РУС БЕЛ ENG 中文

Важны крок у развіцці інклюзіўнай адукацыі – прадстаўнік Мінадукацыі тлумачыць пастулаты Палажэння аб ЦКРНіР

23.06.2025

Новае Палажэнне аб цэнтры карэкцыйна-­развіццёвага навучання і рэабілітацыі робіць акцэнт на сістэме комплекснай дапамогі асобам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. ЦКРНіР стане надзейным партнёрам для сем’яў, дапамагаючы дзецям і дарослым раскрыць свой патэнцыял, падскрэсліла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела адаптацыі і інтэграцыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ала Вераценнікава.

— Пастанова Міністэрства адукацыі “Аб зацвярджэнні Палажэння аб цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі” прыведзена ў адпаведнасць з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў тым ліку Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2024 года №46-З “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі”. Палажэнне вызначае парадак дзейнасці цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

ЦКРНіР — установа спецыяльнай адукацыі, асноўнымі напрамкамі дзейнасці якой з’яўляюцца стварэнне комплекснай сістэмы псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі асобам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці; аказанне ранняй комплекснай дапамогі дзецям ва ўзросце да трох гадоў; аказанне карэкцыйна-педагагічнай дапамогі; забеспячэнне сацыяльнай рэабілітацыі, сацыяльнай абілітацыі навучэнцаў з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і (або) псіхічным развіцці; забеспячэнне сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі; своечасовае выяўленне асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; ажыццяўленне дыягнастычнай дзейнасці; стварэнне і вядзенне банка даных аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Акрамя таго, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ажыццяўляе метадычную дапамогу педагогам; кансультатыўную дзейнасць з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх законнымі прадстаўнікамі; інфармацыйна-аналітычную дзейнасць па пытаннях навучання і выхавання і рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі; каардынацыю дзейнасці ў сферы спецыяльнай адукацыі на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі; узаемадзеянне з арганізацыямі аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання; міжведамаснае ўзаема­дзеянне па пытаннях аказання дапамогі дзецям з АПФР і іх сем’ям; удзел у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы адукацыі.

У Палажэнні адлюстраваны важныя акцэнты па стварэнні і дзейнасці псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі для правядзення псіхолага-медыка-педагагічнага абследавання асоб, якія маюць патрэбу ў атрыманні спецыяльнай адукацыі, аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Мэтай дзейнасці камісіі з’яўляюцца свое­часовае выяўленне асоб з АПФР і іх індывідуальных патрэб у атрыманні адукацыі, аказанне карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, стварэнне спецыяльных умоў; вызначэнне адукацыйнай праграмы і вучэбнага плана для навучання і выхавання; вызначэнне спецыяльных умоў для атрымання адукацыі з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця, стану здароўя і пазнавальных магчымасцей; вызначэнне рэкамендацый па арганізацыі карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Псіхолага-медыка-педагагічная камісія праводзіць псіхолага-медыка-педагагічнае абследаванне як у адносінах да непаўналетняга па ініцыятыве і ў прысутнасці законнага прадстаўніка, так і ў адносінах да паўналетняга па яго ініцыятыве для вызначэння неабходнасці стварэння для яго спецыяльных умоў пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, дадатковай адукацыі дарослых. У Палажэнні сканцэнтравана ўвага на неабходных дакументах для правядзення абследавання, а таксама магчымасці запытаць дадатковыя дакументы для вырашэння складаных выпадкаў дыферэнцыяльнай дыягностыкі парушэнняў у фізічным і (або) псіхічным развіцці і рызык іх узнікнення. Паўторнае абследаванне праводзіцца пры неабходнасці змянення адукацыйнага маршруту, у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння заключэння дзяржаўнага ЦКРНіР, пры пераходзе на іншую ступень і іншы ўзровень адукацыі.

Асаблівай увагі заслугоўваюць выкла­дзеныя ў Палажэнні патрабаванні да псіхолага-педагагічнай характарыстыкі, якая прадастаўляецца ўстановай адукацыі; умовы стварэння дыягностыка-кансультатыўнага аддзялення, прызначанага для аказання высокакваліфікаванай кансультатыўнай дапамогі асобам з АПФР і іх законным прадстаўнікам з розных рэгіёнаў нашай краіны; магчымасць стварэння аддзялення ранняй комплекснай дапамогі для забеспячэння інфармацыйнай падтрымкі, міжведамаснага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі з арганізацыямі аховы здароўя, анлайн-кансультавання сем’яў, якія выхоў­ваюць дзяцей ранняга ўзросту, у тым ліку дзяцей-інвалідаў. Акрамя таго, акцэнтуем увагу на арганізацыі адукацыйнай дзейнасці, а таксама дзейнасці па сацыяльнай рэабілітацыі, сацыяльнай абілітацыі асоб з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і (або) псіхічным развіцці; аказанні метадычнай дапамогі педагогам устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў пытаннях рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі і фарміравання інклюзіўнай культуры ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу; важнасці тлумачальнай работы з законнымі прадстаў­нікамі аб асаблівасцях зместу рэкамендаваных адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі, вучэбных планаў, арганізацыі адукацыйнага працэсу пры іх рэалізацыі, магчымасцях далейшай адукацыі іх дзяцей.

Новае Палажэнне робіць акцэнт на сістэме комплекснай дапамогі асобам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. ЦКРНіР стане надзейным партнёрам для сем’яў, дапамагаючы дзецям і дарослым раскрыць свой патэнцыял.

Гэты крок — важная частка развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі, накіраваная на стварэнне роўных магчымасцей для ўсіх. Тэрмін уступлення ў сілу пастановы 1 верасня 2025 года абумоўлены тэрмінам уступлення ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2024 года №46-З “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: