РУС БЕЛ ENG 中文

З дапамогай фарбаў і пэндзляў. Настаўніца пачатковых класаў са Шчучынскага раёна стала галоўным школьным іміджмейкерам

19.05.2026

Творчы педагог Лілія Жылук стварае асаблівую атмасферу ў Ляшчанскай сярэдняй школе Шчучынскага раёна. Афармляе і вучэбныя класы, і рэкрэацыі — і робіць гэта ўжо не першы год. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Памяшканні, якіх у прамым сэнсе слова не кранулася яе рука, сёння можна пералічыць на пальцах адной рукі. Пры гэтым аўтар цікавых дэкор-рашэнняў не баіцца складаных задач:

— Што такое вучэбны клас, калі мінулым летам мы самі пафарбавалі спартыўную залу! І не проста ў адзін колер, а дадалі геаметрыю. Вызначылі розныя зоны, размясцілі тэматычныя матыватары для вучняў і педагогаў з акцэнтам на роднае: бусел у палёце, сілуэт спартсмена са штангай, якую ўпрыгожваюць элементы беларускага арнаменту.

Лілія Зыгмундаўна ўпэўнена, што аформіць і цікава абыграць сцены ў школьным будынку — задача нескладаная, бо размова тут не пра мастацкі роспіс. Часам дастаткова нейкай хвалі на аднатонным “палатне” — і ўспрыманне цалкам мяняецца.

— Як толькі з’яўляецца такая хваля або любая іншая геаметрыя, касметычны рамонт ужо можна назваць дызайнам, — з усмешкай адзначае суразмоўніца. — Так што наша школа сёння практычна ўся — дызайнерскі праект.

І гэта не перабольшанне. У кабінеце рускай мовы і літаратуры “расце” бярозавы гай. Кантрастныя лініі надаюць дынаміку кабінету інфарматыкі. Элементы вышыванкі і букет з каласамі далікатна нагадваюць пра самабытнасць народа ў кабінеце бела­рускай мовы і літаратуры. А ў асобным памяшканні для настаўнікаў пераключыцца з рабочых момантаў дапамагаюць трапічныя ма­тывы.

— Усё пачынаецца з прадумвання ідэі ў адпаведнасці з прадметным зместам. Потым суадносім яе з санітарнымі нормамі. А на этапе ўвасаблення галоўнае — вернасць агульнай кан­цэпцыі, — дзеліцца педагог.

Адным з першых змяніўся кабінет гісторыі. Яго ўпрыгожвае стылізаваная выява рыцара і ратушы з цэнтральнай плошчы Шчучына.

 Афармленне гэтага кабінета пачыналі разам з вучнямі. Пэўны час вяла ў старшакласнікаў заняткі па профілі “Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ”, і гэта стала практычнай адпрацоўкай тэарэтычных ведаў, — згадвае Лілія Зыгмундаўна. — Профілю няма ўжо шмат гадоў, але цікавае пачынанне дагэтуль актуальнае. А падтрымліваюць мяне з любой ідэяй і ка­легі, і кіраўніцтва школы.

Літаральна ў кожным холе і кабінеце адчуваецца асаблівая цеплыня. І на вучэбны працэс гэта ўплывае самым станоўчым чынам.

— Афармленне прадметнага кабінета часта звяз­ваю з тэмай урока, — расказвае настаўніца фізікі Алена Ласік. — Вось гэтая лямпачка з пазлаў, дзе кожны элемент схематычна расказвае пра розныя галіны прымянення фізікі, — галоўны аб’ект увагі школьнікаў падчас першых урокаў у 7 класе. Абапіраючыся яшчэ на адзін арт-аб’ект — планетарную мадэль атама, часта фармулюю праблемнае пытанне падчас знаёмства з будовай атама: “Знайдзіце элемент афармлення, які звязаны з сённяшняй тэмай”.

Як ні дзіўна, кабінет пачатковых класаў стаў адным з апошніх у Ляшчанскай школе, дызайн якога атрымаў цікавае гучанне. Гэта той самы кабінет, у якім дарогай да ведаў разам з Ліліяй Жылук сёння ідуць яе першакласнікі. На сцяне літаральна ажывае малюнак з вокладкі буквара.

— Кожны ўрок героі Жэўжык і Кірыліца прыносяць маім вучням новыя тэмы і цікавыя заданні, — звяртае ўвагу настаўніца і паказ­вае іншыя афарміцельскія знаходкі: — Вось тут весела крочаць па вясёлцы рукзакі — гэта куток нашай пастаяннай увагі на ўроках “Чалавек і свет”. Адразу над дошкай — шэраг лікаў, да якіх штораз звяртаемся на матэматыцы.

Адным словам, атмасфера ў класе рабочая, але пры гэтым творчая.

Каля настаўніцкага стала цікава абыграны вялікія літары ў важных для кожнага беларуса словах — “маці”, “бацька”, “Радзіма”, “калыска”.

— Гэты элемент дэкору з’явіўся адразу пасля знаёмства з адпаведнымі літарамі алфавіта. Здавалася б, проста прыгожае афармленне. Але дзіцячая свядомасць вельмі чуткая: калі “маці” і “Радзіма” ў літаральным сэнсе слова пачынаюцца так прыгожа, хіба могуць яны неяк інакш адгукацца ў сэрцы маленькага беларуса? — знаёміць Лілія Жылук.

Разам з дзецьмі яна часта ўдзельнічае ў творчых конкурсах. І ў такім тандэме прынесла ў скарбонку школьных дасягненняў нямала ўзнагарод. Дарэчы, удзельнічае не толькі са сваімі сённяшнімі пачаткоўцамі, але і з учарашнімі выпускнікамі.

— Стараюся навучыць дзяцей мысліць нешаблонна. Напрыклад, для конкурсу на экалагічную тэматыку зусім не абавязкова браць у якасці зыходнага пункта лісцік або дрэва. Некалькі гадоў назад мы намалявалі шахматную дошку. На чорных квадратах — усё, што шкодзіць прыро­дзе. На белых — наадварот. Побач простая фраза: “Зрабі ход правільна”. Работа перамагла на абласным этапе, — падзялілася нас­таўніца.

Многія з рэалізаваных праектаў даўно сталі часткай экспазіцыі школьнага музея. З маёй з суразмоўніцай спыняемся каля кожнага экспазіцыйнага блока пад яе нязменнае: “Вось гэтую кампазіцыю з вучнямі рабілі для кон­курсу”.

— Творчасці ў маім жыцці заўсёды было адведзена важнае месца. Можна сказаць, гэта сямейная традыцыя. Бацькі — простыя людзі — заўсёды штосьці майс­травалі для дома. Памятаю, маці расказвала пра сваю вынаходлівасць: калі не магла купіць ажурныя фіранкі, рабіла іх сама з паперы. Гэтая ідэя маёй маці знайшла адлюстраванне і ў святочным афармленні школы да Новага года. На дзвярах з’явіліся выцінанкі накшталт фіранкі. Выглядала і святочна, і арыгінальна, — працягвае Лілія Жылук.

У яе прафесійным летапісе быў вопыт работы педагогам-арганізатарам. Менавіта тады нарадзілася думка, якая становіцца лейтматывам да кожнай справы настаўніцы: “Рабі ўсё творча, а інакш навошта?” Зыходзячы з гэтага прынцыпу, яна будуе свае ўрокі і ўносіць яркія фарбы ў афарм­ленне роднай школы.

— У будынку амаль не засталося куткоў, якія б вы не аформілі. А што далей? — цікаўлюся планамі.

— Ёсць яшчэ некалькі рэкрэацый і калідораў, — з усмешкай адзначае Лілія Зыгмундаўна. — Наогул, заўсёды знойдзецца тое, што можна падправіць і дапрацаваць. Да таго ж сёння ў нашых школьнікаў ёсць магчымасць прайсці навучанне па прафесіі рабочы зялёнага будаўніцтва. Тэрыторыя ўстановы вялікая, так што для творчасці і тут у нас добрая пляцоўка.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: