, тут адначасова фарміруюцца і чытацкая адукаванасць, і камунікацыйныя здольнасці, і ўменне вылучаць галоўнае. Дзіця павінна не проста прачытаць абзац, а зразумець, што ў ім важна, і рас­тлумачыць гэта аднакласнікам.

Галоўнае, каб дзіця было не пасіўным слухачом, а ўдзельнікам. Сёння вучням надзвычай патрэбна камунікацыя.

Пасля работы ў чацвёрках каманды могуць перамешвацца. Напрыклад, збіраюцца ўсе першыя нумары і абменьваюцца інфар­мацыяй ужо ў новых міні-групах. Часам педагог выкарыстоўвае спецыяльныя карткі, схемы, каб хутка размеркаваць ролі і заданні.

— Па такой сістэме ў мяне працуюць 100 працэнтаў вучняў, — працягвае Алена Віктараўна. — Прычым уключаюцца нават ціхія дзеці. Бывае, калегі здзіўляюцца: “Нішто сабе, у мяне ён амаль не адказвае, а ў цябе руку падымае”. Прычына простая: у маленькай групе вучню лягчэй, чым перад усім класам, загаварыць.

Не проста рух, а вынік

Сінгапурская методыка, па назіраннях Алены Татарыновіч, ро­біць урок больш дынамічным. Час праходзіць непрыметна, а дзеці нярэдка здзіўляюцца званку: “Мы ж толькі пачалі!”

— Я адказваю ім: не пачалі, а ўжо завяршылі, — усміхаецца педагог. — Урок ідзе хутка. Няма доўгіх паўз, чакання, пакуль нехта адзін адкажа каля дошкі.

Пры гэтым важная не толькі актыўнасць. Нас­таўніца абавязкова прадугледжвае кантроль: тэст, выніковае заданне, узаемапра­верку.

 Памятаю, правяла такі ўрок і вырашыла не задаваць дамашняе заданне: мы добра адпрацавалі тэму ў класе. На наступным уроку папрасіла ўспомніць матэрыял. І дзеці ўзнавілі амаль усе прыклады, якія гучалі мінулы раз. Чаму? Таму што ім было цікава, яны чулі адно аднаго і прапусцілі гэты матэрыял праз сябе, — расказвае настаўніца.

Алена Татарыновіч адзначае, што сінгапурскую методыку не абавязкова выкарыстоўваць на працягу ўсяго ўрока. Часам дастаткова асобнага элемента: работы ў парах, кароткага каманднага задання на замацаванне.

Школьнікі шмат часу право­дзяць у сацыяльных сетках, ім цяжка выступаць публічна і гаварыць разгорнута. А тут яны вучацца паступова: спачатку ў пары, потым у чацвёрцы, а затым перад усім класам, — тлумачыць педагог.

Сваім вопытам Алена Віктараўна дзялілася не толькі з калегамі раёна. Пасля ўдзелу ў абласным этапе конкурсу “Настаўнік года” яе запрасілі ў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі правесці майстар-класы для маладых педагогаў. Пазней яна прадстаўляла элементы сінгапурскай методыкі навучання на мерапрыемствах для педагогаў, якія працуюць у класах аграрнай накіраванасці.

— Для мяне гэта быў новы вопыт — працаваць не з дзецьмі, а з дарослымі. Але калі бачыш цікавасць у вачах настаўнікаў, калі яны пытаюцца: “А як гэта арганізаваць? А з чаго пачаць?”, разумееш, што дзяліцца ведамі вельмі важна, — лічыць Алена Татарыновіч.

Алімпіяда — магчымасць убачыць прадмет шырэй

Сваіх вучняў яна стараецца захапіць алімпіядным рухам. У нас­таўніцы сфарміравана папка з заданнямі мінулых гадоў, і педагог рада кожнай магчымасці дастаць яе з паліцы.

— Асаблівасць невялікіх школ у тым, што дзяцей-алімпіяднікаў стараюцца зацікавіць і іншыя калегі. Бывае, дзіця вырашае паспрабаваць сілы ў іншым прадмеце, тым не менш усім, хто прыхо­дзіць да мяне рашаць алімпіядныя заданні яшчэ ў 7 класе, стараюся даць максімум ведаў па біялогіі. Мы працуем з мікраскопам, дадатковай літаратурай. На раённым этапе заўсёды ў лідарах, — працягвае Алена Віктараўна.

Для яе алімпіяда — гэта магчымасць паказаць вучням біялогію шырэй за параграф школьнага падручніка: праз назіранне, эксперымент, самастойны пошук, пытанні, на якія не заўсёды хутка знаходзіцца адказ. З такой жа захопленасцю педагог далучае дзяцей да даследчай дзейнасці. Прычым сярод яе юных даследчыкаў ёсць нават малодшыя школьнікі.

З Максімам Кухарчыкам, вучнем 4 класа, яны падрыхтавалі работу пра экабрыкеты з адходаў і атрымалі дыплом II ступені на абласным этапе конкурсу “Я пазнаю свет”. Пад кіраўніцтвам педагога хлопчык выкарыстоўваў салому, пілавінне, лісце, паперу для вырабу экабрыкетаў і вывучаў, колькі застаецца попелу пасля іх згарання і як яго можна прымяніць.

У межах даследчай дзейнасці педагог і яе выхаванцы вырошчвалі туі метадам пасынкавання і імбір у хатніх умовах, ацэньвалі забруджанасць паветра метадам ліхенаіндыкацыі — па відавой разнастайнасці і колькасці лішайнікаў, вывучалі выкарыстанне яечнай шкарлупіны як угнаен­ня і сродку аховы ад шкоднікаў…

Размеркаваць сілы і не выгараць

Пра сваіх вучняў Алена Татарыновіч гаворыць па-мацярынску цёпла. З былымі выпускнікамі падтрымлівае сувязь, радуецца іх поспехам. Хтосьці паступіў у медыцынскі ці звязаў жыццё з аграрнай сферай, нехта вярнуўся працаваць у родныя мясціны. Ёсць і тыя, хто выбраў педагагічную сцежку.

Яна прызнаецца: у педагогіцы бываюць перыяды стомленасці, калі важна своечасова прытармазіць, размеркаваць сілы, каб не выгараць. Але ўвогуле без школьнага руху ёй цяжка.

— Часам на канікулах пачынаю сумаваць. Здаецца, толькі спынілася, а ўжо думаю: “Што далей? Якую ідэю рэалізаваць? Куды рухацца?” — з усмешкай прызнаецца педагог. — Напэўна, калі работа любімая, па-іншаму быць не можа.

І ў гэтым уся Алена Татарыновіч. Настаўніца, якая некалі хацела лячыць людзей, але вы­брала біялогію і школу. І цяпер таксама дапамагае іншым, толькі па-свойму: вучыць не баяцца гаварыць, працаваць у камандзе, задаваць пытанні, бачыць жывую навуку побач і верыць, што нават маленькае адкрыццё можа стаць пачаткам вялікага шляху.,

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: