Напісанне сачыненняў па метадзе незавершанага сказа. Якія яшчэ аўтарскія распрацоўкі ў педагагічнай скарбонцы Ірыны Захарчук
15.05.2026“Мудры не той, хто шмат ведае, а той, чые веды карысныя”, — любіць паўтараць Ірына Захарчук з сярэдняй школы № 2 Слоніма. Менавіта гэты прынцып — у аснове кожнага яе ўрока. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ірына Уладзіміраўна называе сябе выпадковай настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Але за гэтай жартаўлівай фармулёўкай — цікавая гісторыя пастаяннага педагагічнага пошуку.

— Мая першая спецыяльнасць — настаўніца пачатковых класаў, — пачынае Ірына Захарчук. — Адразу пасля вучылішча пайшла працаваць і паралельна атрымлівала вышэйшую адукацыю. Аднак не па профільнай спецыяльнасці “пачаткоўца”, а выбрала беларускую філалогію. Амаль выпадкова трапіла ў прафесійны напрамак педагогікі, дзе спачатку сябе не бачыла.
Пераход у старшую школу для суразмоўніцы стаў аб’ектыўнай неабходнасцю і пэўны час палохаў.
— Хвалявалася за работу не столькі ў 5—6 класах, колькі са старшакласнікамі, — прызнаецца суразмоўніца. — Але сёння дакладна разумею: усё ў жыцці ідзе сваім парадкам. Нават уявіць сябе не магу на іншым месцы.
Тым не менш яна з цеплынёй называе імёны сваіх першых пачаткоўцаў. Не памятае сітуацый, калі б павышала на іх голас. А пра адзін эпізод дыялогу з кіраўніцтвам школы ў Азярніцы (адрас старту ў прафесіі) гаворыць з цікавай праекцыяй на сучаснасць:
— Памятаю, пасля аднаго з урокаў намеснік дырэктара сказала, што бачыць мяне толькі ў пачатковай школе. Яна тады заўважыла, што дзеці пераймаюць мае жэсты, рухі галавой… і заключыла: “Гэта вашы дзеці”. Вучні сапраўды часам пераймаюць мае манеры, бо педагогіка — не толькі пра веды, але і пра стыль, энергетыку, стаўленне. Асабліва прыемна, што сярод такіх пераймальнікаў ёсць нават дарослыя, сталыя людзі. Бывае, калегі адзначаюць, што мае былыя вучні, якія сталі настаўнікамі, капіруюць мяне. А падчас нядаўніх курсаў у ГрАІРА адна з маіх выпускніц шчыра падзялілася: “У класе стараюся быць падобнай да вас”. Такія словы — лепшая ацэнка ўжо пройдзенага мной шляху.
Дарэчы, вельмі цікавага педагагічнага шляху ў некалькі дзесяцігоддзяў, дзе нават кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст” не ўспрымаецца як фініш:
— Калі здала на катэгорыю, сын з усмешкай спытаў, ці дасягнула я вышэйшага паверху магчымасцей у педагогіцы. Але ў нашай прафесіі такога паняцця не існуе. Час ідзе, дзеці мяняюцца… Тут важна заставацца дынамічным, ісці ў нагу з часам. Выпісваю і чытаю шмат профільнай перыёдыкі. Сама стараюся дзяліцца вопытам.
Цікавыя распрацоўкі
— Мудры не той, хто шмат ведае, а той, чые веды карысныя, — цытуе вядомы выраз педагог. — Калі падчас заняткаў гаворым пра ступені параўнання прыметнікаў, сухую тэорыю імкнуся пакласці ў плоскасць жыццёвай рэальнасці. Мы з цікавасцю параўноўваем свой светлы кабінет з суседнім святлейшым. Мадэлюем рэальную сітуацыю, напрыклад, у магазіне, дзе выбіраем самы прыгожы або самы танны рукзак. Папаўняючы лексічны запас, нярэдка чытаем на ўроку склад на пачку пячэння, дзе ўсё па-беларуску. Не аднойчы арганізоўвалі фальклорныя экспедыцыі.
У педагагічнай скарбонцы Ірыны Захарчук — аўтарскія распрацоўкі. Адна з іх — напісанне сачыненняў па метадзе незавершанага сказа. Не кожны вучань можа пачаць пісаць на зададзеную тэму, камусьці патрэбен невялікі штуршок для пачатку. І гэта можа быць незавершаны сказ або адказ на пастаўленае пытанне, сфармуляванае настаўнікам. Самае важнае пры гэтым на ўроку пачакаць, каб усе вучні напісалі неабходнае, затым можна зноў даваць чарговую падказку-штуршок.
Пры напісанні сачынення-апісання па карціне ў 9 класе выкарыстоўвала наступныя сказы-клішэ:
Варыянт 1. Перад намі карціна … (назва карціны) вядомага (выдатнага, славутага) мастака … ( указаць прозвішча і імя).
Варыянт 2. На ўроку беларускай мовы мы пазнаёміліся з цудоўнай карцінай … (указаць прозвішча і імя мастака і назву карціны).
Тэма карціны … (указаць) — прываблівала шматлікіх мастакоў, таму што … (прычына).
Варыянт 3. Гісторыя стварэння карціны…
(Па жаданні можна сцісла расказаць гісторыю стварэння карціны або прывесці некаторыя звесткі з біяграфіі мастака.)
Наступны крок.
Цікавы сюжэт карціны: … (Сцісла расказаць, што на ёй адлюстравана.)
Для таго каб апісаць, што адлюстравана на пярэднім плане, можна прапанаваць варыянты:
Спачатку звяртаем увагу на пярэдні план карціны, дзе бачым…
На пярэднім плане мастак паказаў (адлюстраваў)…
На пярэднім плане прысутнічае…
Адразу прыцягвае ўвагу…
Аналагічна працуем далей з тым, што адлюстравана на заднім плане:
На заднім плане карціны размясціліся…
Задні план карціны займае…
Удалечыні адкрываецца…
Пасля звяртаем увагу на колеравую гаму таксама з выбарам варыянтаў:
На карціне перавага колераў…
Гэта робіць карціну…
Выкарыстоўваючы (якія?) колеры і адценні, мастак дабіваецца (якога?) настрою. Дзякуючы кантрасту (якіх?) колераў, мы разумеем ідэю мастака (якую?).
Мастак нездарма выбірае для сваёй карціны (якія?) фарбы. Гэтым ён вырашае паказаць нам, (што?)…
Мноства (насычаных і яркіх або бляклых і цьмяных) адценняў надае твору (што?), напаўняе яго (чым?).
Майстар сваёй справы спецыяльна выкарыстаў фон у (якіх?) колерах.
У заключэнні:
Калі я гляджу на карціну… (чыю, назва), то ўспамінаю…
Любуючыся карцінай, я адчуў, (што?)…
— Любы клас добра напіша сачыненне пры такім падыходзе. Але для паспяховасці эксперымента патрабуецца вялікая папярэдняя работа настаўніка. Неабходна прадумаць план да сачынення (пажадана не адзін), падабраць эпіграфы і цытаты-выказванні па тэме, стварыць інфармацыйныя слоўныя пакеты, на якія вучні змогуць абапірацца пры напісанні, падабраць выявы, якія выклічуць у вучняў эмоцыі, і музычнае суправаджэнне. Я часта выкарыстоўваю творы Шапэна, — расказвае педагог.
Для развіцця маўлення вучняў Ірына Уладзіміраўна прымяняе яшчэ адзін арыгінальны падыход — асацыятыўныя карткі. Вучні выбіраюць малюнак (у педагога сёння такіх больш за 200), які ім падабаецца, і будуюць вакол яго невялікае выказванне-эсэ. Гэта не сачыненне ў звычайным разуменні, а менавіта трэніроўка ўмення дакладна і выразна фармуляваць свае думкі. Работу з такімі карткамі можна прапанаваць на любым этапе ўрока.
— Крыху больш за год назад захапілася тэмай развіцця эмацыянальнага інтэлекту вучняў. Сёння мае ўрокі нярэдка пачынаюцца з прапановы выбраць цытату і паразважаць пра яе — накшталт работы з карткамі. Такія цытаты абавязкова настройваюць на пазітыўны лад, дапамагаюць задумацца над важным, — працягвае Ірына Захарчук.
Сваім вопытам яна шчодра дзеліцца з калегамі. Цікавы падыход у арганізацыі карысных сустрэч з настаўнікамі — метадычныя каворкінгі, калі адбываецца менавіта прайграванне ўсяго новага — методык, прыёмаў і падыходаў.
Тэхналогіі — саюзнікі
TikTok, YouTube, нейрасеткі — для Ірыны Уладзіміраўны гэта не канкурэнты за ўвагу вучняў, а саюзнікі.
На сваім YouTube-канале яна дзеліцца матэрыяламі, а ў TikTok нярэдка знаходзіць простыя і цікавыя ідэі, як, напрыклад, прыём “Снежкі”: вучні пішуць пытанні па пройдзеным раздзеле “Дзеяслоў” на лістках, камечаць іх, кідаюць адно аднаму, а потым адказваюць на пытанне, якое трапіла ў рукі.
— Калі дзеці чуюць ад мяне пра ChatGPT, яны гавораць: “О, вы сучасная настаўніца!” — усміхаецца педагог. — А я не камплексую, што тут яны могуць ведаць больш. Вучні часам нават даюць мне падказкі, як ажыццявіць тую ці іншую ідэю з дапамогай АІ-тэхналогій. Так, дзякуючы нейрасеткам на нашых уроках літаратуры, напрыклад, вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча гучаць ад першай асобы або нават аранжыруюцца як песні на сучасны лад.
Ірына Уладзіміраўна імкнецца зрабіць навучанне не толькі цікавым: частку верша нярэдка разам з ёй дзеці вучаць проста на ўроку, а вялікія творы вопытны педагог загадзя ўсім раіць разбіваць на малыя часткі — па 20 старонак на дзень, а не 200 за вечар. Як гэта працуе на карысць любові да мовы? У адным з яе выпускных класаў для здачы ЦТ 24 з 25 чалавек выбралі менавіта беларускую мову, і гэта ў рускамоўнай школе.
— Мне здаецца, дзеці тут спадзяюцца на маю патрабавальнасць і ўменне кантраляваць, — заўважае настаўніца. — У 10—11 класах вучні ўжо разумеюць каштоўнасць кантролю. Зразумела, ім бывае цяжка ад бясконцых залікаў, але пасля рэпетыцыйнага тэсціравання кажуць: “На ЦТ усё тое ж самае, што мы здаём на заліках”. Вось тады ўсе пазлы складваюцца.
Адказ на пытанне, як павінен выглядаць ідэальны ўрок, суразмоўніца дае без ваганняў:
— Гэта калі я больш маўчу, а гавораць вучні. Калі я толькі арганізую работу ў парах, у групах, а дзеці самі задаюць пытанні і адказваюць на іх. Калі ў канцы ўрока ёсць месца для маленькага тэсту, для рэфлексіі. Менш саліравання настаўніка — вось да чаго важна імкнуцца.
Сёння ў яе скарбонцы — шматлікія публікацыі, выступленні на канферэнцыях, майстар-класы для маладых калег, свой YouTube-канал і блог “Мова — мая апора” (mowa_maia_apora), дзе матэрыялы структураваны па класах. Але галоўная гордасць — гэта яе вучні. Больш за дзясятак выпускнікоў Ірыны Захарчук ужо выбралі беларускую філалогію сваёй прафесіяй.
— Дар’я Дарошка, Вольга Халопік, Аляксандра Радковіч, Анастасія Гушча, Ліза Богдан, Віка Салейка… Яны працуюць у школах Слоніма, Гродна, Баранавіч. Цяпер мы не проста настаўніца і вучні, мы — калегі. Калі я бачу, што такія свядомыя, разумныя дзяўчаты ідуць у прафесію, сама сабе паўтараю: за ўпэўненыя веды іх вучняў можна не хвалявацца, — рэзюмуе педагог.
Источник: https://nastgaz.by
