РУС БЕЛ ENG 中文

Музей Пагародзенскай сярэдняй школы папоўніўся каштоўнымі экспанатамі

12.05.2025

Музею Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна перададзены асабістыя рэчы і ўзнагароды ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Браніслава Адамавіча Дайлідкі.

Яго дзеці, а іх чацвёра, вырашылі, што памяць пра бацьку павінна захоўвацца не толькі ў сэрцах родных, але і землякоў. У час сустрэчы са школьнікамі дачка ветэрана Марыя Браніславаўна Кавальчук, не хаваючы слёз, паведаміла пра бацькоў, якіх, на жаль, ужо няма з намі. І мне, як настаўніцы і блізкай сваячцы, было вельмі прыемна, што жывая памяць назаўсёды застанецца ў школе таго краю, дзе жыў, ваяваў, а потым і працаваў спакойны, шчыры чалавек.

Браніслаў Адамавіч нарадзіўся 31 верасня 1917 г. у вёсцы Подзі. У сям’і яшчэ было двое дзяцей. Бацькі мелі свой надзел, але жылі не вельмі багата, бо зямля была неўрадлівая. Усё жыццё бацька марыў, каб сын стаў ваенным, таму даў яму нядрэнную па тым часе адукацыю.

У 1941 г. Браніслаў Дайлідка ажаніўся са Станіславай Казіміраўнай Драб. У іх неўзабаве нарадзілася дачка Ірына, а Браніслава Адамавіча забралі на фронт. Цягнік, у якім ехалі салдаты, разграмілі, таму ўсе вярнуліся дамоў. Толькі ў жніўні 1944 г. яго зноў прызвалі. На фронце быў радыстам. Увесь час на перадавой. Прымаў удзел у баях на Одэры, дзе быў цяжка паранены. З поля бою яго не забралі: палічылі забітым. Яго знайшла мясцовая жанчына, выхадзіла, вылечыла і адправіла на Радзіму.

Вярнуўся, як кажуць, з таго свету ў жніўні 1945-га. Патрэбна было жыць далей, аднаўляць гаспадарку. Дома чакала жонка з маленькай дачушкай. Станіслава Казіміраўна была цудоўнай швачкай. У час вайны ў вёсцы Подзі знаходзіўся пост паветранага назірання і апавяшчэння, дзе ў асноўным неслі сваю службу маладыя дзяўчаты-сувязісткі. Яны таксама прыходзілі да Станіславы са сваімі патрэбамі: каму падшыць, каму падлатаць вопратку. За шыццём гутарылі, успаміналі родных, блізкіх, марылі, што хутка скончыцца вайна, бо ўжо ішлі вызваленчыя баі па ўсіх франтах. Але не суджана было ім дажыць да Перамогі. У студзені 1945 г. на пост напалі бандыты і забілі сувязістак. Гэтае забойства надоўга засталося ў памяці ўсіх мясцовых жыхароў. У гонар дзяўчат названы музей у Пагародзенскай школе.

Пасля вайны ў сям’і Браніслава Адамавіча і Станіславы Казіміраўны нарадзілася дачка Ванда, затым сын Генадзь і яшчэ адна дачка Марыя. Усяго чацвёра дзяцей. Будавалі дом у Пагародне, муж працаваў трактарыстам, жонка швачкай. Бацькі далі добрую адукацыю сваім дзецям. У іх сям’і ёсць і ўрач, і настаўнік, і будаўнікі, і ваенныя. Па словах дачкі, бацька не любіў успамінаць гады вайны і расказваў вельмі мала. Раненне не давала спакою. У мірны час урачы дасталі асколак. Ветэрана няма, але памяць аб ім засталася на доўгія гады.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: