Арганізацыя профільнай падрыхтоўкі і заняткаў па фізкультуры — азнаёміліся з вопытам работы педагогаў Смаргоншчыны
26.05.2026Установы адукацыі Смаргоншчыны паказалі вопыт работы па профільнай падрыхтоўцы навучэнцаў, прадэманстравалі сучасную арганізацыю заняткаў па фізічным выхаванні школьнікаў, а таксама асаблівасці навучання ў невялікай сельскай школе і гарадской гімназіі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Смаргоншчына — мая малая радзіма, зямля маіх продкаў і маё месца сілы. Падарожнічаць па роднай зямлі ў якасці журналіста “Настаўніцкай газеты” — прыемны і пачэсны абавязак. Таму мне не трэба доўга шукаць словы і эмоцыі, каб апісаць гасціннасць Смаргонскага краю, сур’ёзны падыход да педагагічнай справы і невычэрпную энергію мясцовых настаўнікаў і выхавальнікаў. На маёй радзіме людзі ўмеюць і любяць працаваць з душой.
Мясцовы каларыт
Завітаем у дзіцячы сад № 3 Смаргоні. Інфармацыйная нагода для напісання матэрыялу — адкрыццё ў гэтай установе дашкольнай адукацыі групы ранняга развіцця. Як і па ўсёй краіне, у Смаргонскім раёне ёсць попыт на функцыянаванне такіх груп для малышоў ад года — сучасныя бацькі часта хочуць раней выйсці на работу, каб паспець рэалізаваць свой патэнцыял напоўніцу.

У смаргонскім дзіцячым садзе № 3 група другога ранняга ўзросту для дзяцей ад 1 да 2 гадоў дзейнічае з 2 сакавіка бягучага года, яе наведваюць 10 выхаванцаў. “Ці ёсць попыт на такую паслугу сярод бацькоў?” — цікаўлюся ў педагогаў. Яшчэ які! Ужо ёсць заяўкі на наступны год, бо таты і мамы ведаюць: іх дзеці ў надзейных руках, можна не хвалявацца.
Усе цацкі і мэбля ў малышовай групе падабраны з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. З імі працуюць кваліфікаваныя і клапатлівыя выхавальнікі, педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, якія дапамагаюць кожнаму дзіцяці адаптавацца да новага асяроддзя. Група абсталявана цёплай падлогай, у ёй устаноўлена сушыльная шафа для адзення і абутку малых, бактэрыцыдная лямпа, рэцыркулятар паветра. Самае ж галоўнае, на што звярнулі ўвагу журналісты “Настаўніцкай”, — да малышоў тут адносяцца з вялікай любоўю, а значыць, справа пойдзе.
Па словах Аксаны Мінкоўскай, намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама, дзіцячы сад № 3 Смаргоні атрымаў другое дыханне пасля рэканструкцыі — ён нанова адкрыўся ў Дзень народнага адзінства 17 верасня 2024 года. На сёння гэты дзіцячы сад можна назваць самай сучаснай установай дашкольнай адукацыі ў раёне.
Зараз ва ўстанове функцыянуюць 9 узроставых груп, якія наведваюць 150 выхаванцаў. Працуюць 22 педагагічныя работнікі, адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень якіх дае магчымасць забяспечыць якасны ўзровень работы з дзеткамі: 50% педагогаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 30% — першую.
Ва ўстанове працуюць творчыя і крэатыўныя педагогі, здольныя стварыць для малышоў цэлы свет. Так, выхавальніца Людміла Ходас стварае для дзяцей прыгожыя рэчы. Большасць цацак для выхаванцаў зроблены клапатлівымі рукамі Людмілы Яўгенаўны, і яны выдатна дапамагаюць у вывучэнні любых тэм па праграме. Асабліва шмат у выхавальніцы наглядных матэрыялаў пра Беларусь.
— У нашым дзіцячым садзе дзейнічае рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, — расказвае Ганна Ляскоўская, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці. — Асноўная мэта работы цэнтра заключаецца ў стварэнні ўмоў для фарміравання ў выхаванцаў фундаментальных каштоўнасцей, пачуцця прыналежнасці да свайго народа, павагі да дзяржаўнай сімволікі і любові да роднай зямлі. Мы будуем нашу работу, інтэгруючы розныя напрамкі: ад вывучэння гісторыі і традыцый роднага краю да фарміравання ў дзяцей уяўленняў аб дасягненнях нашай краіны. Так выхоўваецца павага і любоў да роднай зямлі.
З 2022 па 2025 год ва ўстанове рэалізоўваўся праект “Інфарматыка без разеткі” — 6 педагогаў паспяхова прайшлі навучанне і атрымалі сертыфікаты Парка высокіх тэхналогій. Педагагічны калектыў дзіцячага сада браў удзел у міжнародным конкурсе “Майстэрства без меж”, фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці “Art#Мішка” (дыплом І ступені), шматжанравым конкурсе мастацтваў “Полымя поспеху” (дыплом лаўрэата І ступені, дыплом лаўрэата ІІ ступені), раённых конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях. Педагогі ўстановы распаўсюджваюць уласны педагагічны вопыт у перыядычным друку.
Калектыў установы дашкольнай адукацыі імкнецца ствараць камфортнае развіццёвае асяроддзе для дзяцей, каб кожны дзень хлопчыкаў і дзяўчынак быў напоўнены радасцю адкрыццяў, пазітыўнымі эмоцыямі і сапраўдным сяброўствам. А сярод планаў — добраўпарадкаванне тэрыторыі дзіцячага сада, каб установа адпавядала статусу найсучаснейшай і ўнутры, і знешне.
Яркія перамогі
З мінулага года ў сярэдняй школе № 5 дзейнічае інжынерна-тэхнічны цэнтр. У школе адкрыты профільныя групы інжынернай і медыцынскай накіраванасці, якія карыстаюцца вялікім попытам у навучэнцаў і куды ідуць вучыцца самыя мэтанакіраваныя школьнікі. Прычым выпускнікі, па словах педагогаў, поўнасцю апраўдваюць выбар профілю, паступаючы на інжынерныя і медыцынскія спецыяльнасці.

Па меркаванні намесніка дырэктара школы па вучэбнай рабоце настаўніка-метадыста Ларысы Валынец, акрамя выніковай дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў, у 5-й смаргонскай школе выдатна развіты алімпіядны рух.
— Нашы матываваныя навучэнцы сёлета ўзялі 9 дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды, праўда, на заключным этапе ў гэтым годзе мы без дыпломаў, але нічога страшнага — падрасцём і лепш папрацуем над псіхалагічнай падрыхтоўкай да спаборніцтва, — усміхаецца Ларыса Пятроўна. — Сярод каштоўнасцей школы — народны гісторыка-этнаграфічны музей, які з’явіўся ў 1995 годзе дзякуючы намаганням настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Наш музей цікавы кожнаму наведвальніку, бо ў ім не зусім прывычныя экспазіцыі — своеасаблівая вуліца рамеснікаў: панарама горада, карчма, гарбарства, пякарства, ганчарства, сялянская хата, кірмаш. Яшчэ школа ганарыцца сваімі творчымі калектывамі — узорнай вакальнай студыяй “ГаласОК”, якім кіруе Тамара Нагаева, і танцавальным калектывам “Краіна сяброў” пад кіраўніцтвам Аксаны Русак.
Сярэдняя школа № 1 Смаргоні ўдзельнічае ў сумесным праекце Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Гуляем у футбол”. Юныя аматары футбола школы прынялі ўдзел у штогадовым фестывалі па футболе для дзяцей з футбольных класаў, прадэманстравалі высокі ўзровень валодання мячом і выйгралі 4 гульні з 4.
У сярэдняй школе № 1 вучацца і жывуць пад дэвізам: “Фізічная культура і спорт — гэта не дасягненні, а лад жыцця”. Тут пануе атмасфера каманднага духу, спаборніцтваў і спартыўных перамог. Як лічаць педагогі школы, высокая рухальная актыўнасць з’яўляецца натуральнай патрэбай дзіцяці. Тут штогод папаўняецца банк даных адораных у спорце навучэнцаў, для якіх дзейнічаюць спартыўныя класы па футболе і баскетболе, клуб “Зорачкі футбола”, аб’яднанні па інтарэсах “Рухавыя гульні”, “Футбол”, “Шашкі”.

— У нашай установе паспяхова рэалізуюцца сацыяльна-спартыўныя праекты па развіцці масавага футбола “Мой школьны футбольны клуб”, “Гуляем у футбол” і інш. Кожны год каманды хлопчыкаў і дзяўчынак удзельнічаюць у рэспубліканскіх фестывалях па футболе і кожны раз апынаюцца ў ліку наймацнейшых каманд краіны! — падкрэслівае дырэктар школы Аксана Дунай.
З рога ўсяго многа
Напэўна, не знойдзеш больш незвычайнага параўнання, чым маленькая вясковая Сінькоўская сярэдняя школа Смаргонскага раёна і гімназія Смаргоні.
Аднак, наведаўшы абедзве ўстановы адукацыі, журналісты “Настаўніцкай газеты” адзначылі тое, што не адрознівае, а аб’ядноўвае іх. І самае галоўнае тут — адданасць прафесіі педагога, якую дэманструюць настаўнікі і ў сценах невялікай сельскай школы, і ў вялікай гімназіі. А яшчэ — самаадданая любоў да роднай зямлі. Мяркуйце самі.

У Сінькоўскай сярэдняй школе ўсяго 64 навучэнцы і 12 выхаванцаў дашкольнай установы. Малады дырэктар гэтай школы Ілья Южык — чалавек вядомы не толькі ў сваёй вёсцы, у Смаргонскім раёне і на Гродзеншчыне, але, Бог дасць, у хуткім часе будзе вядомы і ва ўсёй краіне. Справа ў тым, што Ілья Ігаравіч перамог у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2026” у намінацыі “Малады дырэктар” і зараз рупліва рыхтуецца да наступнага этапу выпрабавання. У гэтага педагога — усе шансы перамагчы, бо ў яго ёсць галоўнае — воля да перамогі.
— Мы стараемся быць не горшымі за гарадскія школы, — раз-пораз паўтарае Ілья Южык, ведучы нас па сваёй школе.
І ён мае рацыю. Няхай у выпускным класе тут толькі чатыры выпускнікі і столькі ж дзетак упершыню сядуць за парты ў наступным навучальным годзе, школа жыве, квітнее, развіваецца, пакуль тут працуюць зацікаўленыя педагогі, якія хварэюць сваёй справай. Мне больш за ўсё спадабаўся школьны музей адзінства нацыянальнасцей, асноўная ідэя якога: мы ўсе — адзін народ, мы родныя, бо Радзіма ў нас адна.
Смаргонская гімназія — установа шаноўная і знакамітая. Дырэктарам тут працуе Ірына Дурэйка, якая падтрымлівае ўсе цікавыя ідэі калектыву. Таму так шмат педагогаў гімназіі ўдзельнічае ў праектах, у тым ліку краязнаўчых, па вывучэнні спадчыны малой радзімы.
Гімназія Смаргоні па праве ганарыцца не толькі выдатнымі вучэбнымі дасягненнямі сваіх навучэнцаў, але і выразнай сістэмай работы па выхаванні падрастаючага пакалення. Так, педагог Алена Панфёрава можа шмат што расказаць аб ролі класнага кіраўніка ў станаўленні грамадзяніна і патрыёта. Па словах Алены Аляксееўны, галоўнае для класнага кіраўніка — стаць для дзіцяці сябрам, каб навучэнец ведаў, што педагог яго заўсёды выслухае і падтрымае, што класнаму кіраўніку можна даверыць любую праблему, нават тую, якая тычыцца ўзаемаадносін з бацькамі.

А настаўніца рускай мовы гімназіі Святлана Самохіна ў сістэме работы з адоранымі навучэнцамі мае багаты вопыт выкарыстання штучнага інтэлекту.
— Лічу дасведчанага педагога суперштучным інтэлектам, — дзеліцца Святлана Вячаславаўна, — і думаю, што ў будучыні людзей можна будзе падзяліць на тых, хто залежыць ад штучнага інтэлекту, і тых, хто яго стварае. Сваіх выхаванцаў вучу менавіта апошняму — ствараць, а не быць залежнымі.

Святлана Шчастная, начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама:
— Адным з галоўных прыярытэтаў у нашай рабоце павінна быць захаванне кадравай бяспекі. Не сакрэт, што зараз у школах ёсць дэфіцыт настаўнікаў фізікі і матэмытыкі, і гэтую праблему трэба вырашаць у найбліжэйшы час. Таму што педагогі, якія паказваюць вынік у рабоце, у большасці сваёй людзі шаноўнага ўзросту. Наша задача — вырасціць ім маладую змену і замацаваць яе ў школе.
Шчыра дзякую калегам за іх працу, бо выдатна разумею, што вынік работы сістэмы адукацыі Смаргонскага раёна — гэта вынік работы кожнага педагога на сваім месцы. Мы ўсе добра разумеем, што якім бы выдатным ні было бацькоўскае выхаванне, настаўнік пакідае яркі след у душы дзіцяці.
Источник: https://nastgaz.by
