Юлія Сіняк: «Трох урокаў дастаткова, каб закрыць тыднёвую норму рухальнай актыўнасці школьніка»
09.06.2025Ва ўстановах адукацыі завяршыўся пераход да ўвядзення ў расклад трэцяга ўрока фізічнай культуры. Змяненні па прадмеце ўжо ўнесены ў вучэбную праграму: у ёй адлюстраваны элементы гімнастыкі, лёгкай атлетыкі, гульнявых відаў спорту. Сваім меркаваннем наконт гэтага з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 36 Гродна Юлія Сіняк.
– У гэтым годзе ад нашай вобласці я ўвайшла ў экспертную групу па вычытцы і азнаямленні з праектам абноўленай праграмы. Праект адпавядае сённяшняму часу. Перад настаўнікам не стаіць мэта выхаваць чэмпіёна з кожнага дзіцяці. Педагогу па-ранейшаму важна даць навучэнцам той набор навыкаў па фізкультуры, якія ў далейшым стануць залогам здаровага ладу жыцця і самаразвіцця.
Вялікая ўвага ўдзяляецца такім момантам, як павелічэнне рухальнай актыўнасці вучняў і фарміраванне ў іх функцыянальнай дасведчанасці ў галіне здароўезберажэння. На ўроках будуць гучаць тлумачэнні педагога, чаму і для чаго мы выконваем тое ці іншае рухальнае практыкаванне. А пры вывучэнні тэхнікі гульні ў валейбол своечасовымі будуць адступленні настаўніка, напрыклад, аб тым, як паспяхова ў гэтым гульнявым відзе спорту выступае наша зборная і ці ёсць у яе складзе выхадцы з Гродзенскай вобласці.
Гэта ўсё важна, бо ад школьнікаў старэйшага, а часам і сярэдняга звяна нярэдка чуеш рэмаркі накшталт таго, што бег па перасечанай мясцовасці і кросавая падрыхтоўка, якім у чацвёртай чвэрці адведзены значны час, ім не спатрэбяцца. У такіх выпадках заўсёды прыводжу прыклад з жыцця: вы з бацькамі пайшлі ў паход і вырашылі прабегчыся па лесе. Гэта і ёсць магчымасць прымянення атрыманых у школе ведаў і навыкаў.
Фізічная культура — вельмі важны ўрок у раскладзе школьнікаў. 45 мінут — гэта магчымасць удасканалення рухальных навыкаў і, як вынік, фарміравання моцнага мышачнага гарсэта. Трох разоў цалкам дастаткова, каб закрыць тыднёвую норму рухальнай актыўнасці школьніка.
Імкнуся, каб мае вучні ставіліся да ўрока галоўным чынам як да магчымасці развіцця сябе. Абноўленая вучэбная праграма да таго ж накіравана на развіццё такіх універсальных кампетэнтнасцей навучэнцаў, як грамадзянскасць, кааперацыя, устойлівае асобаснае развіццё… Усё гэта і раней было неад’емнымі момантамі пабудовы ўрока, але цяпер дэталёва прагаворваецца і тлумачыцца.
Заняткі фізічнай культурай — гэта не толькі паслядоўнасць крокаў “навучылі — замацавалі — удасканалілі — правялі кантроль”. Гэта заняткі, на якіх можа і павінен быць рэалізаваны ў тым ліку выхаваўчы патэнцыял. Як развіваць на ўроку, напрыклад, кампетэнтнасць грамадзянскасці і патрыятызму, можа ілюстраваць прыведзены вышэй прыклад з вывучэннем тэхнікі гульні ў валейбол.
Дыялог настаўніка з вучнямі падчас урока аб поспехах беларускіх спартсменаў, рэгіянальных каманд — гэта не проста інфармацыя. Такія даныя дапамагаюць у справе фарміравання пачуцця гордасці за айчынны спорт.
Упэўнена, што ўдасканаленне вучэбнай праграмы — заканамерны працэс. Тое, як вучылі нас у свой час, ужо не можа мець тую ж ступень эфектыўнасці і выніковасці. Мяняюцца падыходы, і, адпаведна, мяняюцца праграмы, шліфуюцца з улікам сучасных умоў.
Источник: https://nastgaz.by