Марына Александровіч з Гальшан распрацавала творчы каляндар, які яднае дзяцей і бацькоў
25.06.2025Музычны кіраўнік з Гальшанскага дзіцячага сада Ашмянскага раёна Марына Александровіч распрацавала незвычайны каляндар, які заахвочвае бацькоў да пазнавальнага ўзаемадзеяння з дзецьмі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Любыя веды выклікаюць у дашкольніка цікавасць, калі яны падаюцца ў гульнявой форме і прадугледжваюць максімальную далучанасць дзіцяці да працэсу пазнання новага. Мой кірунак (музычны) тут не выключэнне, — пачынае размову Марына Зігмундаўна.
Распрацаваны ёй адвент-каляндар уяўляе сабой гульнявое поле фармату А4 у выглядзе нотнага стана. Трымаючы яго ў руках, дзеці з бацькамі з дапамогай QR-кода праглядаюць прэзентацыю, дзе знаёмяцца з героем Скрыпічным Ключом. Апошні расказвае пра сябе і задае пытанне: “Якая музыка робіць вас шчаслівымі?” Адказ на яго ўладальнікам календара прапануецца даць не адразу, а пасля выканання ўсіх заданняў.
— Да гульнявога поля прыкладаюцца сем картак з заданнямі і сем каляровых нотак на клейкай аснове. Кожны дзень дзеці выконвалі заданне з новай карткі, а па выніках атрымлівалі нотку, якую прымацоўвалі на нотны стан, — знаёміць з распрацоўкай музычны кіраўнік.
Кожнае новае заданне прадугледжвала творчы падыход і выкананне сумесна з бацькамі.
Сем’і выхаванцаў з цікавасцю майстравалі музычныя інструменты з падручных сродкаў, рыхтавалі мастацкія нумары і наведвалі месцы ў родным аграгарадку, дзе можна пачуць музыку.
Вынікам такой тыднёвай занятасці стала сумеснае мерапрыемства ў сценах дашкольнай установы з красамоўнай назвай “У краіне музыкі”.
— Фактычна атрымаўся міні-ранішнік па-за межамі звыклага календара святочных мерапрыемстваў у дашкольнай установе. Важна, што асобныя нумары да яго дзеці прадумвалі разам з бацькамі. Мерапрыемства прайшло вельмі душэўна і пакінула добрыя ўспаміны ў яго ўдзельнікаў, — працягвае суразмоўніца.
Музычная зала ў дзіцячым садзе Гальшан — не толькі месца правядзення святочных мерапрыемстваў, але і цэнтр прадстаўлення цікавых распрацовак педагога. Гэта тэматычныя альбомы і лэпбукі, зробленыя сваімі рукамі. Выкарыстоўваючы іх, дашкольнікі рознага ўзросту знаёмяцца з музычнымі інструментамі і матывамі, беларускімі кампазітарамі і не толькі. Напрыклад, увагу дзяцей прыцягвае лэпбук “Беларускія музычныя інструменты”. Гартаючы яго старонкі, дзеці павінны знайсці інструмент па цені, пры гэтым гучна вымавіць яго назву, размеркаваць карткі на групы ўдарных і струнных інструментаў, сабраць тэматычныя пазлы.
— Такая нагляднасць часта становіцца важным элементам заняткаў з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту. Падыходы да падачы матэрыялу малодшым выхаванцам мяняюцца ў сувязі з узроставымі асаблівасцямі ўспрымання інфармацыі. Гэта ў асноўным знаёмства з пацешкамі, а яркая нагляднасць набывае яшчэ большае значэнне, — звяртае ўвагу Марына Александровіч.
Акрамя музычных заняткаў, педагог будуе ўзаемадзеянне з дзецьмі і ў межах аб’яднання па інтарэсах “Харэаграфія”, таму неад’емным элементам усіх святочных мерапрыемстваў у садзе абавязкова становяцца нацыянальныя танцы. Дзеці з цікавасцю вывучаюць не толькі “Бульбу”, “Польку-Янку”, але і элементы лявоніхі.
— У мінулым навучальным годзе сфарміравалі адразу тры групы названага аб’яднання. Наведвалі яго ўсе нашы выхаванцы за выключэннем самых маленькіх. Характарызуючы нашага творчага музычнага кіраўніка, дадам, што яна двойчы станавілася прызёрам міжнароднага конкурсу “Майстэрства без меж” і не раз прадстаўляла свой вопыт у тым ліку ў профільных СМІ, — падключаецца да дыялогу намеснік загадчыка Наталля Скурновіч.
Значнай часткай сваёй работы Марына Александровіч лічыць і ўдзел выхаванцаў у розных конкурсах творчай накіраванасці. Не раз яе юныя танцоры станавіліся ўдзельнікамі міжнародных конкурсаў “Сябры”, “Новыя вяршыні”.
— З дашкольнікамі працую з 2012 года. Пасля заканчэння музычнага каледжа нейкі час працавала ў музычнай школе Ліды. А пасля пераезду ў Гальшаны паспрабавала сябе ў новым кірунку і сёння з упэўненасцю магу сказаць, што займаюся любімай справай, — падсумоўвае Марына Зігмундаўна.
Источник: https://nastgaz.by