РУС БЕЛ ENG 中文

Настаўнік Нягневіцкай школы Леанід Самайловіч падрыхтаваў больш за 200 прызёраў рэспубліканскай алімпіяды

08.07.2025

Нават на летніх канікулах настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Леанід Самайловіч паспяхова рыхтуе алімпіяднікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З адоранымі навучэнцамі ён займаецца не толькі ў сваёй установе адукацыі, але і ў гімназіі № 1 Навагрудка. На факультатыўныя заняткі да яго прыяз­джаюць старшакласнікі з усяго раёна.

Леанід Самайловіч з Лазарам Маляўскім і Антонам Манько

Педагог падрыхтаваў больш за 200 прызёраў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і інфарматыцы. У бягучым годзе яго выхаванцы чакана парадавалі. На заключным этапе Рэс­публіканскай алімпіяды па інфарматыцы навучэнец сярэдняй школы № 4 Навагрудка Лазар Маляўскі атрымаў дыплом II ступені, як і год назад, а навучэнец гімназіі № 1 Навагрудка Антон Манько — пахвальны водзыў.

Навагрудчына — малая радзіма Леаніда Мікалаевіча. Спецыяльнасць выбраў па прыкладзе бацькі Мікалая Рыгоравіча, які выкладаў у школе фізіку і матэматыку. Хаця прызнаецца, што не думаў быць настаўнікам. Аднак лёс распарадзіўся так, што адразу пасля заканчэння УВА дыпламаваны матэматык прыйшоў на работу ў Нягневіцкую школу. Як сёння памятае, было гэта 15 жніўня 1992 года. З таго часу і працуе тут. Матэматыку і фізіку ў гэтай жа школе выкладае яго родны брат Сяргей Мікалаевіч.

— Спачатку вёў у асноўным урокі матэматыкі, але з развіццём камп’ютарных тэхналогій больш увагі стаў удзя­ляць інфарматыцы, па сумяшчальніцтве даводзілася выкладаць гэтыя прадметы ў Лаўрышаўскай, Шчорсаўскай школах, сярэдняй школе № 5 Навагрудка, — расказ­вае Леанід Мікалаевіч. — Відаць, да гэтага часу выкладаў бы толькі матэматыку, каб не мой вучань Алег Сяргей. Яго цікавіла інфарматыка, і ён папрасіў мяне дапамагчы.

У выніку Алег Пятровіч Сяргей таксама стаў настаўнікам інфарматыкі. Сёння ён дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій.

На працягу 12 гадоў Леанід Самайловіч працуе яшчэ і ў гімназіі № 1 Навагрудка, раз на тыдзень вядзе там урокі інфарматыкі ў 8-х класах і факультатыўныя заняткі. Займаецца не толькі з гімназістамі, на яго факультатыў прыходзяць дзеці з іншых школ горада і нават прыязджаюць з сельскіх устаноў адукацыі.

Яшчэ з першага года работы ў Нягневіцкай школе педагог стаў працаваць з высокаматываванымі вучнямі. На другім го­дзе работы ўжо вазіў дзяцей на абласны этап алімпіяды, дзе яны годна выступалі. Яго сённяшнія ўдзельнікі і пераможцы алімпіяды вучацца ў розных школах. Першы раз на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы ў 2010 годзе навучэнец Леаніда Мікалаевіча Аляксандр Моніч з Нягневіцкай сярэдняй школы атрымаў дыплом III ступені. Навучэнец гімназіі № 1 Навагрудка Ілья Клімко двойчы станавіўся пераможцам заключнага этапу (дыпломы I і III ступені) і выйграў тры міжнародныя алімпіяды. Лазар Маляўскі таксама некалькі разоў выйграваў міжнародныя алімпіяды. Ёсць перамога на міжнароднай алімпіядзе і ў Антона Манько.

— Звычайна займацца інфарматыкай на больш глыбокім узроўні дзеці да мяне прыходзяць у 5—6 класах, — расказаў Леанід Мікалаевіч. — Некаторых матываваных навучэнцаў бачу сам, накіроўваюць і класныя кіраўнікі, нас­таўнікі інфарматыкі з іншых школ, часам прыводзяць бацькі. Вучу асновам алгарытмізацыі, мовам праграмавання. Працую па сваёй праграме, выкарыстоўваю таксама вопыт, матэрыялы калег.

Вучыць сваіх выхаванцаў дзейнічаць як адна каманда. На заняткі, у тым ліку ў летні перыяд, запрашае пераможцаў заключнага этапу алімпіяды, студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, якія дзеляцца вопытам і ведамі, дапамагаюць малодшым школьнікам.

Заўсёды адгукаюцца прызёры рэс­публіканскай алімпіяды Ілья Клімко, Канстанцін Арабчык і Канстанцін Гукіш.

— Я стаў займацца з Леанідам Мікалаевічам у 5 класе, і мне спадабалася. Адразу заваяваў дыплом II ступені на раённым этапе алімпіяды, што стала для мяне добрай матывацыяй. У мінулым годзе атрымаў дыплом III ступені на заключным этапе, сёлета — дыплом I ступені на абласным і пахвальны водзыў на заключным, — расказаў Антон Манько.

Сёння ў Леаніда Самайловіча зай­маецца каля 20 школьнікаў толькі ў Навагрудку, а яшчэ навучэнцы Нягневіцкай школы. Кожнаму ён аддае не толькі веды, але і часцінку сваёй душы. Можа, таму былыя навучэнцы не забываюцца пра свайго настаўніка і дзеляцца поспехамі. Педагог памятае кожнага свайго выхаванца і вельмі ганарыцца іх дасягненнямі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: