РУС БЕЛ ENG 中文

У сярэдняй школе № 1 Навагрудка дзяцей выхоўваюць на праваслаўных традыцыях беларускага народа

03.06.2025

 

Батлейка, клуб бацькоў, праваслаўныя канферэнцыі — у сярэдняй школе № 1 Навагрудка дзяцей выхоўваюць на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык “Метадычная падтрымка духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа” працуе тут з 2018 года.

— Наша мэта — фарміраваць у школьнікаў маральную культуру і далучаць іх да традыцыйных каштоўнасцей, — падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Мянько. — Важным напрамкам работы цэнтра з’яўляецца вывучэнне і распаўсюджанне эфектыўнага педагагічнага вопыту ў справе духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Працуе раённы клуб бацькоў, цесна ўзаемадзейнічаем з упраўленнем адукацыі Навагрудскага райвыканкама і іншымі ўстановамі адукацыі раёна, з Навагрудскім благачыннем, праваслаўным сястрыцтвам у гонар святога апостала Іаана Багаслова.

Духоўна-маральная тэматыка стала асновай спектакляў школьнага лялечнага тэатра-батлейкі “Нашчадкі традыцый”. У стварэнне пастановак педагогі разам з дзецьмі ўкладваюць не толькі веды, старанні, талент, але і часцінку сваёй душы.

— Гэта карысны і цікавы занятак. Ён дапамагае разві­ваць творчыя здольнасці дзяцей. Гурткоўцы знаёмяцца са спецыфікай работы лялечнага тэатра, вучацца самастойна ствараць касцюмы для лялек, дэкарацыі, удасканальваюць маўленчую культуру і прыёмы пластычнай выразнасці.

У творчай атмасферы калектыву дзеці вучацца адказнасці за агульную справу, узаемаразу­менню, даверу і павазе адно да аднаго.

Для нас вельмі важна даносіць да гледачоў евангельскія прынцыпы любові і міласэрнасці. Такая тэатральная дзейнасць робіць жыццё дзяцей карысным, цікавым і змястоўным, — расказала кіраўнік лялечнага тэатра батлейкі Вольга Уладзіміраўна Гурына.

Удзельнікі батлейкі выступаюць перад навучэнцамі 1—4 класаў, выхаванцамі дзіцячага сада № 4 Навагрудка, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. У сваіх пастаноўках яны расказваюць гледачам пра дабро і міласэр­насць, а таксама наглядна, у вобразах паказваюць сюжэты з Евангелля і жыцця святых. Тэатр удзельнічае ў раённых калядных і велікодных святах і фестывалях. Гледачамі спектакляў станавіліся ўдзельнікі рэспубліканскага і абласнога семінараў, што праходзілі на базе ўстановы адукацыі.

Важны напрамак дзейнасці рэсурснага цэнт­ра — даследчая работа. У 2023/2024 навучальным годзе сярэдняя школа № 1 Навагрудка стала арганізатарам адкрытай навукова-практычнай праваслаўнай канферэнцыі “Святыні народа Беларусі”. Удзел у ёй прынялі педагогі і навучэнцы не толькі ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці, але і праваслаўнай гімназіі Калінінграда.

У гэтым годзе школа стала ініцыятарам і арганізатарам пастаянна дзеючага семінара “Правільны выбар” для падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Штомесяц з раённай інспек­цыяй па справах непаўналетніх і Навагрудскім благачыннем распрацоўваюцца інтэрактыўныя заняткі па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

У навагрудскай школе № 1 прайшоў абласны конкурс (навукова-практычная праваслаўная канферэнцыя) “У імя Вялікай Перамогі”. Яе ўдзельнікі — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці — прадставілі даследчыя работы ў дзвюх секцыях: “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і” і “Подзвіг у імя жыцця”. Работы былі адзначаны дыпломамі.

У школе створана медыятэка, якая ўключае ў сябе абагульнены эфектыўны вопыт у галіне духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў, інфармацыйна-метадычныя і дыдактычныя матэрыя­лы. Педагогі распрацавалі настольныя дыдактычныя гульні “Вечныя каштоўнасці”, “Праваслаўнае воінства”, “Жанчыны праваслаўя”, “Святыя месцы маёй малой радзімы”, “Радзімазнаўства, Навагрудчына”. У скарбонцы ўстановы ёсць і распрацаваныя электронныя рэсурсы: сайт “Мая Навагрудчына”, інтэрактыўная карта “Праваслаўныя святыні Навагрудчыны”, “МедыяАзбука” (“Праваслаўная азбука”), інтэрактыўны рэсурс “Духоўны подзвіг міласэр­насці”, віртуальная дошка “Ніхто не забыты, нішто не забыта…”.

Кожны жадаючы можа азнаё­міцца з напрацоўкамі на сайце ўстановы адукацыі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: