РУС БЕЛ ENG 中文

Якія экспанаты захоўваюцца ў «Музеі адзінства нацыянальнасцей» Сінькоўскай сярэдняй школы

07.07.2026

Смаргонскія абваранкі і накідка імама з вышыванкай: “Музей адзінства нацыянальнасцей” Сінькоўскай сярэдняй школы Смаргонскага раёна стаў прасторай для ўмацавання сяброўства паміж народамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гэты музей 35 гадоў назад заснаваў настаўнік гісторыі Мікалай Рак. А пад кіраўніцтвам Ільі Южыка, настаўніка гісторыі і сённяшняга дырэктара школы, экспазіцыя была абноўлена, пашырана, і гэтай вясной музей адкрыўся ў новым фармаце і з новай назвай.

— Тэматыку музея прадыктавала сама гісторыя нашага краю, бо яна доўгі час была агульнай для трох народаў, — расказвае Ілья Ігаравіч. — Так, у Смаргоні і Крэве некалі пражывала шмат яўрэяў, а побач з Сінькамі, у вёсцы Даўбучкі, калісьці жылі татары. Некалі там стаяла мячэць, а татарскія могілкі захаваліся да гэтага часу. У Сіньках і сёння жывуць татарскія сем’і, адно дзіця вучыцца ў нашай школе. Музей стаў адлюстраваннем сумеснага жыцця беларусаў, татар і яўрэяў з другой паловы ХІХ стагоддзя да нашых дзён.

Гэтым адзінствам прасякнуты ўсе тры новыя тэматычныя прасторы музея. Экспазіцыя “Рэха вёскі” падкрэслівае мірнае суседства розных культур на адной зямлі. “Навальніца над краінай” паказвае, якія выпрабаванні выпалі на Смаргонскі край падчас Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў і як людзі, аб’яднаўшыся, іх вытрымалі. Экспазіцыя “Свет сёння” расказвае пра адзінства сучаснай Беларусі праз фестывалі і іншыя культурныя падзеі рэгіёна.

Шмат гадоў на базе школьнага музея працуе аб’яднанне па інтарэсах “Юныя экскурсаводы”. Сабраны яго ўдзельнікамі матэрыял шырока выкарыстоўваецца ў выхаваўчай і краязнаўчай рабоце, на вучэбных занятках. Юныя экскурсаводы арганізоўваюць конкурсы і віктарыны, праводзяць аглядныя і тэматычныя экскурсіі. Гурткоўцы становяцца пераможцамі і прызёрамі шматлікіх конкурсаў.

Дырэктар школы адзначае, што музей стаў вынікам даследчай дзейнасці:

— Нашы педагогі і вучні правялі грунтоўную краязнаўчую работу, па крупінках збіралі інфармацыю, у тым ліку падчас гутарак з мясцовымі жыхарамі. Нашы старажылы перадавалі і працягваюць перадаваць у музей унікальныя рэчы. Напрыклад, у нас ёсць драўляная барана пачатку XX стагоддзя, “Адресная книжка учреждений и должностных лиц”, выдадзеная ў Вільні ў 1901 годзе, старажытныя манеты. А яшчэ ў музеі прадстаўлены нацыянальныя касцюмы трох народаў, і, што самае цікавае, некаторае адзенне мае агульнае аздабленне. У іх ліку — накідка татарскага імама. Хоць гэта вопратка мусульманскага святара, але на ёй вышыты беларускі арнамент і валошкі. Дарэчы, значную дапамогу ў афармленні татарскай часткі экспазіцыі нам аказала старшыня татарскай рэлігійнай абшчыны ў Маладзечне Таццяна Руткоўская. Грунтоўна мы вывучалі і ваенны перыяд. Першая сусветная і Вялікая Айчынная войны моцна зачапілі наш раён. Асабліва Першая сусветная: па крэўскай дарозе некалькі гадоў праходзіла лінія фронту, на палях дагэтуль знаходзяць рэшткі куль, снарадаў ваенных часоў.

У экспазіцыі “Свет сёння” прадстаўлена як культурнае жыццё Беларусі ў цэлым, так і мясцовыя этнафестывалі. Галоўныя сярод іх — фэст “Смаргонскія абаранкі”, які праводзіцца ў горадзе Смаргонь і “Свята беларускіх гаспадынь”, якое традыцыйна праходзіць у Сіньках.

— Сімвалам нашага фэсту стала вязанка абаранкаў, якія ў нас называюць абваранкамі. Гаспадыні іх абварвалі, каб гатовыя вырабы даўжэй не псаваліся і менш падсыхалі. Маюць сваю аўтэнтыку і фэсты, якія праводзяцца ў Кушлянах, Крэве, Вішневе, Залессі, — расказвае Ілья Южык.

Ілья Южык трэці год узначальвае школу. Сёлета ён стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2026” у намінацыі “Малады дырэктар”. Немалую ролю ў гэтым адыграла і яго ініцыятыва “Музей адзінства нацыянальнасцей”.

Сучаснае культурнае жыццё дэманструе і выстава работ сінькоўскіх майстроў — з дрэва, металу, тканіны. Тут жа на ўсю сцяну “вырасла” дрэва, лісточкамі якога сталі фотаздымкі знакамітых землякоў, заслужаных асоб Смаргонскага раёна.

— На лісточках і выява Пятра Яўгенавіча Балыша — нашага земляка, воіна-афганца, які гераічна загінуў, выконваючы заданне. Плануецца, што ў найбліжэйшы час наша школа будзе насіць яго імя, — адзначае Ілья Ігаравіч і дадае: — Работа па афармленні дрэва працягваецца. Хоць лісточкаў-фота на ім ужо шмат, але гэта ўсяго толькі трэць — хутка іх стане ўдвая больш, іх колькасць будзе пастаянна павялічвацца.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: