РУС БЕЛ ENG 中文

Чаму Слонімскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці называюць адной з самых сучасных адукацыйных пляцовак раёна

26.05.2026

У бягучым навучальным годзе тут з’явілася асобнае памяшканне, адметнае сваім тэхнічным абсталяваннем: 10 камп’ютараў для індывідуальных заняткаў з дзецьмі, лічбавыя мікраскопы, наборы для юных канструктараў, адукацыйныя робаты, мультыборд, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Гэты сучасны куток з першых дзён стаў папулярным сярод дашкольнікаў, — запрашае на экскурсію загадчыца ўстановы Ларыса Ягаўдзік і дадае, што галоўнае тут не тэхніка, а лю­дзі, якія з ёй працуюць: — Нашы педагогі актыўна распрацоўва­юць заняткі з выкарыстаннем мультыборда, фарміруюць лічбавую скарбонку метадычных напрацовак для заняткаў з камп’ютарамі і мікраскопамі, па адукацыйнай робататэхніцы.

Вітае Пацерка

— Знаёміць дзяцей з асновамі праграмавання пачынаем з трох гадоў, — расказвае педагог Марыя Петручэня. — Нашы выхаванцы з цікавасцю займаюцца з робатам, ласкава называюць яго Пацерка. Каляровыя светлавыя індыкатары на ім адпавяда­юць камандам кіравання, што вельмі зручна. У гэтым узросце дзіцяці прасцей успрымаць інфармацыю менавіта праз колер, а не праз тэкст ці сімвалы.

Для выхаванцаў сярэдніх і старшых груп прызначаны больш складаны робат. Абедзве мадэлі працуюць па адзіным прынцыпе: дзіця задае паслядоўнасць дзеянняў, а робат яе ўзнаўляе.

— Вызначаем пачатак і канец маршруту, затым ставім робата на стартавую пазіцыю і задаём каманды: адзін крок наперад, паварот направа, яшчэ крок… Калі робат збіваецца са шляху, светлавыя індыкатары адразу паказваюць, дзе адбылася памылка, — тлумачыць педагог.

Маленькія “праграмісты” ўважліва сочаць за сігналамі, карэкціруюць паслядоўнасць і запускаюць алгарытм зноў. Як толькі Пацерка паспяхова набліжаецца да фінішу, у групе гучаць апладысменты. Дзякуючы светлавой зваротнай сувязі дзеці вучацца не проста націскаць кнопкі, а знаходзіць і выпраўляць памылкі, аналізаваць вынік.

— У пачатку мая мы дзяліліся вопытам работы ў гэтым напрамку з калегамі раёна. Акцэнт зрабілі на тым, што заняткі з робатамі — гэта не толькі развіццё логікі ў дашкольнікаў, але і магчымасць прымянення педагогамі тэхналогій праблемнага навучання. Размова тут пра стварэнне гульнявых сітуацый, калі дзіця сустракаецца з пэўным “няведаннем” і самастойна або з дапамогай педагога шукае тэхнічнае вырашэнне пастаўленай задачы (напрыклад, “Тыграня згубілася”: як дапамагчы яму дабрацца да матулі? Пабудуй з дапамогай робата самы кароткі шлях), — дадае Марыя Петручэня.

Колер у дапамогу

Універсальную адукацыйную прастору актыўна выкарыстоўва­юць не толькі выхавальнікі старшых і сярэдніх груп, але і настаўнікі-дэфектолагі, педагогі-псіхолагі, педагогі дадатковай адукацыі.

— Мы сфарміравалі пакет гульняў для настаўніка-дэфектолага, адаптаваных для інтэрактыўнай дошкі. Да кожнай гульні распрацавалі падрабязныя інструкцыі: мэта, алгарытм дзеянняў, кропкі педагагічнага кантролю, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Надзея Салейка.

Заданні прадуманы з улікам узроставых асаблівасцей выхаванцаў. Пераважае тут фармат, калі дзіця перамяшчае аб’екты, суадносіць выявы, будуе паслядоўнасці. Гэта трэніроўка зрокава-рухальнай каардынацыі, прасторавага ўспрымання і лагічнага мыслення.

— Калі мы гаворым пра лічбавізацыю адукацыйнага працэсу ў дашкольнай установе, важна разумець, што камп’ютарны клас — гэта толькі асяроддзе. Галоўным застаецца жывое ўзаемадзеянне дарослага і дзіцяці, — робіць важную заўвагу Ларыса Ягаўдзік.

Тэхніка, па сутнасці, толькі дапамагае захаваць дынаміку заняткаў і трымаць цікавасць дзяцей.

— Возьмем для прыкладу заняткі па напрамку “Дзіця і прырода”. Дашкольнікі знаёмяцца з новай тэмай “Птушкі” падчас прэзентацыі на мультыбордзе, а замацоўваюць матэрыял у фармаце інтэрактыўнай гульні-задання за камп’ютарам (“Адзнач пералётных і зімуючых птушак”, “Хто чым харчуецца, як перамяшчаецца”). Або падчас заняткаў “Пад­рыхтоўка да навучання грамаце” за камп’ютарамі вызначаюць, дзе ў слове знаходзіцца патрэбны гук, і раскладваюць карцінкі ў інтэрактыўнай гульні. Правільны адказ падсвечваецца зялёным, ня­правільны — чырвоным колерам. Дзеці спрабуюць зноў і зноў, пакуль не загарыцца зялёны сігнал, — працягвае Надзея Салейка і падкрэслівае: — Падчас работы з камп’ютарам мы даём дзецям інструмент для развіцця логікі, самастойнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Мабільны мікраскоп

Сёлета закупілі і некалькі лічбавых мікраскопаў. Гэта, па сутнасці, новая старонка ў развіцці “Зялёнай школы”. У рэспубліканскім праекце Слонімскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці прымае ўдзел шмат гадоў, тут працуе аб’яднанне па інтарэсах экалагічнай накіраванасці для выхаванцаў сярэдніх і старшых груп “Зялёны патруль”. Дзеці ўдзельнічаюць у экалагічных гульнях, назіраннях, доследна-эксперыментальнай дзейнасці, спартыўна-экалагічных святах.

Са з’яўленнем мікраскопаў цікавасць да экалагічнай тэматыкі і даследчай дзейнасці атрымала новы віток. Нашы выхаванцы з захапленнем разглядаюць у шматразовым павелічэнні ліст дрэва ці звычайную травінку, аркуш паперы.

Магчымасці сучаснай тэхнікі дазваляюць выводзіць такую выяву на экран мультыборда ў рэжыме тут і зараз. Акрамя таго, нашы лічбавыя мікраскопы мабільныя: вывучаць будову раслін мы можам нават на тэрыторыі ўстановы або ў зімовым садзе, — дадае загадчыца цэнтра.

Як дзеці ўспрымаюць сучасную прастору дашкольнай установы з усімі пералічанымі навінкамі? У пэўнай ступені — як маленькі цуд або забаўляльны атракцыён. Ра­зам з тым баць­кі адзначаюць, што для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак магчымасць папрацаваць з робатамі, за камп’ютарам і з лічбавым мікраскопам становіцца дадатковым стымулам з радасцю ісці раніцай у дзіцячы сад.

— Камп’ютарны клас мы адкрылі 1 верасня, а робататэхніку і работу з лічбавымі мікраскопамі актыўна развіваем са снежня. З верасня 2025 года ў нас працуе раённы рэсурсны цэнтр па развіцці маўленча-разумовай дзейнасці выхаванцаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Галоўны вынік нашай працы — штодзённыя пытанні дашкольнікаў наконт таго, калі ж адбудуцца наступныя заняткі ў памяшканні з сучаснай тэхнікай, — падсумоўвае Ларыса Ягаўдзік.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: