РУС БЕЛ ENG 中文

Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій кормяць аднагодкаў і адточваюць сваё майстэрства

23.05.2025

З 1 верасня вучэбна-вытворчая майстэрня гэтай установы адукацыі адкрыта на базе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, дзе навучэнцы ўсіх курсаў спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” вырабляюць прадукцыю ў рамках вытворчага навучання. Тут жа працуюць лінія раздачы і буфет, паведамляе карэспандэнт  “Настаўніцкай газеты”.

— Дадаткова ў студзені бягучага года мы адкрылі вучэбна-вытворчую майстэрню на базе нашага каледжа. Хлопцы і дзяўчаты гатуюць ланчы, салаты для ўласных пунктаў грамадскага харчавання — буфетаў у гро­дзенскіх каледжах: музычным, політэхнічным, будаўнічым, эканомікі і кіравання “Белкаапсаюза”. Пры гэтым вытворчае навучанне груп па грамадскім харчаванні праходзіць бесперапынна. Побач з навучэнцамі знахо­дзяцца загадчыца майстэрні Вольга Іванаўна Сідлярэвіч і майстры вытворчага навучання, — расказаў дырэктар каледжа Алег Сяргей.

На 1 курсе пачынаецца тэорыя. Практычныя навыкі адпрацоўваюцца разам з педагогам у лабараторыі каледжа. Затым — вытворчае навучанне, дзе хлопцы і дзяўчаты павінны ўжо гатаваць стравы.

Раней будучых кухараў і кандытараў для адпрацоўкі навыкаў накіроўвалі на вытворчае навучанне ў арганізацыі горада. Цяпер жа можна адначасова наладзіць навучанне цэлай групы пад наглядам майстроў. Усё кампактна, майстар бачыць, чым маладыя людзі займаюцца, і можа карэкціраваць іх дзеянні. Новую форму работы гродзенцы запазычылі ў калег з Віцебскай вобласці, дзе пабывалі на стажыроўцы.

Па выніках мінулага года ў пазабюджэтнай дзейнасці каледж заняў 1-е месца ў Гродзенскай вобласці. Выручка склала 1 млн 450 тысяч рублёў, з іх каля 200 тысяч накіравана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі.

Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Валерый Тадэвушавіч Пашук выказаў удзячнасць кіраўніцтву і калектыву каледжа галіновых тэхналогій за супрацоўніцтва.

Як расказала Вольга Сідлярэвіч, у медыцынскім каледжы будучыя кухары і кандытары выконваюць вялікі аб’ём работы: гатуюць халодныя закускі, супы, гарніры, напіткі, разнастайныя другія стравы, кулінарныя і кандытарскія вырабы, пякуць булачкі з рознай начынкай. Яны працуюць як паўнацэнныя кухары, таму і адчуваюць сваю адказ­насць. Калі чагосьці не ведаюць, побач заўсёды ёсць майстар.

Не менш адказна адносяцца да сваёй справы навучэнцы, якія задзейнічаны ў вучэбна-вытворчай майстэрні ў сваім каледжы. Ім трэба згатаваць стравы для буфетаў іншых устаноў адукацыі горада. Падчас наведвання майстэрні карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” ўбачыла, як трэцякурснікі гатавалі піцу школьную, сасіскі ў цесце, слойкі з вяндлінай, сырам, яблыкамі. Майстар вытворчага навучання Алена Віктараўна Борыс растлумачыла, што, у залежнасці ад заявак, штодзень яны гатуюць да 250 адзі­нак кожнага наймення прадукцыі. Каледжы горада пастаянна заказваюць піцу, сасіскі ў цесце, слойкі і розныя булачкі. Гэта нязменны асартымент.

— Такая форма арганізацыі вытворчага навучання аказалася эфектыўнай, — адзначыў А.П. Сяргей. — Навучэнцы знахо­дзяцца ў адным месцы, могуць адпрацоўваць тэмы згодна з праграмай і пад кантролем майстра вытворчага навучання. Безумоўна, заахвочваем усіх, у тым ліку і навучэнцаў.

У вытворчых майстэрнях прафесійныя навыкі адпрацоўваюць будучыя кухары, тэхнікі і тэхнолагі. У планах — адкрыць вучэбна-вытворчую майстэрню-кафэ для афіцыянтаў і барменаў, а таксама для будучых работнікаў гандлю на базе гандлёвай сеткі “Санта”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: