РУС БЕЛ ENG 中文

Свіцяззю натхнёныя: вопытам экалагічнага выхавання дзеляцца педагогі Навагрудскага раёна

01.08.2025

Экалагічнае выхаванне, добраўпарадкаванне тэрыторый, праектная дзейнасць — гэтым кірункам работы педагогі Навагрудскага раёна ўдзяляюць увагу не толькі на працягу навучальнага года, але і летам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Не спыняцца на дасягнутым

Да заканчэння канікул застаецца крыху больш чым месяц, а гэта значыць, што ўстановы адукацыі актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года. Сёння адна з важных задач — завяршыць аздараўленне дзяцей і стварыць камфортныя ўмовы для іх навучання.

Начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Ірына Скоб­ля расказала, што да канца жніўня ў іх плануецца аздаравіць 2218 непаўналетніх.

— Гэта складае 49,7% ад агульнай колькасці навучэнцаў 6—17 гадоў, — растлу­мачыла Ірына Міхайлаўна. — З іх 360 навучэнцаў пройдуць аздараўленне ў спартыўна-аздараўленчых лагерах. У летніках з кругласутачным знаходжаннем адпачнуць 945 школьнікаў, з дзённым знаходжаннем — 913. Гэтым летам у Навагрудскім раёне функцыянуюць 9 кругласутачных лагераў. Наш аздараўленчы лагер “Свіцязь” працуе на працягу чатырох змен па 15 дзён. За гэты час у ім адпачнуць 660 вучняў.

У размове Ірына Міхайлаўна адзначыла важныя дасягненні за мінулы навучальны год.

— У нас 19 стабальных сертыфікатаў па выніках ЦЭ і ЦТ, — працягвае Ірына Скобля. — Гэта на 6 больш, чым летась. Нашы навучэнцы атрымалі 9 дыпломаў абласнога і 1 дып­лом заключнага этапу рэс­публіканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

— Мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым, — запэўнівае Ірына Міхайлаўна. — У нас многа планаў на новы навучальны год, які прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрымку зручнага, бяспечнага, сучаснага, эстэтычна арганізаванага адукацыйнага асяроддзя. Будуць прыняты маштабныя меры па навядзенні парадку на тэрыторыях устаноў адукацыі. Як вядома, бягучы год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Нашы ўстановы адукацыі ўспрынялі гэта як кіраўніцтва да актыўных дзеянняў, мэта якіх не толькі ў тым, каб добраўпарадка­ваць, пераўтварыць, мадэрнізаваць тэрыторыі сваіх устаноў адукацыі, але і навучыць кожнае дзіця думаць і пра сябе, і пра навакольны свет. Большасць часу дзеці праводзяць у школе, дзіцячым садзе, таму важна, каб ім ва ўстановах адукацыі было камфортна і ўтульна, — мы імкнёмся да гэтага разам.

Сёння ў Навагрудку вядзецца мэтанакіраваная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі: завершана рэканструкцыя харчаблока дзіцячага сада № 11 Навагрудка, ідзе капітальны рамонт мяккага дахавага пакрыцця спецыяльнай школы-інтэрната Навагрудка імя К.Камінскага, рамонт сістэмы ацяплення і водазабеспячэння ў дзіцячым садзе № 3 Навагрудка, у дзвюх установах адукацыі мадэрнізуюцца школьныя стадыёны.

Традыцыі будучыні

Экалагічнае выхаванне — прыярытэт у дзейнасці педагогаў Валеўскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Валеўская сярэдняя школа — найстарэйшая ўстанова адукацыі Навагрудскага раёна з багатымі, адметнымі традыцыя­мі. Склаліся яны на аснове гістарычнага мінулага і звязаны з легендамі пра возера Свіцязь.

— Мы шануем мінулае, таму выхаваўчую работу будуем па прынцыпе “захоўваючы традыцыі, вызначаем будучыню”, — звяртае ўвагу дырэктар Валеўскай сярэдняй школы Андрэй Падліпскі.

Гордасць установы адукацыі — адзін з найстарэйшых у краіне паркаў-дэндрарыяў. У яго старой частцы створаны эксперыментальныя, феналагічныя батанічныя інтэрактыўныя пляцоўкі. Андрэй Віктаравіч расказаў, што педагогі і вучні спрабуюць захаваць у парку ўнікальныя расліны.

Дэндрапарк быў закладзены на тэрыторыі школы ў 1960—1961 гадах. У ім можна налічыць каля 70 відаў дрэў, у тым ліку і рэдкіх, унікальных: дуб чырвоны (паўночны або амерыканскі), коркавае дрэва, піхта каўказская, лістоўніца сібірская, айлант, або кітайскі ясень, арэх манчжурскі.

— На месцы парку раней было балота, — працягвае расказваць Андрэй Віктаравіч. — Каб пазбавіцца яго, акультурыць тэрыторыю, сіламі навучэнцаў, работнікаў школы і бацькоў былі выкапаны тры сажалкі, якія паміж сабой злучаюцца каскадам. У выніку вада сы­шла і на месцы балота быў засаджаны парк.

З цягам часу ў парку-дэндрарыі з’явіліся інтэрактыўныя пляцоўкі: “Смецце — бяда ўсёй планеты”, “Паляна птушак”, “Вавёрчын Гай”, “Клумба для матылькоў”, “Лясная аптэка”. Кожная з іх абсталявана таблічкамі з інфармацыяй аб відзе смецця, тэрмінах яго раскладання ў прыродзе, спосабах перапрацоўкі і часе закладкі. Напрыклад, харчовае смецце закладваецца кожны месяц.

