РУС БЕЛ ENG 中文

Валянцін Ціхановіч — пра дасягненні Мастоўшчыны ў мінулым навучальным годзе і кадравае забеспячэнне раёна

18.06.2025

 

Начальнік упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянцін Ціхановіч прайшоў усе прыступкі на шляху да кіраўніцкай пасады. Назапашаны вопыт дапамагае яму паспяхова кіраваць сферай адукацыі раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Школа — гэта заўсёды калектыў

— Валянцін Сцяпанавіч, з чаго пачаўся ваш шлях у педагогіку?

— Сярод блізкіх у маёй сям’і не было прадстаўнікоў педагагічнай нівы, і ўсё ж нацэліў мяне на гэты напрамак бацька. У выпускным класе старанна рыхтаваўся да паступлення на настаўніка фізікі. Але і тут выпадак вызначыў змену спецыялізацыі. (Усміхаецца.)

Напярэдадні паступлення ва ўніверсітэт у Гродне жыў у сям’і бацькоўскіх сяб­роў-педагогаў. А яны абое філолагі. Аргумент на карысць філалагічнага факультэта тады быў відавочным — хлопцаў паступала менш. Справядлівасці дзеля скажу, што конкурс у год майго паступлення быў амаль тры чалавекі на месца.

— А што наконт дарогі па кіраўніцкай вертыкалі?

— Рухаўся, не прапускаючы ніводнай прыступкі! Пачынаў сацыяльным педагогам у Пескаўскай сярэдняй школе, пасля быў пераведзены ў Пацэвіцкую школу намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У сістэме адукацыі краіны тады толькі з’явілася такая пасада. Так што давялося стаць своеасаблівым першапраходцам. Далей — гады працы дырэктарам Чарлёнскай сярэдняй школы. Гэта была нетыповая ўстанова адукацыі з пячным ацяпленнем, і для кіраўніка — вялізны пласт работы. Але школа — гэта заўсёды калектыў, і наш калектыў не баяўся смелых задач. У скарбонцы дасягненняў педагогаў быў нават вопыт падрыхтоўкі прызёра Міжнароднай Мен­дзялееўскай алімпіяды ў 2009 годзе.

Па аб’ектыўных прычынах школа, на жаль, ужо закрыта. Гэтае рашэнне было, мабыць, адным з самых складаных ужо на пасадзе начальніка ўпраўлення адукацыі.

Сёння мой стаж як кіраўніка сістэмы адукацыі раёна складае больш за 20 гадоў. Але, як і ў пачатку працоўнай дзейнасці, ведаю і адчуваю сістэму, як кажуць, знутры. Настаўнікам хіміі ў адной са школ райцэнтра сёння працуе жонка, і кожнае кіраўніцкае рашэнне бачу ў рэалізацыі ў тым ліку дзякуючы гэтаму.

— Якімі якасцямі павінен валодаць сучасны кіраўнік?

— Умець прагназаваць, плана­ваць і аб’ядноўваць. Сёння педагагічны калектыў раёна — каля 600 чалавек. Усе разам яны фарміруюць імідж сістэмы адукацыі Мастоўшчыны і вядуць да поспехаў нашу моладзь. А значыць, ствараюць будучыню раёна. Робяць гэта са знакам якасці.

У абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі Мастоўскі раён­ны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі па выніках 2024 года ўзнагароджаны дыпломам I ступені. З дыпломам III ступені ў абласным этапе першага рэспубліканскага конкурсу сярод кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ў гэтым годзе віншавалі Мікалая Малчанава з Дубненскай сярэдняй школы імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава.

Вопыт работы кіруючых і педагагічных работнікаў раёна паспяхова трансліравалі на абласных семінарах, падчас III Рэспубліканскай канферэнцыі “Цеплыня сэрцаў”. Да таго ж ЦКРНіР Мастоў з мінулага навучальнага года ўключыўся ў рэалізацыю інавацыйнага праекта рэспубліканскага ўзроўню.

Мэтанакіравана і планамерна

— Як сёння выглядае партрэт педагагічнага работніка раёна?

— Не буду пераліч­ваць набор універсальных характарыстык для прафесіянала любой сферы, звярнуся да лічбаў. Сёння колькасць педагогаў з вышэйшай адукацыяй ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна складае амаль 92%. Ёсць і прыклады з абсалютнымі значэннямі ў гэтым плане — сярэдняя школа № 2 імя Героя Савецкага Саюза Васіля Пятровіча Жукава. Стабільным застаецца кваліфікацыйны ўзровень настаўнікаў у школах і гімназіі раёна: першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю сёння маюць больш за 80%.

Па выніках мінулага года працэнт замацавання маладых спецыялістаў у сістэме адукацыі раёна вышэйшы за агульнарэспубліканскі паказчык і складае больш за 76%. Прычым у шэрагу ўстаноў мы мелі стапрацэнтнае замацаванне. І гэта не адзін-два прыклады, а адразу дзесяць — гімназія, тры школы і ЦКРНіР, а таксама пяць дашкольных устаноў.

Калі гаварыць пра дашкольнікаў, у гэтым годзе ў раёне значна вырасла колькасць педагогаў, якія маюць адукацыю па кірунку “Педагогіка дзяцінства”, — 89,2%. У гэтым аспекце зноў жа нямала прыкладаў з абсалютным значэннем у 100%. Гэта дзіцячыя сады № 2 і № 3, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, а таксама Гудзевіцкая і Дубненская дашкольныя ўстановы.

— А што наконт кадравай работы на перспектыву?

— Мэтанакіравана і планамерна гадуем змену. У мінулым годзе выканалі план мэтавага прыёму на педагагічныя спецыяльнасці. Установамі адукацыі было заключана 10 мэтавых дагавораў, і, спадзяюся, праз пэўны час будзем гарантавана мець мінімум столькі ж маладых спецыялістаў.

У цэлым павышэнне якасці прафарыентацыі — адзін з важных напрамкаў нашай работы. У класах педагагічнай, аграрнай, ваенна-патрыятычнай, інжынернай, медыцынскай накіраванасці ў нас вучыўся кожны трэці вучань 10—11 класаў.

У 2024 годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступіла 14 выпускнікоў педагагічных і спартыўна-педагагічных груп. Паказальным у гэтым кірунку з’яўляецца вопыт гімназіі № 1 імя Данілы Іванавіча Валковіча, дзе 80% выпускнікоў педагагічнай групы паступілі на адпаведныя спецыяльнасці.

— Пра поспехі сістэмы адукацыі часта гавораць у разрэзе поспехаў вучняў…

— У мінулым навучальным годзе ў скарбонцы такіх дасягненняў у нас два дыпломы ў рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па вучэбных прадметах. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы школьнікі сёлета заваявалі 10 дыпломаў. А выпускнікі мінулага года атрымалі столькі ж 100-бальных вынікаў на цэнтралізаваных экзаменах і цэнтралізаваным тэсціраванні.

Нельга не згадаць перамогу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці і абласным турніры юных фізікаў. Вынікова пад кіраўніцтвам педагогаў нашы дзеці ўдзельнічалі ў творчых конкурсах, фестывалях. Толькі ў 2024 годзе ў такім тандэме яны заваявалі 125 дыпломаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, 59 сярод іх — I ступені. Да таго ж летась 27 навучэнцаў Мастоўшчыны прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Спадзяюся, па выніках цяперашняй экзаменацыйнай пары ў цэнтралізаванай форме мы будзем апеляваць новымі доб­рымі лічбамі. І пры гэтым не будзем забываць, што за кожнай з іх стаіць вялікая праца педагога, а не толькі вучня.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: