РУС БЕЛ ENG 中文

Гісторыя праз сэрца. Марына Касіцкая з Азёр — пра выхаванне любові да мінулага

07.07.2025

 

Настаўніца гісторыі Азёрскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Марына Касіцкая выпрацавала сваю сістэму патрыятычнага выхавання, фарміравання ў дзяцей цікавасці да мінулага. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Летась яе вучань паспяхова прадставіў установу адукацыі ў Маскве на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай тэме Халакосту. У сваёй рабоце васьмікласнік Данііл Касіцкі звярнуўся да лёсу яўрэйскай абшчыны аграгарадка Азёры. Асаблівую ўвагу ўдзяліў дзейнасці акупацыйных улад, якія арганізоўвалі сістэматычнае знішчэнне яўрэяў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

— Работа заснавана на архіўных дакументах, сведчаннях відавочцаў і матэрыялах, прадастаўленых мясцовымі гісторыкамі. Арганізатары канферэнцыі падкрэслілі, што такія даследаванні адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні аб’ектыўнага погляду на гісторыю і ўмацаванні міжкультурнага дыялогу, — звяртае ўвагу педагог.

Цікавасць да прадстаўленага даследавання ў вучня нарадзілася дзякуючы тэматычнаму школьнаму праекту. Зыходным пунктам Марына Чаславаўна лічыць работу па зборы ўспамінаў старажылаў аграгарадка, якія сустрэлі вайну дзецьмі. Актыўны ўдзел у пошукавай рабоце прымалі і педагогі, і вучні.

Частка сабранай інфармацыі ў 2023 годзе была апублікавана ў зборніку “Галасы дзяцей вайны”. А ў мінулым годзе запісаныя педагогамі і вучнямі маналогі апавядальнікаў (усяго каля 20) ляглі пад вокладку адной кнігі.

Па словах настаўніцы, гэта сапраўды вельмі кранальныя гісторыі-ўспаміны, у якіх Вялікая Айчынная вайна паказана праз пачуцці і ўспрыманне менавіта дзецьмі. З кожным годам тых, хто пра падзеі 80-гадовай даўнасці ведае не са старонак падручнікаў гісторыі, становіцца ўсё менш. І нам вельмі важна захаваць іх успаміны для будучых пакаленняў.

Цікавасць да рознага роду даследаванняў і праектаў нараджаецца ў школьнікаў падчас урока. Таму свае заняткі педагог імк­нецца будаваць так, каб увага вучняў заўсёды заставалася ў фокусе. Дапамагае ў гэтым не толькі актыўнае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Часта практыкуе Марына Касіцкая тлумачэнне новага матэрыялу з максімальным уключэннем у гэты працэс вучняў. Для гэтага напярэдадні заняткаў рыхтуе спецыяльныя працоўныя лісты. Частку заданняў вучань можа запаўняць самастойна па ходзе тлумачэння новага матэрыя­лу. Нярэдка такія лісты ўключаюць у тым ліку QR-коды са спасылкамі на тэматычныя відэаматэрыялы.

— Гэты метад дапамагае пабудаваць дыялог са школьнікамі падчас знаёмства з новым матэрыялам. Сам працоўны ліст з’яўляецца падрабязным канспектам параграфа, які пры дамашняй падрыхтоўцы дапамагае ўспомніць увесь ход урока, — працягвае Марына Чаславаўна.

Па педагагічным шляху яна ідзе з 2008 года і ніколі не шкадавала аб прафесійным выбары.

— Жаданне стаць педагогам у мяне ўзнікла дзякуючы прыкладу цудоўнай настаўніцы Ірыны Іванаўны Галіцкай. Яна вяла ў мяне ўрокі гісторыі ў Квасоўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна, — гаворыць суразмоўніца.

Паступала на гістарычны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта адразу з цвёрдай упэўненасцю пераступіць школьны парог ужо ў якасці настаўніка. І вельмі рада, што жыццёвыя акалічнасці прывялі ў гэтым статусе менавіта ў Азёры.

— Першы час, памятаю, не ўсё было лёгка, не ўсё атрымлівалася. Але ў мяне заўсёды хапала памочнікаў і сярод калег-прадметнікаў, і сярод кіраўніцтва школы. Той, хто задае пытанні, заўсёды атрымлівае на іх адказы. І сённяшнім маладым педагогам параіла б не баяцца задаваць пытанні і звяртацца па дапамогу, — адзначае настаўніца гісторыі.

У яе ўжо сфарміравалася свая сістэма работы. Даўно падрыхтоўка да заняткаў не патрабуе столькі часу, як на старце прафесійнага шляху. І ўсё ж, упэўнена суразмоўніца, пастаяннае знаёмства з новым і цікавым у прафесіі — тое, без чаго немагчыма развіццё ў педагогіцы.

— Імкнуся пашыраць свой прафесійны кругагляд, не толькі звяртаючыся да новых форм і метадаў работы. Некалькі гадоў назад атрымала дадатковую адукацыю як нас­таўнік-лагапед і сёння займаюся надом­ным навучаннем. Сказаць, што гэта лёгка, — значыць быць не да канца шчырай. І ўсё ж не ўяўляю сябе без гэтай грані педагогікі. Менавіта яна шмат змяніла ў агульным успрыманні нашай прафесіі і яе ролі ў жыцці маленькага чалавека, — адзначыла Марына Касіцкая.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: