Настаўнік матэматыкі гімназіі № 1 Ліды Альфрэд Ладыка атрымаў званне Народнага настаўніка Беларусі
08.08.2025Адпаведны Указ аб прысваенні ганаровага звання падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Упершыню званне “Народны настаўнік Беларусі” было прысвоена ў лістападзе 2016 года настаўніку фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №1 Валерыю Барашкову. Выдатны педагог Альфрэд Ладыка стаў другім у гісторыі краіны народным настаўнікам.
У адным з інтэрв’ю карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” Альфрэд Антонавіч адзначаў, што ўсё яго жыццё звязана з матэматыкай. І ён ніколі не пашкадававаў, што зрабіў такі выбар, бо для яго гэта і работа, і хобі.
А.А. Ладыка расказваў, што ў маленькай вёсцы Кяўры, дзе ён жыў, усе паважалі настаўнікаў. Таму і яго шлях у прафесію быў вызначаны. На выбар справы жыцця яшчэ ў школьныя гады паўплывала настаўніца матэматыкі Гаўеўскай васьмігадовай школы Лідскага раёна Вольга Аляксандраўна Майсейчык. Вагаўся толькі паміж дзвюма дакладнымі навукамі: фізікай і матэматыкай. І ўсё ж матэматыка выйшла на першае месца, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
— Пачынаць працоўны шлях было няпроста, але з гадамі прыйшоў вопыт, навыкі. Стараўся, займаўся самастойна, шукаў новыя матэрыялы. Ды і вучні былі добрыя, хацелася даць ім як мага больш ведаў, зацікавіць сваім прадметам, — успамінае Альфрэд Антонавіч.
Педагог падкрэсліваў, што яму заўсёды шанцавала з навучэнцамі. Радуюць і сённяшнія гімназісты. Яны актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, маюць поспехі на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды, атрымліваюць 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Шмат увагі А.А.Ладыка ўдзяляе рабоце з алімпіяднікамі. Каб назапасіць неабходную базу, перагледзеў велізарны аб’ём матэрыялу, сабраў шмат папак з рашэннямі задач, не толькі аўтарскімі і сваімі, але і вучняў. Усё гэта стала асновай для заняткаў падчас падрыхтоўкі старшакласнікаў да спаборніцтваў. Даваў дзецям розныя спосабы рашэння задач, школьнікі таксама прапаноўвалі свае варыянты, лепшыя з іх настаўнік захоўваў.
— Мэта педагога, каб дзеці далей вучыліся і радавалі сваіх настаўнікаў і бацькоў, былі запатрабаваныя. Радасна, калі яны паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, атрымліваюць добрую адукацыю, а потым і работу, — менавіта такой лічыць місію педагога Народны настаўнік Беларусі.
Источник: https://nastgaz.by