РУС БЕЛ ENG 中文

Сняжана Рубель: работа ў лагеры для маладога спецыяліста — важны крок у справе ўдасканалення педагагічнага майстэрства

09.07.2025

 

Для Сняжаны Рубель з Юрацішкаўскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна мінулы навучальны год стаў другім у прафесіі, а гэтае лета — часам першага вопыту на пасадзе намесніка начальніка школьнага лагера. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Малады спецыяліст упэўнена, што работа ў аздараўленчым лагеры — важны крок у справе ўдасканалення арганізатарскіх і выхаваўчых аспектаў педагагічнай дзейнасці.

— Любы новы вопыт звычайна калі не палохае, то насцярожвае. Але, мне здаецца, якраз гэты шлях — праз новае — вядзе да мэты самаразвіцця, — дзеліцца Сняжана Іванаўна.

У мінулым навучальным годзе яна выбудоўвала адукацыйны дыялог з вучнямі з 6 па 11 клас. Вяла ўрокі біялогіі і хіміі. Цікава, што яе прыклад імкнення да педагогікі — не інакш як хімія з глыбокага дзяцінства.

— Мне здаецца, у іншых прафесіях сябе ніколі і не ўяўляла. Мэтанакіравана прыйшла працаваць у школу і імкнуся запазычваць вопыт не толькі ў калег нашай установы адукацыі. У мінулым годзе стала ўдзельніцай летняй школы маладога педагога ў ГрАІРА і на працягу некалькіх дзён чэрпала карысныя веды на майстар-класах настаўнікаў-метадыстаў з іншых раёнаў вобласці, — адзначае Сняжана Рубель.

Шмат у чым на выбар прадметнага кірунку ў педагогіцы паўплывалі школьныя настаўнікі — Алена Анатольеўна Рубель і Жанна Раманаўна Лукша. Важна сказаць, што з 7 класа яна нязменна ўдзельнічала ў Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі і ў раёне заўсёды выходзіла ў лідары. Актыўна захап­ляе і сваіх вучняў. Сёлета чарговы раз радавалася дыплому на раённым этапе. Але цяпер ужо сваёй вучаніцы Арыны Калышка.

— Усё дзяцінства з асаблівай цікавасцю прыслухоўвалася да расказаў пра школу і школьнікаў сваёй роднай цёткі Ліліі Іванаўны Буклярэвіч, — дадае Сняжана Рубель.

Успамінае, што першы год работы праляцеў як адно імгненне. Вядома, былі ў ім свае цяжкасці, асабліва ў рабоце з дакументамі. Але суразмоўніца ведала, што заўсёды атрымае дапамогу і карысную параду.

Практычна адразу зразумела, што кожны класны калектыў — гэта свайго роду асобная экасістэма і падыход трэба шукаць адметны. Якраз з гэтым цяжкасцей не адчувала. Выпрацавала свае падыходы і практыкі ўжо ў першыя тыдні пастаяннага ўзаемадзеяння на ўзроўні “настаўнік — вучань”.

— Шмат часу патрабавала падрыхтоўка да ўрокаў. У адзін дзень у мяне маглі быць заняткі з вучнямі і ў 6, і ў 7, і ў 9 класе. Мінулы год у гэтым плане стаў крыху лягчэйшым ужо толькі таму, што цяпер ведаю дзяцей і тыя метады і прыёмы, якія будуць найбольш актуальныя і эфектыўныя ў канкрэтным класе, — гаворыць малады спе­цыяліст.

Педагог ужо сфарміравала сваю метадычную скарбонку. Вялікую ўвагу ўдзяляе метадам і прыёмам тэхналогіі ТРВЗ.

— На выніковыя заняткі па тэме часта прыходжу са знаёмым вучням рукзаком (у раздрукаваным выглядзе). Перадаючы яго адно аднаму, дзеці з задавальненнем напаўняюць такую скарбонку ведаў фармулёўкамі: “Пры вывучэнні гэтай тэмы я даведаўся…”, “Мне было найбольш цікава…” і г.д., — прыводзіць прыклад суразмоўніца.

Яна пераканана, што гульнявыя тэхналогіі аднолькава актуальныя для школьнікаў усіх узростаў, і актыўна выкарыстоўвала іх у тым ліку ў рабоце з выпускнікамі. На ўроках хіміі з адзінаццацікласнікамі ў гэтым годзе, напрыклад, не раз звярталася да прыёму анаграмы: з першых літар хімічных элементаў, якія трэба было адгадаць пасля пытанняў, вучні складалі тэму будучага ўрока.

— Люблю працаваць з кластарамі — графічным адлюстраваннем сувязей паміж паняццямі ў выглядзе гронкі ці карты ведаў, дзе ў цэнтры знаходзіцца асноўная тэма, а ад яе разыходзяцца звязаныя з ёй паняцці і ідэі, — дадае малады спецыяліст.

Да кожнага ўрока яна абавязкова падбірае дадатковыя пытанні і заданні на выпадак, калі застанецца вольны час пасля работы па тэме. І добра ведае класы, у якіх так абавязкова здараецца.

— Школа — гэта не толькі заняткі і падрыхтоўка да іх. У мінулым навучальным годзе адкрыла ў сабе творчы пачатак праз ролю Снягуркі на калядных сустрэчах, спартыўную загартоўку дзякуючы ўдзелу ў абласной спартакіядзе работнікаў адукацыі, — з усмешкай працягвае педагог і рэзюмуе: — Важна быць гатовым да новага вопыту, і тады ўсё не проста атрымаецца, а будзе прыносіць задавальненне.

— У рабоце з маладымі спецыялістамі важна не пакідаць іх сам-насам з магчымымі цяжкасцямі і пытаннямі. У нас такіх педагогаў сёння два, ёсць замацаваны настаўнік. Пры гэтым дапамагчы рады кожны з вялікай школьнай каманды. Ключавое слова тут каманда, — адзначае дырэктар школы Вольга Часноўская.

Уяўленне пра тое, што такое калектыў, у маладых настаўнікаў з Юрацішкаўскай сярэдняй школы фарміруецца не толькі падчас педагагічных саветаў.

— На базе нашай школы не першы год праходзяць калядныя сустрэчы з удзелам настаўнікаў раёна. Гэта не проста канцэрт і адпаведны святочны настрой. Важны складнік — дыялог маладосці і вопыту, калі размовы пра педагогіку будуюцца з удзелам ветэранаў педагагічнай працы, — працягвае дырэктар.

Што тычыцца Сняжаны Рубель — гэта яркі прыклад добрага старту ў прафесіі. Сёння яна з’яўляецца класным кіраўніком аднаго з самых вялікіх у школе класаў з 25 навучэнцаў. Умела кіруе вучнёўскім калектывам у цесным узаемадзеянні з бацькамі. Да таго ж актыўна праяўляе сябе ў розных напрамках: удзельнічае ў спартландыях і турзлётах, канферэнцыях, захапляе дзяцей алімпіядным рухам. Такая актыўнасць заўсёды знаходзіць падтрымку і заахвочванне. У рамках сёлетняга святкавання Дня моладзі яна была адзначана граматай райвыканкама.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: