Вольга Тарасюк: «Мы захоўваем традыцыю правядзення раённага вечара ўшанавання выпускнікоў»
03.06.2025Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася найбліжэйшымі планамі. Сёння самае актуальнае — правядзенне выпускных вечароў.
– Урачыстае мерапрыемства “Выпускны вечар” ва ўстановах адукацыі будзе арганізавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі Міністэрства адукацыі, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама. — Уручэнне атэстатаў пройдзе непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Мы захоўваем традыцыю правядзення раённага вечара ўшанавання выпускнікоў — святочнае шэсце, урачыстае ўручэнне залатых і сярэбраных медалёў, а таксама памятных сувеніраў выпускнікам, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай дзейнасці, творчасці, спорце.
Вопыт правядзення ў мінулым навучальным годзе рэспубліканскага свята “Апошні званок” зарадзіў на Лідчыне новую традыцыю: ужо другі раз культурна-забаўляльная праграма для выпускнікоў усіх устаноў адукацыі раёна будзе праходзіць у спартыўна-аздараўленчым комплексе “Алімпія”. Гэтым разам свята атрымае назву “Моладзь Лідчыны! Марце, дзейнічайце, стварайце!”.
— Арганізатары абяцаюць многа музыкі, святла, драйву, яркіх эмоцый, — раскрывае сакрэты Вольга Тарасюк. — Нам важна, каб раённае свята стала прыгожым, запамінальным мастком з дзяцінства ў дарослае жыццё для кожнага выпускніка.
Мінулы навучальны год для сістэмы адукацыі Лідчыны стаў знакавым: па выніках 2024 года ўпраўленне адукацыі было адзначана Міністэрствам адукацыі, галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
— Гэта ўжо можна лічыць часткай нашай гісторыі, значнай падзеяй у адукацыі Лідчыны, — дадае В.З.Тарасюк. — Сёння мы ставім новыя задачы, рэалізуем новыя ідэі і праекты, якія арыентаваны на высокую якасць і вынік.
Тое, што адукацыйныя падыходы і арыенціры вызначаны правільна, пацвярджаюць перамогі навучэнцаў на алімпіядах і ў даследчых работах. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды школьнікі Лідскага раёна заваявалі 79 дыпломаў пераможцаў. Па выніках заключнага этапу алімпіяды навучэнцы прывезлі 12 дыпломаў пераможцаў і адзін пахвальны водзыў.
— Уладальніца дыплома I ступені навучэнка гімназіі № 1 Ліды Аляксандра Шарэйка ўдастоена спецыяльнага прыза міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь за майстэрскае валоданне іспанскай мовай, — з гордасцю гаворыць Вольга Зігмундаўна. — Дзве нашы адзінаццацікласніцы плануюць скарыстацца правам ільготнага залічэння пры паступленні ва УВА. Падчас цырымоніі ўшанавання пераможцаў алімпіяды з удзелам старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Вярсоцкага мы бачылі, наколькі важная перамога ў алімпіядзе для навучэнцаў і як яны ганарацца тым, што сваімі дасягненнямі ўслаўляюць малую радзіму.
Штогод расце цікавасць лідскіх абітурыентаў да ўдзелу ва ўніверсітэцкіх алімпіядах. Сёлета сталі пераможцамі і атрымалі права паступіць ва ўніверсітэт без экзаменаў 16 выпускнікоў школ. Усе яны — пераможцы шматпрофільнай алімпіяды Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
— Ганарымся тым, што ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі нашымі навучэнцамі заваявана самая вялікая за апошнія гады колькасць дыпломаў у міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, — 7 перамог, — падкрэсліла Вольга Тарасюк. — У гэтым навучальным годзе мы ўдзялілі большую ўвагу даследчай дзейнасці. 16 дыпломаў заваявана ў абласной канферэнцыі “Хрустальная Альфа”, атрыманы дыплом III ступені па выніках рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах.
Источник: https://nastgaz.by