— У маладой частцы дэндрарыя павяліч­ваем колькасць і разнастайнасць раслін, разбіваем новыя клумбы, высаджваем алеі, прысвечаныя знакавым, важным датам, па­дзеям, людзям, — дадае настаўнік-дэфектолаг Кацярына Шапель. — У 2020 годзе ўвайшлі ў лік “зялёных школ”. Каб атрымаць такі статус, больш як год выконвалі пэўныя заданні, што і прывяло да значнага выніку. У наступныя гады правялі намнога больш акцый, заклалі шэраг тэматычных алей. Праект “Зялёныя школы” даў нам маг­чымасці для рэалізацыі творчага патэнцыялу.

Сёння парк-дэндрарый з’яўляецца доследнай пляцоўкай для арганізацыі шматвектарнай дзейнасці навучэнцаў — удзельнікаў школьнага лясніцтва. Значна, што лясніцтва Валеўскай сярэдняй школы, як і парк-дэндрарый, таксама з’яўляецца адным з найстарэйшых у краіне. На кожнай з пляцовак парка падчас навучальнага года праводзяцца інтэр­актыўныя квесты. Летам, калі працуюць аздараўленчыя лагеры, тэрыторыя дэндрарыя выкарыстоўваецца для правядзення экалагічных мерапрыемстваў і адукацыйных гульняў.

— Да работы ў парку-дэндрарыі далучаем дзяцей, пачынаючы з 5—6-гадовага ўзросту, — акцэнтавала ўвагу Кацярына Шапель. — Да кожнай расліны стварылі інфармацыйныя таблічкі. На іх напісалі від расліны на рускай мове і латыні, апісалі яе карысныя ўласцівасці, прыклалі фотаздымкі. Калі праводзім экскурсіі, расказваем наведвальнікам пра разнастайнасць флоры, пра яе лекавыя ўласцівасці, для дзяцей арганізоўваем тэатралізаваныя паказы, распрацоўваем квесты, інтэлектуальныя гульні і гульні-падарожжы.

Гульня ў космас

Выхоўваць у малышоў павагу да прыроды педагогам дзіцячага сада № 12 Навагрудка дапамагае прадметна­прасторавае асяроддзе, над напаўненнем якога выхавальнікі працавалі разам з бацькамі.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі дзіцячага сада заўсёды было ў прыярытэце калектыву. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Вераніка Богуш упэўнена: месца, дзе выхоўваюць дзетак, павінна быць прывабным не толькі сваім унутраным напаўненнем, але і знешне.

— Не так даўно ў нас была аформлена яркая, прывабная кветкавая кампазіцыя, якая складаецца з 8 рознаўзроўневых габіёнаў, упрыгожаных кветкамі і рознакаляровай каменнай дробкай, — дэманструе кампазіцыю Вераніка Васільеўна. — Дробка стварае цікавы малюнак на плоскасці. Галоўнымі героямі кветкавай кампазіцыі з’яўляюцца садовыя фігуры з казкі “Пра слімака і чарапаху”, якую вельмі любяць нашы выхаванцы. Менавіта гэтыя героі кожную раніцу радасна сустракаюць дзетак і іх бацькоў.

Упрыгажэннем да­школьнай установы стала алея туй, якая з’явілася тут дзякуючы прыгожай традыцыі: заканчваючы садок, яго маленькія выпускнікі высаджваюць дрэвы на спецыяльна адведзеным участку.

— Тую выбралі невыпадкова, бо яна — сімвал росту і жыцця, — дадае Вераніка Богуш. — Як і нашы выхаванцы, туі будуць расці, мацнець і доўгія гады радаваць усіх сваёй прыгажосцю.

На працягу навучальнага года педагогі вялі сістэмную работу па фарміраванні ў дзетак асноў экалагічнай культуры. Асноўны акцэнт рабілі на стварэнні гульняў, арганізацыі назіранняў і практычнай дзейнасці.

— Педагогі вырабілі шэраг дыдактычных гульняў і дапаможнікаў, сярод якіх “Садавінна-ягаднае лато з загадкамі”, дыдактычны дапаможнік “Хто побач жыве”, дыдактычная гульня “Экалагічны бум”, экашашкі і інш. У нетыповым фармаце прадстаўлены жывёлы і расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Іх нашы выхаванцы з цікавасцю даследуюць. А каб навучыць дзетак сарта­ваць смецце, была створана плоскасная гульня-ха­дзілка “Чалавек і прырода”. Яна змяшчае ў сабе серыю тэматычных заданняў. Для гульні педагогі падрыхтавалі атрыбуты, гуляючы з якімі дзеці замацоўваюць атрыманыя веды і прымяняюць іх у практычнай дзейнасці.

Вучэбна-пазнавальную функцыю ў садзе выконваюць інтэрактыўныя сцены. Яны прадстаўлены мноствам гульнявых макетаў са стацыянарным дыдактычным матэрыялам. Выхавальніца Вікторыя Ярашук растлумачыла іх сэнс.

— Гульнявыя макеты прызначаны для арганізацыі гульняў па розных тэмах, — гаворыць Вікторыя Алегаўна. — Напрыклад, “Прыродныя супольнасці” ўяўляюць сабой сажалку, паляны і вясёлага слімака. На макетах па гэтай тэме размешчаны выявы супольнасцей “Лес”, “Луг”, “Балота”. Гуляючы, выхаванцы размяшча­юць карцінкі з насельнікамі кожнай з супольнасцей згодна з гульнявымі задачамі. Так, у  гульні “Чыё пяро?” прашу малышоў суаднесці малюнак пяра з птушкай, якой гэтае пяро належыць.

Прывабным у тым ліку для дарослых з’яўляецца гульнявы макет “Космас” — гэта мадэль Сонечнай сіс­тэмы, зорнага неба з су­зор’ямі. Дапаўняюць гэтую зону выявы касманаўтаў і касмічнага карабля.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: