Канікулы ў «ЛетаГрадзе»: педагогі Паляцкішскай школы зрабілі адпачынак дзяцей цікавым і карысным
05.08.2025Летні выхаваўча-аздараўленчы лагер з такой цудоўнай назвай, які дзейнічаў у Паляцкішскай базавай школе Воранаўскага раёна, сёлета прыняў 10 выхаванцаў ва ўзросце 10—13 гадоў.
Уся дзейнасць дзіцячага калектыву была арганізавана ў адпаведнасці з планам выхаваўчай работы, рэалізацыя якога адбывалася пад кіраўніцтвам педагога Алены Зыгмундаўны Пажарыцкай. Выхавальнікі Марыя Уладзіміраўна Балінская, Аляксандр Мар’янавіч Васько, Тэрэса Станіславаўна Дзюк ладзілі для дзяцей цікавыя мерапрыемствы. Кожны дзень лагера быў тэматычны: “Дзень добры, “ЛетаГрад”, “Дзень талентаў”, “Дзень экалогіі”, “Кола гісторыі”, “Сімвалы Беларусі”, “Спорт і здароўе”, “Свет прафесій”.
Дзень у лагеры “ЛетаГрад” пачынаўся з лінейкі, ранішняй гімнастыкі, хвілінкі здароўя, што дапамагала стварыць станоўчы эмацыянальны зарад на ўвесь дзень.
На пачатку лагернай змены дзеці працавалі над міні-праектам “Дом, у якім мы жывём”. Цікава прайшоў Дзень экалогіі. Захапляльнай была квест-гульня “Прыгажосць нашай прыроды”. З задавальненнем працавалі выхаванцы ў творчай майстэрні “Зрабі сам”, дзе выраблялі кветкавае пано.
Спадабалася дзецям экскурсія на хлебапякарню гарадскога пасёлка Воранава, дзе ўдзельнікі лагера ўбачылі, як адбываецца “нараджэнне” хлеба і хлебабулачных вырабаў, пачаставаліся свежавыпечанымі румянымі булачкамі.
Пабывалі ў Воранаўскім раённым доме рамёстваў, азнаёміліся з работамі народных умельцаў, прадстаўленымі на выставе, прынялі ўдзел у майстар-класе “Беларуская выцінанка”.
Праведзены спартыўныя спаборніцтвы, гульнявая праграма “Дзіцячыя забавы”, рухавыя гульні на свежым паветры, якія прапагандавалі здаровы лад жыцця. Падчас лагернай змены ўдзялялася ўвага прафілактыцы шкодных звычак і правапарушэнняў, мерам бяспечных паводзін у надзвычайнай сітуацыі.
Напрыканцы кожнага дня дзеці давалі ацэнку асабістым дасягненням у розных сферах дзейнасці — творчасць, інтэлект, спорт, праца, этыкет, удзел у жыцці лагера. Педагогі вельмі пастараліся, каб адпачынак стаў для дзяцей цікавым і карысным.
Источник: https://nastgaz.by