Лета руплівых гаспадароў: як навучэнцы 12-й гродзенскай школы разам з «Зелянбудам» добраўпарадкавалі родны горад
09.07.2025У Год добраўпарадкавання ўдзельнікі аб’яднання «Школа руплівых гаспадароў» гродзенскай сярэдняй школы № 12 імя В.У. Бабко выступілі з прапановай арганізаваць лагер працы і адпачынку «Наша ініцыятыва» ў партнёрстве з «Гродназелянбудам».
Руплівыя традыцыйна ініцыятыўныя круглы год. На самых вялікіх канікулах іх актыўнасці аб’яднаны ў марафон карысных для планеты летніх спраў: экалагічна карысныя практыкі юнакі і дарослыя арганізуюць і на тэрыторыі школы, і ў прыгарадных прыродных зонах, і на асабістых прысядзібных участках.
Не стаў выключэннем і 2025 г. «Школа руплівых гаспадароў» уключылася ў гарадскі марафон па добраўпарадкаванні і азеляненні «Гэта наша з табою зямля» з рэалізацыяй уласнага маштабнага праекта «У трох кроках ад мары», выдатна праявіў сябе атрад экалагічнага напрамку, сотні дзяцей пабывалі на экскурсіях у музеі-лабараторыі па рэсурсазберажэнні. А старшая група аб’яднання загарэлася ідэяй, якая вылілася ў арганізацыю на базе школы лагера працы і адпачынку.
— Ініцыятывы нашых руплівых вядомыя далёка за межамі Гродна. А каб уключыць у карысную справу аднагодкаў, аб’яднанне пастаянна ўдасканальваецца, развівае лепшыя традыцыі, знаходзіць новыя формы ўзаемадзеяння, пашырае супрацоўніцтва, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 12 імя В.У. Бабко Гродна Ала Галавенка. — І гэта выдатна, бо сацыяльнае партнёрства істотна пашырае нашы магчымасці. Мы актыўна супрацоўнічаем з абласным эколага-біялагічным цэнтрам, факультэтам біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта. А сёлета партнёрская сетка руплівых папоўнілася яшчэ адным выдатным складнікам — гарадскім унітарным рамонтна-будаўнічым прадпрыемствам «Гродназелянбуд».
Ініцыятыўная група сустрэлася з яго дырэктарам Андрэем Антонавічам Сяманчыкам і прапанавала свае паслугі па добраўпарадкаванні горада ў летні перыяд. Разам выбралі і фармат узаемадзеяння — лагер працы і адпачынку. Кіраўніцтва прадпрыемства дапамагло аформіць неабходны пакет дакументаў, вызначыла фронт работ, забяспечыла школьнікаў спецадзеннем, а таксама арганізавала інфармацыйную падтрымку дзейнасці «Нашай ініцыятывы» на сваім афіцыйным сайце.
Тры тыдні ўдзельнікі лагера займаліся добраўпарадкаваннем і азеляненнем роднага горада: прыбіралі тэрыторыі памятных мясцін, прыводзілі ў парадак газоны, ачышчалі дарожкі ў скверах і парках, высаджвалі дрэвы і кусты, праполвалі кветнікі, займаліся даследчай дзейнасцю ў рамках вучэбнага даследавання «Маніторынг навакольнага асяроддзя».
Другая палова дня ў лагеры праходзіла не менш насычана. Дзеці не марнавалі час: распрацоўвалі новыя праекты, рыхтавалі конкурсныя справаздачы і рэпартажы для СМІ, асвойвалі навыкі аховы прыроды і яе рэсурсаў.
А сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі, творчыя майстэрні, забаўляльныя праграмы натхнялі ўдзельнікаў на новыя здзяйсненні, умацоўвалі сяброўства, развівалі камунікатыўныя і творчыя здольнасці.
Чым спадабаўся навучэнцам такі фармат канікул, спыталі ва ўдзельнікаў лагера працы і адпачынку.
Дар’я Мілашэвіч:
— Мы не толькі адпачывалі, але і працавалі, дапамагалі наводзіць парадак у горадзе. Мы нават місію сабе прыдумалі адказную: захаваць і прымножыць прыродныя рэсурсы любімага Гродна. Выдатна, што ўлетку можна сумяшчаць і разнастайны адпачынак, і карысную грамадству працу.
Уладзіслаў Паноў:
— У нас былі па-даросламу насычаныя дні! Раніцай мы працавалі ў парках, скверах, ля помнікаў, а ў другой палове дня наведвалі розныя цікавыя мерапрыемствы. Гэта мой першы летнік, і ён мне вельмі спадабаўся, хачу папрацаваць і ў наступным годзе.
Аніта Барысевіч:
— Уяўляеце, нам нават выдалі форму і інвентар для працы. Мы адчувалі сябе сапраўды дарослымі. І навучыліся многаму карыснаму. Эмоцыі незабыўныя: тое, што і як ты робіш, важна для людзей.
Ягор Пархімовіч:
— Я навучыўся шанаваць працу і вольны час. Даведаўся шмат новага пра сваіх аднакласнікаў. Дні працы і адпачынку падарылі шмат радасных момантаў і навыкаў, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.
Марыя Бужынская:
— Я рада, што запісалася ў лагер, таму што тут можна папрацаваць, класна правесці час, азнаёміцца з прафесіяй азеляніцеля і нават атрымаць зарплату! А яшчэ нас здымала тэлебачанне. Дзякуючы «Нашай ініцыятыве» пачатак лета стаў для мяне вельмі запамінальным.
Узаемадзеянне ўстановы адукацыі і прадпрыемства аказалася ўзаемавыгадным і перспектыўным. Навучэнцам спадабалася працаваць на карысць горада. Ды і магчымасць атрымаць заработную плату аказалася вельмі прывабнай. А прадстаўнікі «Гродназелянбуда» высока ацанілі якасць выкананых школьнікамі работ і выказалі жаданне прадоўжыць супрацоўніцтва.
— Першы вопыт арганізацыі лагера працы і адпачынку атрымаўся паспяховым. «Зелянбуд» задаволены працай школьнікаў, іх адказным стаўленнем да даручанай справы. Дзеці добраўпарадкавалі знакавыя месцы роднага горада, навялі парадак у зялёных зонах, — заўважыў дырэктар «Гродназелянбуда» А. Сяманчык. — Трэба адзначыць, што прадпрыемства забяспечыла лагер усім неабходным для бяспечнай і камфортнай дзейнасці. Паклапаціліся мы і пра вольны час юных памочнікаў: у другой палове дня для іх арганізавалі экскурсіі, забаўляльныя мерапрыемствы. У якасці бонусу для дзяцей правялі турнір па боўлінгу. Іх праца заахвочана як матэрыяльна, так і публічным уручэннем падзячных лістоў. Плануем і ў наступным годзе прадоўжыць гэтую выдатную ініцыятыву школьнікаў. На больш высокім узроўні — ужо як паўнавартаснага працоўнага атрада.
Зараз партнёры распрацоўваюць доўгатэрміновы дагавор аб супрацоўніцтве. Значыць, у недалёкай будучыні «Школа руплівых гаспадароў» парадуе гродзенцаў новымі цікавымі праектамі.
Источник: https://nastgaz.by