Педагогі Воранаўшчыны не перастаюць вучыцца: майстар-клас для іх правяла галоўны рэдактар часопіса "Народная асвета"
27.06.2025
25 чэрвеня звыш 70 педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Воранаўскага раёна прынялі ўдзел у майстар-класе "Інфармацыйная культура педагога: падрыхтоўка матэрыялаў для публікацыі ў навукова-метадычным часопісе".
Галоўны рэдактар Святлана Уладзіміраўна Мазурына азнаёміла педагогаў з інфармацыйна-метадычнымі рэсурсамі часопіса "Народная асвета", спецыфікай падбору і рэдагавання артыкулаў, прыёмамі сістэматызацыі дыдактычных матэрыялаў у працэсе абагульнення вопыту работы як асобнага настаўніка, так і ўстановы адукацыі ў цэлым для адлюстравання ў педагагічных СМІ.
Вялікую зацікаўленасць аўдыторыі выклікала практычная работа па прымяненні алгарытму падрыхтоўкі навукова-метадычнага артыкула, фармулёўцы яго тэмы, складанні плана і падбору ілюстрацыйнага матэрыялу.
- Такія майстар-класы арганізоўваюцца для педагогаў ва ўсёй рэспубліцы, - расказала Святлана Уладзіміраўна. – Мы абмяркоўваем, як працаваць з інфармацыйнымі рэсурсамі газет і часопісаў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, а таксама разбіраем алгарытм падрыхтоўкі публікацый.
Падчас візіта ў раён адбылася сустрэча галоўнага рэдактара часопіса “Народная асвета” з начальнікам аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Валянцінай Вінцэнтаўнай Люленка, на якой былі абмеркаваны пытанні арганізацыі падпіскі на выданні медыяхолдынга і далейшай інфармацыйнай падтрымкі дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна.