Які ён, партрэт сучаснай сельскай установы адукацыі? Даведаліся ў Гальшанскай сярэдняй школе
26.05.2026З кожным днём колькасць фарбаў, якія можна дадаць у незвычайны партрэт Гальшанскай сярэдняй школы, павялічваецца прапарцыянальна колькасці кветак, што распускаюцца на яе тэрыторыі. Браткі, цюльпаны… Пералічваць усе назвы і гатункі, якія штогод тысячамі вырошчваюцца руплівымі рукамі настаўнікаў і вучняў, можна бясконца. Пераконваешся ў гэтым літаральна з першых крокаў па ўтульнай тэрыторыі ўстановы адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Звілістыя сцежкі вядуць праз клумбы і алеі да вялізнага саду, у якім расце (увага!) 100 яблынь.
— У мінулым годзе да юбілею Вялікай Перамогі пры падтрымцы партыі “Белая Русь” на тэрыторыі школы быў закладзены яблыневы сад — высаджаны 80 дрэўцаў. Сёлета члены школьнай пярвічкі БСЖ дадалі яшчэ 20, — патлумачыла дырэктар Марына Віктараўна Гайдукевіч.

Марына Гайдукевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Зоя Гусева і вучні знаёмяць з вучэбнай бізнес-кампаніяй “Квецень”
Многія гады ў Гальшанскай сярэдняй школе паспяхова працуе вучэбная бізнес-кампанія “Квецень”. Пра яе дзейнасць мы пісалі падрабязна на старонках газеты, таму паўтарацца не буду. Адзначу толькі такі факт: на рэалізацыі кветкавай расады і дробных кустоў кожны год школа зарабляе да 20 тысяч рублёў, якія ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
— І ўсё ж галоўнае — не грошы. Дзякуючы бізнес-кампаніі мы ў першую чаргу выхоўваем у вучняў любоў да роднага краю, яго прыроды, фарміруем працавітасць. Дзеці ўкладваюць душу ў справу і вучацца працаваць на зямлі, — адзначыла Марына Віктараўна.
Душэўна гальшанскія школьнікі не толькі працуюць, але і спяваюць: пра родны край, пра сваю школу і… пра “Квецень”: “Мінаюць дні, бяжыць жыццё // І першай зацвітае ў нас віёла. // О, “Квецень” — гэта перш за ўсё // Добраўпарадкаванне школы. // Мінаюць дні, бяжыць жыццё, // Цвітуць усе клумбы каля нашай школы. // О, “Квецень” — гэта перш за ўсё // Прыгажосць Ашмянскага раёна”.
Апошні радок невыпадковы. Расаду для будучых клумбаў у Гальшанскай школы набываюць многія прадпрыемствы раёна, нават ЖКГ.
Бізнес-кампанія “Квецень” — самы маштабны і доўгатэрміновы праект гэтай установы адукацыі. Аднак не толькі ім ганарацца настаўнікі і вучні.
— З 2019 года прымаем удзел у праекце “Здаровыя гарады і пасёлкі”. І пачынаецца адпаведная работа з прышкольнай тэрыторыі. У рамках супрацоўніцтва з “Расатамам” устаноўлена гульнявая пляцоўка. Таксама ў школе абсталяваны велапакой, дзе захоўваюцца 18 веласіпедаў, на якіх вучні і настаўнікі падарожнічаюць па родным краі. Да нас могуць свабодна прыходзіць жыхары аграгарадка і займацца на велатрэнажорах, скандынаўскай хадзьбой. Трэці год наша ўстанова задзейнічана ў праекце “Гуляем у футбол”, які рэалізуецца пад эгідай Міністэрства адукацыі і Беларускай федэрацыі футбола, — паведаміла дырэктар.
Абавязкова ў партрэце Гальшанскай школы будзе чырвоны колер. Ён нагадвае пра маштабную работу па захаванні памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія пралілі сваю кроў за наша мірнае жыццё. Так, для выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Патрыёт” традыцыйным стаў удзел у эстафеце памяці, якая праходзіць па тэрыторыі аграгарадка каля знакамітых мясцін (замка, касцёла, царквы) і завяршаецца каля брацкай магілы чырвонаармейцаў. Наогул школа даглядае тры абеліскі.

— Аб’яднанне па інтарэсах “Патрыёт” дзейнічае з 2021 года. Яго мэта — падрыхтоўка вучняў да паступлення ў навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў. У 2022 годзе адкрыты прававы клас, навучэнцы якога актыўна ўдзельнічаюць у школьных, раённых мерапрыемствах, з’яўляюцца прыкладам паводзін для аднагодкаў. Створана і сцяганосная група, якая сёлета стала лепшай у раёне. З 2023 года дзейнічае ваенна-патрыятычны клас. За гэты блок работы адказвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ігар Віктаравіч Каралевіч. Паспяховай была праца і аграрнай групы.
Асаблівая гордасць — выпускнікі. Нашу школу скончылі выдатныя вучоныя, пісьменнікі, урачы. Ганарымся мы і цудоўнымі работнікамі сельскай гаспадаркі, заслужанымі трактарыстамі, камбайнерамі, партрэты якіх рэгулярна ўпрыгожваюць раённую і абласную Дошку гонару, — паведаміла Марына Віктараўна.
Гальшанская сярэдняя школа з’яўляецца самай вялікай у раёне сельскай установай адукацыі. Усяго тут вучыцца 194 дзіцяці, з якімі працуюць 30 педагогаў.
— Мая галоўная задача як кіраўніка — стварыць умовы, каб кожнаму дзіцяці, кожнаму настаўніку было ў школе камфортна, каб ён мог творча развівацца, адчуваў сябе часткай адной вялікай дружнай сям’і. Асаблівую ўвагу ўдзяляем маладым спецыялістам. Іх у нас цяпер 4. Наогул палова педагагічнага калектыву — нашы выпускнікі, — адзначыла Марына Гайдукевіч.
У стракаты партрэт Гальшанскай сярэдняй школы абавязкова варта дадаць і белы колер. Чаму? Гэтую таямніцу мы раскрыем у адным з найбліжэйшых нумароў “Настаўніцкай газеты”.
Источник: https://nastgaz.by
